Вы тут

Прэзідэнт: Залог поспеху — гатоўнасць да перамен і здольнасць мяняцца самім


Такое меркаванне выказаў Аляксандр Лукашэнка падчас даклада ўрада, Нацыянальнага банка, аблвыканкамаў і Мінскага гарвыканкама аб ацэнцы вынікаў 2018 года і праектах прагнозных дакументаў сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2019 год.


Ілюзій быць не павінна

Экватар бягучай пяцігодкі пройдзены, падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. З аднаго боку, эканоміка расце практычна па ўсіх галінах, ёсць адносная коштавая стабільнасць. Павялічваюцца даходы насельніцтва, па меры магчымасцяў падтрымліваюцца пенсіянеры. "Складваецца прафіцыт па знешнім гандлі, што камусьці здавалася немагчымым яшчэ 10 гадоў таму назад", — дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Аднак пры гэтым ні ў каго не павінна ўзнікаць ілюзіі поспеху, адзначыў Прэзідэнт. Ні ў каго не павінна быць нават думкі пра тое, што дадзены трэнд развіцця Беларусі, эканомікі незваротны. "Добрыя паказчыкі дэманструюць многія краіны нашага рэгіёну. А значыць, мы толькі своечасова карыстаемся магчымасцямі чарговай хвалі цыклічнага, кан'юнктурнага росту, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Але, натуральна, такі рост не бясконцы. Шчыра кажучы, вельмі насцярожвае тое, што асноўныя трэнды нашай эканомікі ў апошні час пайшлі ўніз і Беларусь зноў уваходзіць у зону развіцця з тэмпамі ніжэшымi за сярэднесусветныя".

На яго думку, адставаць — непрымальна. Без упэўненага і ў добрым сэнсе агрэсіўнага росту Беларусі не вырашыць ні эканамічныя, ні сацыяльныя задачы, і разглядаць прагнозныя дакументы трэба яшчэ шырэй, упэўнены кіраўнік дзяржавы.

"Наш дабрабыт залежыць у тым ліку ад здольнасці эканомікі адказваць на глабальныя выклікі, якіх сёння нямала. У наяўнасці санкцыйны рэжым, геапалітычная нестабільнасць, гандлёвыя войны — гэта ўжо новая "нармальнасць", — канстатаваў беларускі лідар. — Ацэньваючы сумарны доўг усіх дзяржаў, які перавысіў палову сусветнага валавога ўнутранага прадукту, Міжнародны валютны фонд прагназуе верагоднасць новага фінансавага крызісу".

У сувязі з гэтым Прэзідэнт папрасіў прэм'ер-міністра адказаць на наступныя пытанні: якія пункты росту ўрад бачыць на 2019 год? На чым будзе пабудавана ўстойлівая і канкурэнтаздольная эканоміка з узроўнем ВУП не менш за 100 мільярдаў долараў?

Што трэба вырашыць

Дарэчы, міжнародныя эксперты і навукоўцы лічаць, што патэнцыял, перш за ўсё чалавечы, — і гэта галоўнае — у Беларусі для гэтага ёсць. Раз ёсць людзі, кадры, здольныя рэалізоўваць гэтую задачу, значыць, яе рэальна вырашыць. "Аднак захоўваюцца фактары, якія стрымліваюць, і я не бачу ў прагнозных дакументах дзеянняў для іх ліквідацыі", — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Перш за ўсё, гаворка ідзе аб пытаннях незбалансаванасці бягучага рахунку ў плацежным балансе, а таксама аб сур'ёзнай залежнасці экспарту ад аднаго рынку.

На думку кіраўніка дзяржавы, урад спрабуе плаўна абысці і праблему неэфектыўных прадпрыемстваў, якую міністры, ды і губернатары, прывыклі закрываць бюджэтнымі грошамі.

Акрамя таго, практычна спынілася праца па стварэнні лепшых умоў для інвестыцый. "Яна тоне ў агульных развагах і нейкай бюракратыі, а на практыцы нічога сур'ёзнага не прапанавана", — дадаў беларускі лідар.

Ён заклікаў звярнуць увагу на Парк высокіх тэхналогій, кіраўніцтва якога вывучыла патрэбы ІТ-сферы і прапанавала замацаваць патрэбныя для развіцця заканадаўча. Чаму ўрад і мясцовая ўлада не могуць паступіць так?

Прэзідэнт дадаў, што гандлёвыя войны і крызіс СГА на фоне палітычнай нявызначанасці ў свеце пазбаўляюць фінансавых інвестараў цікавасці да рызыкі і могуць справакаваць адток капіталу ў так званыя "ціхія гавані". У такой нявызначанасці ўраду асабліва важна мець дакладныя планы і яснае разуменне, як і калі краіна выйдзе са стану пікавых выплат па дзяржаўным доўгу.

"Сёння мы павінны разабрацца, дзе прычыны сістэмнага характару, а дзе гаворка ідзе проста пра адсутнасць дысцыпліны, а можа, і разумення таго, што трэба рабіць і як гэта трэба рабіць, — заявіў Аляксандр Лукашэнка. — Гатоўнасць да арганічных пераўтварэнняў і здольнасць змяняцца самім — залог поспеху і канкурэнтаздольнасці".

Без сырых дакументаў

Далей ён звярнуўся да міністра фінансаў Максіма Ермаловіча: "Міністр фінансаў, нягледзячы на тое, што гэта адносна новы міністр, але ў ранейшых пасадах праца па бюджэтным планаванні была вашай зонай адказнасці. Таму і запыт тут будзе адразу. Як вы плануеце паступіць з прыстойным прафіцытам бюджэту на бягучы год?"

