Вы тут

Як прайшоў генеральны прагон дзіцячага «Еўрабачання»


Сёння ў “Мінск-Арэне” адбылася перадапошняя рэпетыцыя і генеральны прагон фінальнага канцэрту канкурсантаў – нагадаем, апошні, паводле ўмоў шоу, з’яўляецца поўным люстэркавым аналагам фіналу, і на яго таксама прадаюцца білеты. У гэтым годзе яны разышліся за лічаныя дні, таму арганізатары вымушаныя былі выпусціць яшчэ невялікую партыю квіткоў на танцпляцоўку. Карэспандэнты “Звязды” скарысталіся магчымасцю і паглядзелі выступленні ўсіх 20 выканаўцаў жыўцом.


Ідзе шосты дзень Еўратыдня, і бачна, што ўсе ўжо моцна стаміліся – нехта з тэхнікаў дасыпае проста ў глядацкай зале, нехта літрамі паглынае каву. Але ўсе, ад дарослых да самых маленькіх, усміхаюцца і паўтараюць, як ім у Мінску “beautiful” і “exсellent”.

“Я, відаць, настолькі дрэнна выглядаю, што найчасцей сустрэчныя пытаюцца, ці сплю я, -- дзеліцца генеральны прадзюсар шоу, кіраўнік Белтэлерадыёкампаніі Іван Эйсмант. – Канешне, сплю. І мне сніцца “Еўрабачанне”. А як інакш, калі трэба забяспечыць усім удзельнікам максімальны камфорт і быць у курсе ўсяго – я, напрыклад, ведаю, колькі асвятляльных прыбораў вісіць пад столлю і які памер вядучай у адной з вядучых шоу Зіны Купрыяновіч”.

Мабыць, таму генеральнага прадзюсара, як Фігаро, можна ўбачыць паўсюль – то ў зале для прэс-канферэнцый, то непасрэдна на арэне, то сярод тэхнічных супрацоўнікаў, то сярод замежных дэлегацый, якія навыперадкі робяць з ім сэлфі.

…Гаворачы пра неверагодную колькасць светлавой апаратуры, якая выкарыстоўваецца на дзіцячым “Еўрабачанні-2018”, арганізатары ніколечкі не хваліліся. Здаецца, нават пераменшвалі: на сцэне і навокал зіхаціць і ўзрываецца столькі пераліваў, промняў, успышак, рознакаляровых ліній і неверагодных фігур, што перад вачыма разгортваецца суцэльная касмічная сімфонія. Дзіўнага нічога няма: спецыялісты Белтэлерадыёкампаніі і Еўрапейскага вяшчальнага саюза папросту ажыццявілі дэвіз сёлетняга шоу “Light Up!” – “Запальвай!”.

Пасля некалькіх “фальстартаў” на сцэну, нарэшце, выходзяць вядучыя і вітаюцца з публікай – з усімі на англійскай, а з Аўстраліяй чамусьці на беларускай. “Май нэйм із Юджын”, - парадкам весяліць усіх Яўген Перлін. Дарэчы, хоць напярэдадні Яўген, у якога за плячыма немаленькі тэлевізійны вопыт, і запэўніваў нас, што яны з сувядучымі і рэжысёрамі адпрацоўваюць усе магчымыя варыянты падзей і не разгубяцца, нават калі нехта з выступоўцаў упадзе на сцэне, замінкі па ходу рэпетыцыі здараліся даволі часта. Спадзяемся, усе яны застануцца ў сённяшнім дні, і заўтра ўсё пройдзе нават не на дзясятку, а на 12 – максімальны “еўравізійны” бал.

Нумар украінкі Дарыны Краснавецкай, якому выпала адкрываць канцэрт – мінімалістычны і відовішчны: бела-чырвонае афармленне задніка сцэны, сэрцайкі, трафарэтныя лозунгі і галасістая дзяўчынка з чырвоным рупарам, у які яна спрабуе дакрычацца да дарослых, што трэба прызнавацца адзін аднаму ў любові, а не ваяваць.

Прадстаўнца Партугаліі Рыта Ларанжэйра, на жаль, нічым асабілвым не запамінаецца, акрамя таго што ўсю песню задорна танцуе, а пад канец забіраецца з нагамі ва ўтульнае на выгляд крэсла.

