Вы тут

У Мінску заспявае Хасэ Карэрас


Cусветна вядомы оперны спявак Хасэ Карэрас, за спінай у якога бліскучая кар'ера, прэміі «Грэмі» і Classіc Brіt Awards, захворванне на лейкемію, абвяшчэнне завяршэння опернай кар'еры і вяртанне на сцэну, 25 лістапада з адзіным канцэртам выступіць у Мінску. У Палацы Рэспублікі ён заспявае пад акампанемент Дзяржаўнага акадэмічнага сімфанічнага аркестра, а дырыжорам стане маэстра Аркадзь Берын.


Зараз знакаміты тэнар — неяк ён сказаў, што больш за ўсё ў жыцці любіць спяваць, а ўсё астатняе мітусня, — пастаянна выступае з канцэртамі, на якіх выконвае неапалітанскія і іспанскія песні, балады, рамансы, эстрадныя песні, а таксама музыку амерыканскіх мюзіклаў. Такую праграму ён прадставіць і мінскім слухачам: падчас выступлення прагучаць вядомыя «Passіone», «Гранада», «Вярніся ў Сарэнта» і іншыя кампазіцыі, а між вакальнымі нумарамі Дзяржаўным сімфанічным аркестрам Беларусі будуць выконвацца шэдэўры Джузэпэ Вердзі, Джакама Пучыні і Гаэтана Даніцэці.

Узлёт Хасэ Карэраса быў імклівы: ад дэбюту ў оперы «Норма» да загалоўных партый у La Scala і Метраполітан-опера. Дарэчы, кар'ера спевака пачалася з лёгкай рукі Мансэрат Кабалье, якая казала: «Ён, безумоўна, геніяльны і мае рэдкае спалучэнне — голас, музыкальнасць, цэласнасць, працавітасць і ўзрушальная прыгажосць. Я шчаслівая, што першая заўважыла гэты брыльянт і дапамагла свету яго ўбачыць». Мансэрат Кабалье настаяла на тым, каб Карэраса запрасілі спяваць у оперы «Лукрэцыя Борджыа», дзе сама выконвала галоўную ролю.

Оперны рэпертуар спевака велізарны — больш за шэсцьдзясят опер, дыскаграфія Карэраса ўключае каля ста пяцідзесяці пласцінак. Аматары памятаюць канцэрты «Трох тэнараў» — Пласіда Дамінга, Лучана Павароці і Хасэ Карэраса, што ў свой час выклікалі сапраўдны фурор і пасля першага выступлення ў Рыме ў 1990-м працягваліся больш за дзесяць гадоў.

У 1987 годзе саракагадоваму артысту быў пастаўлены дыягназ — вострая лейкемія, з-за якой ён стаў радзей выступаць у оперных спектаклях, а ў 2009-м нават абвясціў аб завяршэнні опернай кар'еры. Тым не менш знакаміты тэнар перамог хваробу і вярнуўся на сцэну, але частка яго даходаў ад канцэртаў з тых часоў паступае ў створаны ім фонд на даследаванні лейкеміі.

Хасэ Карэрас выступаў з вядомымі дырыжорамі Зубінам Мета, Клаўдзіа Абада, Рыкарда Муці. На мінскім канцэрце яго паплечнікам стане выхаванец беларускай музычнай школы, прызнаны на сусветнай музычнай арэне Аркадзь Берын — галоўны дырыжор Іnternatіonal Symphony Orchestra of Germany, «найлепшы інтэрпрэтатар музыкі Пятра Чайкоўскага», былы выкладчык Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі, што сёння жыве ў Германіі.

Элеанора СКУРАТАВА

Загаловак у газеце: Бясспрэчна вартае ў раскладзе сталічных канцэртаў

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».