Вы тут

Найлепшым беларускім ігравым фільмам «Лістапада» стала стужка Мары Тамковіч


Мне падабаецца, што журы Нацыянальнага конкурсу сёлетняга Мінскага міжнароднага кінафестывалю «Лістапад» прыняло рашэнне насуперак кампетэнтным меркаванням, згодна з якімі перамогу павінен быў атрымаць рэзанансны «Хрусталь». Найлепшай у выніку стала кароткаметражная карціна «Дачка» беларускі, што жыве ў Польшчы, Мары Тамковіч. За гэтым крыецца цікавы феномен, бо дзве галоўныя ўзнагароды Нацыянальнага конкурсу аддадзеныя беларусам, якія самарэалізуюцца за мяжой. І робяць кіно, вартае ўвагі.


Недзе гучала ўпэўненасць, што «Хрусталь» мае быць пераможцам, бо «Арт Карпарэйшн», які арганізуе кінафестываль «Лістапад», стаў таксама дыстрыб'ютарам карціны ў Беларусі. Так, пэўны момант канфлікту інтарэсаў зачапіў і мяне, але ўсё ж узнагароды «Лістапада» прызначае міжнароднае журы. Гэтым разам у яго склад увайшлі адборшчык адной з секцый Венецыянскага кінафестывалю Рэната Сантора, фестывальны агент Паскаль Рамонда і рэжысёрка Дар'я Юркевіч. Уяўляю, што было б, калі б міжнародныя прафесіяналы кіраваліся інтарэсамі арганізатараў «Лістапада». Іншая справа, фільм і сапраўды крыху выдзяляецца ў сціплай беларускай ігравой праграме, прадстаўленай шасцю карцінамі і пераважна кароткім метрам.

Але мне таксама бачыцца нейкая асаблівая прыгажосць і перавага ў вытрыманай, маўклівай, мінімалісцкай, да дробязяў прадуманай, хоць і з трывіяльным сюжэтам, карціне «Дачка». Спадар Вайцяхоўскі вяртаецца дадому ў шаснаццаты дзень нараджэння  дачкі Камілы і знаходзіць яе ў ванным пакоі пасля спробы скончыць жыццё самагубствам. З развіццём падзей «Дачка» закранае тэму гвалту, бюракратызм і халоднасць сістэмы, нядаўнюю скандальную забарону на аборты ў Польшчы, жорсткасць школьнікаў і яе праявы ў сацыяльных сетках.

Аказалася, Каміла зацяжарыла пасля таго, як была згвалтаваная на вечарыне з равеснікамі. Па ходзе следства і спроб бацькі прыцягнуць гвалтаўніка да адказнасці выяўляецца, што са сваім болем бацька з дачкой не проста засталіся ў адзіноце, але павінны супрацьстаяць літаральна ўсяму свету, якому быццам перашкаджаюць са сваімі праблемамі. «Дачка» выкарыстоўвае папулярны для аўтарскага ці, скажам, праблемнага кіно, матыў, згодна з якім чалавек застаецца адзін, пакуль сістэма — амаль без твараў, з пагражальнай прэтэнзіяй альбо фальшывай спагадлівасцю ў голасе, з пратакольнымі прычоскамі і абсалютнай непрабівальнасцю — абыякава абмінае асабістыя пакуты.

Паводле «Дачкі» спадзявацца не выпадае не толькі на сістэму, што не падладжана пад асобу, прынамсі эмацыянальна не супадае са станам тых, каго абслугоўвае (хоць і сістэму па-ранейшаму прадстаўляюць жывыя людзі), але і на грамадства ў цэлым. Прадстаўнікі школы, уладальнік дома, дзе адбылася вечарына, сяброўка Камілы — усе толькі хаваюцца і раздражняюцца ад сітуацыі і таго факту, што нехта хоча дамагчыся справядлівага, наколькі гэта магчыма, рашэння.

У выніку «Дачка» прапануе прадказальны, але самы лагічны фінал (і ручаюся, вы атрымаеце ад яго тайнае задавальненне). Канешне, ігнараванне і няздольнасць навакольнага свету дапамагчы «маленькаму чалавеку» прымушаюць яго дамагацца справядлівага пакарання сваімі метадамі. І робіць ён гэта ў падземцы — як толькі на экране аказваецца пешаходны пераход з агідным жоўтым асвятленнем, усё становіцца ясна (пасля «Незваротнасці» Гаспара Наэ тут увогуле не можа ўзнікаць іншых, апроч пагражальных, асацыяцый).

Праз статычныя планы, разбітага ў афіцыйных установах і кабінетах на фоне пустой бальнічнай сцяны/гадзінніка/герба бацьку, трагічную маўклівасць Камілы, раздражнёныя галасы прадстаўнікоў наваколля карціна паказвае адзіноту чалавека ў сваёй бядзе. Ёсць тут і смешная спроба спадара Вайцяхоўскага запрасіць дачку ў заапарк, пасля чаго яе ванітуе, бо яна цяжарная і заапарк тут недарэчы. І сацыяльныя сеткі, што сталі трыбунай для насмешак і жорсткасці сучаснай моладзі. І бязглуздая напорыстасць жанчыны, што распытвае ў Камілы пра палавы акт, і іншае-іншае.

Аўтарка прадумала сваю «Дачку», звязала планы паміж сабой нябачнымі ніцямі, шматзначна абыграла асобныя сцэны, унесла сэнс як у апавяданне, так і ў візуальную частку і атрымала арганічную, як кажуць, моцную ў прафесійным плане работу. Добры старт, пераможца Нацыянальнага конкурсу (але ж і конкурс быў не драконаўскі), жаданне казаць пра сур'ёзныя рэчы — пасля «Дачкі» павінна быць нешта большае. Нешта не проста прафесійнае.

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.