Вы тут

Лукашэнка кіраўнікам ўрадаў краін ЕАЭС: Трэба рухацца наперад


Інтэграцыю часам параўноўваюць з яздой на ровары: трэба рухацца, каб захаваць раўнавагу. «Ровар» ЕАЭС асаблівы — пяціколавы, ён пастаянна набірае хуткасць і пераадольвае тысячы кіламетраў з Еўропы ў Азію і назад. Пры такім руху захаваць баланс, па дарозе не спусціць колы — цяжкая задача.

Бягучы год — знакавы для самага маладога аб’яднання на постсавецкай прасторы. 1 студзеня ўступіў у сілу Мытны кодэкс ЕАЭС. У маі статус наглядальніка ў саюзе атрымала Малдова, падпісаны пагадненні аб гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве з Кітаем і пагадненне, вядучае да зоны свабоднага гандлю з Іранам. Але гэта толькі фундамент для далейшай працы краін — стварэння агульнага рынку электраэнергіі, фінансаў, газа і нафты. Знаходзіць агульную мову і кампраміс краінам-удзельнікам ЕАЭС не так проста, але неабходна, каб мэты не застылі ў выглядзе толькі “папяровай інтэграцыі”.


Тое, што не ўсё з запланаванага зроблена, адзначыў і Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з кіраўнікамі ўрадаў краін-членаў Еўразійскага эканамічнага саюза, заклікаўшы ўдзельнікаў сустрэчы “ўважліва абмеркаваць гэтыя праблемы і прыняць вывераныя рашэнні, неабходныя для станаўлення паўнацэннага эканамічнага саюза”. “Трэба рухацца наперад, маючы на ўвазе тое, што адбываецца на міжнародных гандлёвых рынках”, — сказаў  беларускі лідар.

У час, калі сусветная грамадскасць знаходзіцца не напярэдадні гандлёвых войнаў, а ўжо ўступіла ў іх, Еўразійскі эканамічны саюз набывае асаблівае гучанне.

Імпульс трэба надаць працы па барацьбе з перашкодамі на ўнутраным рынку.

“Галоўнае, што мы ведаем, як рабіць гэтыя крокі і ў якім напрамку рухацца. Тут ёсць веды і вялікі вопыт, але павольна мы вырашаем гэтыя пытанні, а гэтыя пытанні і  бар’еры павінны быць знятыя”, — адзначыў  Прэзідэнт. Былі выпадкі, калі адны бар’еры ліквідаваліся, а на іх месцы тут жа ўзводзіліся іншыя. Прычына таму ў тым ліку —супрацьстаянне намаганняў па ўстанаўленні адзінай эканамічнай прасторы і спроб знайсці прававую шчыліну для нацыянальнага пратакцыянізму.

 “Заканчваецца вызначаны Дагаворам аб саюзе двухгадовы перыяд дзеяння выключэнняў з нацыянальнага рэжыму дзяржаўных закупак, з пачатку задуманы як выключная мера. І тыя ж выключэнні зноў устанаўліваюцца на чарговы двухгадовы перыяд”, — прывёў прыклад Прэзідэнт.

Саюз будзе ўяўляць цікавасць для эканомік краін-удзельніц і знешніх партнёраў, толькі калі ён стане “прадказальнай арганізацыяй, якая будзе гуляць па вызначаных намі правілах”.

Як ключавы момант Аляксандр Лукашэнка ахарактаразаваў стварэнне агульных энергетычных рынкаў: “Для беларускага боку незразумела, чаму ў інтарэсах сумленнай канкурэнцыі ўсе прызнаюць неабходнасць адзіных тарыфаў на чыгуначныя перавозкі, але не ўсе згодны з сіметрычным падыходам у пытаннях транспарціроўкі газу”.

Праз дзесяць дзён у Санкт-Пецярбургу кіраўнікі краін падпішуць праграмы фарміравання агульных рынкаў газу, нафты і нафтапрадуктаў. Сустрэча ў Мінску ў тым ліку стане пляцоўкай для вырашэння праблем, якія яшчэ актуальныя ў гэтай сферы. Асабліва пагаднення чакаюць суб’екты гаспадарання, бо гэта стане першым крокам да стабільнай паліўна-энергетычнай асновы ЕАЭС.

