Вы тут

Як ператварыць адходы ў даходы?


На апошнім пасяджэнні пятай сесіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу шостага склікання старшыня Савета Рэспублікі Міхаіл Мясніковіч засяродзіў увагу на праблеме эфектыўнага выкарыстання другасных рэсурсаў у краіне і прапанаваў у першай палове 2019 года правесці парламенцкія слуханні на гэтую тэму. Пастаянная камісія па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні Савета рэспублікі прыступіла да ўсебаковага вывучэння сітуацыі ва ўсіх рэгіёнах краіны.


 

Такая пільная ўвага да праблемы перапрацоўкі другаснай сыравіны не выпадковая. Па дадзеных Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, у цяперашні час доля ўключэння ў гаспадарчы абарот другаснай сыравіны ў нашай краіне складае ўсяго 17%, у той час як у заходнееўрапейскіх краінах гэты паказчык на некалькі парадкаў вышэй, напрыклад у Швецыі — 99%.

Галоўнае — эканоміка

Праблему ўдасканалення абыходжання з адходамі ў Беларусі спрабавалі вырашаць ўжо неаднаразова. З ліпеня 2007 года ў краіне дзейнічае закон «Аб абыходжанні з адходамі». Прынята Нацыянальная стратэгія па абыходжанні з цвёрдымі камунальнымі адходамі і другаснымі матэрыяльнымі рэсурсамі на перыяд да 2035 года.

Каардынацыяй дзейнасці ў сферы абыходжання з другаснымі матэрыяльнымі рэсурсамі нароўні з Мінпрыроды займаецца таксама створанае не так даўно ДУ «Аператар другасных матэрыяльных рэсурсаў».

Аднак праблема эфектыўнага выкарыстання другаснай сыравіны па-ранейшаму ў большасці рэгіёнаў краіны застаецца не да канца вырашанай. Пра гэта гаварылася на нарадзе па пытаннях арганізацыі дзейнасці па абыходжанні з другаснымі матэрыяльнымі рэсурсамі, якая адбылося ў Савеце Рэспублікі пад кіраўніцтвам старшыні Пастаяннай камісіі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні Аляксандра Папкова.

Прыйшоў час падысці да вырашэння гэтай праблемы па-гаспадарску, з улікам сусветнай практыкі і лепшых прыкладаў арганізацыі такой працы ў нашай краіне, канстатаваў старшыня Пастаяннай камісіі. На думку Аляксандра Папкова, неабходна вывучыць вынікі працы адпаведных арганізацый, органаў дзяржкіравання і мясцовых органаў улады, пралічыўшы страты за 11 гадоў ад недапрацовак у частцы рэалізацыі закона «Аб абыходжанні з адходамі» і распрацаваць адпаведныя прапановы па паляпшэнні сітуацыі на месцах. «У аснову нашага вывучэння мы павінны пакласці пытанні эканомікі, фарміравання дабаўленага кошту. Нам трэба дакладна выпрацаваць далейшыя напрамкі работы па розных ведамствах, таму мы чакаем прапаноў ад канкрэтных тэрыторый па рашэнні ўсіх набалелых праблем рэгіёнаў, звязаных з прамысловымі і бытавымі адходамі», — падкрэсліў парламентарый.

Як рацыянальна выкарыстоўваць адходы?

Па дадзеных «Аператара другасных матэрыяльных рэсурсаў», зараз зборам другаснай сыравіны ў Беларусі займаецца 420 арганізацый жыллёва-камунальнай гаспадаркі, спажывецкай кааперацыі, ДА «Белрэсурсы», індывідуальных прадпрымальнікаў. У 2017 годзе было сабрана 653,8 тысячы тон адходаў паперы, шкла, палімераў, адпрацаваных алеяў і іншых другасных матэрыяльных рэсурсаў. Але, нягледзячы на ​​тое, што ў колькасным выразе назіраецца ўстойлівая тэндэнцыя росту іх збору, у канчатковым выніку казаць аб высокай эфектыўнасці іх перапрацоўкі пакуль не прыходзіцца. Просты прыклад: збор адходаў шкла за пяць гадоў склаў 207% у адносінах да 2012 года і дасягнуў 181,3 тысячы тон. Але ўвесь так званы шклабой пасля перапрацоўкі, замест таго каб у выглядзе зноў створанай прадукцыі паступаць на ўнутраны рынак і прадавацца на экспарт, наўпрост пастаўляецца ў іншыя краіны як сыравіна, дзе ёсць прадпрыемствы, гатовыя яго ізноў пусціць у абарот. Але адходы шкла можна выкарыстоўваць у вытворчасці пліткі, сантэхнікі з керамікі, цэглы, дробназярністага бетону, цеплаізалятараў і гэтак далей, стварыўшы невялікія прадпрыемствы ў рэгіёнах і забяспечыўшы працоўнымі месцамі насельніцтва. А пакуль застаецца здавольвацца толькі тым, што адходы шкла хаця бы сабралі і перапрацавалі. Бо часам проста не ведаюць, што з гэтымі адходамі рабіць далей.

