Вы тут

Гурт «РRАвакацыя»: Адзін голас добра, а два — яшчэ лепш!


Спачатку кожны з іх марыў стаць вядомым салістам, а зараз яны ў складзе дуэта разам скараюць музычныя вяршыні. Арцём Саладуха і Марк Войтка вось ужо тры гады спяваюць у гурце «РRАвакацыя», радуюць публіку новымі хітамі і не збіраюцца спыняцца на дасягнутым поспеху. Дарэчы, калектыў у 2016 годзе быў прызнаны найлепшым беларускім поп-гуртом па версіі музычнага тэлеканала «RUTV: Беларусь»
і па выніках народнага галасавання.


— Як утварылася «РRАвакацыя»?

Марк Войтка:

— Усё пачалося вясной 2015 года. Ніякіх кастынгаў не было. Мы проста пераможцы па жыцці. (Смяюцца.) Нам пашанцавала сустрэць прадзюсара Анатоля Чэпікава, ну, дакладней гэта ён сустрэў нас на канцэрце ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў і прапанаваў паспрабаваць пасупрацоўнічаць.

— У назву гурта ўкладзены нейкі таемны сэнс?

Арцём Саладуха:

— Насамрэч усё вельмі проста. Сваёй музыкай мы імкнёмся правакаваць усіх людзей на танцы і добры настрой. А вось самі на правакацыі стараемся не паддавацца.

— Вы памятаеце сваё першае сумеснае выступленне?

Арцём Саладуха:

— Вядома, такое, як нам здаецца, заўсёды запамінаецца. Наша першае выступленне з вялікай праграмай прайшло на Дні горада ў Наваполацку 12 ліпеня 2015 года, праз два месяцы пасля заснавання калектыву. Мы моцна хваляваліся, але дзякуючы добраму прыёму гледачоў усё прайшло выдатна. Эмоцыі зашкальвалі, было вельмі незвычайна адчуваць сябе артыстамі, якіх слухаюць тысячы людзей.

— Ці адразу ўдалося знайсці агульную мову ў дуэце?

Марк Войтка:

— Так, бо мы даўно сябравалі. Упершыню сустрэліся, калі нам было па 15 гадоў. Рэжысёр Ніна Віктараўна Осіпава рыхтавала канцэрт да Дня Незалежнасці ў Палацы Рэспублікі, мы ўдзельнічалі ў агульным нумары, выконвалі песню «Беларусь». А потым разам паехалі на фэст у Анапу. Пазней дамовіліся паступаць на «эстрадны вакал» у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў, трапілі ў адну групу, разам вучыліся. Рознагалоссі, вядома ж, бываюць, але мы заўсёды прыходзім да агульнага меркавання. У мужчынскіх калектывах з гэтым прасцей, як нам здаецца, чым у жаночых. Там і кнопкі падкласці ў туфлі могуць, і сукенку парэзаць. (Смяюцца.) Але калі сур'ёзна, то ў нашых гарачых спрэчках, якія часам успыхваюць з-за рэпертуару, касцюмаў ды іншых пытанняў, апошняе слова ўсё роўна застаецца за прадзюсарам.

— Не шкадуеце, што выступаеце ў групе, а не ў ролях сольных выканаўцаў?

Марк Войтка:

— Кожны з нас, вядома ж, марыў спяваць на прафесійнай сцэне. Мы да гэтага ішлі і былі ўпэўненыя, што ў нас усё атрымаецца. А тое, што сталі дуэтам, магчыма, нават і цудоўна. Ведаеце, адзін голас добра, а два яшчэ лепш! Як складзецца далейшы лёс гурта, цяжка зараз прагназаваць, але ў нас было некалькі выступленняў, калі адзін з салістаў хварэў, а другому прыходзілася адказваць за дваіх. Дык вось, выходзячы на сцэну, кожны па звычцы ўсё роўна зрушваўся направа або налева, як бы пакідаючы месца для другога, а не выходзіў адразу ў цэнтр сцэны. (Смяюцца.)

— Вы часта гастралюеце?

Арцём Саладуха:

— Так. І кожная пляцоўка для выступленняў у нас па-свойму любімая. У кожным месцы знаходзім нешта сваё, такое цёплае і роднае. Але па-асабліваму нас сустракаюць у Салігорску. Дарэчы, выступаем мы не толькі ў межах Беларусі, былі ў Кіеве, Сочы, Растове-на-Доне, Таганрогу, Новачаркаску, Шахтах, Азове і ў іншых гарадах.

— Ці ў многіх конкурсах ужо прымалі ўдзел?

Марк Войтка:

— Паколькі мы яшчэ даволі малады музычны гурт, то нам здаецца, што іх было дастаткова. Вядома, самае запамінальнае — гэта адборы на «Еўрабачанне». Але цяпер мы практычна не ўдзельнічаем у конкурсах, затое выступаем на вялікіх фестывалях. Найбольш значнымі для нас былі «Сусветны фестываль моладзі і студэнтаў», фестываль «Моладзь — за Саюзную дзяржаву», ну і, вядома ж, «Славянскі базар».

