Вы тут

Анастасія Сарокіна: Займаюся тым, што ўмею


Чаму яна гуляла за Аўстралію, трэніравала мясцовых дзяцей, жыла ў Тайландзе, а прыехала развіваць спорт у Беларусь.

Сёння наша краіна актыўна прасоўваецца ў шахматным свеце. Нядаўна стала вядома, што Сусветная шахматная алімпіяда ў 2022 годзе пройдзе ў Мінску, а месца аднаго з віцэ-прэзідэнтаў Міжнароднай федэрацыі гэтага віду спорту заняла беларуска Анастасія Сарокіна. Усе гэтыя значныя падзеі адбыліся з прыходам Анастасіі на пасаду старшыні Беларускай федэрацыі шахмат, кіраваць ёю Сарокіна стала ўсяго паўтара года таму. У вялікім інтэрв'ю нашай газеце пляменніца вядомага шахматыста Віктара Купрэйчыка расказала пра ўрокі ад знакамітага дзядзькі, пра тое, як яна дамагаецца сваіх мэт, і ўспомніла няпростае жыццё на іншым кантыненце.


***

— Анастасія, вы займаеце адразу некалькі буйных пасад. Раскажыце трохі пра кожную з іх.

— Пачну з нашай федэрацыі. Я ўзначальваю яе на працягу паўтара года, у нас выдатная каманда і папячыцельскі савет, таму за гэты невялікі час ужо шмат зроблена. Прыемна, што да нашага віду спорту, нягледзячы на тое, што ён не алімпійскі, такая ўвага з боку дзяржаўных структур і Міністэрства спорту і турызму. Дапамагаюць нам Нацыянальны алімпійскі камітэт і Прэзідэнцкі спартыўны клуб. Разам мы выйгралі права прыняць Сусветную шахматную алімпіяду 2022 года, жаночы і мужчынскі Кубкі свету ў 2020 і 2021 гадах адпаведна. На працягу трох гадоў мы праводзім чэмпіянат свету па бліцы і хуткіх шахматах сярод кадэтаў. Працы шмат, камандзіровак таксама. Адзіны мінус — вельмі мала бачу сваё дзіця, а так сваю працу вельмі люблю і аддаюся ёй цалкам.

— Зараз дадаліся абавязкі віцэ-прэзідэнта ФІДЭ...

— На прэзідэнцкім савеце, які прайшоў у Лондане ў пачатку лістапада, былі размеркаваны абавязкі ўсіх віцэ-прэзідэнтаў, мне дасталася тэма, з якой я дастаткова добра знаёмая, — гэта трэнерская камісія, якая займаецца ліцэнзаваннем трэнераў, ФІДЭ-акадэмій. Дарэчы, такая акадэмія ёсць і ў нас у Мінску, на працягу пяці гадоў я з'яўляюся яе дырэктарам. Школа шахмат ФІДЭ ў Беларусі ўжо на вельмі добрым рахунку, і мне вельмі хочацца спадзявацца, што ў далейшым яна стане найлепшай у свеце.

— Якія бонусы ваша пасада можа прынесці Беларусі?

— Па-першае, важна, што ў кіруючым складзе ФІДЭ пры арганізацыі алімпіяды ў Мінску будзе прадстаўнік Беларусі. Па-другое, мы пастараемся ўдасканаліць сістэму акадэмій ФІДЭ і прыцягнуць трэнераў у Беларусь. Тым больш што пакуль з трэнерамі ў нас ёсць праблемы. На шчасце, у БДУФК ужо некалькі гадоў рыхтуюць студэнтаў па спецыялізацыі шахмат, і я бачу па маладых шахматыстах, якія заканчваюць прафесійную кар'еру, што яны зацікаўленыя ў тым, каб працягваць сваю працу як трэнеры ці суддзі. Мы спадзяемся, што да алімпіяды падыдзем з добрымі спартсменамі і трэнерамі. А суддзяў штогод практыкуем на чэмпіянаце, які праходзіць у нас сярод кадэтаў. Гэта вельмі добры вопыт.

— Ці зможаце вы працягнуць сваю судзейскую дзейнасць?

