Вы тут

«Везла сумкі, як падняць, — Сустракаў з вагона зяць...»


Што праўда, то праўда: самае вялікае дасягненне «Звязды» — гэта яе чытачы. Ну, мяркуйце самі: неяк напрадвесні ў газеце кароткая нататка выйшла — пад загалоўкам «Хутка заб'юць фантаны». І што вы думаеце — тут жа ў пошце пытанні: а чым, уласна, заб'юць? Вадой?.. Нейкімі драўлянымі затычкамі? Ці наогул гарадскія ўлады возьмуць і, так бы мовіць, «заб'юць» на тыя фантаны — зоймуцца, напрыклад, дарогамі ці паркоўкамі...

І гэта — звярніце ўвагу — быў толькі загаловачак, тры слоўцы... Што ўжо казаць пра здымак, дзе столькі ўсяго?..

Подпіс трэба прыдумаць? Ды хоць сто штук!


Друкуем, як заўжды, найлепшыя. Такім чынам:

Да сябе фантан заве? —

Кроў дэсанцкая ў жылах!

Значыць, цётка — у ПДВ,

Хай на кухні, ды служыла!

Мяркуе так спадар Мікола Кісель з Мінска.

Падобныя думкі і ў спадарыні Іны Алісевіч з Уздзеншчыны.

Мы праверым на сабе

Завядзёнкі ПДВ.

І з найлепшае пачнём:

Ля фантана адпачнём...

Калі сэрца прагне свята,

Не бяда, што мелкаваты.

І сапраўды: галоўнае, што ён — забіў: вада — ёсць і ёй можна карыстацца, бо часам (паводле назіранняў спадарыні Соф'і Кусянковай з Рагачоўшчыны)

У вёсцы з крана

бруд бяжыць —

Ні памыцца, ні папіць,

Таму ў горад едзе Таня

Асвяжыцца ў фантане.

Далекавата? Але ж...

«Здымак нагадаў мне, як малым хадзіў у касцёл, — піша спадар Іван Сіманёнак з Паставаў. — Каб скараціць дарогу, мы з бабуляй Сабінай ішлі нацянькі — лесам, балотам, прычым басанож, а потым, на падыходзе, у возеры, абмывалі ногі, абувалі чаравікі».

Нешта падобнае ўбачыў чытач і на здымку: бабуля яўна вясковая, больш прывычная да іншага абутку. А тут (ці не патураючы гарадскому ўнуку?) прыбралася — на сваю галаву:

Зручныя гумовічкі,

Сельскія дарогі...

Па асфальце ў новенькім?

Мазалямі ногі!

Ды вада — жывая

(Што няўцям малому):

Ёй заўжды змывалі

Крыўду, боль і стому.

Што праўда, то праўда. Піша пра яе і спадарыня Любоў Чыгрынава з Мінска:

Забіралі з вёскі Дуню

І на сметнік яе чуні,

Следам боты ды сандалі...

Туфлі новыя прыдбалі.

Дуня ведае цяпер:

Замаленькі быў памер.

Ногі сцерла да крыві,

Хоць на свеце не жыві...

Таму знайце, гараджане:

Дуня... лечыцца ў фантане.

І, зазначым, не толькі целам. «Мая знаёмая расказвала, — прыгадвае спадар Валерый Гаўрыш з Чавусаў, — як некалі, за савецкім часам, трапіла ў Маскву на Усесаюзную выстаўку дасягненняў народнай гаспадаркі, як вырашыла абысці ўсе без выключэння павільёны. А іх жа там — без ліку, можна сказаць... Карацей, у другой палоўцы дня жанчына ледзь ногі перастаўляла. А побач — фантаны, вада бруіць... Вось яна і не стрымалася: туфлі скінула і, як гэта цётка са здымка, ногі ў ваду... Казала — быццам у родную вёску трапіла — каля сажалкі сядзіць, што ў канцы гарода...»

Зайздросны быў адпачынак! Ці не так? А ўжо які патрэбны, калі

Унук у цёткі — што ўраган:

Збіла за ім пяты:

Зараз ногі — што ў фантан,

Што ў ставок ля хаты.

А ўсё таму (згадзіцеся з Карынай Цанунінай, сямікласніцай СШ № 3 г. Вілейкі), што

Вада прывабіць у любым

узросце,

Яна — крыніца нашага жыцця.

Перад вачыма прыклад

самы просты:

Жанчына ля фантана і дзіця.

Малому пырскі падымаць

прыемна,

Бо так гуляюць дзеці

ўсёй зямлі,

Бабуля ж, каб не траціць час

дарэмна,

«Размочвае» ў фантане

мазалі.

А потым...

Што будзе (ці можа быць...) ведае спадарыня Іна Алісевіч:

У хлапца бабуля — супер!

Кажа ўсім: «Какие годы?»

