Вы тут

Чым жыве найлепшы сярод працуючай моладзі валанцёрскі атрад


За 15 гадоў існавання ён зарабіў у гараджан добрую рэпутацыю. Яго рады бачыць у многіх сацыяльных цэнтрах, ва ўстановах адукацыі і аховы здароўя. На рахунку байцоў — самыя смелыя і незвычайныя валанцёрскія праекты ў краіне. Напрыклад, яны аднымі з першых пачалі ладзіць тэматычныя фотасесіі для хворых дзетак і выхаванцаў дзіцячых дамоў.

Летась на конкурсе «Валанцёр года — Добрае Сэрца» валанцёрскі атрад «Адкрытыя Сэрцы» пярвічнай арганізацыі БРСМ «Гомсельмаша» быў прызнаны найлепшым сярод працуючай моладзі. «Чырвонка. Чырвоная змена» пазнаёмілася з рабочымі прадпрыемства, якія ў вольны час дапамагаюць інвалідам, сіротам і пенсіянерам.


Без лішніх слоў

— Вы на мае рукі не глядзіце, я толькі са змены, — кажа Сяргей Міхайлоўскі, хаваючы далоні: мазут так і не адмыўся.

Пятнаццаць гадоў таму просты слесар, які цяпер кіраўнік валанцёрскага атрада, разам з калегамі ўпершыню прыехаў у Гомельскі абласны дом дзіцяці. Знаёмыя папрасілі маладых дужых хлопцаў аб звычайнай мужчынскай дапамозе: нешта прыбіць, штосьці падфарбаваць, дзесьці мэблю перацягнуць. Адным словам, зрабіць тое, з чым выключна жаночы калектыў установы сам справіцца не мог.

— Дапамаглі раз, другі. Восенню прыехалі прыбраць лісце, а зімой — расчысціць снег. Самі не заўважылі, як у галаве пачалі з'яўляцца думкі нашталт «не дапамог дзецям — тыдзень прайшоў дарма», — успамінае Сяргей.

Сёння атрад «Адкрытыя Сэрцы» аб'ядноўвае каля 70 добраахвотнікаў «Гомсельмаша». Штогод яны ладзяць дзясяткі праектаў, ініцыятыў і акцый. Тым самым робяць крышачку лепшым жыццё соцень вельмі розных людзей.

— Ніякіх загадаў зверху аб стварэнні валанцёрскага руху на заводзе не было. Больш за тое, першыя гады мы нават не былі аформленыя як атрад. Валанцёрства ў першаснай форме: дапамагай іншым, чым можаш, без лішніх слоў, — расказвае сябра Сяргея электрык Мікалай Колаш.

— Скажам, арганізаваць конную прагулку ці картынг-гонкі для дзяцей-інвалідаў — задача не з лёгкіх. Але ўсё рэальна, — упэўнены Сяргей.

Галоўнае — падбадзёрыць

Разам з тым на памяці валанцёраў нямала прыкладаў, калі атрад выпадкова выходзіў на асобныя сем'і ці людзей, якія мелі патрэбу ў дапамозе.

— Узімку мы пазнаёміліся з сёстрамі — Анастасіяй Лашкевіч і Таццянай Канцавой. Падчас Вялікай Айчыннай вайны яны, будучы зусім маленькімі, трапілі ў канцлагер, перажылі жахі тых страшных гадоў. Здаецца, такіх людзей грамадства павінна падтрымліваць ва ўсім, — расказвае Мікалай. — Аднак высветлілася, што жанчыны доўгі час ніяк не могуць трапіць на лячэнне ў шпіталь, хоць двойчы на год іх абавязаныя там прымаць. Каб дабіцца таго, што і так па праве належыць сёстрам, нам прыйшлося падключаць дэпутатаў, звяртацца па падтрымку да адміністрацыі Чыгуначнага раёна Гомеля, адміністрацыі завода, абласнога камітэта БРСМ. Патрацілі некалькі месяцаў, але справядлівасці дабіліся. Шкада, Анастасія нашай перамогі не дачакалася...

