Вы тут

Стратэгія і кафедра


Стратэгія і кафедра

Кафедра маладзёжнай палітыкі і сацыякультурных камунікацый Рэспубліканскага інстытута вышэйшай школы — адзіная такая ў Беларусі. Пазіцыянуе сябе не толькі як вучэбная адзінка для аказання адукацыйных паслуг, але і як структурнае падраздзяленне, якое ўдзельнічае ў распрацоўцы і рэалізацыі важных дзяржаўных дакументаў. Запрашэнне зазірнуць у яе кабінеты, а заадно і ў метадычкі і стратэгічныя планы прыняў часопіс «Маладосць». Ну яшчэ б! «Ваш часопіс будзе першым выданнем, якое праанансуе пачатак работы экспертнай группы па распрацоўцы Стратэгіі развіцця дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі на 2020–2030 гады», — запэўнілі ў сценах кафедры.

Па ініцыятыве РІВШ

Пачнём з аднаго важнага ўдакладнення: рашэнне рыхтаваць у нашай краіне спецыялістаў па рабоце з моладдзю з прысваеннем адпаведнай кваліфікацыі прымалася паралельна з рашэннем аб уключэнні аднаіменнай пазіцыі ў адзіны класіфікатар пасад і прафесій. Улічваючы неабвержнасць аўтарытэту названага фаліянта, абодва новаўвядзенні варта лічыць сапраўднымі дасягненнямі. А тое, што яны ажыццявіліся менавіта па ініцыятыве РІВШ, надае і без таго шаноўнай ўстанове вагу найвышэйшай інстанцыі.

Другое, што трэба не прамінуць тут адзначыць (па просьбе саміх супрацоўнікаў РІВШ, якую прыемна выконваць): спецыяліст па рабоце з моладдзю, якога рыхтуюць у гэтых сценах, — не масавік–зацейнік (як можна падумаць) і нават не інструктар па арганізацыі культарна–масавай работы (як яшчэ лягчэй меркаваць).

— Гэта сістэмшчык, — гаворыць прарэктар па міжнароднай і навукова–метадычнай рабоце Людміла Кажухоўская, — той, хто вядзе на сваім прадпрыемстве або ў сваёй арганізацыі сістэмную работу ў самых розных накірунках: і па аблягчэнні адаптацыі маладых спецыялістаў, і па падтрымцы маладых сем’яў, і па захаванні традыцый настаўніцтва, і па арганізацыі культурнага адпачынку. Таму і падыход да стварэння вучэбных праграм і планаў у нас сістэмны.

Людміла Кажухоўская

Пра вучэбныя праграмы і планы кафедры падрабязна — трошкі ніжэй. Тут — пра стратэгію. Пра стратэгію развіцця дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі ў Рэспубліцы Беларусь на 2020–2030 гады. У сувязі з яе распрацоўкай у бліжэйшы час пачынае работу міжведамасная экспертная група, у склад якой ўваходзяць як навукоўцы і практыкі з вопытам, так і прадстаўнікі самой моладзі.

— Нас чакае складаная і сур’ёзная праца, у выніку якой будзе прапанаваны відавочна інавацыйны механізм рэалізацыі дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі, які ўключыць і меры па ўдасканаленні арганізацыйных структур, і навуковае забеспячэнне, і крытэрыі ацэнкі эфектыўнасці, — гаворыць Людміла Кажухоўская. — Сам час фарміруе запыт на высокамаральную, творчую і сацыяльна адказную асобу. Маладыя людзі сёння ўсе патэнцыйна паспяховыя, мабільныя і добра адаптуюцца ў новых пераменлівых умовах. У той жа час, самі гэтыя ўмовы могуць стымуляваць не толькі развіццё асобы, але і яе дэградацыю. Ствараць спрыяльную атмасферу і прэферэнцыі для тых, хто знаходзіцца ў творчым пошуку, узнагароджваць ініцыятывы, якія актыўна праяўляюцца ў важных сферах жыцця грамадства, — значыць, прадухіліць адток таленавітай моладзі за мяжу. Стратэгічным арыенцірам дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі з’яўляецца асоба, сфарміраваная сацыяльна і кампетэнтная прафесійна, актыўная і адказная, адкрытая да інавацый, арыентаваная на высокія маральныя ідэалы і традыцыйныя нацыянальныя каштоўнасці, настроеная на няспыннае самаўдасканаленне і развіццё. Стратэгія, якой да гэтага часу як дакумента не існавала, распрацоўваецца на дзесяцігоддзе. Яна будзе складацца з фундаментальнага, тэарэтычнага абгрунтавання і плана практычнай рэалізацыі. У апошні ўвойдзе пералік усіх магчымых канкрэтных мер.