— Для каго складаней спяваць — для дзяцей ці дарослых?

Арцём Саладуха:

— Мы рады выступаць перад любой публікай. Галоўнае — гэта адчуваць аддачу ад залы. А для дзяцей, напрыклад, мы спявалі ў розных летніках, у нацыянальным дзіцячым цэнтры «Зубраня». Часта прымаем удзел у дабрачынных марафонах. У той жа час наша творчасць запатрабавана і івэнт-агенцтвамі на карпаратыўных мерапрыемствах.

— Хто аўтар вашых песень?

Марк Войтка:

— Першыя напісаў наш прадзюсар Анатоль Чэпікаў, але з нядаўняга часу кола аўтараў значна пашырылася. Зараз у нашым рэпертуары песні аўтараў з Расіі, Украіны, Беларусі. Дарэчы, пры ўсёй разнастайнасці кампазіцый у нас ёсць фаварытка, гэта песня «Я падвышаю градус», на дадзеным этапе яна наша любімая.

— Творчая прафесія мае на ўвазе ненармаваны працоўны дзень. Скажыце, ці шмат часу ў вас займаюць рэпетыцыі?

Арцём Саладуха:

— Вы маеце рацыю, у творчай прафесіі не можа быць пэўнага працоўнага графіка. Музычную праграму звычайна адточваем два ці тры разы на тыдзень. А ў вольны ад працы час мы абмяркоўваем планы, розныя ідэі, будучыя праекты.

— Ці ёсць нейкія хобі акрамя музыкі?

Марк Войтка:

— Ну, музыка — гэта для нас не проста хобі... А што датычыцца вольнага часу, то мы вядзём і прапагандуем здаровы лад жыцця. Акрамя гэтага, я, напрыклад, гуляю ў футбол, а вось Арцём цікавіцца дызайнам адзення. Наогул, мы досыць рознабаковыя асобы і заўсёды гатовыя адкрываць для сябе нешта новае!

— Вы — прымхлівыя хлопцы? Можа, у вас ёсць талісман для паспяховых выступленняў?

Марк Войтка:

— Наконт забабонаў нешта цяжка сказаць... У фінале «Еўрабачання» выступалі пад 13-м нумарам, і ў нас хапала непрыемнасцяў. Напрыклад, у мяне ў вуху адключыўся мікрафон. За тыдзень да фіналу ў Арцёма выявілі вузел на звязках, а ў мяне — ацёк. Нават не ведаем, містыка гэта ці проста няўдалы збег абставін. А вось талісман у нас ёсць, але пра яго ніхто і ніколі не даведаецца. Гэта наш сакрэт!

— Як ставіцеся да крытыкі? Яна загартоўвае вас ці, наадварот, збівае са шляху?

Арцём Саладуха:

— Часта чытаем каментарыі пра нас і нашу творчасць у розных сацыяльных сетках. Крытыку мы любім, але паважліва ставімся толькі да канструктыўнай. Вядома, калі яна такая, праводзім работу над сваімі памылкамі.

— У вас ёсць куміры?

Арцём Саладуха:

— Няма. Мы робім сваю музыку, укладваем у яе свае пачуцці і шукаем менавіта свайго гледача. Хочам быць ва ўсім індывідуальнымі.

— Вы ўжо, напэўна, ведаеце, што будучае жыццё будзе звязана з музыкай?

Арцём Саладуха:

— Так! Мы з дзяцінства займаемся ёю і ўжо не ўяўляем сябе без музыкі! Вядома, плануем развівацца, каб радаваць слухачоў новымі хітамі.

— Што вы можаце сказаць адзін пра аднаго?

Разам: — Ну што... Мы сябры, і гэтым усё сказана!

Ангеліна НОВІКАВА, студэнтка ІІ курса Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік прайшоў у Беларусі

Рэспубліканскі суботнік прайшоў у Беларусі

Ён прымеркаваны да Года малой радзімы.

Культура

Карэспандэнты «Звязды» сустрэліся са сваячкай Паўліны Мядзёлкі

Карэспандэнты «Звязды» сустрэліся са сваячкай Паўліны Мядзёлкі

12 верасня 1893 года ў сям'і Вінцэнта і Францішкі Мядзёлкаў нарадзілася дачка, якой далі прыгожае імя Паўліна. 

Культура

Вольга Падгайская: Калі праект і здараецца, то ў якасці ледзь не выключэння

Вольга Падгайская: Калі праект і здараецца, то ў якасці ледзь не выключэння

Гэта трэба, канешне, проста паслухаць — музыку аднаго з найдзіўнейшых сучасных беларускіх кампазітараў. 

Культура

Што паглядзець у брэсцкім музеі выратаваных каштоўнасцяў

Што паглядзець у брэсцкім музеі выратаваных каштоўнасцяў

Брэсцкі музей выратаваных каштоўнасцяў можна назваць мясцовым Луўрам — калі ўвогуле дарэчы параўноўваць адну культуру з іншай.