Вы тут

Горадабудаўнічы пашпарт распрацуюць з улікам магчымых аб'ектаў будаўніцтва


Пра гэта гаворыцца ў новай рэдакцыі палажэння аб парадку падрыхтоўкі і выдачы дазвольнай дакументацыі на будаўніцтва аб'ектаў, зацверджанага пастановай Савета Міністраў ад 31 кастрычніка 2018 года № 785. Дадзены дакумент пракаментаваў начальнік галоўнага ўпраўлення горадабудаўніцтва, праектнай, навукова-тэхнічнай і інавацыйнай палітыкі Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва Арцём Юшкевіч на прэс-канферэнцыі ў БелТА.


Адзін дакумент на ўсё

Згодна з падрыхтаваным палажэннем, значна ўзмоцнена роля горадабудаўнічага пашпарта. Гэта будзе комплексны дакумент, які змяшчае ў сабе поўную інфармацыю аб зямельным участку.

Цяпер пры будаўніцтве аднакватэрных, блакіраваных жылых дамоў і капітальных гаспадарчых пабудоў на сваіх зямельных участках будучыя домаўладальнікі могуць самастойна выбіраць набор дазвольнай дакументацыі. Гэта можа быць рашэнне выканкама і горадабудаўнічы пашпарт альбо рашэнне выканкама, архітэктурна-планіровачнае заданне, тэхнічныя ўмовы і тэхнічныя патрабаванні.

Калі чалавек хоча размясціць толькі адну пабудову на сваім участку і не мае намеру ажыццяўляць далейшае будаўніцтва аб'ектаў, ён мае права звярнуцца ў выканкам па атрыманне рашэння на будаўніцтва асобна ўзятага дома або хлява. Іншая справа, калі грамадзянін плануе ў будучыні ўзводзіць на зямельным участку некалькі пабудоў. У гэтым выпадку ён можа звярнуцца ў выканкам, які распрацуе і выдасць горадабудаўнічы пашпарт.

У ім будзе паказаны зямельны ўчастак з нанясеннем «зялёных» і «чырвоных» зон. У «чырвонай» зоне будаўніцтва не дапускаецца па проціпажарных, санітарна-гігіенічных нормах. Акрамя таго, у пашпарце будзе паказаны пералік аб'ектаў, якія дапускаюцца для ўзвядзення на канкрэтным зямельным участку. «Гэта можа быць лазня, хлеў, гаспадарчы блок і іншыя пабудовы. Такім чынам, грамадзяніну не трэба будзе зноў ісці ў выканкам для атрымання дадатковага дазволу. Можна будзе будаваць у межах «зялёнай» зоны без прывязкі да пэўнага месца», — удакладніў Арцём Юшкевіч.

Прасцей і юрыдычным асобам

Значна прасцей атрымаць дазвольныя дакументы змогуць і арганізацыі для пабудовы шматкватэрных дамоў і іншых аб'ектаў. Прадпрыемству трэба толькі адзін раз звярнуцца ў мясцовы выканаўчы і распарадчы орган, пасля чаго яно будзе атрымліваць поўны набор дазвольнай дакументацыі. Задача выканкама заключаецца ў тым, каб сабраць неабходныя дакументы ад усіх зацікаўленых органаў дзяржаўнага кіравання. Пералік адміністрацыйных працэдур скарачаецца з двух дзясяткаў да адной.

Суб'ект гаспадарання будзе атрымліваць тэхнічныя патрабаванні, тэхнічныя ўмовы, рашэнне выканкама і акт выбару зямельнага ўчастка. Тэрмін «тэхнічныя патрабаванні» ўводзіцца ўпершыню. Гэта звязана з неабходнасцю атрымання пераліку патрабаванняў для бяспечнай эксплуатацыі будынка яшчэ на стадыі выдачы дазвольнай дакументацыі. Для сістэматызацыі практыкі выдачы тэхнічных умоў устанаўліваецца іх адназначнае вызначэнне: гэта дакумент, які змяшчае інфармацыю пра падключэнне (адключэнне) будынка, збудавання да аб'ектаў інжынернай інфраструктуры. Таксама замацаваны пералік інфармацыі, якая павінна змяшчацца ў тэхнічных умовах. Такі падыход накіраваны на ўсталяванне празрыстых умоў вядзення бізнесу.

