Вы тут

Аляксандр Лукашэнка моцна раскрытыкаваў будаўнічую галіну


«Як можна прыйсці да Прэзідэнта з такімі “хвастамі”?»

Аляксандр Лукашэнка раскрытыкаваў будаўнічую галіну падчас выступу на рэспубліканскім семінары-нарадзе на тэму павышэння эфектыўнасці будаўнічага комплексу Беларусі.


Паводле яго слоў, гэта паседжанне ўжо можна назваць традыцыйным. Прэзідэнт падкрэсліў: падобныя мерапрыемствы будуць праводзіцца рэгулярна, гэта прыкладна адзін раз на паўгода. Кіраўнік дзяржавы параўнаў іх з Пленумамі ЦК, якія былі вельмі карыснымі, паколькі прапрацоўваліся асноўныя пытанні і напрамкі развіцця краіны.

«Гэтая нарада нацэлена перш за ўсё, каб атрымаць ад гэтага мерапрыемства вынік», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Ён распавёў, што даручыў сабраць яркіх прадстаўнікоў будаўнічага комплексу, каб агучыць праблемы ў сферы праз пяць гадоў, калі была прынятая нарматыўна-прававая база ў будаўніцтве ў цэлым. Тады былі сабраныя ўсе прапановы, скаргі, прааналізавана сітуацыя ў краіне, створана база, каб грамадзянін або юрыдычная асоба маглі атрымаць дазвол і ўчастак зямлі для будаўніцтва жылога дома або вытворчага памяшкання.

Тады паспрабавалі пазбавіцца бюракратызму, каб усе зацікаўленыя бакі ведалі свае правы.

«Прайшло пяць гадоў. Як зараз? Якая абстаноўка?» — пацікавіўся Прэзідэнт.

На яго думку, сёння бачныя недапрацоўкі: магчыма, варта зноў перапрацаваць прававую базу, магчыма, радыкальна ўмяшацца ў працу будаўнічага комплексу, каб наладзіць эфектыўную працу.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што яму прапаноўвалі ліквідаваць некаторыя міністэрствы, аднак ён заклікаў паглядзець на структуру скаргаў насельніцтва, з якімі звяртаюцца ў розныя інстанцыі. Паводле яго слоў, будаўніцтва і «камуналка» займаюць першыя радкі. У гэтай сітуацыі, дадаў Прэзідэнт, ён не можа пайсці на такую ​​рэформу і ліквідаваць тыя групы спецыялістаў і ведамствы, якія павінны вырашаць гэтыя праблемы і рэагаваць на недахопы.

Беларускі лідар зноў звярнуў увагу: яны сабраліся не для таго, каб паставіць галачку. Павінен быць вынік — а для гэтага трэба адказаць на шэраг пытанняў, якія стаяць у гэтай сферы.

Першае — гэта цана будаўніцтва. На думку кіраўніка дзяржавы, адсюль цана і праца праектных арганізацый, усё ў комплексе. Другое пытанне — гэта якасць. Прэзідэнт заклікаў звярнуць увагу на колькасць нараканняў з боку людзей на гэты аспект. І пытанне тут не толькі ў якасці спецыялістаў. «У нас агідна кіруюць кіраўнікі трэстаў, кампаній і будаўнічых прадпрыемстваў сваімі падраздзяленнямі. Праца кіраўніка — агідная. Я ўжо не кажу пра эфектыўнасць таго ці іншага прадпрыемства», — падкрэсліў ён. 

Узяць МАПІД, які стаў працаваць больш эфектыўна. «Чаму іншыя прадпрыемствы не працуюць так?» — пацікавіўся Аляксандр Лукашэнка.

Трэцяе пытанне — гэта тэрміны. Пяць гадоў таму каля 300 дамоў будаваліся з перавышэннем нарматыўных тэрмінаў. «Нават не з перавышэннем — яны проста ператварыліся ў даўгабуды», — нагадаў ён.

Колькі іх зараз? 35. Чаму зноў з'яўляюцца такія дамы? «Гэта сведчыць аб безадказнасці тых, хто адказвае за будаўнічы комплекс, і урад, — заявіў беларускі лідар. — Як можна прыйсці да Прэзідэнта з такімі хвастамі?»

«Чаму не вырашаюцца вось гэтыя зямныя пытанні, да якіх звяртае нас пастаянна насельніцтва, нашы людзі?» — у чарговы раз пацікавіўся кіраўнік дзяржавы.

Акрамя таго, Прэзідэнт распавёў аб абуральнай сітуацыі, пра якую яму нядаўна далажылі. У Мінску пабудавалі кватэры з коштам квадратнага метра ў 650 долараў, людзі стаялі ў чарзе для пакупкі. Але тут з'явілася некалькі грамадзян, якія купілі 64 кватэры і за паступны дзень амаль усе паспелі перапрадаць ўжо па рынкавай, больш высокай цане.

Кіраўнік дзяржавы даручыў неадкладна разабрацца ў сітуацыі і вярнуць грошы народу.

Ад механізму перапродажу і так пастараліся адысці, аднак нават у цяперашнім фармаце кватэры перапрадаюць, канстатаваў Прэзідэнт.

