Вы тут

Як высяляюць тых, хто не аплочвае камунальныя паслугі


Людміле 62. Яна жыве ў аднапакаёвай кватэры, якая аформлена ва ўласнасць не да канца. Тут даўно адключаныя электрычнасць і халодная вада. Каля трох гадоў яна не атрымлівае пенсію, бо згубіла пашпарт, сваякоў не мае. За камунальныя паслугі жанчына вінаватая каля трох тысяч рублёў... Гаспадыня сталічнага жылля, доўг якой блізіцца да 7000 рублёў, ужо два гады як памерла, а доўг застаўся. Кватэра ўвесь гэты час стаіць адамкнёная. Сваякі не спяшаюцца прымаць такую спадчыну, працягваючы жыць у інтэрнаце... Падобных гісторый у «камунальным» жыцці вялікага горада хапае. Але чамусьці злосныя неплацельшчыкі ўпэўненыя, што да крайняй меры — высялення з жылплошчы — ніхто прыбягаць не будзе. А дарэмна. У гэтым давялося пераканацца, прычыніўшыся да аднаго такога высялення ў Першамайскім раёне сталіцы. 46-гадовая Вольга жыла ў арэнднай двухпакаёўцы, за якую завінавацілася дзяржаве амаль 4000 рублёў. Некалькі дзён таму яна пазбавілася сталічнай рэгістрацыі і фактычна апынулася на вуліцы.


Вас высяляюць, акурат зараз

Палова дзясятай раніцы. Вольга дома з сяброўкай Таццянай. Стук у дзверы. Прыйшлі службовыя асобы. Гаспадыня ўпускае нас усіх у кватэру. У паветры моцны застаялы тытунёвы смурод. Жыллё недагледжанае і запушчанае, некалі пабеленая столь на кухні чорная, аднак дзверы-вокны цэлыя, нават букет хрызантэм у вазе... Заношаная бялізна на незасланых канапах і мяккія звяры-цацкі на стале. Магніцікі, прылепленыя да пліты, цацачны драўляны домік... Брудна, але не страшна.

Думаецца, жанчына не здзіўлена прыходам такой дэлегацыі, хоць намагаецца паказаць, што для яе гэта нечаканасць:

— Я нічога не ведала. Лісты ніякія не атрымлівала. У нас вунь нават скрыні паштовай няма, садралі са сцяны, гляньце.

— Такія паперы мы высылаем заказнымі пісьмамі, іх трэба забіраць з пошты. Сёння мы вас па законе высяляем. Неатрыманне карэспандэнцыі не вызваляе ад адказнасці, —
тлумачыць ёй Ксенія Каршак, судовы выканаўца аддзела прымусовага выканання (АПВ) Першамайскага раёна, паказваючы судовае прадпісанне на высяленне.

— Дык мне на рукі ніхто не выдаваў ніякіх лістоў. Я ж павінна была за іх распісацца.

Гэтая заўвага Вольгі пацвярджае, што яна, як і многія даўжнікі, лічыць, што калі пошту не атрымліваць, то быццам бы нічога і не павінны, а дзяржава папалохае, але нічога не зробіць, абыдзецца ўсё як-небудзь. Пра тое, што аплачваць камунальныя паслугі трэба папярэдне, проста каб іх атрымаць, як гэта робіцца ў многіх краінах, а не праз месяц пасля іх спажывання, — як у нас, яны нават чуць нічога не хочуць.

Спачатку судовы выканаўца дае гаспадыні час да 21 лістапада, каб сабраць рэчы і вывезці іх з хаты, бо тое, што застанецца, ужо не будзе ёй належаць.

— Вы ўвогуле збіраецеся вывозіць рэчы?

— Я думаю, мяне не выселяць.

— Вас ужо высяляюць, вось акурат зараз.

— Дык а куды ёй ісці? — абураецца сяброўка Таццяна. — Гэта як бомж атрымліваецца? З якой ласкі?

Калі я пытаюся, ці не зможа яна даць часовы прытулак Вользе з рэчамі ў сябе, адказвае: «У мяне свая сям'я, і дзеці, і ўнукі».

