Вы тут

Вучоба можа быць у радасць, калі размаўляць з вучнем на адной мове


Уявіце сабе сітуацыю: вучань зрабіў у дыктоўцы 20 памылак... Але ён папрацаваў над сабой і падчас наступнай спробы дапусціў ужо толькі 10 памылак. У балах школьнік атрымае адну і тую ж адзнаку. Але ці можна лічыць такі падыход справядлівым? Зразумела, што вучнем была здзейснена гіганцкая праца, але яна ніяк не адбілася на яго адзнацы. Дык адкуль, скажыце, узяцца матывацыі? Нядаўні візіт у Акадэмію паслядыпломнай адукацыі васьмідзесяці педагогаў з розных рэгіёнаў Расіі амаль супаў з навіной пра тое, што вучням краснаярскіх школ больш не ставяць «двойкі» і «пяцёркі» (у Расіі па-ранейшаму дзейнічае пяцібальная сістэма. — Аўт.). Іх замянілі каментарыямі, якія настаўнікі пішуць да кожнай работы. Эксперымент ахапіў 15 школ. Дзеці кажуць, што пасля адмовы ад звыклай сістэмы адзнак яны больш ахвотна вучацца на сваіх памылках. Педагогі, у сваю чаргу, адзначаюць, што новы метад паказвае моцныя і слабыя бакі школьнікаў і дапамагае пазбавіцца ад падзелу на выдатнікаў і няўдачнікаў. Менавіта новыя падыходы да ацэньвання пазнавальнай дзейнасці вучняў і яе вынікаў і сталі тэмай сустрэчы ў Мінску. З беларускага боку ініцыятарам абмену вопытам выступіў Цэнтр прафесійнага развіцця і інавацыйнай адукацыі Акадэміі паслядыпломнай адукацыі, а з расійскага — «Садружнасць школ асобасна-арыентаванай адукацыі».


Адкрыць дзецям «таямніцу»

Мі­ка­лай ЗА­ПРУД­СКІ:  «Мэ­та — не дэк­ла­ра­цыя на­ме­раў на­стаў­ні­ка...».

Актыўная ацэнка (АА) — менавіта так называюць у Беларусі тэхналогію Fоrmаtіvе Аssеssmеnt (дынамічнае ці фарміруючае ацэньванне), якая стала ў сусветнай адукацыі мэйнстрымам. У Расіі прыжылася назва «фарміруючае ацэньванне». Прыхільнікі актыўнай ацэнкі называюць яе новай адукацыйнай філасофіяй. Яна складаецца з важных элементаў, якія дапамагаюць зрабіць працэс навучання больш скіраваным на асобу кожнага вучня. Чаму філасофія? Таму што патрабуе ад настаўніка прыняць новую ролю і адмовіцца ад стэрэатыпаў, якія склаліся ў традыцыйнай адукацыйнай мадэлі.

— Тэхналогія актыўнай ацэнкі ні ў якім разе не зводзіцца толькі да ацэньвання, — падкрэслівае прафесар кафедры педагогікі і менеджменту адукацыі Акадэміі паслядыпломнай адукацыі Мікалай ЗАПРУДСКІ. — Гэта стратэгія навучання, у межах якой школьнікі маюць магчымасць пастаянна бачыць і разумець свае поспехі і няўдачы. Актыўная ацэнка падказвае вучню, у якім кірунку яму рухацца далей, матывуе і прымушае браць на сябе адказнасць за свае веды. Актыўная ацэнка — інтэрактыўная тэхналогія, заснаваная на пастаяннай зваротнай сувязі.

Мікалай Запрудскі канстатуе: часта вучні не ведаюць мэты і не могуць зразумець, што яны робяць на тым ці іншым уроку. А калі адкрыць дзецям «таямніцу», навошта яны вучацца, разам сфармуляваць мэту ўрока, то можна зрабіць іх сваімі саюзнікамі.

Нікога не трэба пераконваць у тым, што мэта настаўніка і мэта вучня знешне выглядаюць па-рознаму. Але вельмі важна, каб яны загучалі аднолькава, а для гэтага трэба перакласці мэту настаўніка на даступную вучню мову. Ці настаўнік можна прымяніць прыём «Набор мэт»: вучні выбіраюць з прапанаваных толькі тыя, якія ім па сілах і якія для іх цікавыя. Так працуе адна з вядучых ідэй актыўнай ацэнкі — магчымасць свядомага выбару.

