Вы тут

Некалькі гадзін на дзяжурстве ў раддоме правялі карэспандэнты «Звязды»


Роды — для кожнай жанчыны працэс узрушальны, калі не сказаць палохаючы. Шматлікія форумы ў інтэрнэце, расказы сябровак і легенды не дадаюць душэўнага спакою. Мы наведалі адзін з самых вялікіх і сучасных сталічных раддамоў у выхадны дзень і ўпэўніліся, што нараджаць у нядзелю гэтак жа бяспечна, як і ў любы працоўны дзень. Без кваліфікаванай дапамогі вы не застаняцеся дакладна. Магчыма, нехта, пачытаўшы наш рэпартаж, пазбавіцца хаця б ад аднаго з міфічных уяўленняў пра роды.


...За ноч у сталіцы выпаў невялікі снег, на вуліцах нешматлюдна, і, здаецца, вялікі горад не спяшаецца прачынацца — як-ніяк, выхадны. Мы ж накіроўваемся туды, дзе жыццё не замірае ні днём, ні ўначы, больш за тое, тут кожныя суткі нараджаецца некалькі дзясяткаў новых жыццяў. У фае 5-га сталічнага раддома — пакуль ніводнага наведвальніка. На гадзінніку 10 раніцы. Нас сустракае адказны дзяжурны акушэр-гінеколаг Ірына Кухта (на фота). Яе сённяшняя змена пачалася ў 8.30 і скончыцца а палове на дзявятую вечара. У гэты час Ірына Станіславаўна адказвае за ўсё, што адбываецца ў аддзяленнях раддома: удзельнічае ў кансіліумах і аперацыях, пад яе кантролем знаходзяцца ўсе радзільныя залы, яна нясе адказнасць за экстранную дапамогу, у тым ліку і ў аддзяленні вострых гінекалагічных хвароб, куды ў выхадныя і святочныя дні прывозяць з вострымі паталогіямі жанчын з усяго Мінска. Менавіта да яе, як да самага кваліфікаванага і вопытнага ўрача змены, звяртаюцца па параду ўсе дванаццаць дактароў, якія ў гэты час дзяжураць у розных аддзяленнях.

— У родах зараз знаходзіцца чатыры жанчыны. Сёння рыхтуецца адна аперацыя: будзем рабіць кесарава сячэнне пацыентцы, якая знаходзіцца ў аддзяленні рэанімацыі з умеранай прээмплаксіяй (ускладненне цяжарнасці, якое характарызуецца павышаным ціскам, ацёкамі, наяўнасцю бялку ў мачы), — адразу ўводзіць у курс справы Ірына Станіславаўна, але адмаўляецца спрагназаваць, якім чакаецца дзяжурства: — Бывае, і 20 родаў прымеш і ўсё пройдзе спакойна, а здараецца, што адна пацыентка такая цяжкая, што ўсю змену ад яе не адыходзіш.

Радзiльны дом №5 здадзены ў снежнi 2015 года. Новы 9-павярховы будынак адбудаваны з "нуля" на месцы старога 3-павярховага. Калi раней тут прымалi да 3,5 тысяч родаў у год, то летась — 5 565. У старым будынку пасля родаў жанчыны размяшчалiся у 6-7-месных палатах, цяпер яны разлiчаны на 1-3 чалавек.

Палаты блочнага тыпу, у кожным блоку ёсць душ, туалет. Платныя палаты павышанай камфортнасці — з індывідуальным санвузлом, халадзільнікам і тэлевізарам. Маюцца і тры двухпакаёвыя палаты сямейнага тыпу, дзе пасля родаў з жанчынай могуць знаходзіцца муж ці мама. Пакоі таксама аснашчаны ўсім неабходным — вага і спавівальны столік з падагрэвам для немаўляці, ложак, канапа, халадзільнік і тэлевізар. Калі ўрачы дазваляюць, маму і дзіця з першага дня нараджэння наведваюць блізкія. Яны могуць прыходзіць непасрэдна ў палату, калі яна аднамесная. Дастаткова надзець бахілы і скарыстацца сродкамі для дэзынфекцыі рук: дазатары для зручнасці наведвальнікаў знаходзяцца на прыкметных месцах.