— У грамадстве заўсёды былі і будуць тыя, каму патрэбна дапамога. Таксама як і тыя, хто можа яе аказаць, — кажа Сяргей. — Да нас звяртаюцца людзі абедзвюх катэгорый. Так, аднойчы патэлефанавала пенсіянерка і пачала прапаноўваць грошы. Яна аднекуль даведалася пра атрад і вельмі хацела, каб мы перадалі сродкі тым, «каму яны сапраўды трэба». Мы нічога не ўзялі, але прапанавалі ёй самой далучыцца да адной з нашых акцый — «Збяры партфель першакласніку».

Суразмоўнік падкрэслівае, што валанцёрства і дабрачыннасць адрозніваюцца. У дзейнасці «Адкрытых Сэрцаў» на першым месцы людскія ўзаемаадносіны і эмацыянальная падтрымка.

— Галоўнае — увага і шчырая зацікаўленасць у іншых людзях, — разважае Сяргей. — Мы робім ухіл на акцыі, якія прыносяць яркія ўражанні і падымаюць настрой. Напрыклад, адна з апошніх — таварыскі матч футбалістаў ФК «Гомель» з дзеткамі, хворымі на ДЦП. Дробязь, а колькі ўспамінаў застанецца. Дарэчы, у футбалістаў акурат пасля сустрэчы скончылася чорная паласа: яны з таго моманту аніводнай гульні не прайгралі!

Калі тата — супермен

Летась «Адкрытыя Сэрцы» сталі найлепшым валанцёрскім атрадам сярод працуючай моладзі БРСМ, а дагэтуль тройчы прызнаваліся найлепшымі ў вобласці.

— Праўда, значная частка нашых байцоў ужо і не моладзь. Напрыклад, мне зараз 41, але, калі ўсё пачыналася, было 26. Быць дарослым — не прычына, каб перастаць валанцёрыць. Атрад штогод папаўняецца маладымі хлопцамі і дзяўчатамі. Хтосьці ж павінен дзяліцца з імі сваім досведам. Акрамя таго, мы цесна супрацоўнічаем з падрастаючым пакаленнем добраахвотнікаў — валанцёрскімі атрадамі БРСМ з 45-й, 9-й, 54-й і 12-й школ і аўтамеханічнага каледжа Гомеля.

— Нехта з вядомых казаў: «Здаровыя ногі рана ці позна пачнуць спатыкацца, спіна сагнецца, але добрае сэрца застанецца такім назаўсёды». Таму нашы «Адкрытыя Сэрцы» не закрываюцца, хоць многія з нас ужо «выраслі з БРСМ», — лічыць Мікалай.

— З нашага атрада сыходзяць толькі на пенсію! А прыйсці можна ў любым узросце, — дапаўняе мужчын Марына Ахметава.

Яна даўно працуе эканамістам у фінансавым упраўленні завода, але валанцёрам вырашыла стаць толькі пасля таго, як выйшла з дэкрэтнага водпуску.

— З'яўленне ўласных дзяцей прымусіла задумацца пра тых хлопчыкаў і дзяўчатак, якія засталіся без бацькоў. Захацелася дзяліцца пяшчотай і з імі, — кажа Марына.

На пытанне, ці застаецца пры такім раскладзе час на сваю сям'ю, усе трое ў адзін голас адказваюць: «Застаецца!» На думку добраахвотнікаў, дзякуючы валанцёрству яны пачалі яшчэ больш цаніць кожную хвілінку побач з блізкімі.

— І хто сказаў, што ўласных дзяцей нельга браць з сабой на мерапрыемствы? Яны галоўныя памочнікі ва ўсіх пачынаннях. На фотаздымках з акцый вы нават не зразумееце, дзе нашы дзеці, а дзе сіроты і інваліды. Для іх няма ніякіх бар'ераў і перашкод. Хутка знаходзяць агульную мову, гуляюць. Дарослым ёсць чаму ў іх павучыцца, — кажа Сяргей і дзеліцца сакрэтам. — Калі я іду на чарговую валанцёрскую акцыю, мая жонка з гонарам кажа, што «муж пайшоў ратаваць свет!»

Ганна КУРАК

Мінск — Гомель — Мінск

Загаловак у газеце: Днём каля станка, увечары — на акцыі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».