Загарэўся б нават Купер

Апісаць яе прыгоды!

Вось і сёння ў паходзе:

Заапарк, атракцыёны...

Хто з іх першы скажа: «Годзе!»

Пажылая ці «зялёны»?

А найлепш бы — на думку спадарыні Чыгрынавай — разам, бо:

Сын з нявесткай —

шусь на мора,

А бабулі — страх і гора:

Зранку бегае ўгрунь,

Бо ўнук — што той уюн...

Але ж нешта во прыціх?

Таму зараз для дваіх

Адпачынак ля фантана

Лепей мора-акіяна!

Можна прыкінуць, чым (канкрэтна) ён лепшы: не трэба візы афармляць, далёка ляцець ці ехаць, грошы плаціць... І сапраўды — дзеля чаго, калі і тут (паводле спадарыні Валянціны Гудачковай з Жыткавічаў)

Ёсць фантан, хоць неглыбокі?

То ўратуемся ад спёкі:

Як сцямнее, у вадзіцы

Можна будзе й агаліцца!

Ну, сапраўды: не адным жа дэсантнікам? І сваім ню людзей прывабіць?.. Альбо распужаць?

А заадно, можа, і грошай сэканоміць, бо «тарыфы на ваду цяпер такія, — піша спадарыня Наталля Шкут са Светлагоршчыны, — што да фантанаў не толькі ногі, але хутка і бялізну пойдзем мыць...» Праўда, гэта — яшчэ не самае страшнае:

Калі не стане раптам газу,

Распалім вогнішча адразу.

Калі вады не будзе ў кране,

Памыем ногі ў фантане.

Калі ж святла, крый бог,

не будзе,

Павыміраюць, мусіць, людзі,

Счарнее, згіне белы свет,

Бо не ўключыш... інтэрнэт.

Без яго, і сапраўды, як без рук. Ці без грошай... Адзін хлопчык, казалі, кінуў манетку ў фантан: прыкмета ёсць — каб вярнуцца... І ён вярнуўся, бо... не хапіла грошай на аўтобус.

На што не хапіла жанчыне?

Хтосьці можа сказаць, што ім заўжды не хапае... У спадара Віктара Сабалеўскага з Узды свой погляд:

Галя — не злачынца,

Галя — не зладзейка.

Маці навучыла

Берагчы капейку.

Тут жа тых капеек

Столькі накідалі...

Хопіць павячэраць —

І не раз — для Галі!

Яна — незамужняя, трэба разумець, сама за вячэры плаціць, можа, нават аб'явы часам дае накшталт: «Выйду замуж. Ем мала, гавару ціха, галава не баліць»... І потым чакае званкоў. А трэба (на думку спадара Івана Астроўскага з Мінска), як вось гэтая Галя (са здымка) дзейнічаць:

Для жанчын незакаханых

Я параду даць гатоў:

Мыйце ногі ў фантанах,

Каб прывабіць жаніхоў.

Гэта стане ім падмогай,

Бо мужчын цікавяць ногі.

Хтосьці «клюне», і тады...

Ёсць... падпісчык у «Звязды»!

А чаму б і не, калі знаёмства адбылося менавіта з яе «падачы», калі адшукалася палавінка (хто казаў, што людзі, як шкарпэткі: усе падобныя, а пару — не знайсці?), калі стварылася ўсё ж сям'я...

Спадар Валерый Гаўрыш убачыў на здымку якраз яе — і ў поўным складзе, можна сказаць: на заднім плане на лавачцы сядзіць зяць, на пярэднім — яго сын і цешча, прычым немаладая ўжо:

Везла сумкі, як падняць?

Сустракаў з вагона зяць.

Дома ванну рыхтаваў

Торцік з чаем падаваў...

Дзе падзеўся той імпэт,

Як пры ёй пусты пакет?

Знік, трэба разумець, бо...

Любіць зяць узяць — чым больш, тым лепш і нашармачка. Хоць бываюць і адхіленні. Той жа спадар Гаўрыш паміж вось гэткім зяцем і цешчай размову падслухаў:

— Ой ты ж, мамачка мая,

Мыў бы ногі табе я,

Каб даведаўся, калі

Ты мне справіш «жыгулі»!

— Даражэнечкі мой зяць,

Дзе ж на іх мне грошы

ўзяць?

Сам старайся —

зарабляй

І хоць «лексусы» купляй!

Можа, і прыслухаецца чалавек да гэтай парады, а можа...

У пошце два варыянты развіцця падзей. Паводле спадарыні Любові Чыгрынавай:

Бізнесоўцы — каста новая

І пыхліва-ганаровая...

Каб уцерці іншым нос,

Палятуць на Барбадос.

Не навіна і не дзіва

Ім Канары ды Мальдзівы...

А бяднейшым — ля фантана

І Багамы, і Сантана...

