Вы тут

Працэнтныя стаўкі па крэдытах будуць імкнуцца да адназначных велічынь


Аб гэтым заявіў старшыня Праўлення Нацыянальнага банка Беларусі Павел Калаур па выніках нарады ў Прэзідэнта.


Чаго чакаць па асноўных напрамках грашова-крэдытнай палітыкі? Якая інфляцыя чакаецца ў 2019 годзе? Што будзе з курсамі валют? Усе гэтыя пытанні журналісты адрасавалі галоўнаму банкіру.

Паводле яго слоў, на наступны год будзе захавана пераемнасць грашова-крэдытнай палітыкі, якая праводзілася ў Беларусі ў папярэднія гады.

"Рэжым манетарнага таргетавання будзе садзейнічаць забеспячэнню цэнавай стабільнасці. Інфляцыя прадугледжваецца не больш за 5 %, - заявіў Павел Калаур. - Будзе захаваны гнуткі рэжым курсаўтварэння, які дазваляе нашым прадпрыемствам і эканоміцы ў цэлым адаптавацца да ўнутраных і знешніх шокаў. Працэнтныя стаўкі па крэдытах працягнуць той трэнд, які быў у бягучым годзе, гэта значыць, яны будуць імкнуцца да адназначных велічынь. У першую чаргу, гаворка ідзе пра стаўку рэфінансавання, услед за ёй мы чакаем і далейшага зніжэння ставак па рублёвых крэдытах".

Стаўка рэфінансавання будзе залежаць ад таго, як будзе ў цэлым працаваць эканоміка, які будзе стан плацежнага балансу, якія будуць знешнія ўмовы. "Рашэнні мы будзем прымаць на планавых пасяджэннях праўлення, графік гэтых праўленняў мы давядзем да грамадскасці ў канцы бягучага года, - сказаў Павел Калаур. - У той жа час мы намецілі паляпшэнне камунікацый і са СМІ. У прыватнасці, пасля прыняцця рашэнняў па працэнтнай стаўцы будзе абавязкова каментар старшыні, чаму прынята менавіта такое рашэнне і чым гэта абумоўлена для таго, што грамадскасць разумела і давярала палітыцы Нацыянальнага банка".

Банкір таксама агучыў прагноз, згодна з якім у рамках палітыкі дэдаларызацыі будзе забяспечана не менш за 50% выдачы крэдытаў у нацыянальнай валюце, што будзе садзейнічаць зніжэнню рызык для прадпрыемстваў ва ўмовах магчымых знешніх шокаў.

Таксама намечаны мерапрыемствы ў частцы развіцця плацежнай сістэмы, фінансавага рынку. "Мы на наступны год плануем непасрэдна разам з банкамі ўжо укараніць сістэму імгненных плацяжоў, што дазволіць забяспечваць разлікі ўсім эканамічным агентам ў рэжыме 24 на 7 і 365. Маецца на ўвазе, што ў любы час можна будзе забяспечыць плацяжы, маючы гарантыю паступлення сродкаў на рахункі прадпрыемстваў і фізічных асоб", - дадаў ён.

Што тычыцца золатавалютных рэзерваў, Нацыянальны банк прагназуе, што яны павінны скласці не менш як 7,1 мільярда долараў.

"Я б хацеў заўважыць, што Нацыянальны банк ажыццяўляе маніторынг фінансавай стабільнасці, у нас заўсёды прымаюцца яе ключавыя паказчыкі. Яны забяспечваюцца, ёсць стабільнасць на грашова-крэдытным рынку, у прыватнасці, на валютным рынку. Устойліва працуе плацежная сістэма, банкаўская сістэма ў цэлым і іншыя фінансавыя пасярэднікі. Як я ўжо сказаў, гнуткі абменны курс дазваляе своечасова абсарбаваць пэўныя шокі, якія ўзнікаюць, у першую чаргу, у знешнім свеце. Таму ўсё гэта ў сукупнасці, ва ўсякім разе, дае падставу для ўпэўненасці, што нейкіх узрушэнняў нам не прыходзіцца чакаць", - сказаў Павел Калаур.

Уладзіслаў ЛУКАШЭВІЧ

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На Пастаўшчыне адбыўся інклюзіўны фестываль

На Пастаўшчыне адбыўся інклюзіўны фестываль

Для дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі «Асаблівыя, як усе». 

Культура

Алесь Бадак: ...Уся палітра беларускай літаратуры

Алесь Бадак: ...Уся палітра беларускай літаратуры

Мы сустрэліся з дырэктарам выдавецтва «Мастацкая літаратура» Алесем БАДАКОМ, каб пагаварыць пра найбліжэйшыя і, магчыма, больш далёкія перспектывы.