Данэлію Тулешаву, якая мае гонар прадстаўляць на конкурсе краіну-дэбютантку Казахстан, называюць адной з галоўных фаварытак шоу. І гэта не дзіўна, улічваючы шыкоўны галасавы дыяпазон юнай спявачкі, прыгожа стылізаваны пад казахскі эпас канцэртны нумар і актуальны пасыл песні – не губляць час, кожнае імгненне жыць напоўніцу.

Пасля лірычнага Казахстана ружовая Барбі з Албаніі выглядае надзвычай ярка: лялькі ў стылі папулярных L.O.L., банцікі, цукерачкі і ўсё такое, як кажуць падлеткі, “мі-мі-мішнае”.

А вось прадстаўніца Расіі Ганна Філіпчук на кантрасце выходзіць з поп-рок гуртом: барабанная ўстаноўка, гітара, клавішы – усё як мае быць. Праўда, усё гэта бутафорыя, бо паводле правілаў конкурсу жывыя інструменты ў ім не выкарыстоўваюцца. Затое вельмі жывым і ўдалым атрымаўся нумар дзякуючы відэасцяне з удзелам многіх дзяцей, якія падпяваюць Ані (між іншым, дакладна такая ж ідэя была ў беларускім нацыянальным адборы ў нашага Яраслава Саколікава).

Падчас выступлення Нідэрландаў на сцэне мінімалізм: толькі дуэт Макса і Ані. Затое за імі – гіганцкія выявы таго ж дуэта, здаецца, нават з галаграфічным эфектам: пакуль выканаўцы стаяць на розных канцах сцэны, іх “двайнікі” кружацца, узяўшыся за рукі, і гэта сапраўды вельмі эфектна і прыгожа.

Фідан Гусейнавай з Азербайджана ставяць невялічкі подыум, каб яе было лепш відаць. Пакуль салістка, нібы адна з дзіснееўскіх прынцэс, выконвае сваю песню, у якой проста-такі адчувальны зварот да любімай спявачкі Лары Фабіян, вакол яе кружаць дзяўчаты з падтанцоўкі, у руках якіх ці то люстэркі, ці то маленькія ліхтарыкі…

Між іншым, якраз сёння Фідан адзначыла свой трынаццаты дзень нараджэння прадстаўніца Азербайджана. “Павіншуеце? – запыталася “Звязда” ў беларускіх арганізатараў. – “Абавязкова!” – запэўнілі нас. У выніку дзяўчынку павіншавалі і ўдзельнікі дэлегацыі, і журналісты – задорнай крычалкай, прадстаўнікі Белтэлерадыёкампаніі – тортам і кветкамі, а таксама нечаканыя спецыяльныя госці шоу – персанажы папулярных дзіцячых тэлепраграм “Калыханка” і “Спакойнай ночы, малыя!”, якія ўзялі ў імянінніцы міні-інтэрв’ю і праспявалі разам Happy birthday to you.

Нумар прадстаўніка Беларусі Даніэля Ястрэмскага – адзін з самых насычаных у плане дэкарацый: тут і канапа, і баскетбольнае кольца, і веласіпед, і некалькі скейтаў – усё з адмысловай падсветкай, і ўсё пастаянна рухаецца, пакуль на вялізным экране за спінай артыста “цікае” намаляваны гадзіннік – бо, як гаворыцца ў песні, “час падкажа”, на якой хвалі жыць сёння.

Нумар Ірландыі здаецца занадта каляровым і дзіцячым для такога дарослага падлетка, як Тэйлар Хайнс: дыскашар, пластычная падтанцоўка з цёмнаскурых дзяўчат, кветачкі, постаці танцуючых людзей – нейкае такое прывітанне з 90-х на сучасны лад. І ніводнага руху са знакамітых ірландскіх танцаў, вось што нечакана.

Закрывае першую палову шоу Сербія: зусім казачныя паветраныя замкі, пяшчотная Бажэна Радаванавіч у белай сукенцы і заклік да “еднай любові”, якая безумоўна выратуе свет.

