Вы тут

Гродзенскі адзінаццацікласнік актыўна збірае прадметы савецкай эпохі


Гродзенскі адзінаццацікласнік Уладзіслаў Форысь ужо некалькі гадоў актыўна збірае прадметы савецкай эпохі. А мясцовыя камуністы нават запрашаюць школьніка на свае сходы.


Усё пачалося з машынак «Аўталегенды СССР». Потым з'явіліся значкі, сцягі, плакаты, партрэты і бюсты савецкіх дзеячаў і многае іншае. Аб захапленні вучня 11-га класа ведаюць не толькі аднакласнікі, але і ўся гімназія № 2.

Уладзіслаў дэманструе свае экспанаты — вось вымпелы за ўдарную працу, значкі «Ударнік пяцігодкі», камсамольскі і піянерскі значкі, кнігі пра камсамол, чырвоны банцік, з якім маці хадзіла на дэманстрацыю. Прадметы больш ранняга перыяду — ваенныя медалі, песеннік 41-га года — выданы ў Ленінградзе, пасведчанне аб нараджэнні 1937 года, так званая рэйсавая прадуктовая картка.

— Такія талоны выкарыстоўваліся адразу пасля вайны. Гэтыя, напрыклад, выдаваліся на дэкаду ў лістападзе 1945 года. На аднаго чалавека прыпадала пяць грамаў тлушчу, 100 грамаў мяса, 40 грамаў крупы... Пры страце не ўзнаўляліся. Тут на некалькі чалавек выдадзена, можа, на сям'ю. Я знайшоў іх у песенніку, магчыма, яны належылі камусьці з жыхароў горада, але чаму іх не атаварылі — невядома, — расказвае Уладзіслаў.

У яго калекцыі толькі тыя медалі, што перадалі знаёмыя альбо родныя. Даведаўшыся пра захапленне хлопца, яны з радасцю папаўнялі яго калекцыю працоўнымі і ваеннымі ўзнагародамі.

— Я люблю хадзіць па антыкварных крамах, шукаць нешта цікавае на рынках, — кажа хлопец, — многія экспанаты даволі дарагія, напрыклад грамафоны, патэфоны і нават пласцінкі. Медалі таксама дорага каштуюць, але я іх у любым выпадку не купіў бы. Людзі заваёўвалі іх сваім жыццём, і гандляваць імі, лічу, непрыгожа. Гэта вельмі «чалавечныя» экспанаты.

У гімназіста ёсць і свае ўзнагароды. Гэта юбілейныя медалі, якія яму ўрачыста ўручылі з нагоды дня нараджэння Леніна і 100-годдзя Кастрычніцкай рэвалюцыі. Уладзіслаў прызнаецца, што ён быў узрушаны, калі яму, самаму маладому, уручылі гэты памятны знак. Сёлета да 100-годдзя камсамола падаравалі кнігу, дзе адлюстравана ўся гісторыя маладзёжнай арганізацыі ў плакатах і фотаздымках. У самога Уладзіслава ёсць фотаальбом пра Леніна, выдадзены ў 1980 годзе. Па тых часах ён каштаваў немалыя грошы — 7 рублёў, гэта падарунак дзядулі. Дарэчы, менавіта дзядулі і бабулі адыгралі важную ролю ў захапленні ўнука савецкай эпохай. Яны былі актыўнымі камсамольцамі, некаторыя — камуністамі. Многа расказвалі пра савецкі перыяд: як працавалі, які быў горад, як наладжвалі побыт, вандравалі.

— Я люблю слухаць іх расказы, — кажа хлопец, — і ўяўляю сабе тыя карціны. Гэта мінулае, аб якім можна даведацца ад жывых сведак. З'явілася і жаданне сабраць прадметы той эпохі. Праўда, бацькі з асцярогай глядзелі на маё захапленне і лічылі гэта вельмі спецыфічным хобі для падлетка. Памятаю, як мама без энтузіязму назірала, калі я прынёс дамоў бюст Леніна. У мяне ёсць і прыжыццёвы барэльеф Сталіна, які прывезлі з Гродзенскага раёна.

З расказаў бабулі Уладзіслаў даведаўся, што ў Гродне было нямала помнікаў Сталіну. Нават бачыў фота аднаго з іх, дзе Ленін і Сталін сядзелі разам на лаўцы. Помнік знаходзіўся каля ўваходу ў гарадскі парк.

Для Уладіслава гэтыя веды каштоўныя яшчэ і таму, што ён думае звязаць свой лёс з прафесіяй гісторыка. Таму за камп'ютарам па большай частцы любіць праглядаць адкрытыя архівы.

Свайго хобі Уладзіслаў не цураецца, наадварот, гатовы прадэманстраваць экспанаты кожнаму, хто пажадае. Не раз прыносіў цікавыя рэчы на класныя гадзіны і расказваў аб іх. Аднакласнікі ўспрымаюць такое захапленне з павагай. Многія прадметы датычацца былых кіраўнікоў дзяржавы, што заўсёды цікава. Напрыклад, прыжыццёвы зборнік выступленняў Сталіна, дзе многія радкі падкрэслены алоўкам былых уладальнікаў выдання. Такія экспанаты хвалююць і самога хлопца. У ліку каштоўных ён назваў і сцяг БССР, які яму падаравала класны кіраўнік Вольга Віктараўна. Па-першае, гэта сімвал эпохі, а па-другое, больш распаўсюджанымі былі сцягі СССР, а саюзных рэспублік — значна менш.

— Шмат было за гэты час эпахальных падзей — перамога ў вайне, адкрыццё космаса, падняцце цаліны. Усё, што здавалася немагчымым, — стала магчымае. Многае з тых часоў варта перанесці і ў нашу сучаснасць. Гэта дапамагае фарміраваць характар, — упэўнены юнак.

Вольга ШАСТАК, класны кіраўнік:

— Нельга сказаць, што ён затрымаўся ў той эпосе. Збор экспанатаў пашырае светапогляд і дае дадатковыя веды па гісторыі. Ёсць магчымасць даведацца аб фактах, якіх няма ў падручніках. І, вядома, нічым дрэнным гэта не пагражае. Наадварот, спрыяе фарміраванню правільных каштоўнасцяў. Гэта значны плюс. Нездарма Уладзіслава абралі старастам класа і сакратаром школьнай арганізацыі БРСМ.

Маргарыта УШКЕВІЧ, фота аўтара

Загаловак у газеце: Гімназіст у краіне Саветаў

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».