Вы тут

Арына Сабаленка правяла майстар-клас


Раніца. Аўторак. Каля кортаў мінскай СДЮШАР па тэнісе «Змена», як ніколі шматлюдна. Прычына зразумелая: першая ракетка Беларусі і трынаццатая тэнісістка ў свеце Арына Сабаленка сёння правядзе майстар-клас для выхаванцаў установы, хлопчыкаў і дзяўчат 8-10 гадоў.


За паўгадзіны да пачатку на кортах ужо шмат народу, разам з дзецьмі на знакамітую тэнісістку прыйшлі паглядзець бацькі і, з надзеяй задаць пытанне, журналісты. У зале адчуваецца некаторае хваляванне і мітусня, але практычна роўна ў дзесяць з'яўляецца Арына. Дзеткі сустракаюць куміра апладысментамі, а сама спартсменка, не чакаўшы такой колькасці народу, здаецца, губляецца і пытаецца ў арганізатараў: "Што мне рабіць?"

Неўзабаве, пасля агульнага фота на памяць, удзельнікі майстар-класа падзяліліся на некалькі груп, адны сталі ў чаргу, каб абмяняцца з Арынай тэніснымі ўдарамі, другія размясціліся на спецыяльных дыванках, каб на вялікіх ватманах паперы напісаць тэнісістцы пытанне ці пакінуць свае пажаданні. Сярод пытанняў ад дзяцей мы заўважаем такія: "На спаборніцтвы цябе вазілі бацькі або трэнер?", "Ты плачаш пасля спаборніцтваў?", "Калі гуляеш, ты баішся саперніка?".

Абмяняцца ўдарамі з першай ракеткай Беларусі змаглі ўсе ўдзельнікі, некаторыя падзяліліся сваімі першымі ўражаннямі: "Мне было зусім нескладана гуляць з Арынай, яна ж прафесіянал", — заўважае Эліна.

"Я доўга чакала сустрэчы з Арынай, — расказвае ўдзельніца майстар-класа Яна Гаварко. — Глядзела яе гульні па тэлевізары і хадзіла на матчы Кубка Федэрацый на "Чыжоўка-Арэну". Больш за ўсё ў нашай найлепшай тэнісістцы мне падабаецца тое, як яна гуляе, я хацела б быць падобнай на яе", — заключае юная тэнісістка.

Тата Яны Аляксандр дадае, што падобныя майстар-класы вельмі неабходныя для дзяцей. "Гэта добрая матывацыя — ведаць, што яны вучацца ў той жа школе, у якой пачынала займацца Арына Сабаленка. Дзеці разумеюць, што тройку гадоў таму яны бачылі Арыну тут як радавую тэнісістку, а ўжо сёння яна дамаглася найвышэйшага ўзроўню, значыць, і яны, прыкладаючы намаганні, могуць дамагчыся таго ж".

Пасля практычнага майстар-класа, Арына з радасцю раздавала дзеткам аўтографы і салодкія падарункі, а таксама фатаграфавалася з усімі ахвотнымі. Да журналістаў тэнісістка падышла крыху больш чым на хвілінку і адказала на некалькі пытанняў.

— Арына, раскажы, ці задаволеная ты цяперашнім сезонам?

— Вядома, задаволеная, але можна было выступіць і лепш.

— Твой матч з Каралін Вазняцкі ў Манрэалі ўвайшоў у топ-5 сенсацый года па версіі WTA. Як бы ты вызначыла топ-3 са сваім удзелам?

— Было вельмі шмат матчаў, якія шмат што ў маёй галаве памянялі, шмат чаго мне далі. Не змагу што-небудзь вылучыць, таму што такіх матчаў было занадта шмат.

Ужо ёсць план падрыхтоўкі да наступнага сезона?

— Зараз я два тыдні буду ў Мінску, займаюся толькі АФП, а потым паеду ў Тайланд, там ужо пачнецца тэніс.

— Раскажы пра сваю каманду, ці будуць у ёй змены?

— Пакуль я не хачу гэта каментаваць.

— Што для цябе гэты майстар-клас для дзяцей?

— Прыемна бачыць, калі столькі дзяцей у тэнісе. Столькі, магчыма, топавых гульцоў у будучыні. Я спадзяюся, у іх усё атрымаецца і ў хуткім часе ў Беларусі будзе значна больш добрых гульцоў.

Пасля гэтага Арына паспяшалася пайсці, у абед яе чакала важная сустрэча з кіраўніком дзяржавы.

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

Фота Ганны ЗАНКАВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».