Вы тут

Гісторыя і геаграфія «залатога чалавека» з музея


Для 23-гадовага Багдана Гольманта, ураджэнца Лідчыны, месцам размеркавання стаў Чэрвеньскі раённы краязнаўчы музей. На працы ён — старанны навуковы супрацоўнік, экскурсавод, дома — узорны муж і тата. Цікавіцца гісторыяй родных мясцін і адначасова стварае гісторыю свайго жыцця. Якую ён абавязкова раскажа нашчадкам...


У дзяцінстве Багдан марыў стаць, як сам кажа, «лётчыкам-верталётчыкам». Але ў выніку на выбар будучай прафесіі паўплывала школьнае захапленне гісторыяй.
У пачатку сёмага класа ён цалкам прачытаў свае падручнікі па «Сусветнай гісторыі» і «Гісторыі Беларусі», потым — кнігі старэйшага брата за наступны год. Калі ж былі адолены і яны, узяўся за дадатковую літаратуру.

У сям'і Багдана не было ніводнага навукоўца. Але яго бацька-электрык імкнуўся стварыць радавод, маці шмат чытала. У сям'і хлопец быў экспертам, прафесійна адказваў на пытанні бацькоў і сяброў. Таму сумненняў не было: Багдану трэба на гістфак.

— Паступіць адразу не атрымалася, — прыгадвае Багдан. — Спачатку я вырашыў адпачыць год перад наступнай спробай. Але падумаў: навошта дарма сядзець? І скончыў вучылішча. Не абмінуў долі стаць электрыкам, як бацька. (Усміхаецца.) Далей пайшоў вучыцца ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў на музеязнаўства. Маімі выкладчыкамі былі сапраўдныя прафесіяналы, вядомыя гісторыкі. Напрыклад, Алег Анатольевіч Трусаў расказваў пра часы, у якія жыў сам, бо пра іх мала было напісана ў кнігах. Што-што, а цікава расказваць ён умее. (Усміхаецца.) А Ірына Навумаўна Колбава змагла захапіць мяне нумізматыкай. Ад яе даведаўся, што гісторыя нашых грошай насамрэч багатая...

Гісторыя сям'і Багдана таксама багатая і цікавая.

— Па нацыянальнасці мы — палякі, — гаворыць ён. — А вось прозвішча, хутчэй за ўсё, анямечанае. Гольмант сугучна з «гольдман», што ў перакладзе з нямецкага — «залаты чалавек». Была версія, што яно аднекуль з Ірландыі... (Смяецца.) Маці — таксама з польскімі каранямі. Што цікава, сам Багдан польскую мову вывучыў толькі ва ўніверсітэце. Яна спатрэбілася для курсавой працы па геральдыцы. «Вырашыў я пісаць пра польскі герб, — расказвае хлопец. — А ў нашых бібліятэках інфармацыі было вельмі мала. Давялося шукаць у польскіх крыніцах. Знаходзіў сайты, сам перакладаў, пісаў — мне падабалася».

А яшчэ Багдан добра размаўляе па-беларуску і вядзе на беларускай мове экскурсіі ў музеі. У прыватнасці, ездзіць з выстаўкамі па школах, расказвае пра ордэны і медалі Вялікай Айчыннай вайны.

— Мне падабаецца мая прафесія, — кажа Багдан. — Знаёмлюся з творчымі людзьмі, маю стасункі з дзецьмі, тлумачу ім штосьці, як настаўнік. Бывае, вядома, цяжка. Напрыклад, распісваю я сабе экскурсію пра ўзнагароды для 13-14-гадовых, а прыводзяць першакласнікаў. Тады мяняю тактыку. Тут трэба і сур'ёзным быць, і зрабіць так, каб цябе зразумелі... А яшчэ для нашай прафесіі патрэбна фантазія. Калі расказваем гісторыю карціны, пра якую аўтар амаль нічога не гаварыў, даводзіцца штосьці выдумляць, хоць я гэтага і не люблю. Здараецца, што мастак прыходзіць на выстаўку сваіх карцін і чуе: «У гэтым творы аўтар хацеў выказаць свой боль...» Мастак паслухае-паслухае і скажа: «Мабыць, так, мабыць, так. Я і не думаў пра гэта раней, а вось цяпер дакладна...». Гэта смешна.

Калектыў музея і бібліятэкі Багдану таксама даспадобы. «Я ўсім на дні нараджэння вершыкі па-беларуску пішу, — кажа ён. — За год ужо кожнага так павіншаваў. А яны мне ў адказ калектыўна напісалі. Весела было».

...Дарэчы, ва ўніверсітэце Багдан не толькі набыў прафесію, але і жонку сабе знайшоў. «Я вучыўся на музейнай справе, Ганна — у паралельнай групе, на менеджменце па турызме. Убачыліся, разгаварыліся, пачалі сустракацца. Пабраліся шлюбам на трэцім курсе, таму паспелі разам пажыць у інтэрнаце. Цяпер яна са мной, у Чэрвені. Гадуе нашу маленькую Кірачку».

Адпрацоўваць Багдану засталося менш за год. Гаворачы пра далейшыя планы, ён кажа, што хоча вярнуцца на радзіму, у Ліду, і працаваць у мясцовым краязнаўчым музеі. Паляпшаць існуючыя экспазіцыі, прыдумляць новыя, вывучаць і дапаўняць гісторыю родных мясцін.

Юлія АДАМОВІЧ, студэнтка ІV курса факультэта журналістыкі БДУ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?