Вы тут

Як прайшло адкрыццё 16-га міжнароднага дзіцячага конкурсу «Еўрабачанне»


Сёння ўвечары ў НВЦ “БелЭкспа” было надзвычай шматлюдна: канкурсанты дзіцячага “Еўрабачання-2018” і дэлегацыі з 20 краін, беларускія валанцёры і госці цырымоніі адкрыцця Еўратыдня, тэлевізійнікі, журналісты, валанцёры, - усяго больш чым 300 чалавек. Роўна а 17-й гадзіне, як і абяцалі арганізатары, пачаўся праход юных артыстаў па чырвонай дарожцы. Удзельнікі гаварылі колькі слоў пра сябе або сваю краіну,  агучвалі запаветныя жаданні і прытанцоўвалі пад фрагменты ўласных песень. А яшчэ шчодра рассыпалі адзін аднаму кампліменты, з задавальненнем раздавалі інтэрв’ю, пазіравалі ў адмысловых фотазонах і тут жа выкладвалі фота- і відэазапісы ў сацыяльныя сеткі – дзеці новай тэхналагічнай эры, што і казаць.


- Я ўпершыню ў Беларусі, але ўжо ведаю ад сваіх сяброў, што ў вас вельмі прыгожа і ўтульна, - дзеліцца ўражаннямі 12-гадовая Данелія з Казахстана, якой выпаў гонар прадставіць сёлета сваю краіну-дэбютантку на дзіцячым форуме. – Безумоўна, усім хочацца перамагчы, але, на мой погляд, галоўнае – крута выступіць і запомніцца, атрымаць задавальненне ад кожнай хвіліны, што ты знаходзішся на сцэне. Пра гэта, уласна, і мая песня – што трэба верыць у сябе і цаніць кожнае імгненне. Цікава атрымалася: мы з вашым Даніэлем Ястрэмскім сябруем, і песні ў нас называюцца падобна: у яго – “Time”, у мяне – “Seize the time”.

Данелія, дарэчы, прадставіць сваю конкурсную песню на казахскай мове з уключэннямі англійскага тэксту. Слухаючы ўрыўкі з песень іншых удзельнікаў, пераконваемся, што большасць з іх скарысталіся магчымасцю прадставіць сваю родную мову: руская, украінская, албанская, армянская, грузінская, іўрыт, ірландская, італьянская, македонская, азербайджанская, галандская, польская, сербская, партугальская, валійская (ад Уэльса, які таксама дэбютуе на конкурсе), і, канешне, французская – Францыя ў асобе абаяльнай спявачкі Ангеліны Нава вяртаецца на шоу пасля 13-гадовага (!) перапынку.

13-гадовая Ганна Філіпчук, якая прадстаўляе на сёлетнім конкурсе Расію, гаворыць, што вельмі перажывае, каб выступіць годна (усё ж менавіта выйграла дзіцячае “Еўрабачанне” летась), але разам з тым не адчувае канкурэнцыі, бо паспела ўжо пазнаёміцца і пасябраваць з многімі ўдзельнікамі. І, канешне, літаральна разрываюць на інтэрв’ю нашага канкурсанта Даніэля Ястрэмскага, які прызнаецца, што справіцца з хваляваннем яму дапамагае падтрымка  гледачоў: “Нават у тыя некалькі хвілін, што мы ішлі па чырвонай дарожцы, я чуў падбадзёрванні і словы падтрымкі ад розных людзей – гэта надзвычай прыемна”.

З глыбіні вялізнай залы, нібы пільны гаспадар, назірае за падзеямі старшыня Белтэлерадыёкампаніі Іван Эйсмант.

- Як пачуваецеся ў самым цэнтры еўравізійнага катла? – цікавімся мы.

- Што я, галоўнае, каб усім нашым гасцям, удзельнікам было цікава і камфортна, -- усміхаецца кіраўнік медыяхолдынгу. – Мы пастараемся зрабіць агульнае вялікае свята як для ўсіх канкурсантаў, так і наогул для ўсёй нашай краіны – тысячы білетаў на шоу і генеральную рэпетыцыю вылучаны для дзяцей з рэгіёнаў, таленавітых выхаванцаў мастацкіх школ, стыпендыятаў Спецыяльнага фонду Прэзідэнта па падтрымцы таленавітай моладзі, для дзяцей з інваліднасцю… Ды і цэны на білеты самі бачыце, якія: мы ставім сабе задачу не зарабіць на продажу квіткоў, а зрабіць усё магчымае, каб максімальная колькасць людзей магла трапіць на “Еўрабачанне” і адчуць яго як сваё асабістае свята.

Той самы месэдж Іван Эйсмант прамовіў і са сцэны: “Еўрабачанне” – унікальная падзея, гэта той конкурс, які мусіць нас усіх аб’ядноўваць… Паглядзіце, колькі тут дзяцей – сотні беларусаў, замежныя ўдзельнікі. Самае галоўнае, што мы можам зрабіць для іх – каб яны былі шчаслівыя тут і зараз, і назаўжды запомнілі, як пражылі гэты тыдзень у Мінску”. Разам з выканаўчым прадзюсарам дарослага і дзіцячага конкурсаў “Еўрабачанне” Йанам Ола Сандам старшыня Белтэлерадыёкампаніі націснуў сімвалічную “3D-кнопку” і, калі гаварыць слоганам сёлетняга шоу, запаліў еўравізійныя агні.

Па правілах Еўрапейскага вяшчальнага саюза, на цырымоніі адкрыцця дзіцячага конкурсу прайшла міні-жараб’ёўка ўдзельнікаў: вызначылася, каму дасталіся першы і апошні нумары (адкрые фінальны гала-канцэрт Дарына Краснавецкая з Украіны, а пад нумарам 20 выступіць прадстаўніца Польшчы Раксана Венгель), а таксама стаў вядомы нумар краіны-гаспадыні: канкурсант ад Беларусі выйдзе на сцэну “Мінск-Арэны” пад нумарам 8. Ужо сёння на галоўнай сцэне пачнуцца індывідуальныя рэпетыцыі ўсіх удзельнікаў, якім педагог па вакалу, спявачка Вольга Драздова, чые вучні тры гады запар выйграюць беларускі нацыянальны адбор, пажадала “атрымліваць сапраўдную асалоду ад сцэны і быць сабой”.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Фота Ганны ЗАНКАВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладзечна прэтэндуе на званне беларускай сталіцы стрыт-фуду

Маладзечна прэтэндуе на званне беларускай сталіцы стрыт-фуду

Карэспандэнт «Звязды» ацаніла гастранамічны патэнцыял горада.

Грамадства

Як у Беларусі развіваецца сектар беспілотнікаў

Як у Беларусі развіваецца сектар беспілотнікаў

Ён малады — сёлета яму спаўняецца 10 гадоў.

Спорт

Беларус Данііл Крывіцкі ў 15 гадоў гуляе ў футбол у іспанскім клубе

Беларус Данііл Крывіцкі ў 15 гадоў гуляе ў футбол у іспанскім клубе

 З перспектыўным футбалістам мы звязаліся, каб даведацца пра яго далейшыя планы, трэніроўкі ў «Інтэры» і жыццё ў Іспаніі.

Грамадства

Чаму лесапілка стала прадметам спрэчак сярод вяскоўцаў

Чаму лесапілка стала прадметам спрэчак сярод вяскоўцаў

Каб высветліць маштаб праблемы, журналіст «Звязды» накіравалася ў вёску Струпень.