Вы тут

Усё было…


Не бывае тэатраў правінцыйных, і насамрэч не ў геаграфічнай лакацыі справа, даказаў Мінскі абласны тэатр лялек «Батлейка». Гучная прэм’ера, што здзівіла Беларусь, здарылася напрыканцы сезона і працягвае трымаць увагу восенню: хто яшчэ не паспеў паглядзець пры нагодзе, можа задумацца пра культурную вандроўку ў Маладзечна, дзе цяпер ідзе спектакль «Сёстры Граі», што згадваўся на старонках нашай газеты. Але, безумоўна, ён варты асобнай гаворкі: не толькі таму, што імя пастаноўшчыка Яўгена Карняга прыцягвае ўвагу і ўказвае на магчымы тэатральны эксперымент, але і таму, што хочацца далей сачыць за тым, што гэты рэжысёр хоча сказаць зараз.


Фота Ігара Чышчэні.

Ад папярэдняга «Бетона» ён пайшоў далей — углыб Антычнасці. Узняў у тым ліку і тую частку старажытнагрэчаскіх міфаў, якая вядомая не так добра. Але ў кароткім (крыху больш за гадзіну) творы ўмясцілася вялікая колькасць вобразаў з іх гісторыямі: багі, героі і міфічныя істоты. Але такое адчуванне, што ўсё гэта было насамрэч і справядліва для людзей, якія шукаюць сябе, імкнуцца разгадаць таямніцы лёсаў, вынайсці сродкі пазбегнуць прадвызначанасці. Няўжо магчыма?

Не, кажуць паводле спектакля сёстры Граі (ці Мойры з міфаў). І калі сама Гея, маці-зямля (і ўсяго жывога) імкнецца спрачацца з лёсам і бярэ за сужэнца таго, хто нараджаецца з яе ж, то як не задумацца пра крохкасць гармоніі паміж небам і зямлёй. Як паверыць у тое, што народжаныя праз інцэст будуць далей трымаць свет у гармоніі і абыдуцца без пачварных жарсцяў і гвалтоўных памкненняў? І як не спачуваць Рэі, якая хоча ўратаваць сваё дзіця ад паглынання бацькам-Хронасам, які стаў новым гаспадаром свету, — і яму дастаецца камень замест немаўляці. І як не паверыць тут, што лёс — гэта не наканаванасць, а моцная воля, роўная боскай: сын не проста выжыве, а потым захоча адпомсіць бацьку і нават пасягне на яго ўладарства. Ён стане богам…

Але мы можам не ведаць, што гэтага сына завуць Зеўс, ці наогул, як завуць усіх гэтых істот, што існуюць у вузкай прасторы батлеечнага акенца. За тым, што з імі адбываецца, сочыш асабліва пільна і засяроджана. Проста яны сапраўды як уладары і самыя галоўныя героі: вялікія, ім цесна ў гэтым свеце. Іх вялікія целы вабяць мармуровай (антычнай) белізной. Абрысы фігур выглядаюць бездакорнавелічна, нібыта магутныя статуі, — на фоне абмежаванай прасторы, якую час ад часу афарбоўваюць эмацыянальныя станы (мастак Вольга Разумава). Таму імкнешся не прапусціць ніводнага руху герояў, які здаецца гранічна важным для спасціжэння іх сутнасці: як яны ўціскваюцца ў сваё цела, як да яго прыстасоўваюцца, як яго падпарадкоўваюць. Канешне, гэта ж нейкія багі…

 Нам пра гэта не кажуць: у спектаклі няма ніводнага слова! Але яны будуць гучаць усё адно ў розуме, таму што ён падказвае (счытвае) сюжэты, якіх можа і не ведаць зусім. Гукі (кампазітар Мікіта Залатар) падкрэсліваюць незвычайнасць свету, за якім мы назіраем. Па тым, што адбываецца з гэтымі істотамі і вакол іх, здагадваешся пра таямніцы Сусвету, пра добрае і стваральнае, як і пра змрочнае і фатальнае. Ці магчыма спрачацца з лёсам?.. З тым, што ў руках трох змрочных жанчын, якія трымаюць чырвоную міць жыцця і цягнуць яе, як хочуць? З тым, што звальваецца на чалавека па волі трох пачварных сясцёр, якія нават не бачаць тых, каго надзяляюць пэўнай біяграфіяй: не маюць вачэй, а тое адзінае вока, што перадаюць адна адной, не ўратоўвае — сляпы лёс зносіць тых, хто стаіць перад ім у спадзяванні на добры вынік. Але нехта ж можа і выстаяць…

Нейкае насланнё, ад якога доўга не можаш пазбавіцца… Гэтыя вобразы накрываюць у вольны час, заглушаныя пачуцці часам здаюцца аплеценымі тымі ж чырвонымі міцямі, няздзейсненыя мары — забітымі шклянымі вачыма, што кідалі некуды ў цемру невідушчыя сёстры Граі. І немагчыма пазбавіцца адчування, што бачыў нешта паміж рэальнасцю і снамі — часам жудаснымі, часам загадкавымі, над тлумачэннем якіх свядомасць будзе працаваць яшчэ доўга, каб расшыфраваць важнае пасланне, дастаўленае праз тонкі свет метафар і вытанчанасць візуальнага напаўнення. Спектакль-сон, тым не менш, — асаблівая тэатральная рэальнасць.

Яна сцвярджае вяршынства эстэцтва над жаданнем вонкава ўразіць. Яна можа быць маўклівая, але прамаўляе запамінальна. А можа злучыць свядомае і бессвядомае — нават без ведання міфаў: таму што ёсць пачуцці болі і надзеі, роспачы і веры, гонару і паразы. Гэты ўсё ўжо было з іншымі (нават з багамі), гэта ўсё можа паўтарацца ў чалавечым свеце цяпер. Вялікая антычная культура пакінула нам напамін пра асноўныя сюжэты жыцця праз архетыпічныя вобразы, а праз іх дала папярэджанні, якія трэба ўмець расчытваць так жа, як і лініі лёсу. І калі лёс сапраўды сляпы, то з ім можна гуляць у хованкі і ды адолець нейкае сваё зло, што, падобна медузе-гаргоне, ператварае жыццё ў халодны камень. Персей жа здолеў і стаў героем. А можа, гэта быў зусім не ён (падумаем разам з рэжысёрам), а нехта іншы, хто кінуў выклік фатуму.

Вось і маладзечанская «Батлейка» здолела гэта зрабіць па-свойму: паказала, што мастацтва жыве там, дзе ёсць тэатр, які моцна жадае ствараць свой сусвет, і дзе ёсць акцёры, гатовыя пярэчыць стэрэатыпам і існаваць як багі.

Ларыса ЦІМОШЫК

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.