— Мэта не можа быць фармальнай, — папярэджвае Мікалай Запрудскі. — Яна павінна ўказваць на тое, што будзе правярацца на выхадзе з урока, і быць дасягальнай для выканання да моманту, калі празвініць званок. Вельмі моцны варыянт — стварэнне праблемнай сітуацыі, калі навучэнцы прыходзяць да высновы, што для яе вырашэння неабходна штосьці ведаць і ўмець. І гэта «штосьці» яны называюць самі. Такім чынам школьнікі самастойна вызначаюць сваю мэту. Мэта павінна быць канкрэтнай: дакладна вызначаць тыя веды і ўменні, якімі, як мяркуецца, авалодаюць навучэнцы. Мэта — гэта ўяўленне аб выніках, якіх мы імкнёмся дасягнуць, а не дэкларацыя намераў настаўніка.

Гіпотэза, загадка, сітуацыя...

«У бацькі было дзве дачкі. Вырашыў ён аддаць іх замуж. Па правілах жаніх павінен быў узяць у жонкі старэйшую, але яму вельмі падабалася малодшая дачка, якая замуж не збіралася. І ён паставіў умову: «Ажанюся з той, у якой хутчэй закіпіць вада ў чайніку». На кім ён ажаніўся і чаму?» Як вы думаеце, ці цікава будзе васьмікласнікам шукаць на ўроку фізікі адказ на гэта пытанне?

— А вось вам яшчэ прыклады выдатных ключавых пытанняў, сфармуляваных настаўнікамі, — кажа Мікалай Запрудскі. — «Першая сусветная вайна — выпадковасць або заканамернасць?», «Савецкая беларусізацыя 1920-х гадоў: «Залатое дзесяцігоддзе» ў гісторыі беларускай мовы або «пункт незвароту»?», «Чаму лічыцца, што грамадзянская вайна прыносіць для краіны і яе людзей больш бедстваў, чым вайна з іншай краінай?», «Якім магло быць заканчэнне вайны 1812 года, калі б Напалеон адмяніў прыгоннае права і аднавіў Рэч Паспалітую?».

Ключавое пытанне — гэта той «кручок», які чапляе ўвагу вучня і не адпускае, пакуль задача не будзе вырашана. Такія пытанні звязваюць матэрыял падручніка з жыццём. На іх не адкажаш адразу: трэба даследаваць і вывучаць. Яны ствараюць пазнавальную напружанасць у класе, матывуюць, на іх можна пабудаваць увесь урок. Але іх не заўсёды лёгка прыдумаць. Гэта можа быць пытанне-праблема, пытанне-гіпотэза, загадка, заданне, тэзіс, сітуацыя, малюнак ці здымак, калаж ці нават паводзіны настаўніка — калі ён стварае пэўную сітуацыю на ўроку.

Яшчэ адна «фішка» актыўнай ацэнкі — метад непадымання рукі. Заўважана, што першая ўзнятая рука «выключае» з пошуку адказаў прыкладна палову вучняў у класе. Таму многія з прыхільнікаў АА выклікаюць вучняў для адказу з дапамогай жэрабя, напрыклад шляхам выцягвання палосак з прозвішчамі.

— Мой знаёмы настаўнік хіміі выкарыстоўвае для гэтых мэт мяшок з грэцкімі арэхамі, на якіх прастаўлены лічбы, — адказвае той вучань, які пад гэтай лічбай запісаны ў класным журнале, — расказвае Мікалай Запрудскі. — На апошнім у навучальным годзе ўроку адбываецца ўрачыстае паяданне арэхаў вучнямі. А да 1 верасня педагог закупляе новы мяшок... Правіла непадымання рукі змяншае для вучняў магчымасць адседзецца ў глядзельнай зале, нават калі ідзе работа ў групе.

Зноў «двойка»?..

Але­на РА­ДЗЕ­ВІЧ: «На­Што­Бу­ЗУ» — гэ­та кант­ракт па­між вуч­нем  і пе­да­го­гам на кан­крэт­ны ўрок».

