Вы тут

Дзмітрый Прышчэпаў. Чырвоны сейбіт


Ён не зрабіў ваенную кар'еру, падпісаў дакумент аб далучэнні Віцебшчыны да БССР і марыў ператварыць Беларусь у «Данію на ўсходзе Еўропы».

«Нам цяпер надзвычайна цяжка будзе інтэнсіфіцыраваць сельскую гаспадарку Беларусі да таго часу, пакуль мы не пабудуем заводаў па здабыванні штучнага ўгнаення, дзеля якога ёсць сыравіна і значнае запатрабаванне з боку нашага сялянства»... «Нашы глеба і клімат такія, што нам надзвычай цяжка і дорага каштуе вырабляць прадукты зерневодства, якімі мы маглі б канкурыраваць з паўднёвым збожжам. Пагэтаму нам трэба будаваць сістэму паляводства такім чынам, каб яна яўлялася падмуркам для жывёлаводства; значыць нам трэба развіваць травасеянне»... «У цяперашніх умовах сялянская гаспадарка носіць таварны характар і чым больш яна будзе прадаваць прадуктаў сваёй вытворчасці на рынак, тым яна [будзе] магутней і даходней»...

Чытаеш такія радкі і думаеш, што гэта цытаты з праграмнага дакумента аб развіцці аграпрамысловага комплексу, згодна з якім наша сельская гаспадарка развівалася на працягу некалькіх апошніх дзесяцігоддзяў. Так, яны сапраўды маглі стаць асновай сельскагаспадарчай праграмы, і, калі б яна пачала ажыццяўляцца ў той час, калі яны былі напісаны, як бы далёка Беларусь сягнула ў сваім развіцці яшчэ ў трыццатых гадах мінулага стагоддзя. Але менавіта за гэтыя ідэі наркам земляробства БССР Дзмітрый Прышчэпаў паплаціўся свабодай, а пасля і жыццём, а праводзімая ім аграрная палітыка ўвайшла ў савецкія даведнікі і падручнікі пад назвай «прышчэпаўшчына» — з абсалютна негатыўным для сацыялістычнага ладу жыцця значэннем. А ён усяго толькі хацеў бачыць сваю Радзіму квітнеючай зямлёй і лічыў, што зможа гэта ажыццявіць...


Беззямельны селянін, камандзір палка

З кагорты першых кіраўнікоў БССР Дзмітрый Філімонавіч Прышчэпаў быў, бадай што, самы маладзейшы. Ён нарадзіўся ў лістападзе 1896 года ў вёсцы Калодніца Сенненскага павета Магілёўскай губерні (цяпер Крупскі раён Мінскай вобласці). Бацька быў беззямельны селянін, наймаўся да багацейшых парабкам. Дзмітрый, старэйшы ў сям'і, дзе, акрамя яго, гадавалася яшчэ дзясяцера, з малых гадоў быў то ў батраках, то ў пастухах. Але бацькі ўсё ж адправілі яго ў школу — спачатку ў царкоўнапрыходскую, потым у земскую ў Чарэі, пасля заканчэння якой ён экстэрнам здаў экзамен на званне народнага настаўніка. Папрацаваць па спецыяльнасці атрымалася толькі год — у 1915-м яго мабілізавалі на фронт. Але наяўнасць адукацыі сыграла сваю ролю ў пачатку яго ўзыходжання да ўлады — радавога Прышчэпава накіравалі вучыцца ў Віленскае ваеннае вучылішча, дзе ён скончыў паскораны курс.

У чыне прапаршчыка Дзмітрый у хуткім часе трапіў на Заходні фронт — камандзірам роты 698-га Шыргародскага палка. А ў 1917-м, у няпоўныя 22 гады, быў абраны салдатамі камандзірам палка і старшынёй палкавога ваенна-рэвалюцыйнага камітэта. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі абраў далейшы шлях з бальшавікамі — ужо ў пачатку 1918 года ён у складзе Чырвонай Арміі камандаваў 2-м Смаленскім палком, які ахоўваў дэмаркацыйную лінію.

Здавалася б, кар'ера чырвонага камандзіра яму наканавана. Але Дзмітрыю Прышчэпаву, сыну селяніна, лёс падрыхтаваў іншую місію. І вёў да яе пакручастымі шляхамі. Хоць у шалёных першых паслярэвалюцыйных гадах простых шляхоў ні ў кога не было. І паспрабуй разабрацца, як там было на самай справе.