Рыхтуюць дазвольныя дакументы толькі КУПы

Адным з асноўных змяненняў у новай рэдакцыі палажэння Арцём Юшкевіч назваў наданне большай значнасці камунальным унітарным прадпрыемствам (КУП). Гэтыя прадпрыемствы дзейнічаюць у кожным горадзе і ў кожным раёне. Яны былі спецыяльна створаны для падрыхтоўкі дазвольнай дакументацыі.

«Была такая практыка, пры якой дазвольную дакументацыю рыхтавалі альбо КУПы, альбо тэрытарыяльныя падраздзяленні архітэктуры і будаўніцтва. Мы робім упор на тое, што дазвольную дакументацыю робяць КУПы, паколькі яны могуць выпрацаваць адзіныя падыходы, выдаць кансалідаваную, правільную дазвольную дакументацыю», — растлумачыў начальнік упраўлення. Натуральна, такая дакументацыя выдаецца на рукі не бясплатна. Аднак кантраляваць тарыфную палітыку бюджэтнага прадпрыемства значна прасцей, чым прыватніка, заўважыў спікер.

Больш за тое, пастанова прадугледжвае таксама, што выканкамы змогуць прымаць рашэнні аб унясенні змяненняў у дазвольную дакументацыю, калі гэта не прывядзе да парушэння патрабаванняў нарматыўных прававых актаў. Гэта дазволіць аператыўна прымаць рашэнні ў выпадку змянення ўмоў будаўніцтва. Змена тэхнічных умоў і патрабаванняў ажыццяўляецца таксама па рашэнні выканкама.

Палажэнне пашырае пералік асоб, якім выдаецца дазвольная дакументацыя. Раней яна выдавалася толькі заказчыку і забудоўшчыку. Зараз гэта могуць быць яшчэ і падрадчыкі пры будаўніцтве аб'ектаў пад ключ, інжынеры або інжынерныя арганізацыі пры заключэнні дагавора на аказанне інжынерных паслуг па комплексным кіраванні будаўнічай дзейнасцю.

Алгарытм зносу аб'ектаў нерухомасці

У адпаведнасці з нормамі Дэкрэта № 7 палажэнне прадугледжвае выдачу дазвольнай дакументацыі на знос нявыкарыстаных аб'ектаў.

Дарэчы, да апошняга часу не быў урэгуляваны сам парадак зносу. Было незразумела, якія для гэтага патрэбныя дакументы. Пастановай гэтыя дакументы ўрэгуляваны ў поўным аб'ёме. Новым дакументам паказана, што неабходна звяртацца ў выканкам, атрымліваць рашэнне, у якім будуць прапісваць патрабаванні па адключэнні будынка ад аб'ектаў інфраструктуры.

Акрамя таго, прадугледжана ўзгадненне выканкамам спосабу зносу аб'екта, парадку абыходжання з матэрыяламі і адходамі, а таксама спосабу аднаўлення ўрадлівасці зямель і ўключэння іх у гаспадарчы абарот. Пастанова ўдакладняе парадак ажыццяўлення гэтай працы. Пры звароце ў выканкам суб'ект гаспадарання прыкладае да заявы свае прапановы аб тым, што рабіць з матэрыяламі, якія застаюцца пасля зносу.

Дакумент быў распрацаваны ў мэтах рэалізацыі Дэкрэта № 7 «Аб развіцці прадпрымальніцтва». Палажэнне ў новай рэдакцыі ўступіць у сілу з 31 студзеня 2019 года.

Сяргей КУРКАЧ

Загаловак у газеце: Зялёнае святло для будучай лазні

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.