Вы тут

Смецце — прадукт цывілізацыі ці пагроза жывому?


Кажучы пра яго, большасць людзей толькі грэбліва паморшчыцца. Смецце суправаджае чалавецтва з моманту ўзнікнення апошняга. Не самы прыемны спадарожнік, і пазбавіцца ад яго няпроста. Аднак не ўсё так драматычна. Некаторыя цікавыя факты пра смецце здольныя перавярнуць свядомасць чалавека і нарэшце прымусіць яго хоць бы працаваць з адходамі правільна. Гэта значыць — звесці шкоду для навакольнага асяроддзя і самога чалавека да мінімуму, і па максімуме мець карысць там, дзе гэта магчыма.


Лідар у вядры

Недакуркі з'яўляюцца самым распаўсюджаным відам смецця на планеце. Штогод выкідваецца больш за 4,5 млрд штук цыгарэтных
«бычкоў». Другое месца ў смеццевым рэйтынгу за арганічнымі адходамі, большую частку якіх складаюць рэшткі ежы, трэцяй у спісе ідзе папяровая прадукцыя. Гэта чвэрць усяго смецця, якое штодня выкідвае чалавецтва. Затым ідуць шкло і пластык, а таксама металічныя прадметы.

Брудны «кантынент»

На планеце існуе цэлы смеццевы «кантынент», і знаходзіцца ён у Ціхім акіяне. Пластыкавыя адходы з Азіі і Амерыкі, гнаныя цячэннем, збіраюцца ў велізарную смеццевую пляму ў паўночнай частцы акіяна. Адкрыццё гэтага «кантынента», як водзіцца, належыць мараплаўцу — ім стаў капітан Чарльз Мур з Каліфорніі. Прымаючы ўдзел у рэгаце, марак і акіянолаг звярнуў увагу на вялікую колькасць смецця ў акіянічных водах, пра што і паспяшаўся паведаміць грамадскасці. Паводле ацэнкі эколагаў, сёння ў гэтым месцы засяроджана звыш 100 млн тон пластыку. Бяда ў тым, што гэты матэрыял цалкам не раскладаецца. Нават пад уздзеяннем агрэсіўнага сонечнага святла пластык толькі распадаецца на шматкі, застаючыся на месцы. Гэтую завісь рыбы прымаюць за планктон, таму актыўна яе ядуць, а пасля гінуць. Лёс па меншай меры двух кашалотаў гэтаму пацвярджэнне. На мінулым тыдні каля берагоў Інданезіі выявілі мёртвага кашалота, са страўніка якога дасталі 115 кубкаў з пластыку, бутэлькі з яго ж, сумкі, сандалі і іншае пластыкавае смецце агульнай вагой амаль у шэсць кілаграмаў. А ў красавіку каля ўзбярэжжа Іспаніі са страўніка і кішэчніка мёртвага кашалота дасталі 29 кілаграмаў смецця. Характэрна, што большая частка адходаў трапляе на смеццевы «кантынент» з мацерыковай часткі, і толькі 20 % складаюць пластыкавыя бутэлькі, выкінутыя за борт.

І ў космасе хапае

За час асваення космасу на арбітальнай станцыі назапасілася шмат адходаў. Менавіта гэта ў 2002 годзе натхніла касманаўтаў на вялікую прыборку, у выніку чаго на МКС было сабрана без малога дзве тоны смецця. Сёе-тое адправілі на зямлю. Але большую частку адходаў пагрузілі на спецыяльны касмічны смеццявоз. Гэтая беспілотная ракета, запоўненая смеццем, была спалена ў атмасферы. Аднак праблема смецця ў космасе не новая. Яшчэ ў 1969 годзе на сенсацыйных фотаздымках з Месяца выразна віднеецца белы аб'ёмісты пакет. Гэта не што іншае, як бытавыя адходы, якія астранаўты папросту выкінулі з карабля. Мяшок відаць на некалькіх кадрах, і менавіта ён доўгі час быў загадкай для абывацеляў, якія цікавяцца космасам.