Да гэтага часу на парадку дня пытанне разліку нарматываў размеркавання сум увозных мытных пошлінаў. Тэма абмяркоўвалася і на майскай сустрэчы вышэйшага ўзроўню ў Сочы.

“Кіраўнікі дзяржаў дамовіліся, што міністры фінансаў, а затым і вы [ аўт. — кіраўнікі ўрадаў] да снежня папрацуюць над методыкай размеркавання пошлінаў і даложаць аб выніках. Прапанова ў чарговы раз падоўжыць тэрміны нарматываў, якія дзейнічаюць, (мы аб гэтым часта гаворым) абсалютна не выгадная для Беларусі. І  падтрымаць яе, як інфармуе мяне наш урад, не можам. Гэта заведама паставіць нашу краіну ў няроўныя ўмовы”, — падкрэсліў беларускі лідар.

Асноўным пытаннем для ЕАЭС на працягу года з’яўляецца сумесная праца над лічбавым парадкам дня. Для гэтага ўжо створана добрая тэарэтычная і прававая база. “Асноўная задача, якая стаіць цяпер, — вызначыць першачарговыя лічбавыя рашэнні, якія здольныя забяспечыць значны эфект для трангранічнага і міжгаліновага ўзаемадзеяння. Мінск гатовы да паўнавартаснага ўдзелу ў рэалізацыі дадзеных ініцыятыў”, — пракаментаваў Прэзідэнт. “Больш паўнамоцтваў — больш адказнасці” — па такому прынцыпу  ён прапанаваў ладзіць работу Еўразійскай эканамічнай камісіі, якая ўжо не раз звярталася з прапановай пашырыць свае паўнамоцтвы.

Аляксандр Лукашэнка выказаў удзячнасць  расійскаму боку (Расія прыняла на сябе старшынства ў органах Еўразійскага эканамічнага саюза 1 студзеня 2018 года) за намаганні па далейшаму руху наперад інтэграцыі і ўключэнню ў саюзную тэматыку новых кірункаў супрацоўніцтва.  “Сапраўды, у нас засталіся не ахопленыя Дагаворам дастаткова разнастайныя тэмы, — экалогія, аднаўляемая энергетыка, космас, медыцына, спорт, турызм, супрацоўніцтва па якім нясе дадатковы ўклад у развіццё саюза”, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Пры гэтым расшырэнне парадку дня павінна быць больш прадуманымі і не супярэчыць рашэнню бягучых задач ЕАЭС.

Органы ЕАЭС на сустрэчы з Прэзідэнтам Беларусі прадстаўляў старшыня калегіі Еўразійскай эканамічнай камісіі Цігран Саркісян. Ён расказаў, што асаблівая ўвага надаецца пытанням лічбавага парадку дня і ініцыятывам, якія зацвержданы кіраўнікамі дзяржаў.  Органы ЕАЭС цяпер ствараюць асяроддзе, якое дазволіць хутка прасоўваць інтэграцыйны праект, таму што лічбавая трансфармацыя закранае ўсе сферы жыццядзейнасці. Цігран Саркісян выказаў ідэю, што трэба пазбягаць бюракратызму і некаторыя пытанні з узроўню Савету можна перадаць калегіі.

“Гэта вельмі тэхнічныя пытанні, і загружаць імі Савет сёння немэтазгодна, таму што ёсць вельмі многа канцэптуальных і дыскусійных пытанняў, на якія мы прапаноўваем арыентавацца Савету”, — сказаў старшыня калегіі ЕЭК..

Кіраўнікі ўрадаў прыбылі ў нашу краіну ўчора. Сёння беларуская сталіца прымае паседжанне Еўразійскага міжурадавага савету ў вузкім і шырокім складзе, старшынства ў якім будзе належыць расійскаму прэ’мьеру Дзмітрыю Мядзведзеву. Беларусь прадстаўляе кіраўнік кабміна Сяргей Румас, Казахстан —  прэм’ер-міністр Бакытжан Сагінтаеў, а Кыргызстан — кіраўнік ураду Мухаммедкалый Абылгазіеў.

У наступным годзе старшынства ў органах ЕАЭС возьме Арменія, дэлегацыю якой на мерапрыемствах у Мінску ўзначаліў часова выконваючы абавязкі  прэм’ер-міністра Арарат Мірзаян.

Марыя ДАДАЛКА

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.