Вы тут

Уладзімір Цвірка. Індура


Вельмі доўгі час касцёл у вёсцы Індура, што ў Гродзенскім раёне, быў у рыштаваннях. Зразумела, што «апранулі» храм нездарма, і толькі на карысць. Але я спадзяваўся, што гэтым разам пашанцуе ўбачыць яго ва ўсёй непаўторнай велічы. Касцёл — адзін з найпрыгажэйшых архітэктурных помнікаў нашай даўніны на Гродзеншчыне, бо ёсць тут нешта адначасова зразумелае і таямнічае, нават сакральнае.


У ХІ стагоддзі, як сцвярджаюць навукоўцы, на месцы сённяшняга паселішча існавала даволі вялікае абарончае ўмацаванне, якое акружалі равы з вадою і земляныя валы. Пазней, у XV стагоддзі, каралева Бона пабудавала тут драўляны ці то замак, ці то палац з абарончымі рысамі. З самага пачатку XVI стагоддзя гэта ўжо маёмасць маршалка Вялікага Княства Літоўскага Яна Давойны. Акрамя ўласнай гаспадаркі ён пабудаваў драўляны касцёл, вакол якога неўзабаве пачало разрастацца і само мястэчка. Хто толькі не валодаў Індурай з тых часоў: Войны, Пацы, Агінскія, Бжастоўскія...

Менавіта пры апошніх і з’явіўся ў Індуры Троіцкі касцёл, будоўля якога скончылася ў 1815 годзе на месцы, дзе некалі стаяў драўляны храм, збудаваны яшчэ Янам Давойнам. Але непаўторнае аблічча касцёл набыў амаль праз сто гадоў. У 1904 годзе на сродкі вернікаў святыню дабудавалі, і храм канчаткова набыў архітэктурныя рысы ампіру і неабарока. З аднаго боку галоўнага фасада з’явілася вежа-званіца, з другога — вялікае памяшканне з трансэптам, сакрысціяй ды апсідай. У канчатковым варыянце атрымалася высокамастацкая, гарманічная, непаўторная і адзіная ў сваім пластычным рашэнні архітэктурная жамчужына.

Які б прыгожы ні быў касцёл, пойдзем да другой архітэктурнай славутасці Індуры — магутнага, у два паверхі ды з велізарным паддашкам, будынка сінагогі. Захаваўся ён амаль выдатна. Толькі дзе-нідзе сапсавалася кладка ды месцамі абсыпаліся фрызы і карнізы. Гэты культавы храм яўрэйскай культуры пабудавалі ў 1885 годзе.

Крыху раней, у 1881 годзе, па адным з тыпавых праектаў, у мястэчку быў узведзены яшчэ адзін храм — праваслаўная царква ў рэтраспектыўна-рускім стылі, асвечаная ў гонар Святога Аляксандра Неўскага.

Акрамя культавых пабудоў, у Індуры да канца ХІХ стагоддзя працавала прыходскае вучылішча, мелася аптэка і невялікая лякарня. У мясцовай шляхецкай сядзібе дзейнічала прадпрыемства па вырабе вапны, меліся піваварня і вінакурня. Магчыма, былі і гандлёвыя рады, бо толькі прыватных шапікаў налічвалася паўсотні.

Выпадзе вольная хвілінка — завітайце на індурскае гарадзішча. Паблукаць па гэтых штучных пагорках — адно задавальненне. Крыху фантазіі, і вы зможаце ўявіць, як узніклі гэтыя пагоркі і равы, як уздымаліся сцены драўлянага замка, як аднекуль спачатку чуўся толькі перазвон бразготак, а потым на дарозе з’яўлялася шыкоўная каралеўская карэта. «Едзе, едзе», — перагукваліся будаўнікі, і праца запавольвалася. Насустрач каралеве выходзіў архітэктар ці кіраўнік будоўлі, з пашанай прымаў каранаваную асобу, ішоў з ёй на муры, на абарончыя сцены. Усё зноў пачынала гудзець і рухацца. Будоўля працягвалася. А там, у вышыні, на фоне блакітнага неба, плыло па паветры ружовае адзенне каралевы. Яна грацыёзна вадзіла рукамі над будоўляй, над наваколлем. Голас яе то вырываўся з агульнага гулу будоўлі, то патанаў у ім… Так пачынаўся звычайны працоўны ранак таямнічага, захапляльнага, неабдымна-вялікага мінулага...

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».