Вы тут

Сёння сістэма «Саюздруку» адзначае 100-гадовы юбілей


Штодзень на прылаўкі кіёскаў, павільёнаў і крам «Белсаюздруку» паступае больш за 140 тысяч экзэмпляраў газет і часопісаў. Кожны месяц 650 найменняў прэсы знаходзяць свайго чытача. У дзень, калі адна з найстарэйшых сістэм распаўсюджвання друкаванага слова адзначае сваё стагоддзе, успамінаем, з чаго пачыналася яе гісторыя, і расказваем пра навінкі, якія чакаюць пакупнікоў у хуткім часе.


Рассылка авіяцыяй і газетныя аўтаматы

На пачатку мінулага стагоддзя распаўсюджваннем газет і кніг займаліся арцелі і прыватныя падпісныя канторы. Пакуль 21 лістапада 1918 года Савет народных камісараў не прыняў дэкрэт, згодна з якім са снежня ва ўсіх установах паштова-тэлеграфнага ведамства павінны былі пачаць прадаваць у розніцу перыёдыку і літаратуру. Гэта дазваляла шырока забяспечыць насельніцтва друкаванымі выданнямі.

Работу каардынавала агенцтва «Цэнтрадрук». Праз некалькі гадоў яго ліквідавалі, а распаўсюджванне газет і часопісаў даручылі выдавецтвам. У 1930-м, з-за росту тыражоў і найменняў прэсы, сістэму чарговы раз мадэрнізавалі — стварылі Усесаюзнае аб'яднанне «Саюздрук» з шырокай сеткай гарадскіх бюро. У 1941 годзе ў СССР было адкрыта 5,5 тысячы кіёскаў (толькі ў Мінску іх было 13), дзе выданні прадаваліся ў розніцу і па падпісцы.

У гады Вялікай Айчыннай вайны арганізацыя таксама працягвала працаваць. У першую чаргу цэнтральныя газеты дастаўляліся ў баявыя падраздзяленні. Потым прэсу атрымлівалі тылы арміі, а пасля — насельніцтва. Тыраж размяркоўваўся па прадпрыемствах, школах, калгасах. Для рассылкі прэсы на фронт часта выкарыстоўвалі авіяцыю.

Пасля вайны «Саюздрук» стаў аднаўляць сістэму кіёскаў. У Мінску ў 1950-я гады налічвалася больш за 40 гандлёвых пунктаў. Спачатку яны былі драўляныя, але, калі ў 1960-х гадах «Саюздруку» дазволілі адзін працэнт ад прыбытку накіроўваць на свае патрэбы, іх сталі будаваць з металу і пластыку. Навінкай сталі газетныя аўтаматы.

У 1970-я ў тым жа Мінску ўжо стаяла 185 кіёскаў. Цяперашні начальнік участка газетна-часопіснай экспедыцыі прадпрыемства Таццяна ПОЙДА, якая ў тыя гады якраз прыйшла на работу ў «Белсаюздрук», успамінае, што значная доля продажаў прыходзілася на кнігі. У модзе былі Маякоўскі, Дзюма, Мапасан, Мітчэл з яе раманам «Знесеныя ветрам».

Кіёскі савецкіх часоў.

У пачатку 1982 года падпісныя тыражы прэсы складалі два мільёны экзэмпляраў, рознічныя — крыху больш за 400 тысяч. Падпіска вялася праз дзевяць пунктаў горада. Рэалізацыяй перыёдыкі займаліся 270 кіёскаў, 15 крам, 63 аўтаматы для продажу газет. Каля 19 тысяч распаўсюджвальнікаў друку арганізоўвалі падпіску ў школах, інстытутах, на заводах.

А ў 1990-я, у часы дэфіцыту, чэргі ў кіёскі выстройваліся не толькі па прэсу і літаратуру. Як расказвае Таццяна Пойда, у гандлёвых пунктах «Белсаюздруку» можна было знайсці і трыкатаж, і сумкі, і бялізну — і ўсё імгненна разбіралася.

І газету купіў, і таксі заказаў

Сёння, у век інтэрнэту, важна, каб інфармацыя хутка даходзіла да спажыўца, таму сартаванне прэсы на прадпрыемстве ідзе ў дзве змены.

— Начная, напрыклад, цягнецца з 21 да 3 гадзін ночы. Адзін работнік сартуе газеты і часопісы прыкладна для 40 гандлёвых аб'ектаў. У тры мы павінны ўжо гэту прадукцыю загрузіць у машыны і адправіць па ўсіх кіёсках і крамах, каб зранку пакупнік знайшоў на прылаўку свежую прэсу, — дзеліцца Таццяна Пойда.

Улік руху кніг і часопісаў вядзецца аўтаматызавана. «У распараджэнні спецыялістаў знаходзіцца ўся інфармацыя па рэшце тавару ў рэжыме рэальнага часу, — адзначае начальнік аддзела праграмавання прадпрыемства Ірына ШУРАВА. — Аўтаматызацыя дазволіла павысіць хуткасць і якасць абслугоўвання, пашырыць праграмы лаяльнасці і матывацыі пакупнікоў, зрабіць празрыстай работу гандлёвых аб'ектаў. Для эфектыўнага кіравання велізарнай сеткай і паляпшэння фінансавых паказчыкаў мы ўкаранілі сучасную сістэму бізнес-аналітыкі Qlіk».

Кіёскі «Белсаюздрук» паступова замяняюцца на сучасныя павільёны. У некаторых з іх працуюць кавярні, дзе наведвальнікі могуць за кубкам кавы ці гарбаты азнаёміцца са свежай прэсай. Трэба сказаць, што новая форма гандлю ў пакупнікоў карыстаецца попытам. Пры замене кіёска на павільён самаабслугоўвання ў сярэднім таваразварот павялічыўся ў два разы. Стала таксама болей падпісчыкаў. А заробак у павільёне ў прадаўца вырас у 2—2,5 раза.

Да стагадовага юбілею прадпрыемства распрацавала канцэпцыю «разумнага» павільёна новага фармату — мультыфункцыянальнага. Наведвальнікі змогуць размаўляць з прадаўцом на любой мове (для гэтага там ёсць анлайн-перакладчык), падзараджаць электронныя прылады, выклікаць таксі і «хуткую», заказваць трансфер у аэрапорт і за межы горада. А ў будучыні — аплачваць «камуналку», набываць білеты на канцэрты і фестывалі і выбіраць падарункавыя сертыфікаты забаўляльных цэнтраў і буйных крам.

Так будзе выглядаць «разумны» павільён.

Спецыяльна да Еўрапейскіх гульняў — 2019 для замежных гасцей сталіцы ў павільёнах з'явяцца карысныя інтэрактыўныя памочнікі — гарадскі навігатар і электронны кансультант-перакладчык.

У хуткім часе будзе абноўлена інтэрнэт-крама bsресhаt.bу, дзе кожны ахвотны зможа праз смартфон ці камп'ютар заказаць неабходныя тавары ў зручны для яго кіёск і забраць па дарозе дадому. Больш сучасным стане і сайт прадпрыемства sоuzресhаt.bу: там знойдзецца актуальная інфармацыя аб падзеях у медыйнай прасторы краіны, вакансіях, навінках прадукцыі.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

Калектыў Выдавецкага дома «Звязда» віншуе сваіх калегі надзейных партнёраў з «Белсаюздруку» са знакавым юбілеем і жадае здароўя, поспехаў і здзяйснення новых цікавых праектаў!

Загаловак у газеце: Ад драўляных кіёскаў да «разумных» павільёнаў

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».