Напрыклад, у некаторых крыніцах гаворыцца пра ўдзел Прышчэпава ў паўстанні сялян супраць харчразвёрсткі. Доктар гістарычных навук Сяргей Ходзін у сваёй працы «Д.Ф. Прышчэпаў: гісторыя асобы як гісторыя краіны» ставіць пад сумненне такую версію сваіх калег, аргументуючы гэта тым, што ў абвінавачваннях, якія інкрымінаваліся Прышчэпаву ў 1937-м, гэты факт наўрад ці застаўся б незаўважаным. «Іншая справа — узначальваючы Веліжскі рэўкам і Камісію па барацьбе з бандытызмам, з'яўляючыся намеснікам старшыні Сенненскага павятовага камітэта, ён мог заняць пазіцыю падтрымкі сялянства ў такім складаным пытанні, як харчразвёрстка, дзеля хутчэйшага завяршэння канфлікту», — мяркуе навуковец...

Свой сярод сваіх

Беларус па паходжанні, апынуўшыся ў адміністрацыйнай уладзе на тэрыторыі, заселенай беларусамі, — фактычна на сваёй малой радзіме, Дзмітрый Прышчэпаў тым не менш працаваў па-за межамі БССР. У лік тых шасці паветаў, якія былі пакінутыя за БССР пасля падпісання Рыжскага міру, Аршанскі павет, як і іншыя паветы Віцебскай губерні, не ўваходзіў. Некалькі гадоў палітычная кар'ера Прышчэпава развіваецца ў складзе РСФСР — у 1922—1923 гадах ён працуе на пасадзе старшыні Аршанскага павятовага выканкама, а на пачатку 1924 года яго пераводзяць на пасаду намесніка старшыні Віцебскага губвыканкама. Адметны факт: на дакуменце аб далучэнні Віцебскай губерні да БССР, падпісаным у пачатку сакавіка 1924 года, стаяць подпісы Язэпа Адамовіча (упаўнаважанага беларускага Саўнаркама) і Дзмітрыя Прышчэпава.

Дакумент аб далучэнні губерні да Беларусі быў падпісаны 3 сакавіка, але рашэннем СНК БССР ад 27 лютага Дзмітрый Прышчэпаў ужо быў зацверджаны членам калегіі Наркамзема БССР як загадчык Віцебскага губернскага зямельнага аддзела. «Хутчэй за ўсё, так запланавана было загадзя ўжо пры разглядзе пытання ўзбуйнення рэспублікі, якое ўзгаднялася з канца 1923 года, — тлумачыць кандыдат гістарычных навук Сяргей Траццяк. — Таму, па сутнасці, Прышчэпаў аўтаматычна атрымаў пасады ў партыйнай і дзяржаўнай уладзе БССР».

Пэўна, яно сапраўды так было задумана, бо ўжо ў красавіку 1924 года Прышчэпаў прызначаецца намеснікам наркама земляробства БССР, а ў снежні гэтага ж года — уласна наркамам і адначасова кіраўніком сельскагаспадарчай секцыі Інбелкульта.

Праект «Чырвоная Данія»

Чалавек у 28 гадоў без базавай адукацыі (настаўніцкія курсы і ваеннае вучылішча экстэрнам у разлік не возьмеш) становіцца, калі перавесці на сучасныя паняцці, міністрам сельскай гаспадаркі і кіраўніком галіновага акадэмічнага інстытута... Сёння гэта нават уявіць цяжка. Але тады час быў такі — маладую рэспубліку будавалі маладыя людзі. Якія верылі ў тое, што робяць, якія імкнуліся вучыцца і браць усё самае лепшае дзеля сваёй Радзімы, якія — рамантыкі і ідэалісты, у свае невялікія гады мелі багаты жыццёвы вопыт, якім шчодра, не пытаючыся, узнагародзіў іх той шалёны час.