— Уявіце сябе маладым педагогам, — прапануе начальнік Цэнтра прафесійнага развіцця і інавацыйнай адукацыі АПА Алена РАДЗЕВІЧ. — На вашым уроку прысутнічаў настаўнік-метадыст ці, напрыклад, намеснік дырэктара. Гэта быў трэці ці чацвёрты самастойны ўрок у вашым жыцці, таму вы з трывогай рыхтуецеся пачуць меркаванне метадыста ці кіраўніка. А цяпер падумайце, як бы паўплывалі апісаныя ніжэй сітуацыі на вашу ўпэўненасць у сабе, матывацыю і эфектыўнасць працы? Першы варыянт — метадыст сыходзіць з класа, не сказаўшы ні слова. Другі — метадыст без перапынку хваліць ваш урок, нават тыя яго моманты, якія відавочна былі няўдалымі. Трэці — метадыст прапануе падрабязны аналіз памылак, якія вы зрабілі, тлумачыць, як можна іх пазбегнуць. Чацвёрты — метадыст хваліць некаторыя аспекты праведзенага ўрока, крытыкуе іншыя аспекты, тлумачыць, што і як можна палепшыць, а заканчвае сцвярджэннем, што ўвогуле ўрок быў удалы. Пяты — як і ў папярэднім пункце, вы атрымалі сумесь пахвалы і крытыкі, але ў цэлым урок быў прызнаны пасрэдным. Калі б пасля кожнага ўрока вы чулі такое ж меркаванне, то як бы вы адчувалі сябе пасля 30 урокаў? Наколькі гэта дапамагло б вам вучыцца? Малаверагодна, што рэакцыя навучэнцаў на пахвалу і крытыку будзе моцна адрознівацца ад вашай уласнай. Так, вучні не любяць, калі іх ігнаруюць, а пахвала іх стымулюе... Навучанне не будзе эфектыўным, калі пазбавіць дзіця нават шанцу на поспех. І зусім іншая справа, калі поспехі прызнаюцца і ацэньваюцца: у гэтым выпадку і да абгрунтаванай і канструктыўнай крытыкі навучэнцы паставяцца, хутчэй, як да карыснай...

«Крытэрыі ацэнкі (НаШтоБуЗУ — на што буду звяртаць увагу) — адзін з найважнейшых сродкаў тэхналогіі АА, — падкрэслівае Алена Радзевіч. — Гэта, так бы мовіць, кантракт паміж вучнем і педагогам на канкрэтны ўрок. Калі педагог адразу вызначае крытэрыі поспеху, вучань дакладна ведае, якую работу ён павінен выканаць, якімі будуць чаканні настаўніка, а настаўнік не мае праблем з ацэньваннем працы вучня. Бываюць урокі, на якіх дзеці працуюць па прынцыпе «калі не дабяжым, дык хоць сагрэемся» ці не ведаюць, куды бегчы. А «НаШтоБуЗУ» — гэта маркеры, каб вызначыцца, ці не збіліся са шляху да мэты.

Ну а фундаментам актыўнай ацэнкі з'яўляецца пастаянная інтэрактыўная зваротная сувязь. «Алесь, на жаль, ты не справіўся з рашэннем задачы! Зноў «двойка»!» — гэта не зваротная сувязь, бо вучань атрымлівае ад настаўніка не каментарый з рэкамендацыямі па паляпшэнні сваіх вынікаў, а адразу адзнаку, — тлумачыць спецыяліст АПА. — Давайце прызнаемся: вока настаўніка нацэлена ў першую чаргу на пошук памылак. Правяраючы сшыткі, мы менавіта іх шукаем, а трэба знайсці і станоўчыя моманты, бо дзіцяці патрабуецца матывацыя. Добры каментарый павінен быць звязаны з крытэрыямі «НаШтоБуЗУ» і ўключаць чатыры абавязковыя элементы: падкрэсліванне станоўчых бакоў працы вучня, указанне на тое, што павінна быць выпраўлена, над чым трэба папрацаваць дадаткова, падказкі, як гэта можна зрабіць, і парады, у якім напрамку вучань павінен працаваць далей. Проста сказаць «тут дрэнна, тут дрэнна і тут дрэнна» няправільна. Замест адзнакі ў балах настаўнік каментуе дзейнасць вучня на ўроку, ажыццяўляе зваротную сувязь, якая павінна заахвочваць да далейшай працы. Крытэрыяльная (дадаткова да бальнай) ацэнка — адзін з асноўных прынцыпаў тэхналогіі актыўнай ацэнкі.

