Вы тут

Сябры і калегі ўспамінаюць пра Яўгенію Янішчыц


...Першыя вершы яна надрукавала ў раёнцы яшчэ школьніцай, а першы паэтычны зборнік «Снежныя грамніцы» ўбачыў свет у 1970-м, падчас вучобы аўтаркі на філфаку. Яшчэ студэнткай яна ўвайшла ў Саюз пісьменнікаў. Ёй прадракалі вялікую будучыню ў літаратуры Ніл Гілевіч і Генадзь Бураўкін, але... 30 гадоў таму, 25 лістапада 1988-га, Яўгенія Янішчыц выпала з акна новай кватэры на восьмым паверсе дома ў цэнтры Мінска. Паэтцы было ўсяго 40 (яе сямідзесяцігоддзе, дарэчы, было таксама на гэтым тыдні — 20 лістапада).


«Палеская ластаўка» пражыла так няшмат, але паспела вельмі многа зрабіць у літаратуры, і сучаснікам яшчэ наканавана адкрыць для сябе невядомую Янішчыц — напрыклад, у чатырохтомным зборы твораў, які друкуе выдавецтва «Беларуская навука», даследчыкі сабралі не толькі яе вершы і паэмы, але таксама радавод паэткі, яе празаічныя творы, інтэрв'ю, артыкулы, выступленні, прадмовы, пераклады, лісты, успаміны...

Імі — самымі цёплымі, сумна-светлымі — наноў дзяліліся адно з адным, з прыхільнікамі творчасці і наогул з аматарамі прыгожага пісьменства сябры і аднакашнікі паэткі на нядаўняй вечарыне памяці ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры.

«Якая я?..»

— Ёсць жанчыны, не адметныя звыклай нам класічнай прыгажосцю, але ў іх свой непаўторны шарм і хараство, нешта такое, што вачэй не адвесці. Вось Жэня была такая, — заўважае паэт Сяргей Законнікаў. — Ведаеце, чым яна адрознівалася ад усіх нашых паэтак? У ёй спалучаліся жыццёвая, нейкая глыбінная народная мудрасць і свая, чыста натуральная, прыродная, і яшчэ паэтычная «чуйка», якая дазваляла бачыць нашмат больш за астатніх.

— Расказваць пра Жэню можна бясконца: яна якая была ў паэзіі, такая і ў жыцці — шчырая і светлая, — дадае паэт Васіль Жуковіч, якому Янішчыц яшчэ школьніцай пісала лісты, звяртаючыся па параду да больш вопытнага аўтара, і падпісвала іх «Ясяльдзянка». Ён прыгадвае тыя ліставанні і сустрэчы з юнай паэткай і заўважае, што нават у самых ранніх, светлых, шчасліва-ўзнёслых і лірычных яе творах раз-пораз гучалі мінорныя ноткі. Наканаванасць? Прадчуванне будучых узрушэнняў?..

У 1971 годзе адбылося яе замужжа з паэтам Сяргеем Панізнікам — «нібыта шчаслівае», у адзін голас гавораць тыя, хто блізка ведаў Яўгенію Янішчыц. Сям'я паехала ў Чэхаславакію, дзе Панізнік працаваў ваенным карэспандэнтам, а Янішчыц — бібліятэкаркай. Але ўжо праз год яна вярнулася на радзіму, нарадзіла сына Андрэя і гадавала яго адна, без мужа, з якім неўзабаве развялася. У яе жыцці расцягнулася доўгая-доўгая чорная паласа: трагічна загінуў у вёсцы бацька, сама паэтка трапіла ў Магілёве ў аўтамабільную аварыю, пасля якой доўга не магла паправіцца, пазней цяжка захварэў сын... Потым — творчы ўздым, нават палёт, кнігі адна за адной, прэмія Ленінскага камсамола — за зборнік «Дзень вечаровы», праца ў прадстаўніцтве Беларусі пры ААН, Дзяржаўная прэмія БССР імя Янкі Купалы — за зборнік інтымнай лірыкі «Пара любові і жалю», і новы віток дэпрэсіі ды адзіноты... Яна ўсё вытрымала, не зламалася — вонкава, але што рабілася ўнутры, якія разрывы і які надлом засталіся ў душы, — можна толькі здагадвацца. Мабыць, таму многія дагэтуль бачаць у трагічным фінале яе жыцця загадкавасць і неадназначнасць?