Другі дуэт у сёлетнім конкурсе – Марка і Меліса з Італіі, якія мілай дзіцячай непасрэднасцю і шчырасцю зачаравалі літаральна ўсю прэсу. Вось і цяпер яны катаюцца на арэлях, зноў жа на фоне мультыплікацыйнага палаца – дадайце да гэтага італьянскую мову, прыгожыя галасы – і зразумееце, што ўстаяць немагчыма.

Калі не бачыць прадстаўніцу Аўстраліі Джаэль, здаецца, што гэта выступае ўдзельніца дарослага “Еўрабачання” – настолькі прафесійны, добра пастаўлены голас у 12-гадовай дзяўчыны. А калі бачыць і не звяртаць увагі на гук, то адчуваеш дэжа вю: подыум, белы дым на падлозе, пражэктар, бліскучая сукенка… “Ледзяной гарою айсберг…”, адным словам. Бацька канкурсанткі, які паўсюдна суправаджае і падтрымлівае дачку, і цяпер здымае яе выступленне на монапод, каб першым падзяліцца ў сацсетках з прыхільнікамі (іх у юнай спявачкі нямала).

Нумар Грузіі праходзіць на фоне бясконцых начных дарог вялікага горада, “нерв” трымае і моцны, крыху рэзкаваты голас Тамар Эдзілашвілі, які літаральна ўводзіць у транс непадрыхтаваную публіку.

А вось першыя акорды выступлення Ізраіля нагадалі нам класічны хіт, скажам, Стынга – вельмі ўжо падобныя гітарныя рыфы гучаць. Зрэшты, гэта ўражанне знікае, як толькі Ноам пачынае спяваць: моцны голас, пазнавальны музычны каларыт, асаблівае моўнае хараство ідыш… Гэта хіт, не менш.

Нумар Францыі – поўная супрацьлегласць папярэдніку: музычная прагулка па восеньскім Парыжу, на сцэне – выява Эйфелевай вежы, вазок з марозівам, паркавая лаўка і некалькі сяброў, з якімі Анжэлін не толькі спявае сімпатычную песню, але і танчыць. І скажыце толькі, што вы не паспрабуеце паўтарыць гэтыя рухі.

Выступленне прадстаўніцы Македоніі – гэта, можна сказаць, казка ў песні. У Марыі Спасоўскай ёсць усё: гісторыя, драма, эфектнае афармленне і зноў жа, прыгожая белая сукенка, такая папулярная сярод удзельніц дзіцячага “Еўрабачання-2018”.

Паслухаўшы жыўцом нумар Арменіі, пераконваемся: пра што спявае ў “песні імя сябе” Лявон, наогул не важна – куды цікавей паспрабаваць злавіць ягоны позірк з-пад фірменнага чуба і выканаць некалькі танцавальных па, якія з такой лёгкасцю выдае хлопец. Валанцёры пад сцэнай вельмі стараюцца, але рытм вытрымліваюць не ўсе.

Выступленне яшчэ адной дэбютанткі конкурсу, прадстаўніцы Уэльса Манв, адметнае абсалютна эльфійскімі пейзажамі на экране, валійскай мовай (ці многім з вас даводзілася яе чуць?), танцамі з кельцкімі матывамі і “птушынымі” рухамі дзяўчат-балерын.

Эла Мангон з Мальты выконвае, здаецца, не песню, а цэлы маніфест. Уражанне ўзмацняецца кадрамі, на якіх дзеці трымаюць плакаты “Find me a home”, “I’m hungry” – застацца раўнадушным проста немагчыма.

Нарэшце, закрывае шоу прадстаўніца Польшчы, і пад яе песню гледачы змогуць, нібыта персанажы камп’ютарнай гульні, “прымерыць” на сябе самыя розныя вобразы і абставіны.

У тэставым галасаванні, якое завяршае рэпетыцыю, з вялікім адрывам выйграе Ірландыя. Аднак гэта, як вы разумееце, фэйк – сапраўдны пераможца вызначыцца заўтра а палове дзявятай вечара. Як гэта будзе? “Звязда” абавязкова распавядзе!

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Фота Ганны ЗАНКАВІЧ

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.