— А калі я падам апеляцыю і дакажу, што не атрымлівала карэспандэнцыю?

— Судовае рашэнне ўступіла ў законную сілу і не падлягае абскарджанню. У вас быў на ўсё гэта час. Цяпер ідзіце ў юрыдычную кансультацыю і высвятляйце што да чаго, калі хочаце, аднак гэтае жыллё вы ўжо не вернеце, — кажа Ксенія Каршак.

Вольга сцвярджае, што з лета плаціць па 120—150 рублёў са свайго заробку. Сапраўды, з ліпеня яна ўладкавалася прыбіральшчыцай на завод па дагаворы падраду, увечары яшчэ ў кафэ падпрацоўвае пасудамыйкай. Аднак гэта здарылася ўжо пасля суда, куды яна не з'явілася, і які выдаў прадпісанне аб высяленні.

Пытанне, чаму жанчына працаздольнага ўзросту, якая мае рукі і ногі, не пайшла на работу раней, у гэтай сітуацыі, хутчэй, рытарычнае. Як і спроба даведацца, чаму яна не прыватызавала кватэру. Не хацела быць уласнікам? Няхай сабе. Аднак калі стала вядома, што акрамя камуналкі прыйдзецца плаціць яшчэ і за карыстанне жыллём, якое знаходзіцца не ва ўласнасці, можна было падумаць, што сумы павялічацца? І не трэба гаварыць, хто там тыя ўказы чытае — чуткамі свет поўніцца — усе ведалі пра тэрміны на прыватызацыю і наступствы падзялення жылля на прыватызаванае і камерцыйнае.

— Не стойце, збірайце рэчы, не затрымлівайце наш час. Інакш выйдзеце ў тым, што на вас надзета, — далучаецца да размовы толькі што падышоўшая прадстаўніца прадпрыемства «Домэнергасэрвіс» — уласніка кватэры даўжніка.

Усе спадзяванні на адтэрміноўку для Вольгі знікаюць, яна пачынае пакаваць рэчы.

Сабраць 30 гадоў жыцця за дзве гадзіны

Жанчына да апошняга не верыць, што гэта яе апошнія хвіліны ў кватэры, дзе яна пражыла 30 гадоў. У вачах адчай, слёзы, надзея... У мяне самой камяк у горле, хоць разумею, што ўгаворы, тлумачэнні і лісты да Вольгі прыходзілі не адзін год, перш чым сітуацыя дакацілася да апошняй кропкі. Яна не прыходзіла на сустрэчы з судовым выканаўцам, не з'явілася на суд. Проста не хацела нічога мяняць і не верыла, што яе сапраўды ўрэшце выселяць.

— Наконт пагашэння даўгоў з Вольгай неаднаразова размаўлялі супрацоўнікі міліцыі, РДЦ, тлумачылі і расказвалі, што яе чакае, і што ёй трэба зрабіць. Даўгі ў яе былі ўвесь час, а гэта не адзін год, і нават не дзесяць. Перыядычна яна нешта плаціла, аднак запазычанасць да канца так і не пагашалася, — кажа Марына Корбут, намеснік начальніка разлікова-даведачнага цэнтра (РДЦ) № 6 Першамайскага раёна. — Яна не працавала, на што існавала — невядома. Неяк прыйшлі з міліцыянерам да яе, а яна на лаўцы перад пад'ездам ляжыць нецвярозая. Забралі яе ў выцвярэзнік. А што з яе возьмеш?

— Я не разумею, што мне рабіць, — пачынае плакаць Вольга. — Дайце мне час да 21-га, можа, я знайду грошы на аплату.

— У вас быў час выправіць сітуацыю яшчэ да чэрвеньскага рашэння суда, на які вы не з'явіліся. Выканаўчае вядзенне ў дачыненні да вас распачата 12 верасня, і даўно выйшлі ўсе тэрміны на зборы. Усе лісты, якія мы вам дасылалі, назад вярнуліся, таму што вы іх не атрымлівалі, — не пагаджаецца судовы выканаўца.

Службовыя асобы прапануюць пазваніць сябрам, знаёмым, каб яны дапамаглі сабраць рэчы і вынесці іх. У кватэры няма нічога каштоўнага, што можна было б арыштаваць і рэалізаваць ва ўлік спагнання доўгу.