Спальваць ці перапрацоўваць?

Паводле інфармацыі Мінпрыроды, у цяперашні момант 65% цвёрдых бытавых адходаў у Беларусі спальваецца. І гэта выклікае трывогу ў эколагаў. Дыяксін і цяжкія металы, якія вылучаюцца пры спальванні смецця, нясуць пагрозу здароўю людзей. Абавязковымі ўмовамі правядзення такой утылізацыі з'яўляюцца строгае захаванне тэхналогіі ачысткі паветра і строгі кантроль за выкідамі ў атмасферу шкодных рэчываў. Дарэчы, прыемнасць гэтая не з танных. Пры будаўніцтве смеццяспальвальных заводаў трэба заўсёды ўлічваць неабходнасць рэгулярнай замены фільтраў, якія давядзецца закупляць па імпарце за валюту.

Шмат пытанняў выклікаюць і існуючыя ва ўсіх рэгіёнах краіны палігоны для захавання камунальных адходаў. Спецыялісты сцвярджаюць, што, створаныя яшчэ па тэхналогіях савецкіх часоў, яны перыядычна вылучаюць таксічныя газы і шкодныя рэчывы, забруджваючы паветра, глебу, падземныя воды.

Цалкам відавочна, што прыйшоў час вырашыць праблему эфектыўнай перапрацоўкі адходаў шляхам стварэння сучасных прадпрыемстваў з улікам экалагічных патрабаванняў бяспекі.

Шляхі вырашэння праблем

Экалагічныя і эканамічныя праблемы, звязаныя з абыходжаннем з адходамі, неабходна вырашаць ужо на этапе сартавання. І тут многае залежыць ад свядомасці насельніцтва, якое павінна разумець неабходнасць сартавання камунальных адходаў у розныя кантэйнеры, як гэта робіцца ў большасці еўрапейскіх краін.

Свядомасць нашых грамадзян напрамую залежыць і ад створаных умоў, ці, папросту кажучы, наяўнасці кантэйнераў для пластыку, шкла, паперы, харчовых адходаў і гэтак далей. Пакуль што практыка паасобнага збору смецця ў нас яшчэ не прыжылася: большасць грамадзян скідаюць усё смецце ў адзін кантэйнер, які стаіць каля пад'езда дома. Дарэчы, лідзіруе па колькасці ўтварэння смецця беларуская сталіца. Штогод у Мінску ўтвараецца больш за адзін мільён тон камунальных адходаў. У той час як магутнасці сартавання чатырох ліній, якія працуюць у сталіцы з 2014 года, — усяго 25 тысяч тон у год.

Зрэшты, да асобнага збору адходаў павінны быць гатовыя яшчэ і камунальныя і нарыхтоўчыя службы. Неабходна прыцягнуць да гэтай працы прыватную ініцыятыву, мясцовыя органы самакіравання. Мэтазгодна прадумаць і сістэму матывацыі альбо закладной аплаты за здачу другаснай сыравіны. Для арганізацыі ўсёй гэтай дзейнасці неабходныя і адпаведныя крыніцы фінансавання.

На нарадзе, прысвечанай арганізацыі дзейнасці па абыходжанні з другаснымі матэрыяльнымі рэсурсамі, былі ўзняты многія праблемныя пытанні гэтай галіны: ад эканомікі і прыцягнення інвестыцый да ідэалагічнага складніка і выхавання свядомага стаўлення насельніцтва да праблемы ўтылізацыі смецця. Прынята рашэнне стварыць рабочую групу з прадстаўнікоў усіх зацікаўленых міністэрстваў і ведамстваў для ўсебаковага вывучэння праблематыкі ва ўсіх рэгіёнах краіны. Яе ўзначаліў намеснік міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Аляксандр Корбут.

Плануецца, што прамежкавым вынікам працы рабочай групы стане пасяджэнне Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні ў рэжыме відэаканферэнцыі. На ім парламентарыі разам са спецыялістамі з розных галін распрацуюць прапановы для стварэння новай галіны, якая будзе прыносіць прыбытак эканоміцы нашай краіны.

Наталля БІТЭЛЬ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».