Селянін па паходжанні, Прышчэпаў бачыў, што патрэбна сялянам. Дзяржаўны дзеяч па статусе, ён ведаў, што патрэбна ад сялян краіне. Сумясціць гэта было даволі складана: беларускі селянін вёў гаспадарку па-дзядоўску, адмятаючы ўсе прагрэсіўныя ідэі, а яшчэ пасля войнаў, палітыкі ўсеагульнай калектывізацыі (а першы раз яе спрабавалі правесці на нашай тэрыторыі ў 1919 годзе, у часы Літоўска-Беларускай ССР), харчразвёрстак ваеннага камунізму — насцярожаны і збяднелы... НЭП ужо пануе ў гарадах, але ці можна ажыццявіць яго на вёсцы? Можна, упэўнены Прышчэпаў, і пачынае дзейнічаць.

Галоўная, паводле Сяргея Ходзіна, адметнасць яго сельскагаспадарчай палітыкі, — «забяспечыць усе магчымасці для выбару сялянствам формаў землекарыстання». Калі прасцей — хочаш пасяліцца на «адрубе ці хутары» — калі ласка. Хочаш аб'яднацца з іншымі ў арцель, камуну ці саўгас — і тут табе ніхто пярэчыць не будзе. Прычым у Перспектыўным плане развіцця сельскай і лясной гаспадаркі БССР, да якога наркам земляробства меў самае непасрэднае дачыненне, адзначалася, што менавіта пасялковае землекарыстанне з агульным шматпольным севазваротам і без яго «адказвае асноўнай мэце — абагульненню сельскай гаспадаркі шляхам кааперавання (у асаблівасці вытворчага) земляробчага насельніцтва». Згодна з гэтым планам, разлічаным на пяць гадоў, на хутары і пасёлкі ў беспрымусовым парадку меркавалася перасяліць 130 тысяч сялянскіх гаспадарак. Ужо ў 1925 годзе чвэрць беларускіх сялян была хутаранамі.

Але даць селяніну выбар было мала. Трэба было вучыць яго гаспадарыць так, каб і сам жыў заможна, і ўсю рэспубліку хапала пракарміць. І Прышчэпаў едзе па вопыт... у Данію, бо «Данія бедная па прыродзе, як і наша Беларусь, і так пабагацела ад сялянскай прамысловасці, загэтым яна нас так і цікавіць». З усходніх суседзяў з іх спрадвечным абшчынным укладам жыцця, лічыць Прышчэпаў, прыклад браць не варта. «Калі мы ў нас правядзём абшчынны парадак землекарыстання, мы адразу прыдушым гаспадарчую ініцыятыву сялянства, — пісаў ён у «Звяздзе» у 1927 годзе. — Прыклад некаторых губерняў РСФСР сведчыць аб тым, што яны доўгі час прасядзелі на абшчыне і акрамя перадзелаў зямлі нічому новаму не навучыліся. Дробна-буржуазную вёску і належны настрой сялянства мы ліквідуем не абшчынным перадзелам зямель, а моцным развіццём сельскай гаспадаркі, яе пагалоўным вытворчым каапераваннем і індустрыялізацыяй».

Усё гэта, паводле Прышчэпава, ёсць у Даніі, і зрабіць у Беларусі цалкам магчыма. Увосень 1927 года ў некалькіх нумарах газеты «Савецкая Беларусь» ён публікуе артыкул «Сельская гаспадарка Даніі і Усходняй Прусіі ў параўнанні з беларускай». Артыкул больш падобны на навуковае даследаванне — з параўнаўчымі табліцамі, з лічбавымі выкладкамі — адразу відаць, што пісаў чалавек, які глыбока цікавіцца пытаннем. Але за навуковымі параўнаннямі з'едліва ўсміхаецца звычайны беларускі селянін, які, паглядзеўшы, «як у людзей», можа цяпер злосна пакпіць з самога сябе: «Наш селянін прывык ды і лас да сенажаці, бо там, як кажуць, «сама пагода траўку гадуе». А калі паглядзім мы на нашы сялянскія сенажаці, аж шорах бярэ, што там дзеецца: кустоў, кочак, моху, кіслых траў, ад якіх нават вярблюд папярхнецца»... «У нас некаторыя сяляне стараюцца завесці такога вялікага каня, каб ён адзін за зіму ўсё сена паеў; з такім канём каровам і авечкам хоць з голаду дохні, але ж затое конь вялікі»... «У нас пры экстэнсіўнай свінагадоўлі селянін заместа 8-мі месяцаў гадуе свінню ў сярэднім 2—4 гады, а выгадуе велічынёй не больш кошкі, у якой адно рыла важыць больш самой свінні»... І ўжо зусім без гумару, з болем: «Напісаны груды кніжак, напханы імі поўныя бібліятэкі, а аб іх нічога не вядома мільёнам тых сялян, якія практычна працуюць у сельскай гаспадарцы. У выніку гэтага поўныя дзяржаўныя бібліятэкі кніжак аб навуковых дасягненнях па сельскай гаспадарцы і пустыя сялянскія клеці пасля ўраджаяў»...