Ён падкрэсліў: парадак трэба навесці ўсюды, у Беларусі ўмеюць і ведаюць, як працаваць. Таксама Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што патрабаванні Прэзідэнта па барацьбе з карупцыяй і іншымі правапарушэннямі будуць даведзены да кожнага на месцах.

Ён папярэдзіў, што ўбачыў шчыліну, і дадаў, што суды атрымалі прамое ўказанне: пакуль не будзе зменаў у заканадаўстве, нікога з турмаў за карупцыю не выпускаць. «За карупцыю будзем толькі дадаваць, — падкрэсліў беларускі лідар. — У 25-ы раз паўтараю: лепш бедным на волі, чым багатым у турме».


«Пераламаць негатыўную дынаміку ў галіне не ўдалося»

«Гэтая сфера з'яўляецца свайго роду індыкатарам, які адлюстроўвае дынаміку развіцця краіны», — адзначыў беларускі лідар.

Ён зноў нагадаў, што пяць гадоў таму праблемы ў будаўніцтве ўжо абмяркоўваліся. Тады былі распрацаваны прынцыпова новыя правілы працы ў галіне. Іх сутнасць заключалася ў жорсткай адказнасці і патрабавальнасці да ўсіх удзельнікаў будаўнічага працэсу, дакладнай рэгламентацыі іх абавязкаў.

Тады ж быў падпісаны Указ «Аб удасканаленні будаўнічай дзейнасці», былі намечаны стратэгічныя мэты. «Што атрымалі ў выніку? Вось галоўнае пытанне, па якім сёння павінна разгарнуцца дыскусія, — канстатаваў Прэзідэнт. — Будаўніцтва — адзіная сфера, якой за апошнія гады не ўдалося пераламаць негатыўную дынаміку».

Так, за мінулую пяцігодку зніжаны якасныя паказчыкі па ўсёй галіне. Паменшыўся яе ўклад у валавы ўнутраны прадукт, дапушчана падзенне аб'ёмаў падрадных работ, узвядзення жылля, абвастраюцца праблемы неплацяжоў, пагаршаецца фінансавы стан будаўнічых арганізацый. «Кожная чацвёртая будаўнічая арганізацыя стратная», — звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.

Больш за тое, некаторыя ўстойлівыя раней будаўнічыя трэсты, якія валодалі сур'ёзным вытворчым патэнцыялам, сёння абанкруціліся. Гаворка ідзе пра такія магутныя прадпрыемствы, як «Трэст Белтрансбуд», «Бабруйск Буд Комплекс», і шэраг іншых.

Разам з тым на важнейшых аб'ектах краіны не хапае кваліфікаваных будаўнікоў.

«Як мне дакладваюць, у гэтым годзе ў галіне назіраецца рост асноўных паказчыкаў, — сказаў беларускі лідар. — Але на фоне ўстойлівага падзення цяперашняе паляпшэнне з'яўляецца не больш чым ажыўленнем, частковым аднаўленнем былых пазіцый, і мы не можам казаць аб станоўчай дынаміцы».

Ён дадаў, што ў сувязі з правалам у мінулыя гады сённяшні рост — гэта нясмелыя крокі ў патрэбным кірунку.

Аднак, дадаў кіраўнік дзяржавы, ёсць аб'ектыўныя прычыны негатыўных з'яў. У выніку крызісу 2014—2015 гадоў была страчана значная частка заробленых сродкаў. Аб'ём бюджэтных інвестыцый значна знізіўся. «Але ці толькі ў гэтым крыніца праблем? Вы што, будзеце сядзець там і чакаць, пакуль вам грошы дадуць з бюджэту? Так бюджэту ёсць, куды траціць грошы, — заявіў ён. — Нам трэба ўважліва разабрацца па кожным пытанні паасобку і прыняць неабходныя рашэнні».


Прэзідэнт даручыў павялічыць аб'ёмы будаўніцтва жылля для маючых патрэбу

Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што будаўніцтва жылля заўсёды з'яўлялася найважнейшым прыярытэтам дзяржаўнай палітыкі ў галіне. Аднак з 2014 года яго аб'ёмы пастаянна зніжаюцца — з амаль сямі мільёнаў метраў у 2010 годзе да крыху больш за чатыры ў 2017.

«І калі з агульнай чаргой у цэлым разабраліся і колькасць усіх, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, штогод зніжаецца, то чарга шматдзетных сем'яў бесперапынна расце. Радавацца б трэба было, таму што вырашаем найважную дэмаграфічную задачу. А мы людзям не можам на працягу года, здаецца, як было прынята мною рашэнне, выдаць жыллё», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

За два апошнія гады іх колькасць павялічылася на восем з паловай тысяч. Пры гэтым паўсюдна не выконваецца даручэнне аб накіраванні шматдзетных сем'яў на будаўніцтва жылля на працягу аднаго года.

На пачатак 2018 года з 34 тысяч такіх сем'яў не накіраваны на будаўніцтва 25 тысяч, амаль 7 тысяч чакаюць у чарзе больш за тры гады.

Беларускі лідар падкрэсліў: такая сітуацыя недапушчальная. «Таму стаўлю задачу ўраду сумесна з аблвыканкамамі і Мінскім гарвыканкамам павялічыць аб'ёмы будаўніцтва жылля для гэтай катэгорыі маючых патрэбу», — сказаў ён.