Жанчына ўсё ж пачынае збіраць дакументы, асабістыя рэчы. З секцыі дастае закаткі, кажа, у суседзяў іх рабіла, там жа і ежу гатавала, бо пліта электрычная і, зразумела, без святла, якое ўжо даўно адключана, не працуе.

Вольга пакуе бялізну, знімае са сцен фатаграфіі. З крэсла за ўсім моўчкі назірае 16-гадовы Джэк — сабака быццам разумее, што гэта яго апошняя магчымасць пабыць у цяпле. У каробкі складваецца мноства шкляных і крыштальных чарак, келіхаў, ваз — посуд, як мноства мастацкіх кніг, таксама сведчыць пра былы дабрабыт сям'і. Кнігі жанчына таксама збірае, гартае старонкі, успамінае нешта. Калі каробкі канчаюцца — проста загортвае рэчы ў дзяругі. У пад'ездзе пакрысе вырастае гара няхітрага скарбу.

Жанчына не абураецца, не крычыць. Проста хапае розныя рэчы, узважваючы, браць іх ці не. Час ад часу просіць дазволіць ёй выправіцца і пачынае плакаць. У паветры адчуванне адчаю і бязвыхаднасці, і нават думкі, што яна сама давяла сваё жыццё да такой кропкі, не дапамагаюць.

Слесар пачынае мяняць замок у дзвярах...

Таццяна звоніць яшчэ адной сяброўцы Вольгі, просіць прынесці сумкі, каб дапамагчы сабрацца. Тая прыходзіць з сабакам і адразу з парога:

— Так, я не разумею, што тут адбываецца? Яна ж плаціць штомесяц па меры магчымасці. За што? Ну, давайце, выкіньце яе на вуліцу!

— Усё робіцца па законе, — адказвае Ксенія Каршак.

Жанчына так разыходзіцца, што пачынае абражаць службовых асоб, пакуль ёй не нагадваюць, што выклічуць міліцыю.

Вядома, шкада, што так атрымалася, аднак, як бачна, рэальна дапамагчы грашыма Вользе ніхто з сяброў не спяшаўся. Верылі, што не бывае такога, каб чалавека на вуліцу выставілі за даўгі. Але ж калі здымаеш жыллё ў прыватнага гаспадара — або плаціш, або з'язджаеш, і ніхто ў гэтым не пярэчыць. Чаму ж у аналагічнай сітуацыі з уласнікам — дзяржавай — павінна быць інакш?

Не будзеш плаціць — адключым святло

У кватэры зробяць рамонт і выдзеляць жыллё тым, хто мае ў ім патрэбу. А даўгі застануцца за папярэднімі кватарантамі. Спрабаваць спагнаць запазычанасць можна яшчэ тры гады пасля гэтага. Да поўнага пагашэння або прыняцця рашэння, што гэта немагчыма.

На рабоце ў кафэ Вольгу сёння падменіць Марыя, яе суседка, якая разам з ёй падпрацоўвае пасудамыйкай:

— Так шкада. Хоць бы які пакойчык ёй далі. Я ж ёй казала, ідзі працуй, хоць за капейкі. Летам вунь назбірай ягад, здай ці закатак нарабі. Ну пойдуць табе насустрач з доўгам. Сяброў, гэтых выпівох, на парог не пускай!

— Пойдзем да мяне, — кажа Таццяна. — Куды табе дзецца...

Вольга з сяброўкамі стаіць каля пад'езда побач з клункамі з няхітрым хатнім скарбам, яшчэ больш рэчаў засталося на лесвіцы. Пакуль жанчыны вырашалі, да каго з іх цяпер ісці Вользе, Джэк намагаўся вярнуцца з холаду ў цёплую хату. Сабаку ў гэтай гісторыі, здаецца, не пашанцавала больш за ўсіх — наўрад ці ў яго ёсць сябры і сваякі, якія дадуць прытулак хоць бы на нейкі час. А для Вольгі іспыты таксама толькі пачынаюцца... І вінаваціць у гэтым, думаецца, няма каго, акрамя сябе.