Дзе смецяць з размахам

Жыхары Злучаных Штатаў Амерыкі складаюць усяго 4 % ад агульнай колькасці людзей, якія насяляюць планету, але, нягледзячы на гэта, ЗША з'яўляюцца сусветным лідарам па вытворчасці адходаў. Паводле статыстыкі, кожны амерыканец штогод адпраўляе на звалку пяць тон смецця. Не выключэнне і самыя юныя жыхары краіны. Так, за год у смеццевым баку аказваецца 18 млн падгузкаў. Немалы смеццевы ўклад у агульную карціну прыўно-
сяць і аматары газіроўкі ды піва. Калі злучыць алюмініевыя бляшанкі з-пад гэтых напояў, якія за год выкінулі амерыканцы, можна пабудаваць 10 вежаў, кожная вышынёй да Месяца. На шчасце, падобнае будаўніцтва жыхароў ЗША не цікавіць, увесь алюміній падвяргаецца перапрацоўцы. Зрэшты, смеццевая катастрофа Амерыцы не пагражае. Як сцвярджаюць сацыёлагі, сярэдні амерыканец хутчэй аднясе смецце на перапрацоўку, чым пойдзе на выбары.

Прыклад для пераймання

Неверагодна, але Швецыя — тая краіна, якая дзякуючы смеццю забяспечвае стабільны даход у дзяржаўную казну. Практычна ўсе адходы ў краіне падлягаюць перапрацоўцы. Ільвіная доля іх спальваецца з мэтай атрымання энергіі. І толькі 4 % усяго смецця не прыносіць карысці, а проста закопваецца ў зямлю. Акрамя ўтылізацыі ўласнага смецця, шведы дапамагаюць у гэтым пытанні сваім найбліжэйшым суседзям, праўда, пры гэтым не забываюць пра ўласную выгаду. У Швецыю для перапрацоўкі ўвозіцца каля 80 тысяч тон адходаў штогод, ільвіная доля гэтага смецця прыязджае з Нарвегіі. Таксічны попел пасля згарання смецця адпраўляецца назад у Нарвегію, які тая хавае на ўласнай тэрыторыі. Пры гэтым, усе выдаткі па дастаўцы смецця кладуцца на плечы экспарцёра. За гэта шведам дастаецца энергія, якая выпрацоўваецца ў працэсе ўтылізацыі смецця.

У вялікі бізнес — праз памыйніцу

Многія людзі разважаюць над ідэямі для ўласнага бізнесу, і толькі адзінкі змаглі палепшыць сваё фінансавае становішча з дапамогай смецця. У свеце ёсць некалькі бізнесменаў, якія на прыкладзе сваіх квітнеючых кампаній даказалі, што грошы ўсё ж не пахнуць. Адным з іх з'яўляецца амерыканскі прадпрымальнік Том Закі. У 2001 годзе студэнт прэстыжнага Прынстанскага ўніверсітэта разам з сябрамі арганізаваў прадпрыемства па вытворчасці арганічных угнаенняў. Карысны прадукт атрымліваўся ў выніку перапрацоўкі харчовых адходаў з дапамогай чырвоных каліфарнійскіх чарвякоў. Для фасоўкі ўгнаенняў студэнты выкарыстоўвалі звычайныя пластыкавыя бутэлькі і прадавалі прадукт па 14 долараў за тры адзінкі тавару. Так пачаўся зорны шлях кампаніі TеrrаСусlе, якая праз некалькі гадоў прынесла свайму заснавальніку першы мільён долараў, і сёння Том Закі з'яўляецца адным з 30 самых перспектыўных і вядомых прадпрымальнікаў у свеце.

