Вы тут

Апытанне: наколькі вы экасвядомыя?


Экалагічная адукацыя, змена спажывецкіх звычак і сартаванне адходаў ці забароны і абмежаванні на вытворчасць непрыдатнай для перапрацоўкі прадукцыі, стварэнне новых тавараў, якія могуць вырабляцца з другасных рэсурсаў, і выкарыстанне смецця як паліва. Беларусі яшчэ давядзецца выбіраць свой шлях да жыцця без адходаў...


У найбліжэйшы час мы можам застацца без аднаразовага посуду, саломінак для кактэйляў і ватных палачак. Ва ўсялякім разе, у хуткім часе яны знікнуць у Еўрасаюзе. І гэта толькі адзін з крокаў па барацьбе з пластыкам.

За апошнія пяцьдзясят гадоў ужыванне пластыку ў Еўропе павялічылася ў 20 разоў. Сінтэтычныя палімеры, танныя і зручныя для спажыўцоў, замянілі паперу, дрэва, шкло. Пры гэтым значна сталі прырастаць звалкі, пераважна дзякуючы аднаразовай упакоўцы. І калі Еўропа пачала тануць у смецці, якое аказалася складана, а то і немагчыма перапрацаваць, эколагі забілі трывогу. У адказ на іх выступленні ў Еўрасаюзе былі прыняты адпаведныя заканадаўчыя акты і распрацавана цэлая стратэгія па абыходжанні з адходамі. Натуральна, адна з асноўных задач, якую трэба вырашаць сёння, — скарачэнне вытворчасці пластыку, які не можа быць перапрацаваны.

Зразумела, Беларусь не зможа застацца ўбаку і нам давядзецца таксама вырашаць «пластыкавую праблему». Напэўна, нашым вытворцам ужо цяпер варта падумаць пра альтэрнатыву сінтэтычным палімерам. А спажыўцам пачаць прызвычайвацца абыходзіцца хаця б без таго ж аднаразовага посуду і поліэтыленавых пакетаў.

Шмат намаганняў да барацьбы з адходамі прыкладаюць беларускія экалагічныя арганізацыі. Часам іх праекты, якія пачыналіся як валанцёрская справа, перарастаюць у экалагічны бізнес. Пры гэтым яны спрабуюць адвучыць беларусаў ад дрэнных, «экалагічна недружалюбных» звычак.

Сацыялагічнае апытанне, праведзенае Цэнтрам экалагічных рашэнняў, паказала, што 55 працэнтаў беларусаў маюць у сваёй шафе адзенне, якое надзявалася ўсяго пару разоў. Але незапатрабаваным рэчам можна знайсці прымяненне. Так, дабрачынны магазін «Калі ласка» прымае непатрэбнае адзенне і перадае людзям, якія трапілі ў складанае матэрыяльнае становішча.

Сацыялагічнае апытанне таксама засведчыла, што 39 працэнтаў жыхароў краіны выкідаюць рэшткі ежы. І гэта эканомныя беларусы! Ужо з'явілася ініцыятыва «Мінскі кошык», якая працуе з гэтай праблемай. Актывісты прыдумалі, што рабіць з рэшткамі ежы, пратэрмінаванымі прадуктамі і таварамі супермаркетаў, тэрмін прыдатнасці якіх хутка скончыцца.

Актывісты паклапаціліся і пра тое, як абараніць спажыўца ад лішніх пакупак. Напрыклад, каб павесіць карціну, зусім не абавязкова набываць дрыль, яе можна ўзяць у бібліятэцы інструментаў.

Хутка знайшлася альтэрнатыва поліэтыленавым пакетам. Так, сёння можна не толькі набыць тканінавыя торбы і спецыяльныя шматразовыя фасовачныя пакецікі, але і самім навучыцца іх шыць (праект «ТорбаШоу»).

Усе вышэй згаданыя ініцыятывы скіраваныя на тое, каб мяняць паводзіны спажыўца, адвучаць яго ад тавараў, якія потым запаўняюць нашы сметніцы. Але ці многія людзі адразу змогуць пераключыцца на экалагічна дружалюбны лад жыцця?

Пакуль гаварыць пра татальную «экасвядомасць» насельніцтва не даводзіцца. Нават прывучыць людзей збіраць адходы асобна аказалася не так проста. Многія яшчэ не даносяць другасныя рэсурсы да каляровых кантэйнераў. Некаторыя пры гэтым заяўляюць: «Навошта сартаваць, калі ўсё смецце забірае адна машына?» Насамрэч змесціва каляровых кантэйнераў пасля трапляе на сартавальныя пункты, і ад 20 да 80 працэнтаў яго ідзе на перапрацоўку. З агульных жа кантэйнераў можна пусціць у справу не больш за 10 працэнтаў адходаў.

Што рабіць?

Шмат намаганняў, накіраваных на пераўтварэнне адходаў у другасныя рэсурсы, робіцца дзяржорганамі. Пытанне, прысвечанае гэтай тэме, будзе разглядацца на парламенцкіх слуханнях у наступным годзе. Але сёння варта задумацца і над тым, што рабіць, каб звычайныя жыхары маглі дапамагаць у вырашэнні «смеццевых» пытанняў, якіх, на жаль, менш не становіцца. Як змагацца з несанкцыянаванымі звалкамі? Што перашкаджае людзям сартаваць адходы? Як паўплываць на вытворцаў, якія вырабляюць тавар, непрыдатны для перапрацоўкі? Каму і як перашкаджае смецце? І якія шляхі для вырашэння такіх праблем бачаць нашы чытачы? «МС» усіх запрашае да дыскусіі.

Дасылайце свае меркаванні ў рэдакцыю на адрас: газета «Звязда», вул. Б. Хмяльніцкага, 10а, 220013, г. Мінск з паметкай «для «МС». Ці на электронны адрас: іnfо@zvіаzdа.bу.

А яшчэ мы прапануем чытачам прыняць удзел у нашай экалагічнай апытанцы. Кожны тыдзень мы будзем падводзіць яе вынікі і змяняць пытанні, каб даведацца, наколькі «экасвядомыя» нашы чытачы.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Загаловак у газеце: Крокі да экалогіі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».