Вы тут

Вобразы і тэхнікі Рыгора Сітніцы


Тут жывуць людзі… Гэта першая думка пры ўваходзе на выстаўку Рыгора Сітніцы. Вуліцы, дамы, дахі, дзверы — і святло, якое ідзе знутры прадметаў, што выявіў аўтар, і наогул твораў. Святло — найперш ад цеплыні. Такое адчуванне, што бачыш тут усю Беларусь з яе замкамі і сучаснымі гарадамі, палямі ды нават тым, што на іх расце і сілкуе жыццё.


Усё як ёсць — наша, пазнавальнае, часам вымаляванае да дробных дэталяў, якія наўмысна акцэнтуюцца: калі спрабуеш сказаць пра тое, што любіш, то лепш за ўсё паказаць моманты, што выклікаюць асабістае захапленне. Аўтар выстаўкі «Ток» і не думае гуляць з гледачамі і задаваць задачкі пра тое, што ён любіць. Ён прызнаецца ў любові да радзімы і прамаўляе як творца максімальна зразумела — дакладна і рэалістычна. Сапраўды, можна сказаць гіперрэалістычна ці нават «звышрэалістычна», таму што задача была не ў правільным адлюстраванні прадметаў і аб’ектаў, а ў адлюстраванні тых з’яў, у якіх адбіўся дух пэўнай прасторы, народа, краіны. Сімвалы, па якіх яе пазнаем, і знакі яе існавання, якія шукаем.

Маштабная экспазіцыя старшыні Саюза мастакоў Беларусі Рыгора Сітніцы працуе ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі. Аўтар выбраў тое, што найлепш прадстаўляе яго творчы і чалавечы досвед, назапашаны за 60 гадоў жыцця. І прызнаецца, што ў экспазіцыйным плане атрымалася менавіта тое, што ён і хацеў зрабіць і паказаць. І хоць ведаюць Рыгора Сітніцу больш як мастака-графіка (вучыўся ў тэатральна-мастацкім інстытуце ў Васіля Шаранговіча), але ў выстаўцы «Ток» графічныя работы спалучыліся з жывапіснымі. Бо экспазіцыйную канцэпцыю закладвалі не мастацкі кірунак ці тэхніка, а сутнасць выяўленага. І жаданне праз яе абудзіць, скалануць чалавека і ўзняць ад абыякавасці. Таму калі бачыш Мірскі замак, то такім, што хочацца ў ім быць гаспадаром (у крайнім выпадку наведаць ганаровым госцем), калі намаляваная бульба, то такая, што бяры і вары, а калі перад вачыма спілаваныя ствалы дрэваў, то можна палічыць кольцы, каб зразумець, колькі ж стагоддзяў, эпох, пакаленняў яны пабачылі. Бо тут і да нас жылі людзі.

«Прыватная археалогія. Артэфакт 9», 2016, папера, каляровыя алоўкі

Гісторыя не проста ўрываецца ў наш час — яе вобразы быццам бы суправаджаюць па выстаўцы і тлумачаць сакральнае значэнне кожнага сімвала. Для мастака Сітніцы беларуская культура наогул — сакральная тэрыторыя, а творчасць, якая яе даследуе, роўная магічнай практыцы. Рыгор Сямёнавіч родам з Гомельшчыны, але тэрыторыя яго мастацкіх практыкаванняў пашыраная да межаў краіны, часткай якой ён сябе ўсведамляе. Бо можна колькі заўгодна казаць пра вяртанне да каранёў і ўслаўляць веліч малой радзімы, але пакуль аднойчы не ўзрушыць геаметрыя палёў альбо не крануць светлавыя блікі, што іграюць у акенцах старых дамоў, не прызнаеш: варта любіць вось гэты свет з яго традыцыйнай правільнасцю і сучаснай недасканаласцю. Можна насіць яго ў сабе і прыслухоўвацца да яго голасу, што падказвае шлях. Нейкая варажба.