— Возьмем самага звычайнага маладога чалавека, абсалютна любога, які зараз ідзе па вуліцы, сядзіць у бібліятэцы або стаіць за станком і нічога не ведае пра нашу размову. На той час, калі будзе рэалізавана такая стратэгія, што ён, згодна з ідэальным уяўленнем супрацоўнікаў РІВШ як яе распрацоўшчыкаў, павінен адчуць на сабе?

— Мы вельмі спадзяёмся, што кожны малады чалавек Беларусі адчуе, што ў нашай краіне створаны ўсе ўмовы для таго, каб ён быў свабоднай асобай з пазітыўнымі, жыццесцвярджальнымі мэтамі і памкненнямі, у дастатковай ступені абароненай з боку дзяржавы і з істотным патэнцыялам для самарэалізацыі, — адказвае Людміла Кажухоўская. — Стратэгія як дакумент будзе пачынацца з главы «Выклікі і рызыкі», для стварэння якой мы плануем правядзенне вялікага сацыялагічнага даследавання з мэтай выявіць праблемы нашай моладзі і акрэсліць яе прыярытэты. Сацыялагічнае даследаванне будзе праводзіцца на ўсёй тэрыторыі Беларусі і ахопіць моладзь ад 14 да 31 года. Яго аналіз і павінен указаць нам стратэгічны накірунак.

Адказ прымаецца, ці не так? А галоўнае, што трэба станоўча адзначыць, закладзена ў самім падыходзе да справы: свае праблемы і прыярытэты моладзь агучыць сама. Задача экспертнай групы — падысці да справы так прафесійна, каб гэта адбылося ў поўнай меры.

Школа для прафесіяналаў

Падрыхтоўка спецыялістаў па рабоце з моладдзю, а дакладней — перападрыхтоўка на базе вышэйшай адукацыі тых, хто на сваіх працоўных месцах ажыццяўляе такую работу згодна з пасадай у штатным раскладзе, —бюджэтная (па накіраванні працадаўцы), двухгадовая (чатыры сесіі працягласцю ў адзін месяц кожная), завочная, але ўключае абавязковую працу ў дыстанцыйным фармаце ў міжсесійны перыяд. Такая перападрыхтоўка вядзецца тут з 2008 года, але калі ад самага пачатку яна была арыентаваная пераважна на супрацоўніцтва з установамі адукацыі — падрыхтоўку тых, хто працуе са студэнцтвам, то з 2013 года звернута ўвага і на прадстаўніцтвы працоўнай моладзі — арганізацыі і прадпрыемствы, дзе такая сістэмная праца, як са студэнтамі ва ўніверсітэтах, вядзецца не заўсёды.

— Выходзіць, што дзякуючы існаванню кафедры закручваюцца на прадпрыемствах небывалыя справы? Прынамсі, такое пытанне міжволі ўзнікла.

— Так ацэньваць сваю ролю мы, канешне, не можам, — гаворыць загадчык кафедры Алена Ігнатовіч. — Фактычна, работа з моладдзю ў нашай краіне вялася, вядзецца і будзе весціся. Але ўклад кафедры ў гэтую справу сапраўды немалы: яна рыхтуе прафесіяналаў — людзей, якія атрымліваюць адпаведную адукацыю ў рамках вучэбна–тэматычнага плана, распрацаванага так, каб забяспечыць слухачоў неабходнымі прафесійнымі кампетэнцыямі. Дарэчы, вучэбныя дысцыпліны і формы, метады, сродкі іх засваення пастаянна аднаўляюцца, ужываюцца разнастайныя тэхналогіі замацавання практычных навыкаў, вядзецца актыўны абмен вопытам.

