Вы тут

Праца на пераадоленне


Быць на першых ролях тэатра імя Янкі Купалы, загадваць кафедрай рэжысуры і акцёрскага майстэрства ў Беларускім універсітэце культуры і мастацтваў, у званні прафесара выкладаць гісторыю сусветнай культуры ў першым Чэскім (Карлавым) універсітэце, на працягу 17 гадоў выхоўваць юных служыцеляў Мельпамены ў роднай Беларусі... Такім добрым насеннем усё свядомае жыццё сее Юрый Максімавіч Сохар, які 12 лістапада адзначае 75-годдзе…


Нарадзіўся будучы прафесар на пераломе жудаснай вайны ў 1943 г. на ўкраінскай зямлі ў вёсцы на памежжах Харкаўшчыны, Днепрапятроўшчыны і Палтаўшчыны. Бацька гераічна загінуў, накрыўшы грудзьмі нямецкі дот, пра што сведчыць запіс у кнізе памяці на Паклоннай гары ў Маскве, пакінуўшы адзінокімі жонку-ўдаву і дваіх сыноў. Цяжкую долю зведалі дзеці і іх маці, ад якой Юра ўзяў дабрыню і спагадлівасць, а ад ўкраінскай прыроды і паэзіі народных песень — прыгажосць душы, якая ў будучыні вельмі спатрэбілася ў творчай справе.

Адслужыў у арміі тры гады, пасля ўладкаваўся працаваць токарам на заводзе. Кожны, хто ні сустракаў Юрыя, раіў паспрабаваць сябе на сцэне: хлопец атрымаў у спадчыну ад прадзеда, саборнага протаіерэя, і дзеда, рэгента царкоўнага хору, чароўны барытон.

Усё ішло да таго, каб ён стаў оперным спеваком. Зайдзросная знешнасць, сцэнічная абаяльнасць, тэмперамент выгадна падкрэслілі прыемны голас на іспытах у Беларускую дзяржаўную кансерваторыю. Выкананыя арыя Дэмана, раманс «Спатканне», «Песня пра Нёман» далі падставу экзаменацыйнай камісіі на чале з прафесарам Асколкавым паставіць абітурыенту адзнаку «выдатна». Аднак прамень радасці быў заўчасны: маладога самародка падвяло сальфеджыа: ён не ўмеў чытаць ноты...

Забраў дакументы і на таксі паляцеў у Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут, дзе заканчваўся апошні экзаменацыйны дзень. Паспеў ускочыць у апошні вагон і паспяхова паступіў.

Гады вучобы ў майстэрні прафесара Дзмітрыя Арлова былі надзвычайна плённыя. Група, у якой вучыўся Сохар, была пасапраўднаму моцная: з 18 яго аднакурснікаў чацвёра сталі народнымі артыстамі Беларусі, трое — заслужанымі дзеячамі мастацтваў, некаторыя — навуковымі работнікамі і педагогамі. Але пасля заканчэння навучальнай установы толькі аднаго з выпуску — Юрыя — размеркавалі ў славуты акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы…

У тэатры адразу прапанавалі шырокі рэпертуар. Справа ў тым, што напярэданні з трупы сышоў славуты акцёр Раман Філіпаў, а малады выпускнік найлепш падыходзіў на яго ролі. Адной з першых работ было ўвасабленне вобраза легендарнага балгарскага камуніста Дзімітрава ў спектаклі «Праўда і нічога акрамя праўды». Таксама ён быў героем пастановак «Гросмайстарскі баль», «Памяць сэрца», «Адкуль грэх?», «Людзі на балоце»… На Сохара звярнула ўвагу тэатральная грамадскасць.

Пасля плённай акцёрскай работы на працягу некалькіх гадоў Юрыя Сохара на з’ездзе Саюза тэатральных дзеячаў выбралі дырэктарам рэспубліканскага дома работнікаў мастацтва. Па ўспамінах народнага артыста Беларусі Арнольда Кандратавіча Памазана: «У нашым “домікуперніку”, у часы, калі ім кіраваў Сохар, віравала творчае жыццё: ладзіліся вечарыны для ветэранаў сцэны, творчыя дэбюты для маладых артыстаў; выстаўкі сцэнографаў, літаратурныя дыспуты, чытанні, монаспектаклі… За ўсім гэтым была творчая фантазія, руплівасць Юрыя Максімавіча. У асяроддзі літаратурна-мастацкай эліты гэтую ўстанову Мінска на Ленінскім праспекце, 26 (сёння праспект Незалежнасці) называлі не інакш як “Юраськін дамок”».