Кіраўнік дзяржавы даручыў разам з банкамі вызначыць неабходныя крыніцы фінансавання, за два наступныя гады ліквідаваць чаргу, якая ўтварылася, і выйсці на забеспячэнне шматдзетных сем'яў жыллём на працягу аднаго года, як гэта прадугледжана Указам №13.

Акрамя таго, занепакоенасць у Прэзідэнта выклікае наяўнасць звышнарматыўных жылых дамоў, пра што ён сказаў у чарговы раз. Такіх быць не павінна. Ён заявіў, што даручыць КДК і пракуратуры разабрацца з імі і «спытаць на ўсю катушку».

«Усім губернатарам, старшыні Мінскага гарвыканкама — трэба такі дом ўзяць пад асабісты кантроль і завяршыць будаўніцтва. Апошні тэрмін — першая палова 2019 года. Нагляд за выкананнем тэрмінаў будаўніцтва жылля ў рэгіёнах — сфера адказнасці мясцовай улады», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.


Лукашэнка паставіў задачу павялічыць долю арэнднага жылля

Ён канстатаваў, што павольнымі тэмпамі развіваецца рынак арэнднага жылля. За шэсць гадоў яго ўзведзена толькі 745 тысяч метраў, што складае каля 2,5 % ад агульнага аб'ёму. Для прыкладу, у Германіі гэта 58%, а ў Швейцарыі — 71%.

«Як паказвае практыка, у нас яно вельмі запатрабавана. Толькі ў Мінску на адну такую ​​кватэру 150 і больш жадаючых, — сказаў ён. — Развіццё рынку арэнднага жылля неабходна і для вырашэння пытанняў працоўнай міграцыі».

Паводле яго слоў, гэта таксама будзе садзейнічаць і прыцягненню маладых спецыялістаў у малыя і сярэднія гарады Беларусі. Пры гэтым найбольш актыўна трэба будаваць там, дзе ёсць перспектывы, развіваецца прамысловасць. Напрыклад, як гэта робіцца ў Астраўцы.

«Даручаю ўраду, аблвыканкамам і Мінскаму гарвыканкаму перагледзець праграмы жыллёвага будаўніцтва, максімальна павялічыўшы долю арэнднага жылля з прыцягненнем фінансаў прадпрыемстваў і арганізацый. Прадпрыемствы павінны актыўна ўключыцца ў вырашэнне гэтай праблемы», — заявіў кіраўнік дзяржавы.

Таксама Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу прысутных, што задачай урада застаецца захаванне формулы «адзін квадратны метр з дзяржпадтрымкай — не вышэй за сярэднямесячную заработную плату».

«Пры гэтым папярэджваю ўсіх: дасягненне ўзроўню заработнай платы ў 1000 рублёў не азначае, што метр жылля аўтаматычна павінен каштаваць столькі ж», — падкрэсліў Прэзідэнт.


Прэзідэнт запатрабаваў выконваць рашэнні па будаўніцтве гарадоў-спадарожнікаў

Сёння большасць насельніцтва краіны па-ранейшаму сканцэнтравана ў буйных гарадах.

Нізкая прывабнасць малых населеных пунктаў абумоўлена неразвітасцю ў іх інфраструктуры, адсутнасцю камфортнага асяроддзя для жыцця.

Беларускі лідар нагадаў, што першыя крокі ў гэтым напрамку былі зроблены яшчэ ў 2014 годзе пасля выдання Указа «Аб развіцці гарадоў-спадарожнікаў».

«Аднак яго рэалізацыя апынулася неэфектыўнай, —падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. — Патрабую ад урада неадкладна прыступіць да выканання прынятых рашэнняў па развіцці гарадоў-спадарожнікаў з павелічэннем аб'ёмаў будаўніцтва жылля. Акрамя таго, там адначасова трэба ствараць адпаведную інжынерна-транспартную і сацыяльную інфраструктуру».

Акрамя гэтага, на яго думку, такія буйныя гарады, як, напрыклад, Баранавічы, Бабруйск, Маладзечна, Орша, таксама павінны стаць месцам прыцягнення людзей. У іх трэба развіваць не толькі вытворчасці з добра аплатнымі рабочымі месцамі, але і камфортнае асяроддзе для жыцця людзей. Разуменне таго, як трэба будаваць, маецца. Прэзідэнт запатрабаваў, каб у кожнага губернатара на стале ляжалі планы будаўніцтва пасёлкаў гарадскога тыпу, аграгарадкоў і вёсак, якія мы павінны добраўпарадкаваць, прывесці ў парадак, развіваць. Калі не ўзяць пад кантроль, то нічога не зменіцца, упэўнены Прэзідэнт.

«Не трэба там будаваць 25-павярховыя будынкі. Трэба ствараць раёны малапавярховай забудовы», — падкрэсліў ён.

