Вы тут

Карэспандэнт «Звязды» выпрабаваў на сабе кітайскую медыцыну


У Віцебску традыцыйную кітайскую медыцыну і найноўшыя распрацоўкі для аздараўлення ўжо выпрабавалі на сабе тысячы гараджан і так званых медыцынскіх турыстаў. Карэспандэнт «Звязды» праверыў уздзеянне таго, чым кітайцы лечаць тысячагоддзямі.


Супрацоўніцтва на ўзроўні ВНУ

У абласным цэнтры па кітайскую медыцыну стала магчыма звяртацца, улічваючы многія акалічнасці. Па-першае, кафедра захавання здароўя Віцебскага ордэна Дружбы народаў дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта актыўна супрацоўнічае з карпарацыяй Fohow (у перакладзе з кітайскай — «фенікс»).

Па-другое, у Віцебску ў рамках міжнароднага супрацоўніцтва можна наведваць цэнтр славянска-кітайскіх практык «Здрава Ян Шэн».

Дарэчы, ён быў заснаваны ў выніку падпісання дамовы аб супрацоўніцтве паміж факультэтам захавання здароўя Віцебскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта і навукова-інавацыйным унітарным прадпрыемствам Fohow.

У Віцебску яшчэ з пачатку 1990-х гадоў пачалі выкарыстоўваць традыцыйную славянскую медыцыну. Псіхолаг Ліёна Футчык першая ў Беларусі арганізавала недзяржаўны натурапатычны аздараўленчы цэнтр. Там можна было аздаравіцца, не выязджаючы з горада, прычым траўкамі: прайшоўшы працэдуры ароматэрапіі, фітатэрапіі. Папулярным адразу стала гразелячэнне: торфам і сапрапелем, вялікімі запасамі якіх славіцца Віцебшчына.

Таму кітайцы і ўзялі ўдзел у стварэнні менавіта на Віцебшчыне цэнтра, дзе ахвотныя змогуць упэўніцца ў эфектыўнасці традыцыйных беларускай і кітайскай медыцыны.

Як дзеці...

Пра Тай Цзі Цыгун — гімнастыку, якая вельмі карысная для аздараўлення і прафілактыкі хвароб, напэўна, чулі многія. Яшчэ гэта — філасофія, практыкуючы якую, чалавек атрымлівае магчымасць не толькі прывесці ў парадак цела, але і наладзіць свой эмацыянальны фон.

Ліёна Футчык, дырэктар навукова-інавацыйнага ўнітарнага прадпрыемства Fohow прапанавала паспрабаваць разам заняцца гімнастыкай. Дарэчы, яна, на мой погляд, ідэальна падыдзе тым, хто нават зарадку рабіць не любіць. Ніякіх вялікіх фізічных нагрузак, цыклы практыкаванняў няцяжкія. У выніку правільна пастаўленага дыхання лёгкія насычаюцца кіслародам і ачышчаюцца. Як курыльшчык з больш чым 30-гадовым стажам адчуў гэта вельмі хутка.

Асабліва спадабаліся рухі нагамі — практыка даоскіх манахаў. Гэта неяк нагадвае першыя крокі дзіцяці. І махаць рукамі было здорава! Менавіта так робяць малыя, калі ім няма чаго рабіць або яны ў чаканні. Заўважце, гэта насамрэч так.

Эфект ад Тай Цзі Цыгун для мяне быў вельмі добры. Цела расслабілася, прыйшло адчуванне даўно забытага душэўнага камфорту.

Мая «гуру» расказала, што кітайскія майстры вучылі гімнастыцы віцебскіх медыкаў. А сеансы з удзелам усіх ахвотных былі вельмі папулярныя падчас прэзентацый у сценах «альма матар».

Масаж... каменны

На дзесяць балаў ацэньваю і экспрэс-практыкум па кропкавым масажы.

Але больш уразіў масаж з выкарыстаннем камення.

Па словах Ліёны Футчык, гэты самы старажытны від аздараўленчага кітайскага масажу, які вылучаецца паслядоўнасцю і глыбінёй уздзеяння на біялагічныя кропкі, называецца гуаша.

Дарэчы, майстры гуаша робяць яго спецыяльнымі пласцінамі, ад раздражнення якімі па тканках і органах праходзіць магутны аднаўленчы рэфлекторны імпульс.

Для масажу гуаша выкарыстоўваюцца скрабкі разнастайнай формы — плоскія пласціны і лыжкі без тонкіх вострых краёў. Прылада можа мець круглявы выгнуты край той ці іншай ступені крывізны, два-тры буйныя выступы або мноства зубцоў. Важна, каб не было вострых краёў, а пры ўздзеянні на скуру аказваўся ціск, але не з'яўляліся драпіны.

Некаторыя скрабкі вырабляюцца з каменю: нефрыту, агату, яшмы.

Спадарыня Футчык, калі рабіла масаж, паралельна агучвала праблемныя ўчасткі майго цела.

Далей было таксама цікава і карысна. У спіну мне пачалі ўтыкаць нешта гумавае, што нагадвае па форме грушы. Унутры — магніты. Цяжка апісаць, што адчуваў...

Цікава, што маніпуляцыі на спіне мне рабілі ў рукавіцах, зробленых з выкарыстаннем сярэбраных нітак.

Калі шчыра, спачатку доўгі час нічога не адчуваў. Нават крыху расчараваўся, але, калі расказалі аб мерыдыянах Цзынь — Ла май, многае зразумеў.

«Абнуліў» сябе сам

Наогул высветлілася, што я, як чалавек эмацыянальны, які дзеліцца энергіяй, не ўмею правільна яе пакідаць для сябе. Таму ў энергетычным плане я сябе «абнуліў». Хвілін праз дзесяць раптам я адчуў непрыемнае паколванне. Далей — яшчэ больш... Але потым азнаямленне з працэдурай стала не пакутамі, а задавальненнем. Але, каб адчуць сапраўдны аздараўленчы эфект, спатрэбіцца не адзін сеанс.

Цікавай аказалася і дыягностыка па пульсе. Пасля ўсяго мне прапанавалі праверыць стан майго здароўя з дапамогай унікальнага прыбора.

Пасля таго як скончыліся выпрабаванні на сабе традыцыйнай кітайскай медыцыны, адчуў сябе добра. Між іншым, асобна раю аналагічнае мужчынам. Бадзёрасцю ў выніку энергетычнага «зараду» будуць задаволеныя вашы каханыя жанчыны.

Журналісты не любяць лячыцца, бо графік працы непрадказальны: прэс-канферэнцыі, сустрэчы з героямі артыкулаў, рэпартажы, і нярэдка апошнія падчас камандзіровак, і гэтак далей. Таму прыемна, што выдаўся рэдкі выпадак сумясціць прыемнае з карысным.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

Загаловак у газеце: І зарад з Паднябеснай!

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».