Абвінавачваецца ў «прышчэпаўшчыне»

Ён ведаў, што рабіць, ён бачыў, як гэтыя памылкі выправіць, у яго былі на гэта ўлада і паўнамоцтвы. Але ў тым жа 1927 годзе Беларусь выканала ўсесаюзны план па збожжанарыхтоўках толькі на 70 працэнтаў (як лічаць гісторыкі, вельмі завышаны), не справіліся з планам і іншыя рэспублікі, і гэта стала падставай для пачатку ўсеагульнай калектывізацыі. Прышчэпаву з яго аграрнай палітыкай месца тут не было. У сакавіку 1929 года яго пазбавілі пасады наркама земляробства, а ў верасні гэтага ж года выключылі з кампартыі за тое, што «праводзіў варожую справе сацыялізму палітыку («прышчэпаўшчына»), якая выяўлялася ў патуранні кулацтву, прымусовай хутарызацыі»... Яго саслалі ў Мазырскі раён — кіраваць Палескай даследчай станцыяй.

Але калі ў 1930-м сталі раскручваць справу аб «Саюзе вызвалення Беларусі» — як было не ўспомніць пра Прышчэпава? Яго арыштавалі, у турме ён спрабаваў павесіцца, але з пятлі яго паспелі дастаць. Дзеля таго, каб асудзіць на 10 гадоў зняволення, адправіць спачатку на Беламорканал, пасля на Далёкі Усход, адтуль — у Магадан. Цкавалі і яго блізкіх: у публікацыях зафіксаваны факт, як пасля арышту сына ў яго родную Калодніцу прыехалі адпраўляць у ссылку старога Халімона Прышчэпава з жонкай: маўляў, у газеце напісана, што былы наркам — сын памешчыка. Але сяляне заступіліся, падпісалі паперу, што Халімон заўжды быў батраком. І ад бацькоў адступіліся, далі памерці на сваёй зямлі.

Самога ж Дзмітрыя вызвалілі ў Магадане ў чэрвені 1937 года. Жонка з дачкой кожны дзень хадзілі на вакзал яго сустракаць. Яны не ведалі, што іх мужа і бацьку ў тым жа Магадане арыштавалі па новай у жніўні 37-га. У студзені 1939 года ён быў этапіраваны ў Мінск і ў лістападзе асуджаны да расстрэлу. Згодна з афіцыйнай версіяй, памёр у турэмнай бальніцы ў студзені 1940-га ад паралічу сэрца. Яму было 43 гады.

* * *

Рэабілітавалі Дзмітрыя Прышчэпава па другім прысудзе ў 1956-м, а вось па першым — толькі ў 1988-м. «Кулацтва» гэтаксама як і «прышчэпаўшчына» трактавалася як адназначна негатыўная з'ява да самага канца існавання краіны Саветаў. Яго іменем і сёння не названа ні вуліца, ні навуковая ўстанова.

Але, здаецца, найлепшым помнікам яму — сучасныя вёскі, дагледжаныя палі, племянная жывёлагадоўля і імідж Беларусі ў свеце як моцнай развітой аграрнай дзяржавы, якая здольная накарміць не толькі сябе, але і іншых. Яго спраўджаная мара...

Алена ЛЯЎКОВІЧ

Каментары

- Пачаткам-пачаткаў усяго Беларускага нацыянальнага руху з'яўляецца Маніфест народніцкай групы "Гоман" надрукаваны ў 1883 годзе. Было б цудоўна, каб ў год 100-годдзя абвяшчэнне ССРБ, "Звязда' здзейсніла "факсімільнае" перавыданне таго Маніфеста і распаўсюдзіла яго разам з сваім друкаваным тыражом ! - Калі-нікалі газета друкуецца на вельмі плотнай, але не глянцавай паперы і гэта мабыць найлепшы варыянт, каб гэта выданне можна было доўгія гады захоўваць напрыклад ў музеі, ці прыватнай калекцыі.

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.