Алена Ігнатовіч

Куды? Каго? Колькі? Як? «Амкадор», «Атлант», Аршанскі мясакансервавы камбінат, «Камволь», «Калібр», Гроднааблгаз, Беларуская АЭС, Федэрацыя прафсаюзаў, БРСМ…

— Мы рыхтуем спецыялістаў па рабоце з моладдзю для флагманскіх прадпрыемстваў і арганізацый, — працягвае расповед Алена Ігнатовіч. — Калі гаварыць пра колькасць падрыхтаваных, то іх не так шмат: за дзесяць гадоў працы кафедры набярэцца паўтары сотні. Але я заўсёды гавару, што галоўнае — гэта якасць. Адну групу з 25 чалавек мы рыхтуем на працягу двух гадоў. Але падрыхтаваны намі спецыяліст працуе з сотнямі і нават тысячамі маладых людзей — работнікамі прадпрыемстваў або студэнтамі. Адбор, дарэчы, вядзецца праз конкурс: мы знаёмімся з патэнцыйнымі слухачамі праз шэраг мерапрыемстваў, на якіх можна заўважыць, так бы мовіць, функцыянал і напрацаваныя навыкі. Той, хто на сваім прадпрыемстве мае вялікі практычны вопыт работы з моладдзю, безумоўна, у прыярытэце: заўсёды лепш мець справу з тымі, хто прафесіянал у практыцы, хоць і не мае грунтоўнай базы тэорыі. Падрыхтоўка ў нас разлічана на засваенне комплексу дысцыплін, у якім баланс тэорыі і практыкі пралічаны дасканала. Чаму важна спецыялісту, які прыходзіць да нас на вучобу, мець за плячыма практычны вопыт? Таму што яго стажыроўка, а таксама падрыхтоўка курсавога і дыпломнага праектаў праходзіць на яго ж прадпрыемстве.

Праз два гады сістэмнай работы, падмацаванай вучобай, спецыяліст рэалізуе на месцы ўласны арыгінальны праект. Тэматыку і праблематыку вызначае часцей прадпрыемства, якое, накіроўваючы свайго спецыяліста на вучобу, зацікаўлена не проста ў атрыманні ім якаснай агульнай падрыхтоўкі, а ў засваенні досыць канкрэтных, у поўным сэнсе прыкладных тэхналогій. Сярод дыпломных праектаў сустракаліся, да прыкладу, праекты па павышэнні працоўнай матывацыі сярод моладзі. Вядома, што матэрыяльнае заахвочванне далёка не заўсёды з’яўляецца стымулюючым фактарам для прадуктыўнай дзейнасці. Каб супрацоўнік меў унутраную патрэбу ўдасканальваць свой працоўны рэсурс, павінен дзейнічаць комплекс механізмаў і мер, у шэраг якіх можа ўвайсці нават унясенне змен у статут прадпрыемства …

— Яшчэ праблема: замацаванне моладзі на месцах размеркавання. Як паказаць маладому спецыялісту перспектывы яго кар’еры? А мы выкладаем адпаведную дысцыпліну пад назвай «Кар’ерны рост маладого спецыяліста», адкрываючы слухачам механізмы, якія дазваляюць рухацца ўгору.

Лекцыі тут могуць быць класічныя — і тады яны чытаюцца прафесарамі і дацэнтамі, якія прыходзяць з розных устаноў адукацыі, або спецыялістамі з «профільных» міністэрстваў і ведамстваў, а могуць быць такія, у якіх задзейнічаюцца спецыялісты з тых арганізацый, дзе валодаюць патрэбнымі тэхналогіямі так, як больш нідзе імі не валодаюць. Практычныя заняткі — самыя разнастайныя: у форме трэнінгаў, з кейсамі, квестамі, гульнямі і рознымі іншымі «нефарматамі», для правядзення якіх запрашаюцца крэатыўныя практыкі.

