Вы тут

Крокі да «зялёных» мэт


Экалагічная дзейнасць павінна ісці ў спалучэнні з працай па дасягненні Мэт устойлівага развіцця, лічаць міжнародныя эксперты.

У канцы лістапада ў Мінску прайшоў семінар «Садзейнічанне рэалізацыі Парадку дня ў сферы ўстойлівага развіцця на перыяд да 2030 года: абмеркаванне пазітыўнага вопыту на аснове Аглядаў выніковасці экалагічнай дзейнасці ЕЭК ААН». На ім сустрэліся прадстаўнікі нацыянальных прыродаахоўных ведамстваў і іншых дзяржаўных органаў краін, якія ўдзельнічаюць у Праграме АРЭД ЕЭК ААН (Азербайджан, Беларусь, Македонія, Грузія, Румынія, Туркменістан, Украіна, Харватыя і інш.), члены Групы экспертаў па АРЭД, спецыялісты з міжнародных арганізацый (ЕЭК ААН, ЮНЕП).


Наша краіна была выбрана месцам правядзення міжнароднага мерапрыемства ў сувязі с паспяховасцю і высокай эфектыўнасцю трэцяга АРЭД ЕЭК ААН, а таксама істотнага прагрэсу, дасягнутага ў сферы рэалізацыі Мэт устойлівага развіцця (МУР).

— Беларусь нароўні з іншымі краінамі ідзе па шляху развіцця, заснаваным на падтрыманні балансу эканамічнага росту, павышэнні якасці жыцця і захаванні прыроднага асяроддзя, — расказала першы намеснік міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Ія МАЛКІНА. — Так, Нацыянальная стратэгія ўстойлівага развіцця Рэспублікі Беларусь, у якой прыярытэтнае месца аддадзена ахове навакольнага асяроддзя, распрацавана з улікам ключавых міжнародных рашэнняў у гэтай галіне.

Па словах першага намесніка міністра, у гэтай сферы важна таксама не толькі імкнуцца да рашэння новых задач, але і аналізаваць вынікі раней зробленага. Гэта дапамагаюць зрабіць Агляды выніковасці экалагічнай дзейнасці, якія праводзяцца пры падтрымцы Еўрапейскай эканамічнай камісіі ААН (у нашай краіне прайшло тры АРЭД: у 1997, 2005 і 2015 гг.). Праз іх можна ацаніць прагрэс краіны ў галіне ўдасканалення экалагічнай палітыкі, эфектыўнасць прынятых мер па зніжэнні агульнай нагрузкі на навакольнае асяроддзе, а таксама вынікі, дасягнутыя ў сферы кіравання прыроднымі рэсурсамі.

Рэкамендацыі, выказаныя экспертамі з ЕЭК ААН падчас трэцяга АРЭД, былі закладзены ў аснову нацыянальнага плана дзеянняў па паляпшэнні якасці навакольнага асяроддзя ў інтарэсах усеагульнага і ўстойлівага развіцця. З улікам МУР у межах распрацоўкі Нацыянальнай стратэгіі ўстойлівага сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь да 2035 года падрыхтаваны прапановы, якія датычацца экалагічнага кірунку дзейнасці.

Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Германіі ў Беларусі Петэр ДЭТМАР адзначыў:

— Маючы магчымасць сачыць з 2009 года за тым, якія стратэгіі выпрацоўваюцца і рэалізуюцца ў адносінах да прыродаахоўнай дзейнасці і па пытаннях змянення клімату, заўсёды захапляўся сур'ёзнасцю падыходу Мінпрыроды ў справе клопату аб навакольным асяроддзі для будучых пакаленняў.

Ён таксама падкрэсліў, што сёння перад многімі краінамі стаяць сур'ёзныя задачы ў сувязі з рашэннем, прынятым Генасамблеяй ААН у канцы 2015 года, аб зацвярджэнні 17 Мэт устойлівага развіцця з 169 падмэтамі і 230 індыкатарамі:

— Іх колькасць сведчыць пра тое, наколькі складаны будзе працэс па іх дасягненні. Каб справіцца з гэтай задачай, кожная краіна мае патрэбу ў стварэнні выразнай арганізацыйнай базы і ўстойлівай палітычнай волі ў рэалізацыі МУР з улікам узроўняў развіцця і сацыяльных умоў асобнай дзяржавы.

Па словах Гары ЛІІВА, старшыні Групы экспертаў па АРЭД, вельмі важна, што пытанні дасягнення Мэт устойлівага развіцця становяцца складальнай часткай АРЭД. Многія краіны, дзе сёння праходзяць такія агляды, могуць больш актыўна вывучаць, як праведзеныя імі мерапрыемствы суадносяцца з мэтамі, прадугледжанымі ў Парадку дня да 2030 года, прапрацаваць пытанні інтэграцыі апошніх у розныя сферы: сельскую і лясную гаспадарку, прамысловасць і інш.

Падчас семінара эксперты разгледзелі механізмы рэалізацыі і маніторынгу МУР у краінах-удзельніцах. Так, у многіх з іх створаны спецыяльныя органы, адказныя за ажыццяўленне і маніторынг МУР, якія ўзначальваюць кіраўнікі ўрадаў; працуюць міжведамасныя рабочыя групы; ідзе ўзаемадзеянне з парламентамі. Удзельнікі семінара таксама адзначылі важнасць уключэння МУР у нацыянальныя і рэгіянальныя планы развіцця, прыцягнення грамадскасці да працэсу рэалізацыі Мэт.

Вераніка КОЛАСАВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як жывуць апошнія жыхары вёскі Вясневічы

Як жывуць апошнія жыхары вёскі Вясневічы

Галоўная славутасць Вясневічаў, яе жывая гісторыя — 96-гадовы Аляксей Юркевіч.

Культура

Наталля Батракова: Чытачы пішуць, што мае героі нібыта працуюць у суседнім офісе

Наталля Батракова: Чытачы пішуць, што мае героі нібыта працуюць у суседнім офісе

З Наталляй Батраковай мы сустрэліся на адкрыцці абноўленай кнігарні «Светач», што на сталічным праспекце Пераможцаў, 11. 

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Чакаем смешных гісторый і ад вас!