Роды па-новаму

Урач і акушэр прыёмнага пакоя, з якога пачынаецца шлях у раддом кожнай жанчыны, пакуль свабодныя, з пачатку іх змены сюды ніхто не паступіў: большасць дзяцей, паводле назіранняў медыкаў, для з'яўлення на свет выбіраюць ноч. Паднімаемся ў родавае аддзяленне. Тут размешчаны палаты і радзалы для жанчын без інфекцыйных ускладненняў. Зараз у аддзяленні тры жанчыны. На пасту — столькі ж акушэрак. Кожная з іх сочыць па відэаманіторах за сваёй падапечнай. У раддоме працуе сістэма «адны роды — адна акушэрка», калі жанчыне дапамагае адзін і той жа спецыяліст. Яны зрываюцца з месца, калі некаму з пацыентак патрэбна дапамога. З лета гэтага года раддом працуе па новай сістэме: жанчына на працягу ўсяго перыяду родаў і дзве гадзіны пасля іх знаходзіцца ў адной радзільнай палаце — менавіта так рэкамендуе Сусветная арганізацыя аховы здароўя.

— Жанчыны ні на хвіліну не застаюцца без нагляду, хоць яны гэтага, магчыма, і не ведаюць, думаюць, што іх пакідаюць. Відэа з кожнай палаты, радзалы і аперацыйнай выводзіцца на маніторы на акушэрскім пасту. А паказчыкі КТГ плода выводзяцца на мой манітор у ардынатарскую, — знаёміць з сучаснымі тэхналогіямі акушэр-гінеколаг родавага аддзялення Ганна Гадзяева.

Ірына Кухта тлумачыць, што згодна з рэкамендацыямі Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, калі роды праходзяць фізіялагічна, патрэбы ў абязбольванні няма. І ўсё больш жанчын свядома адмаўляюцца ад анестэзіі. Аднак калі пацыентка просіць абязболіць, урачы ідуць насустрач яе пажаданням. Адзін з варыянтаў — эпідуральная ці спінальная анестэзія, такім метадам карыстаюцца і ў еўрапейскіх клініках. Укол робіцца ў ніжнюю частку спіны, працэдура дазваляе цалкам абязболіць роды, пры гэтым жанчына знаходзіцца ў прытомнасці, можа размаўляць ці нават драмаць.

— Мы практыкуем адтэрмінаванае перацісканне пупавіны, — працягвае расказваць пра сучасныя падыходы да родаў Ірына Станіславаўна. — Калі дзіця нараджаецца, не перасякаючы пупавіны, мы выкладваем яго на жывот маці, накрываем коўдрачкай і даем крыху паляжаць. Першы кантакт немаўляці з мамай «скура да скуры» вельмі важны. Так яно сустракаецца з той флорай, якая будзе яго суправаджаць і далей, дома. Праз 1,5-2 хвіліны пупавіну перасякаем. Калі гэта партнёрскія роды і праводзіцца кесарава сячэнне, яшчэ ў аперацыйнай дзіця прыкладаем да грудзей мамы, а затым перадаём на рукі тату.

Партнёрскіх родаў, дарэчы, у радзільным доме з кожным годам усё больш. Летась іх было паўтысячы, сёлета медыкі ўпэўнены, што лічба атрымаецца яшчэ большай.

— Ва ўсіх цывілізаваных краінах свету роды пераважна партнёрскія. Незалежна ад таго, каго хоча бачыць жанчына сярод сваіх партнёраў — мужа, маму, сястру, сяброўку, — яна мае на гэта права. Колькасць такіх родаў у нас таксама павялічваецца. Асабіста я іх вельмі люблю, — прызнаецца Ірына Кухта. — Для кожнай жанчыны роды — стрэсавая сітуацыя. Таму, калі ёсць чалавек, якому яна давярае і які яе падтрымлівае, гэта вельмі важна. І партнёр павінен прыходзіць, каб падтрымаць жанчыну ў родах, а не ад кагосьці яе абараняць.

