Вы тут

75 працэнтаў персаналу ІІ Еўрапейскіх гульняў складуць валанцёры


Пра гэта расказала начальнік упраўлення па рабоце з валанцёрамі фонду «Дырэкцыя ІІ Еўрапейскіх гульняў 2019 года» Надзея Анісавец на пашыраным пасяджэнні міжведамаснага каардынацыйнага савета па развіцці валанцёрскага руху.


У мультыспартыўнай падзеі, якую прыме ў наступным годзе Мінск, будуць браць удзел прадстаўнікі 50 краін свету, у спаборніцтвах па 15 відах спорту на старты выйдуць чатыры тысячы спартсменаў, а акрэдытаваных асоб на Гульнях будзе 18 тысяч. Здаецца, каб арганізаваць настолькі маштабнае мерапрыемства, спатрэбіцца незлічоная колькасць людзей, і асноўная іх частка — гэта валанцёры. Сёння ў складзе, які будзе абслугоўваць Гульні, усяго 3 % пастаяннага персаналу, 22 % падрадчыкаў, а ўсю астатнюю масу, гэта значыць 75 %, будуць складаць менавіта валанцёры. «Мы іх ніколі не адлучаем ад арганізацыйнага камітэта», — адзначае Надзея Анісавец і дадае, што асноўная частка добраахвотнікаў — гэта, вядома, моладзь. «Бо яны маюць час, які можна выдаткаваць на мерапрыемства. Хоць прыходзяць да нас і людзі, якія ўжо працуюць, і, што радуе, пенсіянеры, асабліва тыя, хто пайшоў на заслужаны адпачынак не так даўно».

Заяўкі на права стаць валанцёрамі ІІ Еўрапейскіх гульняў падалі ўжо больш за 12 тысяч чалавек, гэта грамадзяне 52 краін, дарэчы, самы далёкі прэтэндэнт — жыхар Аргенціны. З замежнікаў больш за ўсё ахвотных сярод расіян — 2725 чалавек, на другім месцы ўкраінцы — 184 чалавекі, на трэцім жыхары Казахстана — 91.

Кожны патэнцыйны валанцёр праходзіць шлях ад рэгістрацыі на спецыяльным партале да атрымання акрэдытацыі. Паміж гэтымі пунктамі неабходна прайсці асабістую гутарку, тэст на веданне замежных моў і навучанне, якое складаецца з некалькіх блокаў. Надзея Анісавец адзначае, што навучанне для валанцёраў не будзе замінаць праграме ў навучальных установах, бо асноўная частка валанцёраў — гэта студэнты. Плануецца, што заняткі будуць праходзіць па выхадных і пачнуцца з наступнага месяца.

«Асноўная матывацыя валанцёраў — гэта практыка замежнай мовы і набыццё прафесійных сувязяў, бо такія мерапрыемствы для маладых людзей — гэта выдатны шанц на практыцы паказаць свае здольнасці», — расказвае Надзея.

Важна, што мець дачыненне да такой маштабнай падзеі змогуць і непаўналетнія: валанцёрам можна стаць з 14 гадоў. Таксама адчуць сябе часткай каманды змогуць людзі з лёгкай ступенню інваліднасці.

Адзначым, што многія валанцёры, якія будуць працаваць на ІІ Еўрапейскіх гульнях, ужо паспрабавалі сябе на іншых маштабных спартыўных мерапрыемствах: у асноўным гэта тэставыя турніры, якія праходзілі ў Мінску, а таксама маладзёжны чэмпіянат Еўропы па баскетболе. Мабыць, самым сур'ёзным вопытам для многіх стаў цяперашні чэмпіянат свету па футболе ў Расіі, дзе працавалі 50 беларускіх валанцёраў.

Хоць валанцёрская праца і мае на ўвазе бязвыплатную дапамогу, кожны валанцёр ІІ Еўрапейскіх гульняў атрымае заахвочванне ў выглядзе поўнага камплекта формы, сертыфіката ўдзельніка, сувенірную прадукцыю і так званы gіft bаg (падарункавы пакет), змесціва якога пакуль трымаецца ў сакрэце.

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».