Вы тут

Графічны дызайнер стала татуіроўшчыцай


Анастасія Стральцова па адукацыі архітэктар, яна дзесяць гадоў адпрацавала графічным дызайнерам у Мінску. За гэты час дзяўчына рэалізавала дзясяткі цікавых праектаў. А потым вырашыла спыніцца на мастацтве... татуіроўкі.


— Гэтая мара з'явілася ў мяне ў 15 гадоў. Тады на адным з тэлеканалаў ішла вядомая перадача «Маямскае чарніла» з шыкоўнай татуіроўшчыцай Кэт Фон Дзі. Натхніўшыся ёю, я зрабіла сабе першае тату. Але бацькі былі абураныя, калі ўбачылі маю «прыгажосць», сказалі, што «наколкі» не для дзяўчыны. Час ішоў, я скончыла архітэктурны факультэт, уладкавалася на працу. Здавалася, што справы ідуць нядрэнна, але ў 27 гадоў пачала адчуваць нерэалізаванасць, таму адважылася на кардынальныя перамены ў жыцці. Напачатку дапамогі з боку не было, вучылася мастацтву тату самастойна. Рабіла малюнкі на свіной скуры, агародніне, штучных матэрыялах.

Цікава, што Насця набівае татуіроўкі толькі па сваіх эскізах, у стылі мінімалізму, у якім, дарэчы, адчувае сябе ўпэўнена і свабодна. Адну і тую ж работу ніколі не паўтарае. На стварэнне эскізаў яе натхняюць думкі і ідэі кліентаў. Часцей за ўсё дзяўчына робіць тату на руках, сцёгнах, а вось на пальцах, вушах і ступнях — ніколі.

— Ці павінен быць сэнс у татуіроўкі?

— Лічу, што неабавязкова. Набіваючы сабе, магу прымеркаваць яе да пэўных падзей, а часам проста выбіраю тое, што візуальна падабаецца. На маім целе больш за 15 татуіровак, некаторыя ўжо ператварыліся ў адну суцэльную. У асноўным гэта кветкі і птушкі, але
ёсць і незвычайныя: жанчына, у якой замест верхняй часткі галавы расліна, парная татуіроўка з мужам, малюнкі розных жывёл, рыб, ягад і выява... лямпачкі. Да сваіх кліентаў я не лезу з роспытамі аб сэнсе тату, лічу, што гэта асабістая справа кожнага.

Падчас нашай гутаркі Насця расказала, што, па яе назіраннях, дзяўчаты лепш пераносяць боль, чым хлопцы. Але абагульняць не варта, бо ў кожнага чалавека свой балявы парог: для аднаго набіваць малюнак на скуры балюча, для другога — прыемна.

Ад чаго залежыць колер татуіроўкі? Бывае, што чорны праз тыдзень-два становіцца зялёным. Як гэтага пазбегнуць? Суразмоўніца кажа, што такога быць не павінна, калі гэта здарылася, значыць, вам зрабілі тату няякаснымі пігментамі. Таму набіваць малюнак трэба ў салоне з добрай рэпутацыяй.

— Добры спецыяліст, які знайшоў свой стыль, прыйшоў да поспеху самастойна, будзе запатрабаваны заўсёды. Важна любіць сваю справу, а не проста зарабляць грошы, — дзеліцца Насця. — Напрыклад, на пачатку свайго прафесійнага шляху я разумела, што трэба развіваць навык малявання. Не ва ўсіх тату-майстроў ёсць такі прыроджаны талент, у маім выпадку ён набыты. Не лішнім будзе напомніць і пра тое, што залог паспяховай кар'еры ў наш час — добрая піяр-кампанія. Многія кліенты знаходзяць мяне праз «Інстаграм». Эскізы работ на сваёй старонцы я публікую кожны дзень, каб чалавек мог зразумець, падабаецца яму мая творчасць або не. А каб зачапіць вока патэнцыйных кліентаў яшчэ больш, раблю фатаграфіі эстэтычнымі, у адзіным стылі.

Дар'я ШЛАПАКОВА, студэнтка ІV курса факультэта журналістыкі БДУ

Загаловак у газеце: Мінімалізм на кончыку іголкі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?