Беларускі лідар нагадаў, што цяпер беларускія прадпрыемствы выпускаюць сучасныя камплекты індывідуальных дамоў у буйнапанельным выкананні на любы густ. Паколькі зямель, якія выкарыстоўваюцца неэфектыўна, у гэтых населеных пунктах хапае, Прэзідэнт запатрабаваў не хадзіць да яго за землямі сельскагаспадарчага прызначэння, лясным масівам, а выкарыстоўваць тое, што пустуе. Ён запатрабаваў узяць гэтыя землі, аддаць іх дзяржаўнаму забудоўшчыку, хай там узвядзе добры малапавярховы раён. Каб людзям не даводзілася чакаць па 5—10 гадоў, а была магчымасць набыць такое жыллё.

Міністру архітэктуры ён даручыў наступнае: рэалізаваць у адным з такіх гарадоў пілотны праект па комплекснай забудове зямельнага ўчастка малапавярховымі жылымі дамамі.

«Мы ж бачым, як вакол Мінска, ды і большасці буйных гарадоў, раздалі ўчасткі. Многія дома на іх дагэтуль у лепшым выпадку пад дахам стаяць. Некаторыя з раёнаў сядзібнай забудовы выглядаюць непрывабна, — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка. — І, як правіла, не ў людзях праблема. Гэта мясцовыя ўлады не могуць забяспечыць будаўніцтва неабходнай інфраструктуры. Так быць не павінна!» 

Пры гэтым ён заявіў, што на ўчастках, выдзеленых у радыусе 50—100 км ад Мінска, варта прыцягваць мясцовых жыхароў да развіцця інфраструктуры. Кіраўнік дзяржавы выказаў упэўненасць, што нельга будаваць гэта толькі за кошт бюджэту. Трэба дамаўляцца з людзьмі, каб падвесці дарогу з цвёрдым пакрыццём, лінію электраперадач, газіфікацыю і іншае. Калі немагчыма падключыць чалавека — тады ўлады павінны будаваць самі, аднак людзі павінны ўдзельнічаць ва ўсіх праектах, сказаў Прэзідэнт.

Найважнейшай задачай для развіцця тэрыторый беларускі лідар назваў апераджальнае будаўніцтва сетак і дарог для раёнаў жылой забудовы, у тым ліку індывідуальнай.

Прэзідэнт дадаў, што ўраду з губернатарамі і банкамі неабходна вырашыць пытанне, дзе, на якіх умовах атрымаць для гэтага сродкі — з улікам сумеснага фінансавання ўладальнікаў участкаў.

Кіраўнік дзяржавы закрануў у сваім выступе і прыдамавыя пляцоўкі, якія ўладкоўваюцца мінімальна. У лепшым выпадку — дзіцячая пляцоўка, пара дрэў, а то і наогул толькі асфальт ці плітка. «Як у такіх каменных джунглях можна жыць чалавеку?» — пацікавіўся ён.

Беларускі лідар адзначыў, што дае год на рашэнне гэтай праблемы. Ён зноў прапанаваў адправіць у лес школьнікаў, каб яны прынеслі дрэўцы і высадзілі іх каля хат.

У прыклад Аляксандр Лукашэнка прывёў кампанію «А-100». Паводле яго слоў, ім нічога не перашкодзіла зрабіць годны раён. Прычым дамы ўзялі самыя звычайныя — айчынных домабудаўнічых камбінатаў. Пабудавана ўсё рукамі нашых спецыялістаў, але чамусьці прыгожа, зручна і функцыянальна.

«Значыць, галоўнае — жаданне самога забудоўшчыка зрабіць так, каб людзі да яго пацягнуліся, ім было прыемна там жыць. І не перашкаджаюць ні нормы, ні нарматывы, — звярнуў увагу Прэзідэнт. — Даручаю Мінбудархітэктуры ўстанавіць абавязковыя правілы па стварэнні камфортнага асяроддзя ў мікрараёнах-новабудоўлях».


«Хто хоча знайсці працу, той яе знаходзіць»

Прэзідэнт раскрытыкаваў беларускія домабудаўнічыя камбінаты.

Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што была праведзена маштабная мадэрнізацыя галіновай прамысловасці, куды былі ўкладзены каласальныя бюджэтныя і банкаўскія рэсурсы. Аднак, як і пяць гадоў таму, Прэзідэнт быў вымушаны гаварыць аб яе неэфектыўнасці.

Сусветныя тэндэнцыі развіцця буйнапанэльнага домабудавання накіраваны на мінімізацыю вытворчых аперацый на будаўнічай пляцоўцы з пераносам іх у завадскія ўмовы. «На заводзе трэба ўсё рабіць, а на будаўнічай пляцоўцы толькі складваць», — дадаў беларускі лідар.

«Мы правялі мадэрнізацыю домабудаўнічых камбінатаў. Нарасцілі іх гадавыя магутнасці да двух з паловай мільёнаў метраў вырабаў. Стварылі добрую базу для будаўніцтва эканамічных, энергаэфектыўных аб'ектаў. Але аддачы не атрымалі», — канстатаваў ён.

Беларускі лідар дадаў, што загрузка камбінатаў на працягу апошніх пяці гадоў не перавышае 50 %. З 13 мадэрнізаваных ДСК адзінкі працуюць эфектыўна. Пры гэтым экспарт паслуг па будаўніцтве жылля за межамі краіны ў гэтым годзе скараціўся амаль у два разы.