Адзін з аўтараў дакументальнага фільма «Палесся мілае дзіця» журналіст Уладзімір Субат з болем гаворыць, што цяпер родная хата паэткі знаходзіцца ў вельмі дрэнным стане, калодзеж і гаспадарчыя пабудовы наогул знішчаны, а людзям, якія там жывуць і якія асабіста не ведалі Янішчыц, як быццам усё адно, што будзе далей. «Трэба стварыць у Рудцы, у хаце, дзе нарадзілася Яўгенія Янішчыц, яе музей, каб захаваць тую спадчыну, якую мы яшчэ можам захаваць!» — запрашае Субат у паплечнікі ўсіх неабыякавых.

— Калі мы рыхтавалі вечар памяці, я шмат перачытала рэцэнзій крытыкаў, вершаў і ліставанняў, якія захоўваюцца ў нашых фондах, шмат з кім гутарыла, хто асабіста ведаў Яўгенію Янішчыц. І ведаеце, што асабліва ўразіла? — дзеліцца загадчыца навукова-асветніцкага аддзела Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры Эліна Свірыдовіч. — Спалучэнне выдатнага паэтычнага дару, дадзенага аднекуль звыш, і асаблівай неабароненасці — нібыта птушка, нібыта чалавек без скуры... У лістах, прысвячэннях, аўтографах Яўгеніі Янішчыц нават па асобных фразах адчуваеш, што яна ніколі не пісала адпісак, а заўжды шчыра цікавілася, прыглядалася да людзей, прымала іх радасці і боль як свае. Як сказаў Аляксей Дудараў, «у яе была сапраўдная любоў да людзей — і толькі для сябе гэтай любові не хапіла».

Дарэчы, цяпер супрацоўнікі Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры працуюць над стварэннем стацыянарнай экспазіцыі, якая расказвае пра другую палову ХХ стагоддзя. Трапяць у яе і асабістыя рэчы з архіваў Яўгеніі Янішчыц, у прыватнасці традыцыйны беларускі бела-чырвоны ручнічок з карункамі і палеская посцілка з бацькоўскай хаты — нібы кавалачак малой радзімы, якая была для паэткі невычэрпнай крыніцай натхнення і засталася нам як напамін і спадчына.

Здалёк і зблізу

Ці многа мы насамрэч ведаем пра Яўгенію Янішчыц? — пытаюся ў яе былога аднакурсніка па філфаку БДУ пісьменніка Анатоля Бутэвіча.

— А хіба мы ўсё ведаем пра Купалу, Коласа, Багдановіча? — пытаннем на пытанне адказвае пісьменнік. — Мора загадак! Чым глыбей учытваешся ў іхнія творы, тым больш пытанняў паўстае. Мне падаецца, тое самае датычыцца і Жэні. У жыцці кожнага з нас пры жаданні можна адшукаць або нават прыдумаць і загадкі, і міфы, а творцаў гэта датычыцца асабліва. Жэня — гэта сама лірычнасць як у творчасці, так і ў паўсядзённым жыцці, у ёй спалучаліся пэўная замкнёнасць характару і ўменне пасмяяцца разам з усімі — і весела, і горача, і, нягледзячы на розныя жыццёвыя выпрабаванні, кожны раз, калі мы сустракаліся, у Жэні прысутнічала нейкая лёгкая жартаўлівасць. Пра Жэніну лірычнасць сведчаць і аўтографы, якія яна пакідала, падпісваючы мне свае кніжкі. Вось, глядзіце, «Каліна зімы», з пазнакай: «Шаноўнаму Анатолю (па якому плача выдавецтва) і чароўнай Таісе Бутэвіч ад шчырага сэрца — гронка маёй зімовай і ўдзячнай каліны». А мы якраз у дзень нараджэння Жэні былі з аднакурснікамі на яе магіле, і там побач расце каліна — гронкі чырвоныя, пад праменьчыкам сонца бліскучыя, як кроплі крыві — ці яе, Жэнінай, ці наогул нашай, асэнсоўвай, як хочаш, і мне падумалася, што гэта калінавая сувязь невыпадковая... Або вось такі допіс: «Маім ніколі не старэючым аднакурснікам з жаданнем радасці, цеплыні і магутнай цярплівасці ў гэтым спешным, трывожным — і ўсё ж такі цудоўным! — жыцці»... «Спешнае, трывожнае і ўсё ж такі цудоўнае» — напэўна, якраз такім было Жэніна жыццё.

