Вы тут

Раім схадзіць


Рукавічны паў​марафон, арт-фестываль «Дыялог ± 60», музыка і зоркі ў Планетарыі і экспрэсіўнае маляванне - афіша «Звязды» з 26 лістапада па 2 снежня.


Рукавічны паўмарафон з таючай дыстанцыяй

Фота: TUT.BY

Дзе: старт - Мінскі гарадскі Палац культуры, вул. Маякоўскага, 129Г

Калі: 2 снежня ў 11:00

Колькі каштуе: дабрачынны ўзнос ад 10 рублёў, трэба зарэгістравацца

Таючая дыстанцыя - прыдуманы камандай «Крылы анёлаў» спосаб аб'яднаць у адной прабежцы і моцных спартсменаў, і пачаткоўцаў. Вы стартуеце на Рукавічным паўмарафоне разам з усімі і апынецеся на фінішы ў агульным патоку. Колькі вы пры гэтым прабяжыце, залежыць толькі ад вашых фізічных магчымасцяў.

На сярэдзіне дыстанцыі лідар атрымлівае чырвоную рукавічку і права разгортваць да фінішу астатніх удзельнікаў. Такім чынам, адлегласць да пераможнай рысы пачынае «раставаць» для менш падрыхтаваных бегуноў, скарачаючы ім нагрузку

Дабрачынная місія Рукавічнага паўмарафону: сабраць сродкі на працу спартыўнага клуба «Крылы анёлаў» зімой 2018/2019. Наш клуб у манежы Цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі па лёгкай атлетыцы аб'ядноўвае сем'і з дзецьмі з інваліднасцю і спартыўных валанцёраў. Для многіх удзельнікаў ён становіцца першым крокам на шляху з сацыяльнай ізаляцыі да актыўнага ладу жыцця.


Арт-фестываль «Дыялог ± 60»​ 

Дзе: Ok16, вул. Кастрычніцкая, 16

Калі: 30 лістапада ў 12.00

Колькі каштуе: бясплатна

Як пажылым адчуваць сябе камфортна і паўнавартасна на пенсіі? Як рэалізаваць свае здольнасці і жаданні, а таксама ўдзельнічаць у важных для грамадства падзеях? Арт-фестываль «Дыялог ± 60» пакажа, як стварыць асяроддзе, дзе няма межаў для ўзросту, а ёсць прастора для бязмежнай творчасці, дзе кожны можа быць пачутым і зразуметым.

На фестывалі будзе прадстаўлена выстава карцін людзей трэцяга ўзросту, створаных у творчай майстэрні «Мой звыклы новы дом», а таксама іх сумесны праект з мастаком Bazinato; выстава партрэтаў былых ахвяр нацыянал-сацыялізму і дзяцей вайны фатографа Ягора Войнава і фільм «Месца сустрэчы: дыялог».

Арт-фэст прысвечаны 10-годдзю гуманітарнай праграмы «Месца сустрэчы: дыялог». Арганізатары - фонд «Памяць, адказнасць і будучыня» (фонд EVZ, Германія) і Міжнароднае грамадскае аб'яднанне «Узаемаразуменне», якія падтрымліваюць людзей пацярпелых ад нацыянал-сацыялізму і іншых пажылых грамадзян ваеннага пакалення.

Удзел у выставе, дыскусіях і майстар-класах - па папярэдняй рэгістрацыі.


Прэзентацыя кнігі "Леанід Дайнека. Выбраныя творы"

Дзе: Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры, вул. М. Багдановіча, 13

Калі: 27 лістапада ў 17:00

Колькі каштуе: бяплатна

Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры запрашае на мерапрыемства “За крокам крок…” – прэзентацыю кнігі “Леанід Дайнека. Выбраныя творы”, якая пабачыла свет у выдавецтве “Беларуская навука” у серыі “Беларускі кнігазбор”.