Прэзідэнт падкрэсліў: трэба разабрацца, у чым прычына такога падзення. «Вядома, і міністр, і дырэктары могуць спаслацца на высокія крэдытныя нагрузкі, агульнае памяншэнне рынку жыллёвага будаўніцтва і іншыя фактары. Аднак на самай справе хто хоча знайсці працу, той яе знаходзіць. Нягледзячы на ​​цяжкасці», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Так, Мазырскі ДБК, Гомельскі ДБК, МАПІД і шэраг іншых камбінатаў працуюць у краіне і зарабляюць у Расіі. Ён заклікаў перастаць чакаць дапамогі ад дзяржавы і змагацца за ўсе сегменты будаўнічага рынку — ад жылля да прамысловых аб'ектаў.

Прэм'ер-міністру разам з губернатарамі, віцэ-прэм'ерам і міністру Прэзідэнт даручыў вызначыць з ліку домабудаўнічых камбінатаў асноўных забудоўшчыкаў кварталаў па краіне і давесці ім напружанае заданне па экспарце іх прадукцыі і паслуг.


Лукашэнка даручыў выправіць сітуацыю з цэментнымі і шклянымі заводамі

На нарадзе прысутнічае і прэм'ер-міністр Беларусі Сяргей Румас

Асобна ў сваім выступленні ён спыніўся на працы цэментных і шкляных заводаў, якія былі мадэрнізаваны для павышэння іх канкурэнтаздольнасці. Паводле яго слоў, зарабіць на поўную магутнасць і забяспечыць прыбытковую дзейнасць у іх пакуль не атрымалася — і гэта мякка сказана.

Так, сумарныя страты трох цэментных заводаў у параўнанні з мінулым годам выраслі больш чым у два разы і склалі 220 мільёнаў рублёў. Запазычанасць па крэдытах, пазыках — больш за адзін мільярд долараў.

У гэтым годзе магутнасці па вытворчасці цэменту загружаныя на 70-80 %, а імпартнага цэменту ў краіну купілі амаль паўмільёна тон. Два гады запар заводы не могуць забяспечыць летні сезонны попыт на гэтую прадукцыю ў рознічнай сетцы.

Акрамя таго, у першым паўгоддзі ў Краснасельску новае кітайскае абсталяванне з-за рамонту прастойвала больш за 40 сутак. Прэзідэнт заклікаў замяніць яго на айчыннае, зрабіць свае дэталі і паправіць.

«Патрабую ад урада прыняць усе меры па загрузцы вытворчых магутнасцяў і стабільнай працы абсталявання. Працуйце з яго пастаўшчыкамі. Хай выконваюць узятыя на сябе абавязацельствы па рамонце або замене», — падкрэсліў ён.

Аляксандр Лукашэнка дадаў, што не лепшая сітуацыя склалася і на шкляных заводах. Толькі «Гомельшкло» апошнія два гады паказвае станоўчую дынаміку, хоць раней яго прапаноўвалі прадаць. Спачатку эфектыўная работа прадпрыемства, а толькі — як прадаць, але не аддаць.

З пяці шклатарных заводаў у краіне засталося тры, ды і тыя не загружаныя. «Ці ў нас няма патрэбы ў тары? А можа, адказным чыноўнікам лягчэй купіць бутэльку або банку ў Расіі і Украіне, заплаціўшы за гэта валютай і ў кішэню паклаўшы нейкія грошы? — пацікавіўся кіраўнік дзяржавы ў прысутных. — Даручаю Мінбудархітэктуры сумесна з Белдзяржхарчпрамам і Мінсельгасхарчам неадкладна прыняць меры па мінімізацыі закупак шкляной тары за мяжой і загрузцы нашых заводаў».

Беларускі лідар нагадаў, што Гродзенскі шклозавод, шклозавод «Нёман» працуюць са стратамі. Барысаўскі крыштальны завод з 2013 — банкрут, і паляпшэнняў пакуль не відаць. Прэзідэнт выказаў здагадку, што губернатары і ўрад чакаюць, калі ен туды прыедзе. «Не заржавее», — сказаў ён. 

«Патрабую ад урада тэрмінова прыступіць да выпраўлення памылак вашых папярэднікаў па гэтых прадпрыемствах — і не толькі папярэднікаў. Скажу адно: на дзяржаўную падтрымку ў выглядзе грошай або спісання даўгоў нават не разлічвайце! Гэта амаль, падкрэсліваю — амаль , нерэальна. Бізнес-планы мадэрнізацыі ўрад і банкі разглядалі сумесна, аднак нагрузка да гэтага часу ляжыць перш за ўсё на бюджэце», — дадаў ён.

Савету Міністраў з Нацыянальным і камерцыйнымі банкамі неабходна выпрацаваць комплексныя, узважаныя рашэнні па даўгам, якія маюцца. Ёсць добры прыклад работы Банка развіцця з прадпрыемствамі дрэваапрацоўцы.

«Вось шлях для банкаў, не проста выдаў-атрымаў. А ўпрагчыся разам з заводамі для дасягнення выніку. Не блакаваць рахункі і назіраць з боку, а мяняць даўгі на акцыі і непасрэдна ўдзельнічайць у развіцці прадпрыемства», — дадаў ён.


