Вы тут

Два крылы: творчасць і навука


Пісьменнік Уладзімір Навумовіч адзначыў сваё 75-годдзе. Добрая нагода сустрэцца з юбілярам, пагаварыць, як кажуць, за жыццё. Тым больш што напярэдадні ён атрымаў сур’ёзную дзяржаўную ўзнагароду — медаль Францыска Скарыны.


— Уладзімір Аляксандравіч, напачатку хочацца запытацца, як і з чым вы сустрэлі свой юбілей?

— Што тычыцца «як», то адкажу коратка: па-людску. А вось на пытанне «з чым?» давядзецца распавесці трохі шырэй.

Выйшаў раман на рускай мове з крыху незвычайнай назвай «“Нет” и как его сказать». Твор пра развал вялікай краіны СССР, пра сямейныя праблемы, вернасць і здраду. Калі свет расколваецца на дзве палавіны, трэшчына заўсёды праходзіць праз сэрцы людскія.

У часопісе «Полымя» надрукаваны пачатак эпісталярнага рамана пра каханне Максіма Багдановіча «Вобюліманс» (па-руску, калі чытаць справа налева — «С нами любовь»).

— Гэта творчы набытак апошняга часу. А што хацелася б згадаць з ранейшага?

— Нядаўна адзначаўся стагадовы юбілей камсамола. У свой час я напісаў аповесць пра камсамольскія будні «Узаранае поле», якая нарабіла нямала шуму-гаму, выклікала гарачыя спрэчкі і дыскусіі.

Не прайшла незаўважанай і другая мая аповесць «Такое бывае аднойчы» — пра нараджэнне першых студэнцкіх будаўнічых атрадаў.

Апублікаваны дзясяткі апавяданняў на самыя актуальныя пытанні. Дарэчы, многія з іх перакладаліся на рускую і ўкраінскую мовы.

— А ці помніцца самая першая публікацыя?

— Канечне. Гэта было ў 1964 годзе. Трэцякурснікам філфака БДУ надрукаваў у навагрудскай раённай газеце апавяданне «Навырост». Гэта вельмі дарагі для мяне твор. Ён — пра маці, якая са мной, немаўлём, у 1944 годзе перажыла дзве фашысцкія блакады партызанскай зоны ў Налібоцкай пушчы.

— Апавяданне і вызначыла ваш творчы лёс?

— Так, мне яшчэ са школы хацелася быць калі не пісьменнікам, то хоць бы журналістам. Аднак маці бачыла мяне толькі доктарам. Таму, скончыўшы дзесяцігодку, мяне выправілі ў Крым, у Сімферопаль, дзе жыў дзядзька, бацькаў брат, які з’яўляўся ганаровым грамадзянінам горада. Паехаў з намерам паступаць у медінстытут. Аднак туды найперш прымалі абітурыентаў з двухгадовым працоўным стажам. Давялося вярнуцца назад.

— Такім чынам апынуліся на філфаку БДУ…

— Не, спачатку год правучыўся на завочным аддзяленні біяфака, а пасля, калі зразумеў, што гэта не маё, паступіў на філалагічны факультэт, стацыянарна. — А як пачаўся ваш шлях у навуку? — Пасля філфака скончыў аспірантуру, абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму «Проза “Маладняка”». Спачатку працаваў выкладчыкам, дацэнтам, а пасля і загадчыкам кафедры роднага філалагічнага факультэта. Усяго за 45 гадоў педагагічнага стажу мною напісана і апублікавана больш як 350 навуковых прац. З найбольш значных можна назваць манаграфію «Шляхамі арлянят» і «Университет — феномен цивилизации», падручнік «Беларуская літаратура» з электронным дадаткам і іншыя.

— Ваша біяграфія будзе няпоўная, калі не згадаем вашу актыўную грамадскую дзейнасць, у прыватнасці камсамольскія будні.

— Ганаруся, што ў свой час меў самае цеснае дачыненне да гэтай слаўнай маладзёжнай арганізацыі. Працаваў пэўны час у Ленінскім райкаме камсамола Мінска, у Мінскім абкаме камсамола, лектарам ЦК ЛКСМБ.

У 1975 годзе мяне, адзінага ад Беларусі (тады сакратара камітэта камсамола 11-тысячнай камсамольскай арганізацыі БДУ), уключылі ў дэлегацыю ЦК ВЛКСМ на 4-ю сустрэчу савецкай і амерыканскай моладзі ў Чыкага. На хвалі разрадкі напружанасці пасля хельсінскіх пагадненняў мы, маладыя, будавалі «масты дружбы». Варта было б вярнуцца да такіх сустрэч. Моладзь — другая нацыя, гэта народная дыпламатыя.

— Актыўную грамадскую дзейнасць вы працягваеце і сёння, у прыватнасці як старшыня прыёмнай камісіі Саюза пісьменнікаў Беларусі. Што можаце сказаць пра нашу маладую творчую змену?

— Маладыя таленты сёння не адкінуты. Сапраўдны творца знаходзіць належную падтрымку. Толькі Мінскае гарадское аддзяленне СПБ выдала не адзін дзясятак кніг маладых аўтараў у серыі «Маладыя мінскія галасы». Не меней выдаюць і іншыя абласныя аддзяленні.

Гэтым летам на маёй малой радзіме ў этнавёсцы «Белыя лугі» я арганізаваў семінар маладых з удзелам звыш дваццаці паэтаў і майстроў пяра з прыёмнай камісіі. Прайшлі майстаркласы, разглядалі творы. Думаецца, вынік не прымусіць сябе чакаць.

Зіновій ПРЫГОДЗІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?