Адзнака для бацькоў?

Аляк­сандр ПІ­МЕ­НАЎ:  «Баць­кам улас­ці­вая вель­мі моц­ная звыч­ка — ацэнь­ваць усё ў ба­лах».

Заслужаны настаўнік Расійскай Федэрацыі, кандыдат гістарычных навук, намеснік дырэктара маскоўскай школы № 2116 Аляксандр ПІМЕНАЎ падзяліўся вынікамі праведзенага ў чатырох расійскіх рэгіёнах даследавання. Яно ахапіла каля 1,5 тысячы навучэнцаў з 4-га па 10-ы класы, каля 200 педагогаў і 62 дырэктары школ, а прадметам вывучэння сталі праблемы ацэньвання адукацыйных дасягненняў навучэнцаў у сучаснай школе. Высветлілася, у прыватнасці, што вучні і настаўнікі маюць розныя ўяўленні адносна існуючай сістэмы ацэньвання на ўроку і яе аб'ектыўнасці, уключаючы разуменне крытэрыяў. Так, толькі 45 % апытаных школьнікаў заявілі, што яны разам з настаўнікам вызначаюць мэты ўрока. А настаўнікі ў гэтым упэўнены, як кажуць, на ўсе сто! Не сумняваюцца ў аб'ектыўнасці ацэньвання толькі 43 працэнты школьнікаў, прычым з пятага па дзясяты клас упэўненасць у аб'ектыўнасці ацэньвання зніжаецца. Між іншым, крытэрыі ацэньвання разумеюць усяго 49 працэнтаў школьнікаў. Затое 99 (!) працэнтаў педагогаў абсалютна ўпэўнены ва ўласнай аб'ектыўнасці!

«Што ў ацэньванні вучэбных дасягненняў навучэнцаў з'яўляецца для вас найбольш важным?» — пацікавіліся ў педагогаў. 71 % з іх адказалі: «Наяўнасць свайго пункту погляду». 69 % указалі на важнасць умення прымяніць вывучанае на практыцы, 52 % — на веданне вучэбнага матэрыялу, 47 % — на ўзаемадзеянне з іншымі навучэнцамі... Прычым усім гэтым заявам не знайшлося пацвярджэння пры апытанні школьнікаў.

Навучэнцы больш крытычна ставяцца да адзнакі. 88 працэнтаў настаўнікаў лічаць адзнаку ў балах матывавальным фактарам. Сярод школьнікаў такое меркаванне падзяляюць толькі 35 % ад агульнай колькасці апытаных, а сярод дырэктараў — 40 %. Кіраўнікам задалі яшчэ адно важнае пытанне: «Хто, з вашага пункту погляду, з'яўляецца галоўным зацікаўленым бокам у ацэньванні якасці адукацыі і акадэмічных поспехаў навучэнцаў з выкарыстаннем бальнай сістэмы?» На першым месцы аказаліся бацькі (65 %), затым навучэнцы (54 працэнты), настаўнікі (46 %), органы кіравання адукацыяй (24 %) і адміністрацыя (8 %).

— На жаль, бацькам уласцівая вельмі моцная звычка — ацэньваць усё ў балах. І гэта сур'ёзная праблема, — падкрэслівае Аляксандр Піменаў. — Яны не разумеюць, навошта штосьці змяняць, баяцца зніжэння паспяховасці ў дзіцяці. А дзеці намнога больш адкрытыя да перамен. І нават кіраўнікі школ больш адкрытыя, чаго не скажаш пра настаўнікаў. Апошнія ведаюць пра новыя падыходы ў ацэньванні, але рэалізуюць іх толькі эпізадычна.

Аляксандр Піменаў лічыць, што менавіта на дзяцей трэба абапірацца пры ўкараненні фарміруючага ацэньвання. Дырэктараў школ таксама можна зрабіць сваімі саюзнікамі. Ён упэўнены ў тым, што рашэнні ў адукацыі трэба прымаць на падставе фактаў і даных. А ўсе міжнародныя даследаванні сведчаць, што фарміруючае ацэньванне
(у Беларусі — актыўная ацэнка. — Аўт.) — ключавая пазіцыя для паляпшэння адукацыйных вынікаў школьнікаў.

Надзея НІКАЛАЕВА

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.