«Праектаваць трэба адказна, арыгінальна і сучасна»

Закранаючы тэмы якасці і тэрмінаў праектавання на семінары-нарадзе  «Аб павышэнні эфектыўнасці будаўнічага комплексу Рэспублікі Беларусь»,  кіраўнік дзяржавы канстатаваў, што з мінулай нарады ў 2013 годзе ніякіх кардынальных змен у гэтай сферы не адбылося.

Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Наталля Качанава

«Праектаванне вядзецца не два-тры месяцы, як мы дамаўляліся. Яно разцягваецца на гады, — сказаў Прэзідэнт. — Яшчэ ніводны аб'ект, які знаходзіцца ў мяне на кантролі, не пабудаваўся без карэкціроўкі праекта. А карэкціроўка — гэта зацягванне тэрмінаў і падаражэнне будаўніцтва».

Зараз у Беларусі будуецца каля васьмі тысяч аб'ектаў. З іх з перавышэннем нарматыўнага тэрміну — палова. І ў большасці выпадкаў прычынай з'яўляюцца бясконцыя карэкціроўкі праектаў, заўважыў Аляксандр Лукашэнка.

«Пры гэтым праекціроўшчыкі не нясуць ніякай адказнасці за якасць дакументацыі і цалкам забылі аб аўтарскім наглядзе, — абурыўся ён. — Яны самаўхілілся і вінавацяць або заказчыка ў няправільным заданні, або будаўніка, які не зразумеў і няправільна ажыццявіў іх задумку».

Прэзідэнт прывёў у якасці прыкладу капітальны рамонт жылых дамоў у Магілёве. Распрацоўшчыкі праекта не ўбачылі, што нясучая здольнасць балконных пліт страчана. Гэта высветлілася падчас рамотну, работы спынілся і дагэтуль не адноўленыя. З ліпеня 2017 года праект карэктуецца. 

«Праекціроўшчык павінен быць прафесіяналам і адказваць за прынятыя рашэнні, — падкрэсліў кіраўнік дзяжавы. — Папярэджваю ўрад: гэта бязладдзе трэба спыніць. Прыміце неабходныя меры па павышэнні адказнасці распрацоўшчыкаў за якасць праектнай дакументацыі і тэрміны яе падрыхтоўкі». 

 Яшчэ адзін важны аспект, які датычыцца аблічча беларускіх населеных пунктаў — злоўжыванне тыпавымі праектамі.

«Тыпавымі могуць быць прамысловыя будынкі, збудаванні, трансфарматарныя падстанцыі, кацельні. Але дзіцячыя садкі, школы і іншыя сацыяльныя аб'екты павінны быць арыгінальнымі, — запатрабаваў Аляксандр Лукашэнка. — Тыпавымі ў іх могуць быць толькі тэхналогія, асобныя канструктыўныя элементы, вузлы і дэталі, з якіх яны будуць збірацца».

Кіраўнік дзяржавы спыніўся і на добраўпрадкаванні беларускіх гарадоў і вёсак. «Усё павінна тануць у зеляніне і кветках, — звярнуўся ён да губернатараў і старшынь райвыканкамаў. — Будучы год будзе прадоўжаны як Год малой радзімы, але асноўная ўвага будзе аддадзена добраўпарадкаванню краіны . Таму ўжо сёння пачынайце, больш дакладна — працягвайце тое, што я патрабаваў ад вас на працягу двух апошніх гадоў».

Не менш важна развіваць тэхналогіі інфармацыйнага праектавання і мадэлявання, сказаў Прэзідэнт. «Калі ў Беларусі актыўна падтрымліваюцца і прасоўваюцца ІТ-тэхналогіі, то час пераходзіць на электроннае мадэляванне на ўсім цыкле будаўніцтва», — упэўнены кіраўнік дзяржавы.


«Будаўнічыя нормы павінна ўстанаўліваць толькі Мінбудархітэктуры»

«Я неаднойчы падымаў пытанне пра тое, што ў будаўнічай галіне ўсё занадта зарэгулявана, — сказаў ён. — Устаноўка мінулага семінара аб «дыктатуры» міінстэрства ва ўсім, што датычыцца рэгулявання будаўнічай дзейнасці, не працуе!»

Толькі профільнае міністэрства павінна ўстанаўліваць будаўнічыя нормы. Задача астатніх – вызначаць нормы эксплуатацыі і забяспечваць кантроль за іх захаваннем, падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. 

Ён запатрабаваў ад урада аптымізаваць усе нормы, сканцэнтраваць усё галіновае заканадаўства ў «адных руках» і вызначыць Мінбудархітэктуры адзіным органам, які фарміруе дзяржаўную палітыку ў будаўнічай сферы.

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу губернатараў на неабходнасць захвання ўстаноўленых тэрмінаў адміністратыўных працэдур, выключэння бюракратызму пры афармленні рознага роду дакументацыі.

«Папярэджваю ўсіх, каб не адыходзілі ад зададзенай лініі па лібералізацыі і выключэнні залішніх патрабаванняў для бізнесу, — сказаў прэзідэнт. — Але не трэба пры гэтым да яго паддобравацца. Не трэба перашкаджаць, але ў выпадку чаго і патрабаванне павінна быць адпаведным».

