Вы тут

75-годдзе вызвалення Гомеля адзначылі фестывалем і рэканструкцыяй


Фестывалем палявых кухняў і рэканструкцыяй падзей лістапада 1943 года ў Гомелі адзначылі 75-ю гадавіну вызвалення горада над Сожам ад фашысцкіх захопнікаў. Ён стаў першым абласным цэнтрам Беларусі, вызваленым ад акупантаў. Гэта адбылося 26 лістапада 1943 года. Войскам Беларускага фронту пад камандаваннем генерала Канстанціна Ракасоўскага салютавала Масква.


Сёлета на беразе Сожа разгарнулася ваенна-гістарычная рэканструкцыя — прыблізна там, дзе ў лістападзе 43-га перадавыя атрады Чырвонай Арміі фарсіравалі перашкоду і замацаваліся на беразе да падыходу асноўных сіл. Кіраўнік клуба «Гонар мундзіра» Уладзімір Колаты адзначыў, што ўсе сто чалавек, якія сталі ўдзельнікамі рэканструкцыі, — ваенныя гісторыкі з Гомеля і іншых рэгіёнаў Беларусі, а таксама з Бранска, Санкт-Пецярбурга і Масквы:

— Кожны вывучаў вядомыя на сёння факты аб правядзенні Гомельска-Рэчыцкай вызваленчай аперацыі. Уся тэхніка, якую ў зімовых умовах змаглі паставіць на ход і завесці, — а гэта больш за дзесяць адзінак — выкарыстоўвалася ў той час. Аўтамабіль ГАЗ-67 наогул быў знойдзены на гомельскай зямлі, так што, магчыма, удзельнічаў у баях 75 гадоў таму.

Сёлета рэканструктары рэалізавалі два сцэнарыі. Гамяльчанам паказалі бой партызанаў з гарнізонам фашысцкага вузла сувязі на скрыжаванні дарог, падчас якога атрымалася адбіць у акупантаў і вывесці ў бяспечнае месца мірнае насельніцтва. Пасля гледачы ўбачылі вызваленне абласнога цэнтра і ўзніманне Чырвонага сцяга над пакінутымі фашыстамі акопамі.

Палявыя кухні размясцілі на пляцоўцы каля медыцынскага ўніверсітэта. Кухары-реканструктары прыгатавалі для гамяльчан духмяныя стравы па спецыяльных рэцэптах. У меню — супы, кашы і чай, вельмі набліжаныя да рацыёну байцоў Чырвонай Арміі. Для гасцей гучалі франтавыя песні. Тут жа можна было азнаёміцца і з выстаўкай ваеннай тэхнікі і ўзбраення.

Ва ўсіх раёнах горада, а таксама ўстановах адукацыі і культуры прайшлі мітынгі, цырымоніі ўскладання вянкоў і ўрачыстыя мерапрыемствы, прысвечаныя 75-годдзю вызвалення Гомеля.

Да ведама

Гомельска-Рэчыцкая аперацыя завяршылася 30 лістапада. У выніку яе правядзення войскі Беларускага фронту прарвалі абарону праціўніка на паласе шырынёй 100 км, прасунуліся на захад на 130 км, стварылі пагрозу паўднёваму флангу групы войскаў «Цэнтр» і ўскладнілі яе ўзаемадзеянне з групай войскаў «Поўдзень». Злучэнні Беларускага фронту дасягнулі лініі Чавусы, Новы Быхаў, на ўсход ад Рагачова і Мазыра, на поўдзень ад Ельска. Тут фронт стабілізаваўся да 1944 года. У выніку правядзення аперацыі былі створаны спрыяльныя перадумовы для далейшага вызвалення Беларусі.

Ірына АСТАШКЕВІЧ

Загаловак у газеце: Салдацкая каша прыйшлася даспадобы

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».