А тым больш што...

Лірычнае адступленне — ад спадара Астроўскага:

Беларусь — цудоўны край,

Тут працуй, адпачывай...

Шмат азёраў, шмат фантанаў,

Лесу, красак на лугу...

Ды народ як апантаны:

Хто ў Крым, хто на Балканы...

Я ж — нікуды не магу,

Бо да сотак прывязаны,

Як Барбос на ланцугу.

І не мару жыць іначай,

Бо мілей за ўсё мне... дача!

Калі ёсць яна... Бо можа ж і не быць, мяркуе спадар Сабалеўскі:

У вадзе жанчына

Нештачка шукае:

«Дзе ж ты мая,

дзе ты,

Рыбка залатая?!

Для сябе палацы

Я прасіць не буду.

Муж не мае працы,

Дай яму хоць вуду...»

І яшчэ адна просьба-мара — ад спадарыні Гудачковай:

У фантан слязу раняю —

Успамінаю мілага:

Пяты дзень не прасыхае,

Аж жыццё нямілае!

...Такім чынам і з дапамогай спадарыні Ніны Бурко з Бярэзіншчыны «падбіваем бабкі»:

Не зайздросціць аніхто

Сённяшняй жанчыне:

Толькі і ведай, што рабі,

Як тая рабыня...

Праменад ды манікюр

Многім толькі сніцца.

Ім даступна перш за ўсё

Чыстая вадзіца.

Менавіта ў ёй і ёсць паратунак: калі што якое — збрыдзее безграшоўе, цяжкая праца, дзеткі-ўнукі, пітушчы муж ды інш. — можна будзе (з падачы спадарыні Гудачковай) «забіць» на ўсё, сказаць:

Ну й дастаў мяне абутак!

Ногі сталі — нібы скрутак...

Акуну іх у ваду,

Далей босая пайду!

І дай бог далёка!..

Завяршыць жа сённяшні агляд хочацца кранальнымі радкамі, якія напісаў да здымка спадар Мікалай Старых з Гомеля:

Маруся малую радзіму

ўзгадала,

Дзе басанож па мураўцы

гуляла,

Успомніла поле, лугі і дубровы,

Яблыкаў спеленькіх колер

барвовы.

І так захацелася на беражочку

Ў ціхай рачулцы памыць

свае ножкі...

Да роднага дома шлях доўгі

ляжыць.

А ногі ў фантане можна

абмыць.

Аніхто ў Маскве не прычапіўся з-за гэтага да нашай зямлячкі, не прычэпіцца, дасць бог, і дома, бо недурны нехта прызнаў, што, каб заўсёды быць маладым, трэба як мага часцей глядзець на зялёную траву, на бягучую ваду і прыгожых жанчын, пажадана — у натуры, за межамі гарадоў.

Таму ж, хто не мае гэткай магчымасці, дарэчы будуць фантаны і паркі ці нават... старонкі «Звязды», дзе з падачы нашых фотакарэспандэнтаў б'юць крыніцы, цвітуць кветкі, працуюць, гадуюць дзетак мясцовыя харашухі.

Пра іх — і досыць часта — нашы чытачы складаюць вершы.

Вось і мінулы раз (гл. артыкул «Мужчыны ў нас — на пералік, вось і шануем іх без меры...» «Звязда» ад 5 верасня г. г.) чаго толькі не прыдумалі! Цяжка выбраць найлепшае! Але...

Вялікае чытацкае журы прызнала такім радкі спадароў Валерыя Гаўрыша з Чавусаў, Віктара Сабалеўскага з Узды, Міколы Кісяля з Мінска, спадарынь Іны Алісевіч з Уздзеншчыны, Валянціны Гудачковай з Жыткавічаў, Соф'і Кусянковай з Рагачоўшчыны і Любові Чыгрынавай з Мінска.

З гэтым вось апошнім меркаваннем пагадзілася і маленькае рэдакцыйнае журы. А значыць, прыз у выглядзе падпіскі на дарагую сэрцам газету «Звязда» на першы квартал 2019 года застаецца ў сталіцы.

Вы таксама хацелі б, каб пяць разоў на тыдзень да вас прыходзіла найстарэйшая, адзіная са штодзённых беларускамоўная і родная на роднай мове?.. Тады ўважліва глядзіце на ніжні здымак, прыдумвайце подпіс, можна некалькі, але дасціпных, прыгожых, кароткіх (не больш за 8 радкоў), і дасылайце ў рэдакцыю. Шанц на выйгрыш ёсць у кожнага! Поспехаў!

Валянціна ДОЎНАР

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Ад іх жа шчырыя прабачэнні ўсім, чые радкі не прайшлі строгага конкурснага адбору — на гэты раз, а ўжо наступным...

Пішыце: свет захаваўся таму, што смяяўся. І думаў.

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.