Аднак праз некалькі гадоў Юрый Максімавіч палічыў за лепшае развівацца далей і падаўся ў навуку, звязаную з тэатральным рамяством. З 1974 года ён вучыцца ў аспірантуры, здабывае павагу ўжо на ніве даследаванняў гісторыі тэатра, рэжысуры, крытыкі ў Інстытуце мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Мэтанакіраванасць, працаздольнасць прывялі да таго, што ў 1978 годзе была абаронена кандыдацкая дысертацыя, а ў 1981 годзе яго абіраюць загадчыкам кафедры рэжысуры і акцёрскага майстэрства Мінскага інстытута культуры. Праз чатыры гады ён дацэнт, яшчэ праз тры, пасля дактарантуры ў Ленінградскім інстытуце тэатра, музыкі і кінематаграфіі, — прафесар. Набытымі ведамі педагог дзяліўся са студэнтамі, будучымі акцёрамі і рэжысёрамі. Карпатлівая праца знайшла ўвасабленне ў аўтарскім курсе лекцый «Тэорыя і гісторыя драматургіі».

Далей прафесар падпісаў кантракт адразу на пяць гадоў з адным з найстарэйшых універсітэтаў Еўропы, — Карлавым універсітэтам (Прага). Спачатку да навукоўца з Савецкага Саюза патрыятычныя студэнты ставіліся з насцярожанасцю, але ў добразычлівага выкладчыка атрымалася заахвоціць моладзь вучыцца на новай сваёй спецыяльнасці і такім чынам стварыць асобны курс.

За час жыцця за мяжой выраслі дзеці. Дачка Ганна выйшла замуж і з’ехала ў Парыж, сын жа палюбіў справу жыцця бацькі. Максім Юр’евіч скончыў Беларускую акадэмію мастацтваў, адпрацаваў сем гадоў галоўным рэжысёрам у Бабруйску, абараніў кандыдацкую дысертацыю, напісаў кнігу пра рэжысёрскую школу Беларусі, выкладае ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў.

У Юрыя Максімавіча паступова адна за адной выходзілі навукова-метадычныя працы, падручнікі для студэнтаў і педагогаў. З’яўляючыся пэўны час сакратаром Беларускага камітэта Міжнароднай асацыяцыі па вывучэнні і распаўсюджванні славянскіх культур, друкаваў навуковыя артыкулы аб праблемах беларускага тэатра ў міжнародным інфармацыйным бюлетэні «Славянская культура і свет», які выдаваўся ў 16 краінах свету. Апублікаваў шэраг манаграфій. Адзін з аўтараў шматтомнай «Гісторыі беларускага тэатра»; аўтар шматлікіх энцыклапедычных артыкулаў па тэатральным мастацтве краіны. Значным навуковым выданнем з’яўляецца фундаментальная манаграфія «Тэатральная школа Беларусі: ад вытокаў да сучаснасці», якую Юрый Сохар напісаў у суаўтарстве з сынам Максімам. Кніга атрымала падзяку ад Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнкі.

Адна з найбольш паспяховых кніг Юрыя Максімавіча — «Светлы смутак» (2003 г.). Даючы адзнаку гэтаму выданню, Георгій Марчук адзначыў, што «спавядальная проза Ю. Сохара напісана ў лепшых традыцыях славянскіх літаратур і яе мастацкі ўзровень вельмі высокі».

Неабыякавы пісьменнік Сохар і да самага складанага жанру літаратуры — драматургіі. У 2012 г. у суаўтарстве з Рычардам Смольскім яны выдалі драматургічны зборнік «Пераадоленне», у якім змешчана 10 арыгінальных п’ес, якія былі напісаны аўтарамі ў перыяд з 1978 па 1992 гг. Шмат якія п’есы Юрыя Сохара атрымалі сцэнічнае ўвасабленне ў розных прафесійных і аматарскіх тэатрах, на тэлебачанні і ў студыі радыётэатра.

Ратуе душу ад сталічнай працы і піша мастацкія кнігі прафесар у горадзе Беразіно на беразе аднайменнай ракі, дзе збудаваў сабе дамок.

Можна спадзявацца, што прыхільнікаў літаратурна-мастацкіх адкрыццяў Юрыя Максімавіча чакае яшчэ не адна сталая, асэнсаваная праца, якая пашле «прывітанне» будучым пакаленням ад чалавека, што ствараў сябе сам у няпростую эпоху.

Павел САЛАЎЁЎ

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.