— Назва «Ток» абазначае ток крыві, ток энергіі, ток жыцця, ток месца, дзе нашы продкі малацілі снапы, збіралі ўраджай, а значыць, і плён сваёй працы. Так называецца мая кніжка паэзіі, якая выйшла на пачатку года. Я прэзентаваў яе канцэртам у Белдзяржфілармоніі і быў уражаны цікавасцю. Тое ж самае адбылося цяпер на выстаўцы, — пазней прызнаецца журналістам Рыгор Сямёнавіч.

Зразумела, чаму мастак піша вершы: калі пільна ўглядаешся ў натуру, каб зрабіць адбітак жыцця ці захаваць нейкі вобраз, то так ці інакш ён становіцца тваёй часткай і працягвае натхняць. Мастацкі твор двойчы не паўторыш. Затое вобраз можа растварацца ў словах, можа адгукацца ў рытме і іграць у фарбах рыфмаў. Пераходзіць на іншы ўзровень існавання. Таму выстаўка — у нейкім сэнсе зварот да аўтэнтычнасці вобразаў, што натхняюць паэта.

«Настальгія 6», 2018, палатно, акрыл

— Я працую з абсалютна традыцыйнымі матэрыяламі і ў традыцыйнай манеры. У самых банальных рэчах, якія не ўспрымаюцца як натхняльныя, я бачу мастацкі аб’ект, — тлумачыць Рыгор Сітніца. — Я рэаліст, але ўсё ж не належу да артадаксальных рэалістаў: люблю балансаваць на мяжы, каб было і рэалістычна, і адначасова стварала іншую мастацкую рэальнасць. Тое, што я намаляваў, мае некалькі ступеняў разумення. Я займаюся сінтэзам і калі спалучаю канструктывісцкія прынцыпы ці супрэматычныя (асабліва там, дзе паказаны пячаткі) з гіперрэалізмам, то ўзнікае іншы арт-прадукт. Я працую дзеля таго, каб выказацца, а калі пры гэтым некаму нешта адкрыў, то выдатна. Мастак не павінен думаць наперад, спадабаецца ці не спадабаецца яго твор, купяць яго ці не купяць, зразумеюць ці не зразумеюць. Але тое, што на выстаўку прыйшла вялікая колькасць людзей, упэўніла мяне, што гэта патрэбна.

І не толькі нам, аказваецца. Адкрываць Беларусь праз мастацтва — адзін з тых шляхоў, што актыўна выкарыстоўваюцца сёння. Рыгор Сітніца неаднойчы рабіў выстаўкі ў Маскве ў Цэнтральным доме мастака, выстаўляўся ў Кітаі з графічнымі творамі. Ды і прысутнасцю ў еўрапейскай прасторы (выставачных залах, музеях і прыватных калекцыях) можа пахваліцца. Да творцаў, што ўмеюць маляваць, сёння не змяншаецца ўвага, нягледзячы на сучасныя кірункі, і, хто ведае, можа быць, усё вернецца да традыцыі, калі мастак — гэта той чалавек, што найперш умее маляваць і робіць гэта на высокім прафесійным узроўні. Узровень Рыгора Сітніцы ацэнены прафесіяналамі: ён узнагароджаны медалём Францыска Скарыны, з’яўляецца Ганаровым акадэмікам Расійскай акадэміі мастацтваў, лаўрэат Нацыянальнай прэміі ў галіне выяўленчага мастацтва за 2017 год.

Выстаўку «Ток» адзначаюць і калегі. Напрыклад, народны мастак Беларусі Уладзімір Тоўсцік заўважыў: «Рыгор Сямёнавіч валодае майстэрствам рабіць свае работы без чалавека, але пра чалавека. Тыя ж дзверы, якія адчыняліся стагоддзямі, могуць распавесці шмат пра чалавечае жыццё…»

Марыя АСІПЕНКА

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.