— А сярод гэтых 25 чалавек, якіх набірае кафедра кожныя два гады, ці ўсе з’яўляюцца моладдзю? У вас жа ўзнікла такое пытанне? Адказ: далёка не абавязкова.

— З аднаго боку, мы як кафедра маладзёжнай палітыкі трымаем пад увагай нарматыўнае разуменне паняцця «моладзь». Як запісана ў нашым заканадаўстве, гэта людзі ва ўзросце ад 14 да 31 года. З іншага боку, і сярод супрацоўнікаў, і сярод слухачоў шмат тых, хто старэйшы за гэты ўзрост, але яны маюць такі неверагодны патэнцыял, што ацэньваць якасць работы з моладдзю праз прызму ўзросту ніяк нельга.

Таму ўзрост і не яўляецца ўмовай для залічэння на такую вучобу.  

Як у кнізе Экзюперы

— Сённяшняя моладзь — якая? Розная. Але пераважна мабільная, амбіцыйная, патрабавальная, з высокім узроўнем крытычнасці мыслення і нестандартным бачаннем рэчаіснасці. Якія дысцыпліны трэба выкладаць спецыялісту па рабоце з такой моладдзю?

— З тэарэтычных дысцыплін мы даём педагогіку і псіхалогію, ідэалогію беларускай дзяржавы і менеджмент — арганізацыйны і кадравы, — уключаецца ў размову дацэнт кафедры Юлія Сяргеева. — У выкладанні практыкі абавязкова задзейнічаецца рэсурс нашых выпускнікоў. У прыватнасці, пры правядзенні тэматычных семінараў без такога патэнцыялу не абысціся. Пры гэтым нашы слухачы самі складаюць спісы тэм, распрацоўваюць планы, звязваюцца з выпускнікамі, дамаўляюцца аб правядзенні семінараў у звычайным фармаце або анлайн. Гэта, з аднаго боку, элемент вучобы, а з другога — падтрымка прафесійнай дзейнасці: праз новыя кантакты наладжваецца не толькі дзелавая камунікацыя, абмен вопытам, але нават сяброўства. Выпускнікі вельмі ахвотна адгукаюцца на такія запрашэнні, а іх інфармацыя — самая актуальная, «тут і цяпер» — вельмі добра ўспрымаецца нашымі слухачамі. Адзін чалавек на адным семінары расказвае 25 слухачам пра ідэю, якую рэалізуе на сваім месцы працы, 25 чалавек гавораць: «ОК, гэта крута», — і вязуць яе кожны ў свой рэгіён. Гэта ж і праўда крута! Праграма ўвогуле пабудавана так, каб аўдыторная работа найвыгоднейшым чынам карэлявала з неаудыторнай. Прысутнасць на цікавых мерапрыемствах, выяздныя заняткі, наведванне праектаў, якія ладзяцца калегамі...

Юлія Сяргеева

Такімі мабільнымі, гібкімі і насычанымі інавацыямі дазваляе быць праграмам кафедры завочная форма адукацыі.

— Слухачы прыязджаюць на сесію двойчы на год, і гэты задзел часу дае нам магчымасць рыхтавацца да іх прыездаў выключна якасна, — гаворыць Юлія Сяргеева.

Завочнае навучанне сумяшчаецца тут, як шмат дзе цяпер, з дыстанцыйным. На кафедры існуе веб–пакой «Пра моладзь і для моладзі». Гэта дазваляе арганізоўваць дыстанцыйныя кансультацыі і вебінары на прыярытэтныя тэмы, выбраныя слухачамі.