Новы зборнік зацікавіць чытача ўпершыню апублікаванымі раманамі Леаніда Дайнекі “Ілоты” (2015) і “Сын ільва, дачка Зеўса – Леанід і Зінаіда” (2017). Таксама ў аднатомнік вядомага беларускага пісьменніка ўвайшлі найбольш значныя яго вершы і мініяцюры “Герадоцінкі”.
Леанід Дайнека ў 1988 годзе быў удастоены Літаратурнай прэміі імя І. Мележа за раман “Меч князя Вячкі”, а ў 1990 годзе стаў лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі Беларусі імя К. Каліноўскага за гістарычныя раманы “Меч князя Вячкі” і “След ваўкалака”.

У мерапрыемстве возьмуць удзел: Генрых Далідовіч, Кастусь Цвірка, Сяргей Законнікаў, Леанід Дранько-Майсюк, а песні на вершы аўтара прагучаць у выкананні Алеся Камоцкага і Эдуарда Акуліна.


Віленскі фестываль аналагавай фатаграфіі і кіно

Дзе: НЦСМ, вул. Някрасава, 3

Калі: па 8 снежня

Колькі каштуе: 2 рублі

У працяг цыкла мерапрыемстваў, прысвечаных 100-годдзю аднаўлення Літоўскай дзяржавы, адкрыецца выстава “Віленскі фестываль аналагавай фатаграфіі і кіно”.

Фотавыстава з'яўляецца ключавым мерапрыемствам Віленскага фестывалю. У ёй якой прынялі ўдзел 30 аўтараў з розных краін свету. Экспазіцыя была спецыяльна падзеленая паміж двума пляцоўкамі, каб паказаць усю разнастайнасць прац. Удзельнікаў аб’ядналі творчыя тэхналогіі фатаграфіі і святлоадчувальных матэрыялаў, а таксама ўвага да фотаадбітку, як да канчатковага выніку працы фатографа. У Мінску гледачам будзе прадстаўлены вялікі спектр жанраў і тэхнік фатаграфіі – ад скульптуры і аб’ектаў да папулярных у 1970-80-х гадах эксперыментаў з фатаграфікай; ад рэпартажа да found-photography і фатаграм. 


Музыка і зоркі ў Планетарыі

Дзе: Мінскі Планетарый, вул. Фрунзэ, 2

Калі: 29 лістапада ў 19:00

Колькі каштуе: 12 рублёў

Дамы і спадары, прадстаўлены новы праект: канцэрты класічнай музыкі ў Мінскім планетарыі. 29 лістапада ў 19.00 купал планетарыя заззяе касмічнай праекцыяй і напоўніцца музыкай, якая пагрузіць вас у неверагодную атмасферу. Гукавую прастору створаць: Дыяна Гантарэнка (флейта), Дзяніс Парэчын (кларнет) і Марына Рамейка (фартэпіяна), якія выканаюць музыку Э. Варэза, П. Хіндэміта, П. Карманава, А. Пярта, К. Дэбюсі і Р. Петэрсана

Адкрыты перадпродаж квіткоў у касе Планетарыя.


Art_Дэбош

Дзе: Прастора "Другі паверх", пр-т Машэрава, 9, корп. 8

Калі: 30 лістапада ў 19.00

Колькі кашуе: 40 рублёў

Art_Дэбош - гэта маніфест унутранай свабоды і прыгажосці чалавека творцы. Аб'яднанне творчага працэсу і пачуццяў. Гэта трансфармацыя сябе праз творчасць. Тварыць, даследаваць свабоду фантазіі і абмежаванні забаронаў. Пазнаваць пра тое, як з дапамогай колеру, формы, тэкстуры, мазка, лініі, руху атрымліваць задавальненне па-за рамкамі ацэньвання.

Кожны раз за 3 гады жыцця праекта здаралася нешта важнае і нечаканае для кожна_й удзельні_цы. Магчыма, гэта будзе момантам пашырэння межаў дапушчальнага, або адкрыццём «я магу» ў чымсьці новым, знаёмствам з адчувальнасцю сябе ці ўзрушанасцю ад сумеснага крэатыву. Мы творым на вялікіх фарматах і выкарыстоўваем тэхніку спантанага экспрэсіўнага малявання. Ніякай мастацкай або нейкай іншай спецыяльнай падрыхтоўкі не патрабуецца, усё пакажуць і дапамогуць адчуць свабоду.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?