...Надзея і Аляксандр  (на фота) усяго два дні таму сталі бацькамі. Да з'яўлення на свет першынца абодва паставіліся адказна: загадзя вырашылі, што роды будуць партнёрскія, разам наведвалі курсы.

— Памятаю, я прабег Мінскі паўмарафон, памыўся і пераадзеўся ў прыбіральні гандлёвага цэнтра, і мы разам з Надзеяй паехалі на курсы, — расказвае Аляксандр. Надзея дадае: — Для нас партнёрскія роды — не нейкі мэйнстрым, а ўсвядомлены выбар. Падтрымка мужа прыйшлася вельмі дарэчы. Напрыклад, давялося павучыцца сінхронна дыхаць, але гэта мне вельмі дапамагала падчас родаў.

Дарэчы, да выбару раддома маладая сям'я таксама паставілася сур'ёзна: чыталі водгукі, улічвалі магчымасці дародавага абследавання і ўмовы ў пасляродавых палатах.

— Сын, дарэчы, нарадзіўся якраз у дзень нашага знаёмства, толькі праз чатыры гады, — з гонарам кажа малады бацька. — А пачуцці ад яго нараджэння можна параўнаць хіба з адчуваннямі пасля паўмарафону.

Ніна Сяргееўна нарадзілася!

Пакуль да запланаванай на 12 гадзін аперацыі яшчэ застаецца час, ідзём туды, дзе ўсё самае ўзрушальнае яшчэ наперадзе: Ірына Станіславаўна праводзіць нас у «сваё» аддзяленне — паталогіі цяжарнасці. Тут знаходзяцца жанчыны на розных тэрмінах, якія маюць патрэбу ў кантролі спецыялістаў. Дзве будучыя мамы — Наталля і Кацярына — трапілі ў стацыянар на позніх тэрмінах і жартуюць, што «цяжарнымі адсюль ужо не выйдуць». Умовы ў раддоме называюць выдатнымі, а рэжым — санаторным, што дапамагае падрыхтавацца да родаў і маральна, і фізічна.

— Тут выдатная зала лячэбнай фізкультуры. У будныя дні мы займаемся з інструктарам: выконваем практыкаванні на фітболе, вучымся правільнаму дыханню, што спатрэбіцца падчас родаў, — расказвае Наталля. — Нас адразу прывялі ў тонус: пасля тыдня заняткаў адчуваеш сябе не ляжачым хворым, а здаровым актыўным чалавекам, — усміхаецца Наталля.

Дарэчы, фітболы маюцца ў перадродавых і родавых палатах — жанчына можа скарыстацца адным з іх для аблягчэння болю. У раддоме прыняты свабодныя паводзіны падчас родаў: дазваляецца хадзіць, сядзець, выконваць практыкаванні — усё, што пажадае будучая мама.

Перад аперацыяй (кесарава сячэнне, нагадаем, будуць рабіць жанчыне з умеранай прээмплаксіяй на 36-м тыдні цяжарнасці, стан жанчыны не дазваляе далей выношваць дзіця) Ірына Станіславаўна дае апошнія рэкамендацыі персаналу ў родавым аддзяленні: асаблівую ўвагу — паказчыкам КТГ, адной з жанчын зрабіць ін'екцыю. У аперацыі задзейнічана брыгада анестэзіёлагаў-рэаніматолагаў, два акушэры-гінеколагі, урач-неанатолаг, аперацыйная медсястра, акушэрка, а таксама брыгада дзіцячай рэанімацыі, паколькі дзіця неданошанае і іх дапамога можа спатрэбіцца. Жанчыну прывозяць да аперацыйнай, ад хвалявання — на твары слёзы. Праз дзясятак хвілін іх зменяць слёзы радасці.

— Ніна Сяргееўна нарадзілася, — вымавіла шчаслівая жанчына, калі ўрачы паведамляюць, што ў яе дзяўчынка.