— Чым яшчэ мы адрозніваемся ад традыцыйных форм адукацыі? Як у кнізе Экзюперы, мы ў адказе за тых, каго прыручылі, — гаворыць Алена Ігнатовіч. — Ацаніўшы патэнцыял і рэсурс нашых выпускнікоў, мы стварылі грамадскае аб’яднанне — «Асацыяцыю спецыялістаў па рабоце з моладдзю». Гэта дазваляе нам не проста трымаць з імі сувязь, а мець платформу, асноўная роля якой — у метадычнай падтрымцы і пастаянным абнаўленні тэхналогій і метадаў работы з моладдзю. А яшчэ кожны год мы выпускаем зборнік серыі «Выхаванне ў сатворчасці». Апошні выйшаў пад назвай «Крэатыўны рэсурс работы з моладдзю». У сааўтарах — і нашы слухачы. Яны апісваюць свае практычныя формы работы, а мы дапамагаем ім пераасэнсаваць іх напрацоўкі тэарэтычна. Такім чынам, ідзе абмен–узаемаўзбагачэнне: мы напітваемся ад практыкаў, а практыкі напітваюцца ад нас. У працяг выдавецкай тэмы нельга тут не сказаць і пра часопіс «Моладзь і грамадства», уключаны ВАК Рэспублікі Беларусь у спіс выданняў для публікацый вынікаў даследаванняў па сацыялогіі і культуралогіі. Кафедра рыхтуе ўжо сёмы выпуск. Запрашаем навукоўцаў, аспірантаў і ўсіх, хто цікавіцца маладзёжнай тэматыкай, прыняць удзел.

Тут няма дыстанцыі паміж прафесарска–выкладчыцкім саставам і слухачамі як аудыторыяй. Адны другім у любым выпадку калегі. Ды яны такім тэрмінам і карыстаюцца.

Марафон паспяховых практык

— Важна тут расказаць пра адзіны наш значны рэспубліканскі праект, які ладзіцца ў два этапы — дыстанцыйны (збор заявак) і вочны: 18 снежня ў Мінску — вялікае фінальнае мерапрыемства. Назва праекта — «Марафон паспяховых практык спецыялістаў па рабоце з моладдзю».

Дыскусійныя пляцоўкі, фарсайт–дыскусіі, экспрэс–марафон–прэзентацыі… Падзяліцца вопытам, атрымаць кансультатыўную дапамогу, параіцца…

— Гэта не конкурс, а марафон, — удакладняе Алена Ігнатовіч. — Для ўдзелу ў ім зусім не важны маштаб ідэі, а важны вынік. Калі нехта правёў маленькую акцыю, у якой былі задзейнічаны ўсяго 2–3 чалавекі ў бібліятэцы аграгарадка, але яна значна паўплывала на мясцовую моладзь, то гэтая акцыя не менш заслугоўвае ўвагі, чым мерапрыемства, якое пакрыла ўсю рэспубліку. Марафон праходіць пры падтрымцы Міністэрства адукацыі і ўключаны ў План мерапрыемстваў па рэалізацыі падпраграмы 11 «Маладзёжная палітыка» на 2018 год Дзяржаўнай праграмы «Адукацыя і маладзёжная палітыка». Такім чынам, праз «Маладосць» мы запрашаем да ўдзелу ў марафоне ўсіх, хто ладзіць маладзёжныя праекты і жадае, каб пра іх паспяховыя практыкі пачулі іншыя. Дыстанцыйны этап адкрыты, чакаем заявак!

Святлана ВОЦІНАВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як у Беларусі развіваецца сектар беспілотнікаў

Як у Беларусі развіваецца сектар беспілотнікаў

Ён малады — сёлета яму спаўняецца 10 гадоў.

Спорт

Беларус Данііл Крывіцкі ў 15 гадоў гуляе ў футбол у іспанскім клубе

Беларус Данііл Крывіцкі ў 15 гадоў гуляе ў футбол у іспанскім клубе

 З перспектыўным футбалістам мы звязаліся, каб даведацца пра яго далейшыя планы, трэніроўкі ў «Інтэры» і жыццё ў Іспаніі.

Грамадства

Чаму лесапілка стала прадметам спрэчак сярод вяскоўцаў

Чаму лесапілка стала прадметам спрэчак сярод вяскоўцаў

Каб высветліць маштаб праблемы, журналіст «Звязды» накіравалася ў вёску Струпень.