Ураду разам з выканкамамі, Мінскім гарвыканкамам Прэзідэнт даручыў завяршыць работу па прывядзенні прававых актаў у адпаведнасць з Дэкрэтам № 7 да канца года.

Акрамя таго, неабходна спрашчэнне адміністрацыйных працэдур з выкананнем анлайн-сервесаў, сказаў кіраўнік дзяржавы. «Каб інвестар, які прыйшоў у нашу краіну, адкрыў інтэрнет-рэсурс, атрымаў усе дазволы выканкама, прайшоў экспертызу і адправіў паведамленні ў Дзяржбуднагляд, — патлумачыў Аляксандр Лукашэнка. — Пры гэтым важна, каб кожны яго крок заставаўся ў электронным архіве. Гэта дазволіць дасягнуць празрыстасці ў яго рабоце».


«Мы готовыя прадаць любое прадпрыемства, калі гэта выгадна краіне»

«Ужо больш за пяць гадоў мяне з розных крыніц інфармуюць пра зацікаўленасць замежнага капіталу ў інвеставанні ў вытворчасць будматэрыялаў, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Я ўжо казаў: мы гатовыя прадаць усё, пытанне ў цане, а да гэтага трэба адказаць – ці патрэбна нам гэта? Калі мы прымем рашэнне, што нам трэба нешта прадаць, у тым ліку і замежнаму інвестару, то першы крытэрый – гэта цана. І далей — што будзе пасля?»

Дзяржава не зацікаўлена размаўляць з інвестарам, які збіраецца пасля пакупкі прадпрыемства звольніць значную колькасць супрацоўнікаў,  патлумачыў Прэзідэнт. «Галоўнае — гэта людзі», — падкрэсліў ён.

Ён загадаў на зровень кіраўніка дзяржавы ўносіць толькі комплексныя прапановы, калі ёсць упэўненасць, што яны дастаткова эфектыўныя і выгадныя краіне. Саўміну даручана  разабрацца  з гэтым пытаннем да 31 снежня гэтага года.


«Вырабіць прадукцыю — не асноўная задача. Галоўнае — выгадна прадаць і зарабіць»

У сваім выступленні перад удзельнікамі нарады, прысвечанай  удасканаленню будаўнічай галіны ў краіне, Прэзідэнт Беларусі звярнуў асаблівую ўвагу на неабходнасць развіцця экспарту.  

"Вырабіць прадукцыю — не асноўная задача, — сказаў ён. —  Галоўнае — выгадна прадаць і зарабіць, а пажадана — прадаць за межы краіны".

Аляксандр Лукашэнка заўважыў,  што, згодна з інфармацыяй Саўміну,  больш за 40 працэнтаў ад усяго аб'ёму будаўнічых матэрыялаў пастаўляецца на экспарт. Аднак значная доля цэменту прадаецца ў Расію зноў жа праз "Еўрацэмент груп", удакладніў кіраўнік дзяржавы. Размова ідзе пра манапаліста ў Расіі, які дыктуе свае, не заўсёды выгадныя, умовы беларускім вытворцам цэменту. Прэзідэнт заклікаў адпаведныя дзяржаўныя органы "паглядзець на тых, хто праз плот вязе ў Расію цэмент праз пасрэдніка".

"Да сёння ўрадам не выканана даручэнне аб развіцці эфектыўнай уласнай тавараправоднай сеткі ў Расіі, — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка. — І на біржы з-за таго, што там цэны вышэй, чым па прамых дагаворах, цэмент таксама не прадаецца. Усё гэта і стварае прадпасылкі для карупцыі і з'яўлення шэрых схем".  

Кіраўнік дзяржавы патрабаваў ад урада забяспечыць эфектыўнасць і празрыстасць гандлю на знешніх рынках. А ад камітэтаў дзяржаўнага кантролю і дзяржаўнай бяспекі, пракуратуры і Міністэрства ўнатраных спраў  – жорсткі кантроль за гэтай работай.

Міністэрству антыманапольнага рэгулявання і гандлю па кожным выпадку стварэння штучных бар'ераў для продажу нашай прадукцыі на Еўразійскім рынку Прэзідэнт загадаў праводзіць сур'ёзнае расследаванне  і прымаць неадкладныя меры.

"Экспарт і валютная выручка вельмі неабходныя для нас. Таксама важна, каб гэта выручка паступала своечасова, акцэнтаваў ён. — Прадаваць і працаваць сабе на страту, гадамі чакаючы разлікаў, недапушчальна!"

Прэзідэнт нагадаў Міхаілу Мясніковічу пра персанальную адказнасць за будаўніцтва беларусамі Гарлыкскага горна-ўзбагачальнага камбінату, за якое дагэтуль не атрыманы грошы.

Не разлічыліся за аб'екты, пабудаваныя ў Калузе да чэмпіянату свету па футболе, і расіяне.

Кіраўнік дзяржавы даручыў ураду без адкладання падключыцца да рашэння гэтых пытанняў, пры неабходнасці падключаць МЗС і прадстаўнікоў Беларусі ў Еўразійскай эканамічнай камісіі.