Беларускі лідар пацікавіўся, як выкананы яго патрабаванні па скарачэнні падтрымкі тым прадпрыемствам, кіраўнікі якіх “так і не навучыліся працаваць, ці не хочуць". Ён запатрабаваў адказаць, ці рэальна яе скарацілі ці вырашылі дараваць даўгі і іх вяртанне нават не ўлічваюць у даходах бюджэту?

"Як павялічана фінансаванне развіцця чалавечага капіталу — здароўя, адукацыі, спорту, культуры? — спытаў Прэзідэнт. — Шмат шуму вакол абнаўлення Падатковага кодэкса. Як мне дакладваюць — сёння ўдакладнім — у вас не атрымалася зрабіць яго зразумелым, без унутраных супярэчнасцяў, а галоўнае — камфортным для людзей і бізнесу. Калі гэта так, то грамадства не трэба бударажыць сырымі і непрапрацаванымі дакументамі. Спакойна трэба дапрацаваць, дашліфаваць дакументы, але строга на тых прынцыпах, як даручана".

Выразна і канкрэтна

Ад старшыні Праўлення Нацыянальнага банка Беларусі Паўла Калаура кіраўнік дзяржавы запатрабаваў выкласці выразны даклад аб мерах па стымуляванні эканамічнага росту, якія плануе Нацыянальны банк у 2019 годзе. Прэзідэнт папрасіў зрабіць гэта без агульных і абцякальных фраз, якімі "прасякнуты" банкаўскія дакументы.

Прагучалі наступныя пытанні: чым будуць нівеліраваць знешнія рызыкі і як падтрымліваць нізкую інфляцыю?"Асобна спыніцеся на тым, якія бачыце шляхі змены структуры золатавалютных рэзерваў, павелічэння долі недаўгавых сродкаў", — дадаў ён.

Прэзідэнт адзначыў, што яго здзіўляе атрыманая ў спадчыну ад папярэдняга складу ўрада беспрынцыповасць у выкананні даручэнняў кіраўніка дзяржавы. Паводле яго слоў, не прайшло і года з моманту заўваг папярэднікам, як па выніках дзевяці месяцаў працы ад новага прэм'ер-міністра Прэзідэнт атрымаў ліст аналагічнага зместу з просьбай зняць з кантролю амаль паўсотні даручэнняў як выкананыя.

Пры гэтым беларускі лідар падкрэсліў: да іх выканання далёка, паколькі кантралюючыя органы і ведамствы прадставілі шматлікія заўвагі, больш за 20 старонак. Аляксандр Лукашэнка параіў прэм'ер-міністру Беларусі Сяргею Румасу ўнікаць у дакументы, якія яму прапаноўваюць падпісаць з падачы сваіх падначаленых.

Акрамя таго, кіраўнік дзяржавы падкрэсліў: вельмі важна, каб дакументы, якія разглядаюцца на нарадзе, былі падтрыманы губернатарамі.

Якія вынікі?

На нарадзе прэм'ер-міністр Сяргей Румас адзначыў, што ў цэлым эканоміка развіваецца ў рамках зацверджанага на 2018 год прагнозу. Па выніках працы за 10 месяцаў усе сем ключавых паказчыкаў эфектыўнасці работы ўрада і Нацыянальнага банка выкананы. Забяспечваецца гадавы прагноз інтэгральнага паказчыка развіцця эканомікі — ВУП. У межах прагнозу па валавому рэгіянальнаму прадукту знаходзяцца тры рэгіёны — Мінск, Віцебская і Гродзенская вобласці, ніжэй прагнозу, але вышэй ўзроўня мінулага года ідуць астатнія вобласці.

Па выніках года ўрадам прымаюцца меры па захаванні тэмпаў росту ВУП на ўзроўні 103,5 %. Аднак некаторыя вобласці не пацвярджаюць выкананне прагнозу па па валавому рэгіянальнаму прадукту (ВРП). Паводле слоў прэм'ер-міністра, сапраўды, кампенсаваць зніжэнне вытворчасці сельгаспрадукцыі і нагнаць гэта адставанне няпроста. Сёння сумесна з аблвыканкамамі вядзецца праца над вырашэннем гэтай задачы.

Разам з тым, на думку Сяргея Румаса, найбольш адчувальнымі пытаннямі для насельніцтва застаюцца зарплаты, пенсіі, уласная занятасць, рост коштаў і стабільнасць курсу беларускага рубля. Што датычыцца росту зарплаты, то рэальны рост за 10 месяцаў бягучага года склаў 112,3 % — гэта значна перавышае прагнозны параметр. Сярэдняя намінальная зарплата ў цэлым па краіне ў кастрычніку склала без 30 капеек 1000 рублёў. У рэальным сектары эканомікі зарплата вышэй — 1075 рублёў.

Ён падкрэсліў: у цэлым, у чацвёртым квартале мэтавая задача ў 1000 рублёў у краіне будзе забяспечана. У бюджэтнай сферы заробак у кастрычніку павялічылася да 769 рублёў — гэта 77 % ад сярэдняй зарплаты па краіне. У чацвёртым квартале заработная плата бюджэтнікаў ацэньваецца на ўзроўні 800 рублёў.

Уладзіслаў ЛУКАШЭВІЧ

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.