Абед са сметніка

Яны сцвярджаюць, што смеццевы кантэйнер ім цалкам замяняе супермаркет. Гаворка ідзе не пра сумнеўных асоб, якія зарабляюць бадзяжніцтвам. Так лічаць фрыганы — прадстаўнікі ўжо не вельмі новага, але даволі эксцэнтрычнага руху. Зарадзіўся ён у 90-х гадах ХХ стагоддзя ў развітых краінах з квітнеючай эканомікай. Адэпты гэтага руху прынцыпова не плацяць за сваю ежу. Адсюль і назва, бо ў перакладзе з англійскай frее ў кантэксце ежы азначае «бясплатны». А другая частка назвы «вега» кажа пра сістэму харчавання, якая выключае спажыванне ежы жывёльнага паходжання. Ніякага мяса, яек і мёду, толькі гародніна. Пажытак сабе фрыганы знаходзяць у смеццевых кантэйнерах каля буйных супермаркетаў і на звалках. Там жа можна знайсці вопратку і мінімальны набор рэчаў, неабходных у побыце. Фрыганы настойваюць, што многія прадукты і рэчы, якія сучасныя людзі адпраўляюць у смеццевае вядро, яшчэ цалкам прыдатныя для выкарыстання. Актывісты гэтага руху не стамляюцца даказваць, што ў ЗША і Еўропе многія прадукты аказваюцца на сметніку яшчэ да таго, як паспяваюць сапсавацца. Гэта рэчы з невялікім вытворчым бракам, прадукты з тэрмінам прыдатнасці, які яшчэ не сышоў да канца, ды і проста пераспелыя садавіна і гародніна. Для фрыганаў такое становішча рэчаў бачыцца жахлівым, і яны змагаюцца з праблемай даступнымі ім спосабамі. Хай нават гэта капанне ў смецці.

Барацьба па-сінгапурску

Камусьці смецце дапамагае разбагацець, а кагосьці прымушае раскашэліцца. Апынуўшыся ў Сінгапуры, кожны турыст даведаецца важныя факты пра смецце, і грэбаваць гэтымі ведамі мясцовыя ўлады не раяць — выйдзе вельмі дорага. Жавальная гумка ў гэтай краіне знаходзіцца пад найстражэйшай забаронай. Такая строгасць дапамагае зберагчы тратуары горада-дзяржавы ад выродлівых слядоў жуйкі на асфальце. А паперка, якую не данеслі да урны, будзе каштаваць неахайніку ад 500 да 1000 долараў. Тую ж тысячу ў выглядзе штрафу прыйдзецца аддаць за звычайны плявок сабе пад ногі. Жорстка? Магчыма. Але такі падыход даволі хутка ператварыў мегаполіс у беспрэцэдэнтна чыстае месца, якое захапляе прыезджых.


Цікавыя факты пра смецце

Англія стала першай краінай, якая вырашыла заняцца пытаннем разумнай перапрацоўкі адходаў. У канцы ХІХ стагоддзя там быў пабудаваны завод для спальвання смецця.

На самай жа справе смецце з'яўляецца неад'емнай часткай чалавечай культуры і нават рэлігіі. Так, мясцовасць пад старажытным Іерусалімам называецца Геена вогненная: там адбывалася спальванне ўсіх назапашаных адходаў. Сярод веруючых людзей гэта месца стала адным з сімвалаў пекла.

Гарбалогія — навука, якая вывучае метады ўтылізацыі смецця. Акрамя гэтага, яна займаецца вывучэннем асаблівасцяў жыцця соцыуму метадам даследавання бытавых
адходаў.

Штосекундна на ўсёй планеце ўзнікае больш за тры кілаграмы "натуральнага" смецця, якое не прыносіць шкоды прыродзе. Да яго адносіцца шкарлупіна яек, лупіна садавіны і іншае. Аб'едкі займаюць прыкладна 29 % смеццевага кошыка радавога жыхара, 13 % занятыя шклом, 11 — пластмасай, 4 — металічнымі адходамі, а да 18 % адносяць смецце іншага тыпу.

Знішчэнне непатрэбных камп'ютараў з'яўляецца адной з самых сур'ёзных праблем гарбалогіі. Старая тэхніка ўтрымлівае таксічныя рэчывы, для іх утрымання прымяняюцца звалкі закрытага тыпу. Іх старанна ахоўваюць, бо вандалы могуць выкрасці таксічныя, але вельмі дарагія запчасткі.

За 360 дзён перапрацоўка металу дапамагае захаваць рэсурсы, якія здольныя забяспечыць святлом і цяплом больш за 150 мільёнаў кватэр.

