Вы тут

«Бярыце з сабой тэрмас з гарбатай. І не хвалюйцеся»


Карэспандэнты «Звязды» высвятлялі, як праходзіць прызыў.

Марозным лістападаўскім днём каля ваеннага камісарыята горада Мінска даволі шматлюдна. Бацькі, браты, сёстры, дзядулі, бабулі, дзяўчаты праводзяць у армію маладых хлопцаў. У гэты дзень каля сотні іх адпраўляецца служыць у падраздзяленні сіл спецыяльных аперацый, сухапутныя, унутраныя войскі, Мінскую ваенную камендатуру і войскі дзяржаўнай бяспекі. Развітанне адбываецца пад гукі гармоніка, які прынёс нехта з бацькоў...


Да таго часу, як па юнакоў на зборны пункт прыйдуць аўтобусы, застаецца крыху больш за гадзіну. Цікава, як яны пачуваюць сябе перад тым, як на год ці паўтара адправіцца ў воінскую часць?

Канстанцін Махоцін родам з Віцебскай вобласці. Але апошнім часам хлопец перабраўся ў Мінск.

— За плячыма ў мяне пакуль — толькі сярэдняя школа. Таму служыць буду васямнаццаць месяцаў. Вучыцца ва ўніверсітэт не паступаў, бо ездзіў на заробкі ў Расію. Ну а пасля прыйшла павестка ў ваенкамат... Медкамісію там я прайшоў за лічаныя дні. Прызналі годным да воінскай службы. Калісьці хацеў служыць у сталіцы, у знакамітай часці 3214. Але ў выніку мяне вырашылі адправіць у спецназ — у Мар'іну Горку. Што ж, таксама нядрэнна. Бацькі станоўча паставіліся да таго, што мне давядзецца паўтара гады правесці ў такім родзе войскаў. Кажуць — пасталееш за гэты час, станеш больш мужны...

Канстанцін у школе тры гады займаўся боксам. Пэўна, гэта і паўплывала на выбар месца яго будучай службы разам з вынікамі псіхалагічнага тэсціравання.

— Апошні вечар перад войскам я правёў дома. Пасядзелі з бацькамі і самымі блізкімі сябрамі. А тым, хто прыйдзе на зборныя пункты, хачу параіць адно: бярыце з сабой тэрмас з гарачай гарбатай і не хвалюйцеся. І не саромцеся задаваць пытанні. Напрыклад, я ўжо паспеў пагутарыць з хлопцамі, якія служаць у Мар'інай Горцы і пойдуць на дэмбель праз тыдзень-другі. Так бы мовіць, разведаў абстаноўку.

Маці Наталля Крук праводзіць дваіх дзяцей. Яны — пагодкі, скончылі вучобу разам. Вось толькі служыць будуць у розных часцях. Адзін будзе праходзіць «курс маладога байца» ў Віцебску, а далей служба працягнецца ў Калодзішчах. Другі ж пойдзе ў пагранічныя войскі.

— Першыя павесткі прыйшлі сынам яшчэ ў чэрвені. Іх адправілі ад ваенкамата вучыцца ў аўташколу. Праўда, хацелася б у ідэале, каб яны служылі разам: усё-такі трэба будзе выбіраць, да каго менавіта прыязджаць на прысягу. Але як ёсць, так ёсць. На апошні вечар у хатніх сценах прыехалі ўсе родныя — трыццаць чалавек.

А вось 22-гадовы Яўген Бажанаў стаіць адзін. З бацькамі ён развітаўся яшчэ раніцай. Хлопец крыху хвалюецца.

— Я скончыў каледж прадпрымальніцтва і па гэтай жа спецыяльнасці інстытут. Ужо вядома, што буду служыць у Мінскай камендатуры. Нават расказалі, што будзе ўваходзіць у мае абавязкі. Гэта будзе адно з двух: або патруляванне горада, або служба ў роце ганаровай варты. Сам я родам з Мінска, таму бацькам нікуды ездзіць не давядзецца. Паколькі я атрымаў вышэйшую адукацыю, то служыць мне ўсяго год.

