Вы тут

Як мінчане шукалі работу на кірмашы вакансій


«Нашы мужчыны едуць у Расію на заработкі, а потым плачуць, што ў працоўнай кніжцы запісу няма. А нам аддзелачнікі вельмі патрэбны!» — кажа кадравік мінскага будаўнічага прадпрыемства. Больш за 100 арганізацый сабраў учора ў сталіцы агульнагарадскі кірмаш вакансій. Каго шукалі наймальнікі і што чакаюць ад работы саіскальнікі — у нашым рэпартажы.


Не ўмееце — навучым

Па назіраннях сталічнай службы занятасці, 70 працэнтаў беспрацоўных арыентаваны на рабочыя прафесіі. На кірмашы можна было знайсці шмат прыдатных прапаноў. Так, хлебазаводу № 2 патрабуюцца пекар, фармоўшчык цеста, укладчык. Заробкі — ад 500 да 700 рублёў. «Керамін» сваім супрацоўнікам гатовы плаціць больш — 800—900 рублёў. Па некаторых спецыяльнасцях — кантралёр-прыёмшчык вырабаў, апраўшчык-чысцільшчык — на заводзе можна прайсці навучанне.

— Яно цягнецца месяц-паўтара, — удаецца ў дэталі кадравік. — Аплата працы ў гэты час будзе, але, вядома, у меншым памеры — каля 300 рублёў. Адзіны мінус — гэтыя прафесіі цяжкія фізічна, бо звязаны з вытворчасцю вырабаў. Унітаз можа важыць 30 кілаграмаў!

Арганізаваць навучанне, калі трэба, гатова і прадпрыемства «Белмедпрэпараты». Напрыклад, па такіх спецыяльнасцях, як апаратчык стэрылізацыі, дазіроўшчык медыцынскіх прэпаратаў. Заробкі абяцаюць ад 480—560 рублёў.

Мінскі падшыпнікавы завод набірае кавалёў на молатах і прэсах (калі маеце чацвёрты-пяты разрад, будзеце атрымліваць ад 800 рублёў у месяц), токараў (на тыя ж грошы), шліфоўшчыкаў (ад 600 рублёў), фрэзероўшчыкаў (800—900 рублёў).

Ёсць прапановы і для некваліфікаванай працы. Бадай, самая папулярная вакансія — прыбіральшчык. Плацяць няшмат — ад 300 да 400 рублёў. У 12-ю гарадскую клінічную стаматалагічную паліклініку неабходны санітарка і дворнік.

— Вакансіі хутка закрываюцца, так што думайце, — кажа прадстаўнік медустановы мужчыну, які зацікавіўся прапановамі.

— А сталовая ў вас ёсць? — пытаецца той.

— Ёсць абсталяваны пакой прыёму ежы.

Калі ўзрост — перашкода

Кадраў не хапае ў гандлі. Так, гандлёвы дом «Палессе» шукае прадаўца, кантралёра-касіра, кухара, кандытара. Прапануюць 500—600 рублёў у залежнасці ад разраду. У гіпермаркетах Рrоstоrе гатовы плаціць на 100—200 рублёў больш. «Графік — два праз два, 12-гадзінная змена. Ёсць магчымасць падпрацоўкі для студэнтаў: аплата пагадзінная, час работы яны самі выбіраюць», — расказвае прадстаўнік сеткі.

У ЦУМе, акрамя прадаўца, неабходны кладаўшчык, грузчык і ахоўнік. Заробкі — каля 600 рублёў. З бонусаў — зніжка на абеды 30—40 працэнтаў у месцах грамадскага харчавання ўнівермага.

Адна з жанчын цікавіцца ў наймальнікаў вакансіямі бухгалтара.

— Я ездзіла ў Маскву, дапамагала дачцэ, толькі нядаўна ў Мінск вярнулася, — дзеліцца яна. — Па адукацыі я таваразнаўца, але вопыт бухгалтара ёсць. Пра заробак не думала — галоўнае, работу знайсці. Шмат адмоў атрымлівала. Мне 51 год, многія не хочуць браць з-за ўзросту — так адкрыта і кажуць. Хоць там, куды звярталася, дагэтуль бухгалтары патрабуюцца.

На кірмашы жанчына ўсё ж зацікавіла аднаго з работадаўцаў — яе запісалі на заўтра на гутарку.

Пра складанасці пошуку працы ў тых, каму «за», казала і іншая саіскальніца. Іне 52, мае дыплом інжынера-будаўніка. Праўда, па спецыяльнасці даўно не працавала, таму разглядае для сябе розныя варыянты. «Хацелася б, вядома, у офісе сядзець, але хто возьме? У аб'явах пішуць, што патрэбны кандыдаты да 40 гадоў... Тут знайшла для сябе вакансію прасавальшчыцы. Так, заробак невялікі — а што рабіць?» — уздыхае.

Шукаем тактоўных і ўраўнаважаных

Актыўна набірае працоўныя рукі сфера будаўніцтва. На «Мапідзе» адкрыта каля 50 вакансій — як тэхнічных, так і інжынерных. Прадпрыемства «КСП-92», якое займаецца адстройвальнымі работамі, запрашае маляроў, тынкоўшчыкаў, сталяроў, абліцоўшчыкаў.

— Робім кватэры пад ключ, усе аб'екты па Мінску. Заробак своечасовы, — падкрэслівае кадравік. — Рабочыя ў нас атрымліваюць ад 800 да 1500 рублёў у залежнасці ад кваліфікацыі. Заказы ёсць заўсёды.

Некаторыя саіскальнікі прыходзяць на кірмаш адразу з працоўнымі кніжкамі. «Дрэнныя артыкулы ў працоўнай ёсць? У міліцыі на ўліку былі?» — пытаюцца прадстаўнікі прадпрыемстваў, перш чым запісаць кандыдата на гутарку.

— У мяне спецыяльнасцяў шмат. Слесар-рамонтнік, наладчык абсталявання — цэлы спіс, — усміхаецца немалады мужчына.

Фармальна ён мае працу — на заводзе. Праўда, завод цяпер прастойвае. «Цэлы месяц наогул ніякай работы! — скардзіцца гараджанін. — Атрымліваю 6,60 рубля ў дзень. Вось і палічыце мой заробак».

На кірмашы мужчына спадзяецца падабраць вакансію, дзе плацяць 600—800 рублёў у месяц. І пажадана работу ў адну змену — узрост усё ж такі.

Кіроўцы неабходны ў аўтобусны парк № 7. Ахвотных папярэджваюць: умовы працы нялёгкія. Затое грошы добрыя: тым, хто ездзіць у горадзе, абяцаюць 1300 рублёў, на прыгарадных маршрутах — 1100. «Мінсктранс» запрашае кантралёраў. Сярэдні заробак — 680 рублёў. З патрабаванняў — агульная сярэдняя адукацыя, а таксама ветлівасць, тактоўнасць і ўраўнаважанасць.

Усяго ў сталіцы налічваецца больш за 17 тысяч вакансій. У большасці выпадкаў (57 працэнтаў) прапануюць ад 400 да 800 рублёў у месяц. Чвэрць свабодных рабочых месцаў з заробкамі да 400 рублёў. На кожнай шостай вакансіі гатовы плаціць ад 800 да 1500 рублёў, больш за 1500 рублёў — толькі ў 1 % прапаноў.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

Фота Ганна ЗАНКАВІЧ

Загаловак у газеце: «Сталовая ў вас ёсць?»

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.