Frеsh Kіlls — амерыканская мясцовасць, якая з'яўляецца самым буйным палігонам для вывазу смецця. Яго плошча роўная 1700 звычайных футбольных палёў. Штодня на палігон завозіцца больш за 13 000 тон смецця.

У Эдмантане (Вялікабрытанія) падлічылі, што спальванне адходаў эканоміць каля 100 000 тон вугалю штогод.

Выкіданне поліэтыленавых пакетаў дзейнічае гібельна і на птушак: штогод гіне больш за сто тысяч жывёл. Яны ядуць поліэтылен або захрасаюць у пакеце і задыхаюцца.

Кожны год на звалкі паступае больш за сем мільёнаў тон адзення, з якога толькі 12 % падвяргаецца далейшай перапрацоўцы.

Перыяд разлажэння шкла складае 1000 гадоў. Жалезная кансервавая бляшанка цалкам знішчаецца ў натуральных умовах за 10 гадоў, гуме для знікнення спатрэбіцца 80, але аўтамабільным шынам — 120—140, пластыкавыя бутэлькі разлагаюцца 180—200 гадоў, а алюмініевыя бляшанкі могуць ляжаць да 500 гадоў.


 Спіс прадметаў, якія катэгарычна нельга выкідаць у сметніцу

Напрыканцы прывядзём спіс прадметаў, якія катэгарычна нельга выкідаць у сметніцу. Хоць многія пра гэта ведаюць, але часта забываюць тое рабіць (а то і ігнаруюць правілы тэхнікі бяспекі), таму нагадаць лішні раз не зашкодзіць.

Батарэйкі. Утрымліваюць шчолач і цяжкія металы. Бяспечныя, пакуль не захоўваюцца на адкрытай мясцовасці, дзе падвяргаюцца атмасферным уздзеянням.

Ртуць. Метал прысутнічае ў тэрмометрах і люмінесцэнтных лямпах (0,5—2 г), вызваленыя ртутныя пары ствараюць пагрозу сур'ёзнага атручвання.

Таксічныя адходы. Усе рэшткі пасля рамонту — фарбы, лакі, клеі, а таксама хімічныя бытавыя сродкі з'яўляюцца атрутнымі і пажаранебяспечнымі.

Лекі. Усе вадкасці неабходна зліць у каналізацыю, цвёрдыя формы — растварыць і адправіць туды ж. Проста выкідаць іх нельга — яны могуць прыцягнуць увагу дзіцяці або прывесці да атручвання птушак, жывёл, наваколля.

Біялагічныя астанкі. Да групы рызыкі адносяцца трупы хатніх жывёл, грызуноў. Такія адходы праз нейкі час становяцца крыніцамі заражэння.

Электрапрыборы. Тэлефоны, дрот, камп'ютарныя дэталі ўтрымліваюць металы і іншыя небяспечныя кампаненты.

Іван Купарвас

Загаловак у газеце: Пагроза ўсяму жывому

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як сучасныя палешукі рыхтуюцца да свята Уваскрэсення Хрыстовага

Як сучасныя палешукі рыхтуюцца да свята Уваскрэсення Хрыстовага

Аўтар «Звязды» расказвае на прыкладзе сваёй сям'і.

Культура

ЗЕНА: Ад сцэны не стамляюся!

ЗЕНА: Ад сцэны не стамляюся!

Графік у артысткі вельмі насычаны.

Грамадства

Звыклыя выключнасці. Ці можна зразумець «лічбавае племя»?

Звыклыя выключнасці. Ці можна зразумець «лічбавае племя»?

Даследаванне «Пакаленне «Z» у пытаннях і адказах» было прадстаўлена падчас навуковага стэндапа, арганізаванага для навучэнцаў профільных педагагічных класаў у БДПУ.

Грамадства

Ежа ці сімвал? Самы час зацікавіцца роспісам яек

Ежа ці сімвал? Самы час зацікавіцца роспісам яек

Карэспандэнт «Звязды» схадзіла на майстар-клас па стварэнні «пісанак».