Вы тут

Як артысту стаць паспяховым і забяспечаным


Гэта абмяркоўвалі ў Санкт-Пецярбургу Ірына Відава, Алег Молчан і іх калегі з краін СНД і Еўропы.


На VII Санкт-Пецярбургскім міжнародным культурным форуме дзеячы мастацтваў і эксперты з розных краін абмяркоўвалі надзённыя працоўныя пытанні. Беларусь на гэтым мерапрыемстве прадстаўлялі вядомая спявачка Ірына Відава і кампазітар, прэзідэнт “Еўразійскай канфедэрацыі таварыстваў праваўладальнікаў” Алег Молчан.

Адна з дыскусій называлася “Творцы і прафесійныя саюзы ў культуры: сусветны вопыт і расійскія трэнды”. Ірына Відава падрыхтавала даклад “Самазанятасць: заканадаўчыя ініцыятывы, якія закранаюць эканамічныя і сацыяльныя правы работнікаў”. Cпявачка распавядала аб становішчы творчых работнікаў у Беларусі.

Ірына адзначыла, што ў сучасным свеце часцей за ўсё музыканту, мастаку, паэту даводзіцца сумяшчаць саму творчасць і адміністрацыйную працу. Яна падзялілася сваім вопытам: “Год таму я адзначыла 25-годдзе творчай дзейнасці ў самай сучаснай канцэртнай зале Prime Hall. Юбілейны канцэрт здымаў галоўны тэлеканал краіны — Белтэлерадыёкампанія. Партнёрамі канцэрта выступілі найбуйнейшыя брэнды — Беларуская нацыянальная перастраховачная арганізацыя, Белдзяржстрах, Гедэон Рыхтэр, Рускае радыё. Канцэрт паказалі тры каналы: Беларусь1, Беларусь 3 і Беларусь 24”.

Гэта было грандыёзнае шоу, з добра складзенай праграмай, прыгожымі сцэнічнымі ўборамі, выдатным бэндам і прафесійным балетам. Вядома ж, за раялем быў Алег Молчан, — аўтар музыкі ўсіх песень, якія гучалі ў канцэрце. “Я не толькі выступіла рэжысёрам свайго шоу, але і прыдумала механізмы ўзаемадзеяння, знайшла партнёраў, — падзялілася Ірына. — Падрыхтоўка да канцэрта ішла паўгода. А пошукі свайго месца ў культурнай прасторы занялі тыя самыя 25 гадоў. За гэты час былі выдадзены 5 альбомаў з прэзентацыямі, створана больш за 20 хітоў, якія на слыху ў беларускай публікі”.

У сярэдзіне 90-х — пачатку 2000-х гадоў Ірына Відава выступала і на расійскіх пляцоўках. Вось як яна пра гэта кажа цяпер: “Самымі прыемнымі навінамі ў Расіі былі, што песні добрыя, падыходзяць, дрэннымі — неабходнасць бюджэту, памеры якога раслі з кожным годам. Так, у 1997 годзе суму бюджэту артыста нам называлі 80 тысяч долараў, у 2006 — мільён. Думаю, зразумела, чаму ў артыста ўзнікаюць думкі самому весці справы: у многіх часцяком няма магчымасці аплачваць паслугі прадзюсара і эфіры”.

Між тым, у нашай краіне дзяржава ўкладвае грошы ў культуру, але трацяцца яны часцей за ўсё на правядзенне фестываляў і конкурсаў, дзе ільвіная доля сродкаў сыходзіць на ганарары прыезджым зоркам, а не на падтрымку канкрэтнага беларускага артыста. На персанальную дапамогу можна разлічваць  толькі стаўшы стыпендыятам спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі.

А вось эфіры ў Беларусі бясплатныя. Ёсць нацыянальнае радыё, некалькі FM-станцый і знайсці сваю нішу можа кожны артыст.

У Беларусі інтарэсы дзеячаў мастацтваў прадстаўляюць прафесійныя творчыя саюзы, калектыўныя таварыства па кіраванні правамі, прадзюсарскія цэнтры, прафсаюзы работнікаў культуры. Часам вядомыя артысты могуць атрымаць дзяржзаказ. Напрыклад, Ірына Відава і Алег Молчан напісалі па замове Міністэрства культуры песню, прысвечаную 25-годдзю незалежнасці Беларусі, якая прагучала ў фінале ўрачыстага канцэрта ў Палацы Рэспублікі.

Фота ТАСС

Аднак найбольш эфектыўнай, на думку Ірыны Відавай з'яўляецца ўсё ж самастойная дзейнасць з прыцягненнем партнёраў для сваіх праектаў і канцэртаў, супрацоўніцтва з брэндамі. “Вось чаму я з энтузіязмам успрымаю ініцыятыву Асацыяцыі iPChain  аб стварэнні прынцыпова новага фінансава-інвестыцыйнага асяроддзя, якое дазваляе атрымліваць фінансаванне пад заклад правоў на аб'екты інтэлектуальнай уласнасці, — патлумачыла Ірына Відава. — Цікавай мне падаецца і яшчэ адна ідэя iPChain  — прыцягненне сродкаў з дапамогай краўдфандынга. Гэта можа стаць адной з найважнейшых крыніц фінансавання творчых праектаў, асабліва ў музычнай сферы”.

