Вы тут

«Салдаты» харчовай бяспекі


У нядзелю сваё прафесійнае свята адзначаюць работнікі сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці

Сёння гэта свята аб'ядноўвае амаль 300 тысяч чалавек. І ў час блокчэйну і крыптавалюты работа жывёлаводаў і камбайнераў не губляе сваёй значнасці. Адзін аграрый дае працу сямі-васьмі іншым людзям, бо проста ўбраць збожжа недастаткова, каб атрымаць духмяны, свежы хлеб.


Прафесійнае свята для спецыялістаў — час падвядзення вынікаў і агляду здабыткаў галіны. Па даных Белстата, у краіне існуе больш за 1300 сельскагаспадарчых арганізацый, у лідарах Мінская вобласць (357 прадпрыемстваў). Больш за 70 % — гэта прыватная ўласнасць (у тым ліку з удзелам дзяржаўнага капіталу).

Палова аграрыяў мае вышэйшую, спецыялізаваную або прафесійна-тэхнічную адукацыю. Амаль 16 % занятых у сельскай гаспадарцы — гэта моладзь ва ўзросце да 30 гадоў.

Згодна з міжнароднымі ацэнкамі ўзроўню харчовай бяспекі, наша рэспубліка характарызуецца як краіна са спрыяльным асяроддзем.

Па словах намесніка міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Ігара Брыло, «з 2010 года харчовая бяспека нашай краіны гарантуецца ў поўнай меры». Пры гэтым вытворчасць малака больш чым у два разы перавышае патрэбы грамадзян. За 2017 год узровень самазабеспячэння малаком склаў 235 %, мясам — 136 %, яйкамі — 130 %, агароднінай — 105 %. Колькасць сельскагаспадарчай прадукцыі на чалавека ў Беларусі значна перавышае гэты паказчык у іншых краінах СНД. У мінулым годзе на душу насельніцтва прыпадала 675 кг бульбы (у Расіі — 201 кг, Казахстане — 197 кг), 127 кг мяса (у Расіі — 71 кг, Казахстане — 56 кг).

Высокі ўзровень вытворчасці і павышэнне экспарту дапамагла забяспечыць палітыка, накіраваная на мадэрнізацыю аграрнага сектара. У мінулым годзе экспарт сельскагаспадарчай прадукцыі і прадуктаў харчавання склаў без малога пяць мільярдаў долараў ЗША. За дзевяць месяцаў гэтага года колькасць замежных партнёраў павялічылася да 92 краін пры аб'ёме экспарту 3,8 мільярда долараў ЗША.

Асноўным партнёрам для Беларусі з'яўляецца Расія — амаль 79 % прадукцыі пастаўляецца ў Саюзную дзяржаву.

Сёння спецыялісты знаходзяць новыя шляхі, па якіх пацякуць нашы «малочныя рэкі». Нарошчванне экспарту тавараў і паслуг на рынак КНР стала ключавой тэмай Беларуска-кітайскага дзелавога форуму, які адбыўся 7 лістапада ў Шанхаі на палях першай Кітайскай міжнароднай выстаўкі імпартных тавараў і паслуг.

Гэты год стаў прарыўным у беларускім экспарце ў Кітай. За восем месяцаў наш экспарт у КНР вырас на 18 %. Скачок забяспечаны за кошт росту продажу прадуктаў харчавання ў пяць разоў, у тым ліку экспарту малочнай прадукцыі — у дзевяць разоў.

Нягледзячы на здабыткі нашых спецыялістаў, спыняцца не варта. Працы над якасцю тавараў патрабуе і глабалізацыя, і падрыхтоўка ўступлення краіны ў Сусветную гандлёвую арганізацыю.

Марыя ДАДАЛКА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.