— З 2016 года пачаў выходзіць збор твораў Яўгеніі Янішчыц у чатырох тамах. На ваш погляд, ці ў час мы гэта робім, ці трэба было «даацэньваць» паэтку раней?

— Можна было выдаць і раней, але, напэўна, з часам мяняецца стаўленне да творчасці, адбываецца яе пераасэнсаванне. Спачатку планавалася, што гэта будзе пяцітомнік, потым у сілу розных прычын вырашылі спыніцца на чатырох, але затое яны маюць арыгінальную пабудову і змяшчаюць шмат цікавых рэчаў. Напрыклад, у першых двух тамах, якія ўжо выйшлі, сабраныя не толькі творы, але і выказванні пра іх, розныя ацэнкі, у трэці том трапяць наогул невядомыя чытачам вершы. І гэта не толькі даніна павагі, а зусім неабходнае заглыбленне ў літаратуру, каб не абмяжоўвацца тым, што мы проста «праходзім» паэтаў па школьнай хрэстаматыі. Хтосьці, магчыма, убачыць у яе вершах нешта новае, чаго не заўважаў раней. Хоць асабіста для мяне ўсё ж «самы Жэнін» твор — верш, які трапіў яшчэ ў першы зборнік. «Ты пакліч мяне, пазаві...» Мне здаецца, ніхто іншы яго напісаць проста не мог.

— Пра сяброў можна расказваць бясконца, і ўсё будзе дарэчы. А калі б вас папрасілі апісаць Яўгенію Янішчыц літаральна ў некалькіх словах?

— Ох, цяжкае пытанне — гэта, мабыць, як скараціць тэкст са ста радкоў да пятнаццаці. Я сказаў бы так: Жэня — гэта было дзіця свайго часу, якое, тым не менш, бачыла перспектыву далёка наперад.

Невядомае пра вядомую

  • У 1969-м на Усесаюзным з'ездзе маладых паэтаў і пісьменнікаў у Маскве яго ўдзельнікі, займеўшы крыху вольнага часу, выправіліся купацца. Як успаміналі сябры па філфаку, тады Яўгенія Янішчыц ледзьве не патанула — хлопцы дасталі яе з вады ўжо ў млосным стане.
  • Пісьменнік Генрых Далідовіч, які адным з першых чытаў апавяданні Яўгеніі Янішчыц, сцвярджае, што ў беларускай літаратуры мог бы з'явіцца новы, яркі і цікавы празаік: «Паэту не проста перайсці з метафарычнай лірыкі на суровую мову прозы, але проза там сапраўды была, і вартая».
  • Яўгеніі Янішчыц прысвяцілі больш за 100 розных твораў 95 аўтараў.

Вікторыя ЗАХАРАВА

Фота Андрэя САЗОНАВА

Загаловак у газеце: «Дзіця свайго часу, якое бачыла далёка наперад»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як у Беларусі развіваецца сектар беспілотнікаў

Як у Беларусі развіваецца сектар беспілотнікаў

Ён малады — сёлета яму спаўняецца 10 гадоў.

Спорт

Беларус Данііл Крывіцкі ў 15 гадоў гуляе ў футбол у іспанскім клубе

Беларус Данііл Крывіцкі ў 15 гадоў гуляе ў футбол у іспанскім клубе

 З перспектыўным футбалістам мы звязаліся, каб даведацца пра яго далейшыя планы, трэніроўкі ў «Інтэры» і жыццё ў Іспаніі.

Грамадства

Чаму лесапілка стала прадметам спрэчак сярод вяскоўцаў

Чаму лесапілка стала прадметам спрэчак сярод вяскоўцаў

Каб высветліць маштаб праблемы, журналіст «Звязды» накіравалася ў вёску Струпень.