Вы тут

Жыццё з дэменцыяй можна аблегчыць


Пра дэменцыю, ці старэчую слабасць розуму, шырока гаварыць не прынята. Тым часам кожныя тры секунды на планеце ўрачы ставяць такі дыягназ. Яны ж прагназуюць, што ўжо праз тры дзесяцігоддзі колькасць хворых патроіцца. Не выключана, што сярод іх будзем і мы з вамі. Дэменцыя небяспечная тым, што варта прапусціць «першыя сігналы», і хвароба цалкам «з'ядае» чалавека за 3—5 гадоў. Як яе распазнаць і замарудзіць, расказала ўрач-псіхіятр-нарколаг
Гарадскога клінічнага псіхіятрычнага дыспансера г. Мінска Надзея ТРАЦКЕВІЧ.


— Колькасць пажылых людзей у краіне з кожным годам расце. Ужо сёння кожны пяты жыхар Беларусі — чалавек ва ўзросце 60 гадоў і больш. З кожным годам працэнтныя суадносіны павялічваюцца ў бок старасці. Таму і захворванні, якія сустракаюцца ў пажылым узросце, у тым ліку і старэчая дэменцыя, набываюць актуальнасць у медыцыне, — канстатуе Надзея Станіславаўна.

Нярэдка мы сутыкаемся з тым, што нашы блізкія ці сябры і знаёмыя становяцца самі на сябе непадобныя. Іх паводзіны моцна мяняюцца: з'яўляецца неабгрунтаваная плаксівасць і раздражнёнасць, яны блытаюцца ў датах і падзеях, што адбыліся зусім нядаўна, забываюць імёны сваякоў, задаюць адны і тыя ж пытанні праз непрацяглы прамежак часу, імкнуцца ўстаць з ложка, хоць ужо працяглы час прыкаваныя да яго пасля інсульту, імкнуцца ісці туды, дзе жылі ў маладосці, пакідаюць уключанымі газ, святло ці ваду. Усё гэта адбываецца не па іх жаданні і не па прычыне характару, а ў сувязі са значнымі кагнітыўнымі (пазнавальнымі) парушэннямі — пагаршэннем памяці і аслабленнем інтэлекту, таму бессэнсоўна на іх сварыцца, вінаваціць. Наадварот, трэба набрацца цярпення і прыняць тое, што ў вашага блізкага — дэменцыя (старэчая слабасць розуму), раіць спецыяліст.

Дэменцыя пажылога ўзросту можа развіцца пасля 65 гадоў на фоне артэрыяльнай гіпертэнзіі, аднаразовага ці шматразовых інсультаў, пры хваробе Альцгеймера ці пры хваробе Паркінсона. Гэтыя прычыны найбольш часта сустракаюцца, а хвароба носіць незваротны і прагрэсуючы характар. Гэта сведчыць аб тым, што на працягу астатняга жыцця ў чалавека ў залежнасці ад тэмпу прагрэсавання хваробы будзе пагаршацца памяць. Прычым яе парушэнне пачынаецца з цяперашніх падзей, потым з памяці знікаюць нядаўнія і затым — аддаленыя падзеі. Навыкі, набытыя на працягу жыцця, зніжаюцца па такім жа прынцыпе. Чалавека ў такім выпадку можна параўнаць з дзіцем, якое паступова нечаму вучыцца: сядзець, стаяць, хадзіць, гаварыць, чытаць і інш. У пажылога чалавека навыкі паступова знікаюць у адваротным кірунку. Менавіта таму такім пацыентам неабходны догляд і дапамога з боку родных. Ведаючы гэта і валодаючы пэўным цярпеннем, можна палепшыць якасць жыцця пажылых людзей, якія пакутуюць на дэменцыю.

Варта ўлічваць, што існуюць лекавыя прэпараты, якія памяншаюць выяўленасць сімптомаў хваробы, а таксама зніжаюць тэмп яе прагрэсавання. На жаль, паляпшэнні назіраюцца толькі пры дастаткова працяглым прыёме прэпаратаў. У Беларусі гэта група прадстаўлена прэпаратам данепезіл (алзепіл). Вельмі важна ўстанавіць для пацыента пэўны рэжым дня, які прынясе ўпарадкаванасць у яго жыццё (прабуджэнне, водныя працэдуры, сняданак, прагулка ў пэўны час і інш.).

Вакол такіх хворых трэба стварыць бяспеку, каб пазбегнуць траўматычных сітуацый. Зачыняць балкон так, каб адчыніць яго маглі толькі вы, хаваць колючыя і рэжучыя прадметы, перакрываць падачу газу і вады, калі вы сыходзіце. Лекавыя прэпараты павінны быць у недаступным месцы. Нельга займацца зменамі ў інтэр'еры, у прыватнасці перастаўляць мэблю, бо часта гэта суправаджаецца стрэсам і прагрэсаваннем хваробы.

Людзям са старэчай дэменцыяй пажадана даваць якія-небудзь заданні, якія могуць унесці сэнс у іх жыццё, але пры гэтым важна ўлічваць, ці зможа чалавек выканаць гэтыя заданні і давесці іх да лагічнага канца. Паспяховае іх выкананне надае пачуццё значнасці і ўласнай годнасці. Такая занятасць і дакладны распарадак дня не дазволяць хвораму спаць днём, а ўначы быць актыўным.

— Блізкія людзі могуць значна аблегчыць пакуты, выратаваць ад страху перад навакольным светам, аказаць дапамогу ў доглядзе тым, хто мае ў гэтым патрэбу, — кажа Надзея Трацкевіч. — Калі ў вас узніклі здагадкі аб наяўнасці хваробы ў сваякоў, не варта адкладваць наведванне псіхіятра, неабходна як мага раней пракансультавацца. Пры ранняй дыягностыцы парушэнняў вы зможаце палепшыць якасць жыцця блізкага вам чалавека.

Прыкметы дэменцыі

  • Неахайнасць. Гара бруднага посуду, перапоўненае вядро са смеццем, непрыдатнае адзенне і іншыя прыкметы страты цікавасці да быту.
  • Чалавек вельмі добра памятае былое, дні юнацтва, першае каханне, але зусім не памятае, што еў сёння на сняданак.
  • У доме з'яўляюцца дзіўныя прадметы, непатрэбны хлам, якога не было раней.
  • Страта паўсядзённых навыкаў. Напрыклад, варта змяніць паўсядзённы маршрут ад паліклінікі да дома, і чалавек губляецца.
  • Страта прафесійнай памяці, асабліва ў людзей, у якіх праца была звязана з разумовай дзейнасцю.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».