— Нядаўна з камерцыйнага жылля, якое будавалі для прафесарска-выкладчыцкага складу, сям'ю дацэнта БДУ выселілі. У яго доўг быў за трохпакаёўку 3300 рублёў. На званкі ні ён, ні жонка не адказвалі, на нас рэагавалі агрэсіўна. Пасля спаганялі доўг па месцы працы, — успамінае Марына Корбут. — Тут ужо не спішаш нявыплаты на тое, што чалавек п'е. У гэтым жылым комплексе ў нас, дарэчы, шмат даўжнікоў. Не разлічылі магчымасці заробкаў людзей і платы за карыстанне памяшканнямі павышанага камфорту.

Калі чалавек не аплаціў камунальныя паслугі ў тэрмін, на наступны ж дзень, 26 чысла, ён атрымае па тэлефоне паведамленне пра гэта. З гэтага ж дня на камуналку налічваецца пеня за пратэрмінаваную запазычанасць: штодзень 0,3 % ад сумы доўгу.

— Магчыма, жыхары проста забыліся заплаціць ці не паспелі, захварэлі ці з'ехалі куды. Тады яны проста дзякуюць і аплачваюць. Часам, і самі прыходзяць, кажуць, што зарплату затрымалі, таму пазней аплацяць. Вядома, да такіх людзей мы ніякіх санкцый не прымяняем, — кажа прадстаўніца РДЦ. — Калі ж паслугі не аплачваюцца ўжо два месяцы, то мы рыхтуем спіс такіх даўжнікоў. А супрацоўнікі камунальных службаў уручаюць ім пад роспіс апярэджанне, што прыпыняць аказанне камунальных паслуг, дакладней — абслугоўванне электралічыльніка.

 

Пасля гэтага на аплату даецца пяць дзён. Калі аплаты няма — электрычнасць адключаць. Калі і гэта не падзейнічала — мерай уздзеяння становіцца выканаўчы надпіс. Гэты дакумент накіроўваюць па месцы працы даўжніка, у фонд сацыяльнай абароны (калі вінен пенсіянер) або ў аддзел прымусовага выканання. Калі натарыус не можа вынесці выканаўчы надпіс, звяртаюцца ў суд па пастанаўленне аб утрыманні, тлумачыць спецыяліст.

Калі жыхары абыходзяцца без святла, не працуюць, не атрымліваюць пенсію, не маюць маёмасці і працягваюць не плаціць камуналку, ім уручаецца папярэджанне аб высяленні за даўгі. Праз месяц пасля гэтага іх з камерцыйнага жылля можна высяляць. На практыцы з моманту атрымання выканаўчага надпісу да высялення з камерцыйнага (арэнднага) жылля можа прайсці да паўгода. Прыватызаваную маёмасць страціць цяжэй. У такім выпадку папярэджанне аб адчужэнні маёмасці ўручаецца гаспадарам пасля шасці месяцаў запазычанасці. На выплату даўгоў ім даецца год. Калі нічога не мяняецца, кватэра прадаецца з таргоў, а за грошы, якія засталіся пасля выплаты даўгоў, даўжнікам набываюць іншае жыллё.

 

У любым выпадку, калі ты апынуўся ў складанай жыццёвай сітуацыі, страціў работу, няма грошай плаціць цяпер, заўжды можна папрасіць дапамогі. Зрэшты, проста расказаць сваю сітуацыю і спытацца, што рабіць, а не чакаць, пакуль прыйдуць цябе высяляць.

— З гэтага года можна складаць графік пагашэння запазычанасцяў роўнымі часткамі з улікам камунальных плацяжоў, — дадае Марына Корбут. — Зыходзячы з сумы доўгу і фінансавых магчымасцяў чалавека, асноўны доўг можна падзяліць і сплачваць на працягу трох месяцаў, паўгода, года. Пеня будзе налічвацца, аднак у адносінах да чалавека не будзе весціся выканаўчая вытворчасць і ён не будзе лічыцца злосным неплацельшчыкам.

Ірына СІДАРОК

Фота Андрэя САЗОНАВА

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.