Як адзначыла Ірына Відава, на сённяшні дзень у Беларусі шмат маладых музыкантаў, якія не маюць магчымасці годнага прасоўвання і заробку. Зрэшты, гэта ў поўнай меры адносіцца і да вопытных артыстаў. Паколькі далёка не кожны можа быць сам сабе дырэктарам, прадзюсарам і адміністратарам, неабходна стварэнне грамадскага аб'яднання, якое б інфармавала і аказвала юрыдычную і прававую дапамогу дзеячам культуры і сістэматызавала бы збор і выплату аўтарскага ўзнагароджання. “Гэта стала б найлепшым рашэннем у існуючай сітуацыі і рэальнай падтрымкай усіх творцаў”, — сказала спявачка.

Аднак для артыста важна атрымаць прызнанне не толькі ў сябе на радзіме, але і за яе межамі. З аднаго боку, здаецца, што ў стагоддзе лічбавых тэхналогій няма праблем: запісаў песню, выклаў у інтэрнэт і ты зорка. Але ўсё не так проста: выкладваюць тысячы песень, папулярнымі становяцца адзінкі. І калі паглыбіцца ў гісторыю поспеху, то за ёй у 99% выпадкаў будзе правільны менеджмент. Артысты нават сярэдняга ўзросту з настальгіяй кажуць аб арганізацыі гастрольнай дзейнасці ў СССР. Тады дакладна распісваліся маршруты артыстаў і не было ніякіх накладак, калі з розніцай у два дні ў адзін ДК прыязджалі амаль аднолькавыя па жанру артысты. Вось такія  арганізацыйныя функцыі, а таксама і задачы творчага абмену могуць цяпер узяць на сябе грамадскія арганізацыі.

“Трэба ствараць як мага больш культурных мерапрыемстваў Еўразійскага фармату, для таго, каб творчыя людзі розных рэгіёнаў маглі сустракацца, мець зносіны, абменьвацца думкамі, абмяркоўваць надзённыя праблемы і шукаць шляхі іх вырашэння, дзяліцца ўласнымі дасягненнямі і ідэямі”, — прапанаваў Алег Молчан, які выступаў дакладам “Еўразійская культурная інтэграцыя: платформа для развіцця рэгіёну”.

Алег Молчан адзначыў, што неабходна ўніфікаваць заканадаўства ў галіне абароны інтэлектуальнай уласнасці для ўсіх рэгіёнаў. Перш за ўсё, гаворка ідзе аб зборах аўтарскага ўзнагароджання, а таксама абароне аўтараў і выканаўцаў, якія атрымаюць роўныя правы, незалежна ад рэгіёну пражывання.

“Галоўная мэта інтэграцыі, да якой я заклікаю, — аб'яднанне не проста абстрактных рэгіёнаў, а аб'яднанне менавіта творцаў — пісьменнікаў, кампазітараў, мастакоў, выканаўцаў, якія будуць прапаноўваць грамадству новыя ідэі, ствараць новыя творы мастацтва, абменьвацца вопытам адзін з адным і зноў ствараць, у цэлым развіваючы культурны ўзровень нашых дзяржаў”.

Асацыяцыя iPChain  — “Нацыянальны каардынацыйны цэнтр апрацоўкі транзакцый з правамі і аб'ектамі інтэлектуальнай уласнасці” для ўдзелу ў дыскусіі IPQuorum.Culture запрасіла творчую інтэлігенцыю з усёй постсавецкай прасторы і краін далёкага замежжа. У Пецярбург прыехалі музыканты і кампазітары Анатоль Крол, Уладзімір Праснякоў-старэйшы, Аляксандр Клявіцкі, Стас Намін, Аляксей Рыбнікаў, актрыса і тэлевядучая Нэлі Петкава, пісьменнік Юрый Палякоў.

Аксана ЯНОЎСКАЯ

Фота: прэс-служба Асацыяцыі IPChain

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як праходзіў ваенна-гістарычны фестываль «Мір-1812»

Як праходзіў ваенна-гістарычны фестываль «Мір-1812»

Трэці раз ваенна-гістарычны фестываль «Мір-1812» на два дні перанёс пасёлак больш чым на два стагоддзі назад. 

Грамадства

Ці заўсёды выгадна афармляць бальнічны

Ці заўсёды выгадна афармляць бальнічны

Сярод знаёмых у мяне ёсць шмат жанчын, якія звяртаюцца да ўрача пры любым занядужанні і пры кожнай магчымасці афармляюць бальнічны ліст. 

Культура

Чаму сучаснае беларускае кіно «невялікае»?

Чаму сучаснае беларускае кіно «невялікае»?

Пісьменнік і дысідэнт Андрэй Сіняўскі, калі расказваў пра ўтрыраваную дробязнасць савецкай «цывілізацыі», прывёў у прыклад аповесць Міхаіла

Грамадства

Беларусь і Расія зблізілі пазіцыі па праграме рэалізацыі дагавора аб Саюзнай дзяржаве

Беларусь і Расія зблізілі пазіцыі па праграме рэалізацыі дагавора аб Саюзнай дзяржаве

Аб гэтым заявіў старшыня Савета Рэспублікі Міхаіл Мясніковіч на сустрэчы са старшынёй Савета Федэрацыі Валянцінай Мацвіенка.