Вы тут

Міжнародны фестываль JАZZіnMіnsk збярэ сусветна вядомых выканаўцаў


22—25 лістапада на пляцоўках Палаца прафсаюзаў і Палаца Рэспублікі пройдзе ўжо сёмы Міжнародны джазавы фестываль JАZZіnMіnsk, які дазволіць публіцы пачуць жыўцом найлепшых выканаўцаў з ЗША, Бразіліі, Нідэрландаў, Іспаніі, Францыі, Латвіі, а таксама — упершыню — афра-карыбскі аркестр музыкантаў з Марцінікі, Пуэрта-Рыка, Гаіці, Трынідада, Ямайкі і Антыгуа.


У праграме — некалькі дзясяткаў імёнаў, у тым ліку зоркі балтыйскага джаза Эвеліны Пратэкторэ, вядомага ўсяму свету па фільме «Браты Блюз» саксафаніста Уіла Полака з Канзас-Сіці, выдатнага гітарыста Элісеа Ларэда, легендарнага спевака, флейтыста, саксафаніста і бубнача Дэдэ Сен-Пры, які сумяшчае тытулы найлепшага музыкі Афрыкі і рыцара Ганаровага легіёна Францыі...

«Мінск — сапраўдная сталіца сусветнага джаза!» — сцвярджае кіраўнік Джаз-клуба і музыкант Яўген Уладзіміраў, прадстаўляючы фэст. У якасці доказу выконвае на ўнікальным клавішным трамбоне некалькі пазнавальных мелодый і нагадвае, што ўжо больш як 15 гадоў у Палацы прафсаюзаў штомесяц праходзяць канцэрты так званага джазавага абанемента, а фестываль, як флагманскі праект, збірае добрую сотню знакамітых джазменаў з усяго свету.

«Часта гавораць, што джаз — музыка чорных. Але ў нас выступаюць і чорныя, і белыя, і жоўтыя, і абсалютна ўсякія музыканты, суцэльны інтэрнацыянал, які дэманструе, што джаз — музыка, якой падуладныя ўсе кантыненты», — гаворыць старшыня аргкамітэта фестывалю, старшыня прэзідыума Рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальніцтва Уладзімір Карагін. Дзякуючы яму фестываль мае падтрымку з боку як дзяржаўных, так і бізнес-структур, ад Міністэрства замежных спраў і Мінінфармацыі да «Белавія» і аўтамабільных брэндаў. Мінскі фэст выклікае ўвагу мноства замежных слухачоў. Сёлета, напрыклад, спецыяльна прыедзе публіка з Фінляндыі, Швецыі, Польшчы, Латвіі і Украіны, якая жадае і пачуць знакамітых джазменаў, і наладзіць бізнес-сувязі з беларускімі прадпрымальнікамі.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».