Вы тут

Цяпер музыку Quееn можна паслухаць з вялікага экрана


У кінатэатрах з поспехам паказваецца карціна пра Фрэдзі Мерк'юры і гурт Quееn «Багемская рапсодыя», дзе ўсё жыццё Мерк'юры аддадзена ў ахвяру канвенцыям кіно. Самаўпэўнены хлопец трапляе ў бэнд, на першым канцэрце яго не прымаюць, гурт становіцца паспяховым, галоўны герой руйнуе сваё жыццё, нарэшце шчасліва вяртаецца ў каманду — класічная схема ў суправаджэнні пафасных фраз. Ці то «заснавана на рэальных падзеях», ці то банальная карціна. Ці ёсць тут некаму справа да ўласна Фрэдзі Мерк'юры альбо ён патрэбны, каб прадаць білеты на фільм, яшчэ пытанне.


«Багемская рапсодыя» (хаця правільней было б перакласці «Багемная рапсодыя») будуецца на добра вядомай і заезджанай схеме гісторый поспеху і яго адваротнага боку. З невялікімі адхіленнямі, якія акрэсліваюць факты з жыцця Мерк'юры, аўтары знялі вельмі традыцыйнае кіно. Мы такое бачылі ўжо сто разоў, але тут прынамсі гучыць шмат музыкі, і не якой-небудзь, а музыкі Quееn. (Дзеля гэтых матываў, «Багемскай рапсодыі» і Мерк'юры на фільм і ідуць.)

Такім чынам, мы бачым хлопца з Занзібара, якога называюць пакістанцам і які саромеецца свайго паходжання. Ён далучаецца да студэнцкага гурта ў якасці саліста і хутка выступае з самаўпэўненымі і дзёрзкімі прапановамі, якія, канешне ж, прыводзяць Quееn да поспеху. Потым ён расстаецца з жонкай, таму што гомасексуаліст. Потым кідае гурт і акружае сябе дрэннымі людзьмі, пакутуючы ад адзіноты. Потым выяўляецца, што ён ВІЧ-дадатны. Нарэшце, ён разумее, што нешта не так, і вяртаецца да сваёй «сям'і», гэта значыць да Quееn.

З аднаго боку, схема жыцця Фрэдзі Мерк'юры праўдзівая. А з іншага, зрабіць больш кіношна абыграную біяграфію было складана. Усё падладжваецца, даціскаецца, недаціскаецца, асентыментальваецца, скажаецца пад драматургічныя хады трывіяльных сюжэтаў. Бацька Мерк'юры ў пачатку фільма нешчаслівы з сынам, а ў канцы яго моцна абдымае, што азначае прызнанне. Выпадковы абаяльны мужчына пасля адной з вечарын кажа Фрэдзі, каб той знайшоў яго, калі палюбіць сябе, — і Мерк'юры, канешне, знаходзіць, і яны тут жа едуць да бацькоў галоўнага героя. Калегі Фрэдзі па гурце праяўляюць сваю нелюбоў да яго акружэння, і гэта становіцца прадвесцем вялікага крызісу. У крытычны момант да Фрэдзі завітвае яго былая жонка, і пасля яе спіча пад дажджом Мерк'юры ўсё разумее і сыходзіць да лепшых рашэнняў.

Я ўжо не кажу пра банальнасць абыгрывання асобных сцэн, што рэальнасці наўрад ці адпавядаюць, пра сентыментальнасць, пра жыццесцвярджальныя выразы, пра рашэнні насуперак традыцыям як рэцэпт поспеху — усё гэта ідзе наперадзе ўласна гісторыі жыцця. Інтарэсы кіно наперадзе рэальных турбот, адзіноты і пачуццяў Фрэдзі Мерк'юры. На месца галоўнага героя можна было паставіць іншага персанажа, але, праўда, іншы не прыцягнуў бы столькі гледачоў. Колькі фанатаў рынулася ў кінатэатры, складана ўявіць, але баюся, атрымліваюць яны ардынарны фільм пра неардынарнага чалавека.

Што можна зрабіць падчас прагляду, дык гэта паслухаць уплеценыя ў сюжэт песні Quееn з вялікага экрана. Як стваралася Bоhеmіаn Rhарsоdу, як гурт прыдумаў Wе Wіll Rосk Yоu, як прагучала Wе Аrе thе Сhаmріоns на канцэрце Lіvе Аіd, дзе публіка лавіла кожны рух Мерк'юры. Хоць карціна абмежавала сябе канонамі і камерцыйнымі задачамі, яе галоўную вартасць і сапраўднае натхненне — песні — аўтары «Багемскай рапсодыі», здаецца, разумеюць і даюць гледачам добрую іх дозу. Знаёмыя матывы, саўндтрэкі, фонавае гучанне і, нарэшце, канцэрт у якасці фіналу (за ім, канешне ж, сочаць усе астатнія героі), дзе адна за другой ледзь не ў «рэжыме lіvе» выконваюцца знакамітыя песні з пазнавальнымі рухамі, позамі і манерай Мерк'юры, крышку рэабілітуюць гэты фільм.

Рамі Малек, што з накладной сківіцай выканаў галоўную ролю, добра ўпісаўся ў стылістыку карціны, але сыграў нейкае бачанне Мерк'юры, у якім няма ні вядомай закрытасці спевака, ні яго сціпласці, ні надрыву, ні маштабу, ні нават адзіноты, што аўтары хацелі перадаць. Уся ўвага на вусны.

Карціна па ўсім свеце збірае ў кінатэатрах аматараў «Багемскай рапсодыі» — але тут няма Фрэдзі Мерк'юры, а ёсць толькі кіношны герой, няма гурта Quееn, а ёсць гісторыя поспеху, няма вышыні палёту, пазачасовасці і ўздыму, а толькі эрзацы і патэрны. Адзінае вечнае, што ёсць у фільме, — музыка Quееn. Такое шоу не павінна працягвацца.

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

Загаловак у газеце: Шоу не павінна працягвацца

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?