— Так, яна будзе працягвацца, але ў меншай ступені. Сёлета, напрыклад, я судзіла ўсяго адзін матч на першынстве свету сярод жанчын. Графік вельмі шчыльны, а пры падрыхтоўцы да алімпіяды працы будзе ўсё больш і больш. Хоць я, вядома, не хацела б развітвацца з работай суддзі, для мяне гэта цікава, я даволі доўга ішла да таго, каб стаць топавым арбітрам.

— Трэнерскую дзейнасць вы пакінулі?

— Так, таму што трэнерская праца патрабуе пастаянных стасункаў з дзецьмі, гэта несумленна ў адносінах да іх, калі ты праводзіш некалькі трэніровак, а потым з'язджаеш. У маім выпадку, думаю, могуць быць толькі нейкія майстар-класы, але, калі шчыра, нават на іх пакуль часу няма.

— Якая з усіх вашых пасад самая важная і складаная?

— Вядома, для мяне галоўнае — развіццё шахмат у маёй краіне, званне старшыні федэрацыі шахмат у Беларусі нясу з гонарам і хачу, каб як мага больш дзетак у нашай краіне гулялі ў шахматы, каб яны развіваліся, каб шахматы былі паўсюль. Мне здаецца, што сумеснымі намаганнямі гэта атрымліваецца. Што да самага складанага, не магу сказаць, што нейкая пасада больш ці менш складаная, таму што я займаюся тым, што ўмею і ведаю з пяці гадоў. Усё маё жыццё — гэта шахматы, нават калі ў нейкі перыяд я спрабавала цалкам адысці і займацца іншай прафесіяй — нічога з гэтага не выйшла, шахматы вярнулі меня назад. Веру, што раблю нешта важнае не толькі для сябе, але і для ўсёй краіны. Шахматы — гэта інтэлектуальная будучыня нацыі, яны дапамогуць вырасціць больш паспяховых людзей.

***

— Усім вядома, што ваш дзядзька — знакаміты шахматыст Віктар Купрэйчык. Якую галоўную параду ён даў вам у жыцці?

— Ён падаваў прыклад не толькі мне, але і многім іншым людзям у плане сваёй прыстойнасці, сумленнасці, стаўлення да жыцця. Але ён ніколі не падтрымліваў маё жаданне быць прафесійнай шахматысткай, аднак заўсёды ставіўся з павагай да майго выбару. На жаль, у мінулым годзе дзядзька пайшоў з жыцця, цяпер бы, думаю, ён вельмі парадаваўся навіне пра тое, што ў нас пройдзе алімпіяда.

— Першыя вашы поспехі ён застаў?

— Так, я ўжо не гуляла, а займалася каляшахматнай дзейнасцю. У нас заўсёды было шмат агульных тэм, мы гаварылі «на адной мове», і я думаю, ён радаваўся маім поспехам.

— Наколькі складана сумяшчаць такую актыўную прафесійную дзейнасць з жыццём жанчыны, маці?

— Шахматы займаюць самую вялікую нішу ў маім жыцці, я перажываю, што дачка расце без належнай маёй увагі. Вядома, увесь вольны час, нават мінімальны, я імкнуся праводзіць з ёй. Не магу сказаць, што праца перашкаджае мне быць жанчынай. Так, я заўсёды маю сваё меркаванне, імкнуся яго адстойваць, але і заўсёды рада прызнаць сваю памылку, калі я дзесьці не маю рацыі. І дарэчы, у такія моманты добра быць жанчынай. Што датычыцца звычайных слабасцяў, дазваляю іх сабе безумоўна, няхай гэта позна і рэдка. Па крамах прабегчы, у салон схадзіць, з дзяўчатамі сустрэцца, пасмяяцца і паплакаць люблю, як любая звычайная жанчына.

***

— У досыць маладым узросце вы вырашылі з'ехаць у Аўстралію...

— Усім расказваю казачную гісторыю, але гэта праўда. Дзядзька Віця аднойчы прывёз мне з Аўстраліі маленькага плюшавага мішку-каалу, на першым для мяне чэмпіянаце свету ў Дуйсбургу медзведзяня было маім талісманам — сядзела каля дошкі. Па дарозе ў гатэль я яго страціла, гэта была трагедыя, плакала ўсю ноч. Таму дзесьці з дзяцінства ў мяне была мэта знайсці такога ж каалу ў Аўстраліі.

На працягу года я вяла перапіску з адной са школ у Аўстраліі, потым доўга афармлялі візу. На той момант я працавала ў Міністэрстве спорту і турызму, таму былі абавязацельствы па заканчэнні кантракта. Пераезд нельга назваць спантанным.

