Вы тут

Аб чым дамовіліся прэзідэнты Беларусі і Азербайджана?


Прэзідэнты Беларусі і Азербайджана Аляксандр Лукашэнка і Ільхам Аліеў па выніках перамоў у Мінску прынялі сумесную заяву. У дакуменце гаворыцца пра тое, што мае месца пераход на якасна новы ўзровень адносін дружбы і супрацоўніцтва, які адказвае рэаліям XXI стагоддзя.


Фота: БЕЛТА

Ператварыць намеры ў справы дапаможа рэалізацыя дасягнутых дамоўленасцей. Пра гэта заявіў Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з прадстаўнікамі СМІ па выніках перагавораў з Прэзідэнтам Азербайджана Ільхамам Аліевым.

Па словах кіраўніка дзяржавы, за чвэрць стагоддзя дыпламатычных адносін краіны значна прасунуліся наперад у наладжванні міждзяржаўнага ўзаемадзеяння.

"Гэтаму спрыяў рэгулярны дыялог, у тым ліку на вышэйшым узроўні. Я вельмі цаню даверную, шчырую атмасферу сустрэч з маім калегам, Прэзідэнтам. Мы адкрыта і прадуктыўна абмяркоўваем усе без выключэння пытанні міжнароднага парадку дня", — адзначыў беларускі лідар.

Паводле яго слоў, падчас сённяшніх перамоў асноўная ўвага надавалася паспяховаму гандлёва—эканамічнаму і інвестыцыйнаму супрацоўніцтву. "Дасягнуты дамоўленасці, якія будуць дадатковым імпульсам для яго нарошчвання", — заявіў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што ў бягучым годзе назіраецца рост узаемнага гандлю. Набіраюць моц праекты, ініцыяваныя ў свой час кіраўнікамі дзяржаў. Напрыклад, на Гянджынскім аўтамабільным заводзе за адзінаццаць гадоў ужо сабрана больш за дзесяць тысяч трактароў "Беларус" і спецыяльнай тэхнікі на іх базе. Прадпрыемства таксама выпусціла больш за тры з паловай тысячы аўтамабіляў і прычэпаў МАЗ.

На думку Аляксандра Лукашэнкі, гэта выдатны прыклад ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва. Дарэчы, лакалізацыя складае амаль палову, што яскрава кажа пра вялікія магчымасці азербайджанскай прамысловасці і яе высокі кадравы патэнцыял. Аднак тавар, які бы якасны ён ні быў, трэба выгадна прадаць, і пажадана на экспарт.

Таму МТЗ і Гянджынскі завод працуюць над сумесным праектам па зборцы трактароў у Турцыі. "Гэта важны і перспектыўны кірунак, які мы будзем развіваць. І ён стаў магчымым дзякуючы пазіцыі Прэзідэнта Азербайджана", — падкрэсліў ён.

Таксама кіраўнік дзяржавы заявіў, што Беларусь зацікаўлена ў азербайджанскіх інвестыцыях і высакаякаснай прадукцыі. Нагадаем, сёння тавары з гэтай краіны шырока прадстаўлены ў Гандлёвым доме Азербайджана, які адкрыўся ў мінулым годзе ў Мінску. "Адзначу, што яны карыстаюцца папулярнасцю ў беларускіх пакупнікоў. Таму Прэзідэнт Азербайджана прыняў рашэнне аб пашырэнні гэтай сеткі ў абласныя цэнтры", — сказаў ён.

"Шмат што можна зрабіць разам і ў транспартна-лагістычнай сферы. Мы гатовыя ўдзельнічаць у інфраструктурных праектах у Азербайджане: будаўніцтве новых чыгунак, марскіх партоў, лагістычных цэнтраў, — адзначыў беларускі лідар. — Ёсць рэзервы супрацоўніцтва ў ахове здароўя, адукацыі, інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогіях, спорце і турызме. Рэалізацыя дасягнутых сёння дамоўленасцей дазволіць зусім хутка ператварыць нашы намеры ў канкрэтныя справы".

Так, напрыклад, ужо вядзецца праца па стварэнні ў Азербайджане сумеснага прадпрыемства па выпуску беларускіх лекаў. "Абсалютна перакананы — не за гарамі рэалізацыя і іншых маштабных і цікавых праектаў", — дадаў ён.

Наконт другіх Еўрапейскіх гульняў кіраўнік дзяржавы адзначыў, што пасля Баку краіны баяцца прымаць такое мерапрыемства, паколькі канкурыраваць з іх узроўнем немагчыма, таму Беларусі неабходна сур'ёзна падумаць, як не апускаць планку.

"Беларусь і Азербайджан назаўжды застануцца надзейнымі і стратэгічнымі партнёрамі, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Перакананы, што традыцыйна прадуктыўнае супрацоўніцтва, узаемная падтрымка будуць і надалей адметнай рысай беларуска-азербайджанскіх адносін".

Аб чым дамовіліся бакі?

  • Прэзідэнты дзвюх дзяржаў прынялі сумесную заяву, згодна з якой мае месца быць пераход на якасна новы ўзровень адносін дружбы і супрацоўніцтва, які адказвае рэаліям XXI стагоддзя. Акрамя агульных падыходаў па знешнепалітычных пытаннях, дакумент фіксуе палажэнні эканамічнага супрацоўніцтва.
  • Акрамя таго, у прысутнасці прэзідэнтаў быў падпісаны шэраг іншых двухбаковых дакументаў. Сярод іх: пагадненне ў галіне міграцыі, пагадненне аб супрацоўніцтве паміж пракуратурамі дзвюх краін, а таксама ў сферы судова-экспертнай дзейнасці.
  • Таксама бакі падпісалі пагадненне аб супрацоўніцтве ў галіне сельскай гаспадаркі і харчавання і мемарандум аб узаемаразуменні ў галіне працы, занятасцi i сацыяльнай абароны, мемарандум аб узаемаразуменні аб развіцці ўзаемавыгаднага двухбаковага супрацоўніцтва ў галіне паставак узбраення і тэхнікі супрацьпаветранай абароны.
  • Яшчэ члены дэлегацый падставілі подпісы пад пратаколам намераў аб развіцці супрацоўніцтва ў галіне сувязі і інфармацыйных тэхналогій, прынялі комплексны план мерапрыемстваў на 2019-2021 гады па рэалізацыі Пагаднення аб супрацоўніцтве паміж МНС дзвюх дзяржаў.

Уладзіслаў ЛУКАШЭВІЧ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.