Вы тут

Інтрыга беларуска-небеларускага фільма


Беларускія кінатэатры гэтымі днямі паказваюць «першы беларускі псіхалагічны трылер» з адсылкамі да Рамана Паланскі і Андрэя Звягінцава. Фільм «Унутры сябе» Сяргея Талыбава з Паўлам Харланчуком у галоўнай ролі — у яго стварэнні задзейнічаны, можна сказаць, «сок» беларускай кінематаграфіі — расказвае гісторыю моднага фатографа, якому быццам прымроілася забойства. Праект, калі ён яшчэ толькі анансаваўся, называў столькі арыенціраў, што міжволі з'яўлялася асцярога, ці не стане карціна другаснай. Мы яе паглядзелі і можам сказаць: стала. Але ў кантэксце беларускай кінематаграфіі шмат што набывае дадатковыя значэнні.


Кіно

Прадзюсары — у ліку якіх небезвядомыя персоны Віктар Лабковіч і Андрэй Курэйчык, — паставілі сабе задачу зрабіць камерцыйны фільм. Адсюль жанр, форма, пазнавальныя акцёры, антуражная прыгладжанасць (абсалютнае ўхіленне ад рэальнасці), сумяшчэнне розных — камедыйнай, таямнічай, трагічнай — стылістык, што ў выніку становіцца базай для нуара, вядомыя рэжысёры ў якасці натхняльнікаў (тут табе і Хічкок, і Паланскі, і Звягінцаў). Загадкавасць, забойствы, следства, псіхалагічныя захворванні, дзіцячыя траўмы, жудасныя флэшбэкі — карацей, інтрыга і інтрыга ў квадраце.

У цэнтры сюжэта — сямейная пара Максім і Вольга. Максім (Павел Харланчук) — модны сталічны фатограф, якому паступае тэрміновая замова зняць акно аднаго з мінскіх будынкаў для тэматычнага каталога. Ён зрываецца з месца, едзе ноччу па прызначаным адрасе і ў патрэбным акне бачыць, да таго ж і здымае, забойства. На плёнцы ў выніку акно як акно, ніякіх людзей, тым больш злачынцаў, з чаго пачынаецца павольнае вар'яценне галоўнага героя. Увесь гэты час — у загадках, несупадзеннях і недарэчнасцях — жонка (Вераніка Пляшкевіч), сябра (Сяргей Жбанкоў) і псіхатэрапеўт (Андрэй Карака) спрабуюць дапамагчы Максіму разабрацца ў сабе. Збоку за ўсім гэтым назірае следчы (Ігар Сігаў), і ў рэшце рэшт праз яго работу мы даведваемся, хто ёсць хто.

«Унутры сябе» дэманструе выдатнае «арыентаванне»: аўтары фільма гуляюць з кінематаграфічнымі канстантамі, выкарыстоўваюць знаёмыя жанравыя формы, спрабуюць падладзіць свой праект пад папулярнае ў масавым кіно. Дэтэктыў, нуар, псіхалагічны трылер — фільм можна назваць як заўгодна, але жанр будзе ўсё роўна ісці наперадзе ўласна кіно. А кіно будзе засланяць ці нават адмаўляць рэальны свет.

Карціна сапраўды існуе ў выключна кінематаграфічнай плоскасці. Па-першае, таму што відавочна кіруецца камерцыйнымі задачамі і знаёмымі формамі (так, што нічога жывога не застаецца). І адпаведна — гэта па-другое — наўмысна аддаляецца ад сувязі з рэальным навакольным светам, якая магла б здорава адасобіць «Унутры сябе» ад падобнага кантэнту. Не новая, не унікальная, сканструяваная з шаблонаў гісторыя адбываецца ў вельмі незнаёмым свеце — не таму, што гэты свет фантастычны, ён якраз існуе па рэальных законах фізікі, але таму што такое беларускае жыццё нам не пазнаць. У гэтым кіно яно татальна іншае, прыгладжанае і незразумелае. А з той нагоды, што аўтары запоўнілі вялікі экран адсылкамі да кінарэжысёраў і пазбавілі яго нейкай сапраўднасці (што неБеларусь, што фальшывая Францыя — падалося нават, здымак у Францыі насамрэч не было, але частка дзеяння тут адбываецца), фільм страціў магчымасць замест эрзацу, трэніроўкі на кінаформах стаць самастойным выказваннем нават у сферы камерцыйнага прадукту.

Калякіно

Так ці інакш для беларускага кінематографа фільм накшталт «Унутры сябе» — нядрэнна скроены трылер, дзе няма традыцыйнай для нашых аўтараў неадпаведнасці жаданняў магчымасцям, — не тое каб звычайная з'ява. Хоць стаць выключнай з'явай у айчынным кіно няцяжка, чаму і выхвалянне статусам «першага беларускага псіхалагічнага трылера», як пісалася ў прэс-рэлізе, выглядае камічна.

Што нетыпова, дык укладанне прыватных сродкаў — карціна здымалася без бюджэтнага фінансавання за сто тысяч долараў — у фільм у краіне, дзе здольнасць акупіцца праз бокс-офіс даволі сумнеўная. Рынак Беларусі для такіх сум усё ж маленькі, а калі таксама ўлічыць незайздросную цікавасць гледачоў да беларускага кіно, увогуле стане незразумела, як нехта адважваецца здымаць тут камерцыйны прадукт.

Прадзюсары маюць планы на іншыя тэрыторыі, і мы жадаем ім поспехаў, але сумняваемся, што той стэрыльны кінасвет, прадстаўлены ў карціне «Унутры сябе», — правільная тактыка ў прыцягненні спачатку беларускай, а потым замежнай публікі.

І ўсё ж пры ўсёй яго другаснасці ў кантэксце кіно — ён не прапанаваў нечага выключнага і ў сваім жанры стаў сярэднім — у цэлым фільм «Унутры сябе» можа падацца важным для лакальнага беларускага кінематографа, як амаль усё, што тут здымаецца насуперак створаным умовам. Можна спадзявацца, што пасля гульняў і маніпулявання шаблонамі аўтары прыйдуць да нечага самастойнага, хоць бы ў камерцыйных праектах. Ніхто не ведае, ці працуе гэта насамрэч, бо працэс здымак спрашчаецца і таннее, а ўсе майстры масавага і аўтарскага кіно даступныя на раз-два, але будзем думаць, што ў карціны «Унутры сябе» — важная місія чарговага кроку ў бок светлай будучыні.

Чым фільм дакладна выдатны — выкарыстаннем сваіх сіл. Акцёры, прадзюсары, рэжысёр, аператар (Аляксандр Алейнікаў), мастакі (Раман Заслонаў нават выканаў невялікую ролю, прычым такую, якая руйнуе логіку карціны) — дзякуючы ім ствараецца бачнасць таго, што ў краіне ёсць кінасфера і яна гатова развівацца.

«Унутры сябе» — спроба сыграць у вялікае кіно, карыстаючыся іншымі прыкладамі, але маючы сярэдняга ўзроўню інтрыгу, нестыкоўкі ў сцэнарыі і наіўна разыграную крымінальную змову. Карціна захапілася жанрам псіхалагічнага трылера, але чаму з усіх псіхалагічных трылераў трэба выбраць менавіта яе, адказу пакуль няма.

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

Загаловак у газеце: Хто ёсць хто

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».