— Мэтай была менавіта Аўстралія?

— Так, толькі гэтая краіна. Хоць на той момант мне прапанавалі дастаткова добры трэнерскі кантракт у Катары. Там былі ўмовы нашмат лепшыя і з фінансавага пункту гледжання, і з пункту гледжання кар'ернага росту. А ў Аўстраліі ўсё было вельмі незразумела, не было нават гарантавана, колькі гадзін я буду працаваць. Але я настолькі з дзяцінства хацела знайсці мішку... Там я яго купіла, і доўгія гады мы дарылі падобныя цацкі вучням нашай Школы шахмат ФІДЭ ў Мінску.

— Жыццё на іншым кантыненце аказалася складаным?

— Калі табе 23 гады, увесь свет у тваіх ног. Для мяне не было нічога складанага ў тым, каб нават праязджаць у адзін бок 130 кіламетраў дзеля аднаго ўрока. Здымныя кватэры, пакоі... Цяпер не ведаю, ці адважылася б я на такую авантуру. Гэты вопыт даў вялікі штуршок у маім жыцці, я перагледзела, як трэба працаваць трэнеру, вывучыла англійскую мову. Хоць, вядома, вельмі сумавала літаральна пасля таго, як прайшло першае захапленне ад новай краіны. Усе грошы, якія ўдавалася зарабляць, я адкладвала на білет, каб паляцець дадому, ні пра якое збіранне і гаворкі ісці не магло. Лётала часта ў Мінск да таго, пакуль канчаткова не вырашыла вярнуцца дадому пасля нараджэння дачкі.

— Каханне на нейкі час занесла вас у Тайланд...

— Гэта дакладна не мая краіна, туды вельмі выдатна проста прыехаць адпачыць. У Тайландзе я жыла каля года, на той момант там знаходзіўся тата маёй дачкі. З ім у нас атрымалася такая жыццёвая гісторыя: не заўсёды два лідары могуць ужыцца разам. У Тайландзе быў перыяд, калі я цалкам адышла ад шахмат, акунулася ў ціхае сямейнае жыццё і ад гэтага ўсяго пачала гінуць, усё ж мне патрэбна жыццёвая актыўнасць. Для кагосьці шчасце — быць жонкай і мамай, для мяне, здаецца, — тое, што цяпер я прыношу нейкую карысць, і гэта выдатна. Хоць самае галоўнае, вядома, гэта тое, што я мама. Можа быць, не ў тым аб'ёме, у якім хацелася б, але я спадзяюся, мне ўдасца гэта нагнаць, калі я стану бабуляй, напрыклад.

— Вяртанне ў Беларусь было звязана з прафесійнай або сямейнай сітуацыяй?

— Па-першае, я вельмі сумавала, нездарма ж гаворыцца: дзе нарадзіўся, там і прыгадзіўся. Толькі ў Беларусі я адчуваю сябе па-сапраўднаму шчаслівай. Я вярталася ў Мінск з месячным дзіцем на руках, ні пра якую працу тады і не думала. Праз нейкі час з сяброўкай паспрабавалі адкрыць інтэрнэт-краму, нічога з гэтага не выйшла, я не камерсант. Жыццё само павярнулася такім чынам, што ў мяне з'явілася свая школа шахмат. Знаёмы папрасіў знайсці трэнера для яго трохгадовага сына, мы зрабіць гэтага не змаглі, таму што дзяцей раней набіралі з больш позняга ўзросту. Тады ён прапанаваў пазаймацца з дзіцем мне, але на той момант я ўжо адышла ад трэнерскай працы. На гэта ён сказаў: «Тады давай адкрыем школу, што для гэтага трэба?» Я сказала, што для пачатку добра было б адкрыць сайт, і забылася пра гэта. Праз нейкі час ён мне патэлефанаваў і паведаміў, што сайт гатовы.

Спачатку мы здымалі маленькі клас у Палацы шахмат, з гэтага ўсё пачалося. А цяпер мы ўжо разрасліся да таго, што маем цудоўнае памяшканне ў САК «Алімпійскі», дзе ўсё прасякнута духам спорту.

— Як тады зноў адчулі сябе ў ролі трэнера?