Павестка Яўгену не прыходзіла. Гэта таму, што хлопец пасля таго, як атрымаў дыплом, сам пайшоў у ваенкамат з усімі дакументамі.

— У мяне служылі абодва дзяды. Пакуль яны былі жывыя, то дзяліліся сваімі ўспамінамі пра армію. Расказвалі пра цяжкасці, з якімі сутыкаліся падчас службы. Можна нават сказаць, што я завочна прайшоў «курс маладога байца». Разам з тым я сябрую і са спортам. Раней шмат займаўся футболам, цяпер інтарэсы пераключыліся ў бок камп'ютараў.

Дзве кароткія гісторыі... А ўсяго сёлетняй восенню плануецца прызваць у войска да 13 тысяч хлопцаў.

— Выкліку на прызыўныя камісіі ўвосень гэтага года падлягаюць каля 70 тысяч чалавек, — паведаміў начальнік аддзела галоўнага арганізацыйна-мабілізацыйнага ўпраўлення генеральнага штаба Узброеных Сіл палкоўнік Алег ПАЗНЯК. Па стане на 15 лістапада раённыя і гарадскія прызыўныя камісіі прынялі больш за 50 тысяч рашэнняў. Было дадзена больш за 25 тысяч адтэрміновак. 85 працэнтаў з іх звязаны з працягам адукацыі. Астатнія размеркаваліся паміж тымі, хто часова нягодны па стане здароўя, сямейным становішчы і атрымлівае вайскова-тэхнічныя спецыяльнасці.

Хлопец, які прадставіўся Аляксандрам, атрымаў адтэрміноўку яшчэ ў 18 гадоў. Зараз яму споўнілася 22. Чатыры гады Аляксандра не прызывалі ў войска, таму што ён быў адзіным карміцелем у шматдзетнай сям'і, у якой было ажно шасцёра малых. А цяпер адтэрміноўка скончылася.

— За плячыма ў мяне прафесійна-тэхнічнае вучылішча. Працаваў зваршчыкам. Пэўна, на тое, што мяне адправяць у 5-ю брыгаду, паўплывала тое, што я займаўся ў юнацтве біятлонам. Цікава, што я тут знайшоў сваіх знаёмых з Ленінскага раёна. Як кажуць, свет цесны. І служыць будзем разам. Тым жа, хто атрымае павесткі ўжо праз некалькі месяцаў, хачу параіць: не бегайце ад войска. Навошта ўсе гэтыя сумнеўныя прыгоды?

Прысягу байцы прымуць 15 снежня. Тады ж яны адправяцца ў сваё першае звальненне. Але ўжо цяпер ім паказалі, чаму іх навучаць у спецназе. Гэта было майстэрства валодання зброяй і элементы рукапашнага бою. Адзінае — гэтыя спецназаўцы паўгода таму таксама стаялі на пляцы, чакаючы адпраўкі...

«Ухілістаў» ад прызыву зараз у Беларусі налічваецца каля 300 чалавек. Іх своечасова апавясцілі аб тым, што трэба прыйсці ў ваенкамат, але своечасова яны туды не прыбылі. Беспакараным гэта не застанецца. Ваенкаматы шукаюць парушальнікаў разам з органамі ўнутраных спраў, каб прыцягнуць да адказнасці. Ім ужо абмежаваны выезд за межы краіны.

30 лістапада заканчваецца восеньскі прызыў — 2018. Пасля гэтага дня матэрыялы па «ўхілістах» будуць перададзены ў тэрытарыяльныя органы ўнутраных спраў. І калі за няяўку па павестцы максімальная штрафная санкцыя складае да пяці базавых велічынь, то за ўхіленне ад прызыву можна атрымаць і да двух гадоў пазбаўлення волі. Таму час абысціся «малой крывёй» яшчэ застаецца.


Валяр'ян ШКЛЕННІК

Фота Таццяны ТКАЧОВАЙ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?