Аперацыя доўжылася 28 хвілін, і пасля жанчыну зноў накіроўваюць у рэанімацыю — пад апеку дзяжурнага анестэзіёлага-рэаніматолага Аляксея Дубовіка, дзе яна прабудзе яшчэ пэўны час. А вось Ніну Сяргееўну (нягледзячы на вагу 2500 грамаў, дзяўчынка абсалютна здаровая) пасля неабходных працэдур дастаўляюць у палату інтэнсіўнай тэрапіі пад нагляд доктара Марыны Зуевай. Тут знаходзяцца дзеткі, якія маюць патрэбу ў назіранні ці лячэбных працэдурах — у прыватнасці з жаўтухай нованароджаных, адмоўным рэзус-фактарам маці, неданошаныя. Пры неабходнасці яны знаходзяцца тут пастаянна некалькі дзён, некаторых адразу пасля правядзення лячэбных працэдур вяртаюць мамам. У любым выпадку жанчыны могуць іх наведваць і карміць. З палат інтэнсіўнай тэрапіі дзетак пры неабходнасці пераводзяць у педыятрычнае аддзяленне — на другі этап выходжвання.

Усё магчымае і нават больш

— Што адчуваеш, калі нараджаецца дзіця? Магчыма, камусьці здаецца, што ў доктара павінна надысці эмацыянальнае выгаранне. На самай справе адчуваеш сябе гэтак жа, як і 20 гадоў таму: гатовы заплакаць ад радасці разам з мамай. Гэта самы прыемны момант у нашай прафесіі. Разам з маладымі мамамі мы зараджаемся станоўчымі эмоцыямі, — прызнаецца Ірына Кухта, якая прысвяціла акушэрству 21 год, 14 з іх яна працуе ў 5-м раддоме. — Вельмі прыемна, што мамы нас не забываюць. Нядаўна са мной звязалася жанчына, у якой нарадзілася неданошанае дзіця вагой усяго 950 грамаў. Мы яго выхадзілі і падгадавалі. Зараз яму ўжо годзік — абсалютна здаровае дзіця. Мама дагэтуль нам вельмі ўдзячная. Калі б давялося выбіраць спецыяльнасць, я зноў яе выбрала б, хоць праца акушэра-гінеколага вельмі складаная. Загадзя ніколі не ведаеш, якой атрымаецца працоўная змена, у колькі вернешся дадому. Урач не зніме пальчаткі і не пойдзе з аперацыйнай, калі скончыўся яго працоўны дзень. Трэба не толькі завяршыць аперацыю, але і прызначыць далейшае лячэнне, паназіраць за станам праапераванай пацыенткі. Самае галоўнае, якой бы складанай ні выдалася змена, — каб мамы і дзеці былі здаровыя. І кожнае дзяжурства стараешся правесці так, каб адчуваць, што ты зрабіў усё магчымае і немагчымае для таго, каб так і было.

У дактароў свае прыкметы, і паводле адной з іх не варта жадаць удалага дзяжурства ці спакойнай ночы, таму на развітанне Ірыне Станіславаўне зычым гэтага толькі ў думках. За суткі, падчас якіх мы пяць гадзін правялі ў радзільным доме, тут з'явілася на свет 13 дзяцей.

У 5-ы раддом трапляюць будучыя мамы, якія адносяцца да яго па тэрытарыяльнай прыкмеце і назіраюцца ў 3-й, 8-й, 17-й, 21-й, 22-й, 25-й, 29-й, 32-й, 36-й і 38-й жаночых кансультацыях Мінска. Таксама нараджаць сюды накіроўваюць жанчын з неўралагічнымі і гінекалагічнымі паталогіямі, у прыватнасці з міёмай вялікіх памераў. А таксама жанчын, у якіх пяць і больш дзяцей. Можна трапіць сюды і на платнай аснове.

Алена КРАВЕЦ

Фота Таццяны ТКАЧОВАЙ

Загаловак у газеце: Без страху і папроку

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.