Вы тут

​«Вялікі гістарычны атлас» — унікальны збор картаў


«Вялікі гістарычны атлас» — унікальны збор картаў, якія складаліся разам цягам дзесяці гадоў і ўрэшце трапілі пад вокладку чатырохтомніка. У аснову перыядызацыі пакладзены лёсавызначальныя этапы развіцця нашага народа. Праца выканана Дзяржаўным камітэтам па маёмасці, у прыватнасці, філіялам «Белкартаграфія», пры ўдзеле спецыялістаў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, Беларускага навукова-даследчага цэнтра электроннай дакументацыі.


— Гэта выданне — цудоўны прыклад сумеснай працы вучоных, картографаў, архівістаў, — кажа старшыня Дзяржаўнага камітэта па маёмасці Андрэй ГАЕЎ, — гэта вынік дзесяцігадовай працы. Атлас поўна адлюстроўвае гісторыю краіны ад старажытнасці да нашых дзён, паказвае месца беларусаў сярод еўрапейскіх народаў. Надзвычай трапна сабраны пад адной вокладкай розныя карты — некаторыя з іх былі надрукаваны ўпершыню... Калі перагортваеш старонкі атласа, паглыбляешся ў той загадкавы свет, які быў складзены з мноства падзей, нечаканых адкрыццяў і мільёнаў найцікавейшых, але часам вельмі трагічных лёсаў нашых продкаў.

Першы том пабачыў свет у 2009 годзе. У ім асвятляецца час ад з'яўлення першабытнага чалавека на нашых землях і да сярэдзіны ХVІ стагоддзя, калі ў 1569 годзе нашы землі былі ўключаны ў склад Рэчы Паспалітай.

Матэрыялы гэтага тома адлюстроўваюць таксама гісторыю ўсёй усходнееўрапейскай прасторы. У яго ўключаны карты асобных рэгіёнаў, планы гарадоў, схемы ваенных сутыкненняў. Змешчана там і буйнамаштабная Генеральная карта, рэпрадукцыі старадаўніх картаў.

Другі том быў выпушчаны ў 2012 годзе і цалкам прысвечаны таму часу, калі нашы землі ўваходзілі ў склад Рэчы Паспалітай — аж да перыяду яе знікнення з карты свету ў канцы ХVІІІ стагоддзя.

У кнізе адлюстраваны ваенна-палітычныя падзеі, эканамічныя, рэлігійныя і культурныя працэсы, якія адбываліся на нашых землях. У некаторых выпадках яны паказаны ў кантэксце ўсяго ўсходнееўрапейскага рэгіёна. Прадстаўлены таксама планы гарадоў і схемы самых важных бітваў. Дапаўняюць выданне рэпрадукцыі старадаўніх картаў, створаных у Рэчы Паспалітай і краінах Заходняй Еўропы, на якіх выяўлена тэрыторыя Беларусі.

Вялікая колькасць населеных пунктаў, што згадваліся ў крыніцах, былі паказаны ўпершыню. Акрамя іх, на Генеральнай карце абазначаны і межы маёнткаў, а ў паказальніку — іх прыналежнасць канкрэтным уладальнікам напярэдадні першага падзелу Рэчы Паспалітай у 1772 годзе. Таксама прыводзіцца падрабязная інфармацыя пра размяшчэнне касцёлаў, цэркваў, манастыроў з указаннем іх колькасці ў пэўным населеным пункце.

Трэці том «Вялікага гістарычнага атласа Беларусі» быў выдадзены ў 2015 годзе і прысвечаны таму перыяду, калі беларускія землі ўваходзілі ў склад Расійскай Імперыі. Тэматычна раздзелы атласа даюць уяўленне пра розныя бакі гэтага перыяду. Шэраг картаў прысвечаны адміністрацыйна-тэрытарыяльным перабудовам на гэтых землях, сацыяльна-эканамічнаму развіццю і духоўна-культурнаму жыццю грамадства. Асаблівая ўвага ўдзяляецца грамадска-палітычнаму жыццю і нацыянальнаму руху, якія стварылі ўмовы для ўзнікнення ў далейшым беларускай дзяржавы. Падборка рэпрадукцый картаў і планаў, складзеных у той час у асноўным расійскімі картографамі, адлюстроўвае працэс картаграфічнага засваення беларускіх земляў новай уладай. На этнаграфічных картах таго часу ўпершыню была абмалявана тэрыторыя беларускага этнасу.

У якасці дадатку да Генеральнай карты прыведзены агульны спіс населеных пунктаў беларускіх губерняў пачатку ХХ стагоддзя, створаных па гістарычных крыніцах з прывязкай да гэтай карты і сучаснага адміністрацыйнага падзелу Беларусі.

Чацвёрты том, выдадзены ў 2018 годзе, адлюстроўвае перыяд ад Лютаўскай рэвалюцыі 1917 года да нашых дзён. У ім паказаны ваенныя і рэвалюцыйныя падзеі, грамадска-палітычныя, адміністрацыйныя змены, што адбываліся на тэрыторыі Беларусі, сацыяльна-эканамічныя, рэлігійныя і культурныя працэсы, а таксама іншыя аспекты станаўлення Беларусі як актыўнага дзеяча міжнародных адносін.

— Я ўпэўнены, што чатыры тамы «Вялікага гістарычнага атласа Беларусі» з задавальненнем захочуць атрымаць у свае фонды найбуйнейшыя бібліятэкі свету, — мяркуе дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Раман МАТУЛЬСКІ. — Таму што ў іх адлюстраваны не толькі Беларусь і яе гісторыя, але і гісторыя Еўропы, развіцця дзяржаўнасці, розных палітычных саюзаў. Гэта гісторыя таго, як наша краіна жыла стагоддзямі, прычым жыла годна!.. Як член шматлікіх камісій, якія ацэньваюць кнігі — з паліграфічнага пункту гледжання, адносна зместу, — я ўпэўнены, што выданне чакае лёс пераможцы і яно не раз будзе сярод лаўрэатаў розных конкурсаў. Бо аналагаў такіх зборнікаў няма ў свеце. Варта адзначыць і тое, што гэта не падарункавае выданне — хоць будзе глядзецца выдатна на любой паліцы. Але галоўнае — гэта змест. Я ўпэўнены, што выданне будзе чытацца і будзе зачытанае да дзірак.

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ

Фота Андрэя САЗОНАВА

Загаловак у газеце: Годная гісторыя на картах

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.