Вы тут

Лепельскі ваенны санаторый: шыкоўны пляж і радонавыя ванны


«А я люблю ваенных, прыгожых, здаравенных», — пелі мы ўсю дарогу да Лепельскага ваеннага санаторыя, мяркуючы, што большая частка тых, хто там адпачывае, абавязкова будуць мужчыны ў форме. Аказалася — наадварот: жорсткая канкурэнцыя за ўвагу нешматлікага дужага полу. Мы з Валерыяй, прадстаўніцай тураператара «Аўтаматызаваныя тэхналогіі турызму» ледзьве ўпільнавалі нашых фота- і відэамайстроў Сашу ды Алега, каб вечарам вярнуцца дахаты першапачатковым складам. А калі сур'ёзна, то за дзень у здраўніцы мы падрыхтавалі арганізм да зімы, пакачаліся на пляжы і нават упрыгожыліся.


Купанне ў мінералцы, лакальная замарозка і галаінгаляцыя

Адразу па прыездзе нас узважылі, абмералі і падабралі шэраг працэдур, якія падыдуць нашым арганізмам. Так тут падыходзяць да кожнага наведвальніка. Ніводную паслугу кліент не атрымае, калі яна, на думку ўрачоў, нашкодзіць здароўю чалавека.

На пачатку нашага медыцынскага ваяжу Валерыі дасталася радонавая ванна, а мне — мінеральная. Вада была настолькі салёная, што тулава проста ўздымалася з яе. Аказалася, гэта не дзіўна, бо яна на 42 % мінералізаваная, кажуць, добра супакойвае нервы. А вось у Валерыі пасля ванны адразу перастаў балець локаць, на які яна ўсю дарогу скардзілася. Лепельскі санаторый, дарэчы, адзін з чатырох на ўсю Беларусь, які мае сваю лабараторную базу па радоне.

Пра лячэбнае ўздзеянне радону адпачывальнікі тут кажуць так: «Бывае, ледзьве прыйдзеш сюды, а напрыканцы ўжо проста пырхаеш. А эфекту хапае на год».

А мы з сяброўкай пайшлі на галаінгаляцыю, каб прачысціць лёгкія. Сядзіш сабе, дыхаеш, а імунітэт узмацняецца. Кажуць, пасля 14 такіх уздзеянняў дзеці перастаюць хварэць.

— Усе лячэбныя падраздзяленні працуюць у санаторыі сем дзён на тыдзень. Гэта значыць, што колькасць працэдур не скарачаецца прапарцыянальна дням знаходжання тут, — гаворыць Міхаіл ЛЯХ, начальнік Лепельскага ваеннага санаторыя Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь. — Раней людзі адпачывалі 18—21 дзень, сёння прыязджаюць максімум на два тыдні. І за гэты час яны павінны атрымаць не менш за восем-дзевяць працэдур, назначаных урачом.

Прыгажосць, гразі і тэрэнкур

Цэны ў санаторыі не мяняліся, кажуць, апошнія два гады. І магчымасць бюджэтнага адпачынку на ўзроўні з якасным лячэннем — яшчэ адна прычына, якая вабіць сюды людзей.

Мы з Валерыяй, вядома, вырашылі скарыстацца такой магчымасцю і, хоць касметычныя працэдуры не ўваходзілі ў нашы ўрачэбныя прадпісанні, спакусіліся на манікюр за 4,5 рубля. Тым больш што за 50 капеек яшчэ і малюнак на пазногці можна зрабіць.

У міжсезонне, з 1 верасня па 1 красавіка, у санаторыі для беларусаў стварылі зніжкі да 20 %. А пасля Каляд да канца лютага — на 10 % менш плацяць усе пенсіянеры.

Кошт, дарэчы, аднолькавы і для сваіх турыстаў, і для замежных, бо як лічаць тут «усе аднымі і тымі ж гразямі ды мінералкай лечацца». А калі ў чалавека не атрымалася трапіць на працэдуру па графіку, яе стараюцца перанесці на іншы час, каб не згубіць у лячэнні.

— Радуе, што ў санаторыі часцей сталі ездзіць беларусы з дзецьмі, і лепельскі ў гэтым плане не выключэнне. Людзі разумеюць, што калі не будзе здароўя, то не будзе і сіл зарабляць грошы. Тыя, хто мае машыну, ведаюць, што павінны штогод праходзіць тэхагляд і пастаянна сачыць за яе станам, каб яна ездзіла. Вось і здароўю патрэбны такі догляд і «тэхагляд». Арганізму неабходна адпачыць, прайсці дыягностыку, аздаравіцца, пахадзіць на масажы, папіць вітаміны, — мяркуе Вольга ШУППО, начальнік санаторна-курортнага аддзела прадпрыемства «Аўтаматызаваныя тэхналогіі турызму», кіраўнік праекта sanatorіі.by. — І людзі пакрысе прыходзяць да гэтага разумення.

Не абмінулі мы і сапрапелевыя гразі — паляжалі захутаныя, нібы ў кокане, пагрэліся. Напачатку нават прыпякала крыху, здаецца. А памыўшыся, адчулі, нібы і сапраўды крыху пахудзелі.

Апошнім чынам вырашылі аздаравіць рытынастымуляцыяй зрок. Дзякуючы гэтай працэдуры, калі ты сядзіш і па чатыры хвіліны кожным вокам глядзіш, як мігцяць каляровыя ліхтарыкі, можна падрыхтаваць вочы да ветру і марозу, каб яны не слязіліся. Нас запэўнілі, што хапае надоўга. І сапраўды, хоць наведвалі мы санаторый яшчэ ў верасні, лістападаўскі пранізлівы вецер цяпер зусім не страшны.

Прагуляцца па тэрыторыі можна трыма спецыяльнымі маршрутамі для лячэбнай хадзьбы — тэрэнкуру: на 500 метраў, два кіламетры, а для самых заўзятых — чатыры. Мы выбралі самы кароткі шлях, каб хутчэй трапіць на пляж. Ён аказаўся хіба што не самым лепшым з пабачаных намі. А яшчэ чысцюткая вада, у якой відаць, як на дне калышуцца водарасці. Гэта тлумачыцца тым, што Бобрыца і Шчыбат — азёры, на перашыйку паміж якімі знаходзіцца санаторый, — бяруць свае вытокі з балот. Што і казаць, пакідаць гэтае месца было цяжка. Хацелася проста качацца на пясочку, назіраць за велічнымі лебедзямі і рэлаксаваць.

Аднак, як і ў любога падарожжа, у нашага таксама быў канец. Задаволеныя, мы з сяброўкай надумалі наступным разам далучыцца да агляднай экскурсіі па Мінску. Цікава ж, чым могуць здзівіць карэнных жыхароў і чаго мы не заўважаем у родным горадзе.

Ірына СІДАРОК

Загаловак у газеце: Паміж Бобрыцай і Шчыбатам...

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».