«Кіраўнікі будаўнічых арганізацый павінны непасрэдна працаваць з ВНУ і каледжамі па мэтавым наборы»

На нарадзе, прысвечанай развіццю будаўнічай галіны, Аляксандр Лукашэнка асабілвую ўвагу надаў захаванню і паляпшэнню кадравага патэнцыялу. Ён выказаў сур'ёзную заклапочанасць адтокам спецыялістаў у апошнія гады.

 "За пяць гадоў галіна згубіла больш за 50 тысяч рабочых. Яны з'язджаюць на заробкі ў Расію, Польшчу і Літву, дзе іх прымаюць. Дык чаму не бачна нашых падрадчыкаў? — спытаў Прэзідэнт. — Саўмін так і не прыняў меры для таго, каб нашы спецыялісты працавалі ў беларускіх арганізацыях на тэрыторыі іншых дзяржаў".  

Аляксандр Лукашэнка нагадваў ураду, што рост экспарту будаўнічых паслуг — найважнейшая задача для ўсіх. "Хочуць нашы спецыялісты працаваць — няхай. Аднак не толькі на дабрабыт сваіх сем'яў, але і на дабрабыт дзяржавы", — падкрэсліў ён.

Кіраўнік дзяржавы таксама абурыўся сітуацыяй, пры якой аплата працы ў Мінску і рэгіёнах аказалася розная. "Рабочы на будаўніцтве за межамі сталіцы за кожную гадзіну сваёй работы атрымлівае на адзін рубель менш, чым гэтакі ж рабочы ў Мінску, — сказаў ён. — У чым справа? У іх у рэгіёнах што, праца лягчэйшая або ўмовы лепшыя? Ці там ў рабочых і іх сем'яў менш патэбнасцяў?"

З такімі падыходамі людзі ў малых гарадах і на вёсцы не затрымаюцца, акцэнтаваў Аляксандр Лукашэнка і загадаў надкладна спыніць такую  дыскрымінацыю. "У нас усе грамадзяне роўныя, незалежна ад таго, дзе жывуць і працуюць. За роўную якасную працу павінна быць роўная ўзнагарода", — падкрэсліў беларускі лідар.

Не менш важная задача — падрыхтоўка годнай змены для будаўнікоў.  "У нас больш чым дастаткова профільных вучэбных устаноў. Кіраўнікі будаўнічых арганізацый павінны непасрэдна працаваць з ВНУ і каледжамі па мэтавым наборы, — упэўнены Аляксандр Лукашэнка. — А ўраду да 2020 года неабходна вырашыць пытанне аб прыцягненні арганізацый — заказчыкаў кадраў да ўдзелу ў сафінансаванні падрыхтоўкі спецыялістаў, замацаванні матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў адукацыі, у тым ліку цэнтраў вытворчага навучання".  

Каб не дапусціць разрыву паміж навукова-тэхнічным узроўнем новай вытворчасці і кваліфікацыяй спецыялістаў, Мінадукацыі сумесна з Мінбудархітэктуры даручана павялічыць долю практычнага навучання і стажыровак на вытворчасці, падняўшы іх узровень і якасць.

"Але адным механічным павелічэннем часу на прыктыку гэтую праблему не вырашыць, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. —  Патрэбен комплексны падыход, якасная арганізацыя самой практыкі як з боку навучальных устаноў, так і з боку прадпрыемстваў". 

Будаўніцтва — няпростая сфера, якая патрабуе пастаяннай увагі ўсіх ораганаў улады і пошуку эфектыўных рашэнняў, рэзюмаваў Прэзідэнт.  У работнікаў гэтай галіны  заўсёды была, ёсць і будзе работа. Яны прымаюць удзел у развіцці ўсіх сектараў эканомікі, і пры гаспадарчым падыходзе, адказных адносінах да выканання пастаўленых задач заробкі ім гарантаваныя.

"Час не стаіць на месцы, і патрабаванні да галіны з кожным годам будуць толькі расці, — сказаў Прэзідэнт. — Неабходна рухацца наперад. Адпаведная база ўжо падрыхтаваная, трэба толькі граматна і з усёй адказнасцю выкарыстоўваць магчымасці, якія маюцца".

Уладзіслаў ЛУКАШЭВІЧ, Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Культура

Што паглядзець у брэсцкім музеі выратаваных каштоўнасцяў

Што паглядзець у брэсцкім музеі выратаваных каштоўнасцяў

Брэсцкі музей выратаваных каштоўнасцяў можна назваць мясцовым Луўрам — калі ўвогуле дарэчы параўноўваць адну культуру з іншай.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

— Хлопцы, не біце, я — ва-а-аш!..

Грамадства

Як дэпутаты вырашаюць праблемы жыхароў Брэсцкай вобласці

Як дэпутаты вырашаюць праблемы жыхароў Брэсцкай вобласці

У мясцовых Саветах Брэсцкай вобласці ажыццяўляюць дэпутацкую дзейнасць 2962 дэпутаты. 

Грамадства

Чым жыве найлепшая маладая сям'я штурмавой авіяцыйнай базы ў Лідзе

Чым жыве найлепшая маладая сям'я штурмавой авіяцыйнай базы ў Лідзе

Абодва яны спяваюць, пішуць вершы пра сваю сям'ю і іграюць на музычных інструментах.