— Вельмі добра. Мне хацелася злучыць аўстралійскі вопыт з беларускім, таму што гэта зусім розныя падыходы выкладання. Мне здаецца, поспех нашай школы быў звязаны менавіта з гэтым. Мы былі першай школай, якая пачала навучанне дзетак менавіта з трох гадоў. Мы ўсе вельмі радуемся вынікам і спадзяёмся, што ў нас будуць выхаванцы, якія дойдуць да сусветных вяршынь, але самае галоўнае — канцэпцыя нашай школы заключаецца ў тым, каб як мага больш дзяцей проста палюбілі шахматы.

— За паўтара года вы зрабілі шмат, а што ў найбліжэйшых планах?

— Цяпер самае галоўнае не проста добра правесці алімпіяду, а вельмі добра, а лепей за ўсё правесці яе лепш, чым усе астатнія калі-небудзь.

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

Фота Ганны ЗАНКАВІЧ

Каментары

У цэлым сітуацыя ў "беларускіх шахматах" за апошнія паўтара года, на жаль, не палепшылася. Сёе-тое маглі б распавесці, напрыклад, майстар ФІДЭ, вопытны трэнер з Брэста Уладзіслаў Каташук, сёлета выгнаны з федэрацыі па надуманых прычынах (пры актыўным удзеле гераіні матэрыяла), міжнародны майстар і міжнародны арбітр Дзмітрый Лыбін з Мінска... Ну, я разумею, што "Звяздзе" гэта наўрад ці цікава. Апытанне на сайце "Прессбола" ў кастрычніку г. г. засведчыла: вельмі многія жыхары Беларусі, нават блізкія да спорту, не ўпэўнены, што краіне патрэбная шахматная алімпіяда. І не трэба ўсё валіць на "ліхія 90-я", якія нібыта падарвалі аўтарытэт гульні; па-першае, яны даўно мінулі, па-другое, для шахматыстаў тыя гады былі не такімі ўжо і "ліхімі". Апошнія падзеі, у прыватнасці, шматлікія нічыйныя партыі ў матчы двух "К", наводзяць на думкі пра дэградацыю "традыцыйных" шахмат. Часткова гэтая дэградацыя ішла і па віне каляшахматных дзеячаў ды саміх шахматыстаў, схільных да прыстасаванства, гатовых арганізоўваць турніры, судзіць і выступаць у любых краінах (Іран з хіджабамі, Саўдаўская Аравія з нядопускам ізраільцян), абы грошы плацілі. Але, мяркую, і гэтую тэму "Звязда" закранаць асцеражэцца... Прасцей некрытычна трансляваць лозунгі тыпу: "Шахматы — гэта інтэлектуальная будучыня нацыі" :)
Ды задайце вы ўжо хто-небудзь ёй пытаньне, чаму яна лічыць, што ўсе міжнародныя спартовыя мерапрыемствы (і ў прыватнасьці, шахматныя) павінны ладзіцца ў Менску? У нас што, за МКАДам жыцьця няма? Падрыхтоўка да правядзеньня шахматнай алімпіяды, скажам, у Пінску дапамагло б разьвіць інфраструктуру места і ў стратэгічным пляне павысіла б ягоную турыстычную прывабнасьць. Ня кажучы ўжо пра тое, што там вялікія шахматныя традыцыі.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пастырскае Пасланне Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на Вялікдзень

Пастырскае Пасланне Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на Вялікдзень

Глыбокапаважаныя святары, кансэкраваныя асобы, браты і сёстры!

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік прайшоў у Беларусі

Рэспубліканскі суботнік прайшоў у Беларусі

Ён прымеркаваны да Года малой радзімы.

Культура

Карэспандэнты «Звязды» сустрэліся са сваячкай Паўліны Мядзёлкі

Карэспандэнты «Звязды» сустрэліся са сваячкай Паўліны Мядзёлкі

12 верасня 1893 года ў сям'і Вінцэнта і Францішкі Мядзёлкаў нарадзілася дачка, якой далі прыгожае імя Паўліна. 

Культура

Вольга Падгайская: Калі праект і здараецца, то ў якасці ледзь не выключэння

Вольга Падгайская: Калі праект і здараецца, то ў якасці ледзь не выключэння

Гэта трэба, канешне, проста паслухаць — музыку аднаго з найдзіўнейшых сучасных беларускіх кампазітараў.