Вы тут

Бесклапотныя каралі беларускай літаратуры


Cпаўняецца 95 гадоў з часу заснавання «Маладняка». Менавіта 28 лістапада 1923 года ў пакойчыку рэдакцыі газеты «Чырвоная змена» сабраліся шэсць маладых пісьменнікаў і вырашылі стварыць літаратурнае аб’яднанне, у якім пачыналі шлях многія паэты, празаікі, крытыкі, драматургі, як вядомыя, так і забытыя. Самае вялікае групавое фота маладнякоўцаў было зроблена ў час І Усебеларускага з’езда гэтай суполкі, які адбыўся 25—29 лістапада 1925 г. Мы бачым 70 чалавек, каля 20 з якіх пакуль застаюцца нераспазнанымі. Але, магчыма, хто-небудзь пазнае на фота свайго дзеда ці прадзеда і не палянуецца паведаміць пра гэта ў рэдакцыю?


Фота прадстаўлена Беларускім дзяржаўным архівам-музеем літаратуры і мастацтва.

А пакуль што публікуем імёны тых, каго распазнаць атрымалася.

Злева направа. 1-ы рад: Язэп Сукала (ляжыць), Ліда Кукла, Пятро Сяргейчык, Янка Бобрык (ляжыць), ?;

2-і рад: Адам Бабарэка, Кузьма Чорны, Анатоль Вольны, Андрэй Александровіч, Станіслаў Шушкевіч (?), Алесь Якімовіч, Максім Лужанін, Кастусь Губарэвіч, Уладзімір Хадыка, ?, ?, Мікола Міцкевіч, Паўлюк Трус, Юрка Лявонны, ?, Сымон Хурсік, Мікола Ільінскі;

3-і рад: ?, ?, Рыгор Мурашка, Язэп Пушча, Акуліна Мялешкіна, Паўлюк Шукайла, Сігізмунд Валайціс, Міхась Чарот, Сяргей Гесэн, Уладзімір Сасюра, ?, Уладзімір Гадзінскі, Наля Маркава, Уладзімір Дубоўка, Іда Чырвань, Зінаіда Бандарына;

4-ы рад: Мікола Аляхновіч, ?, Тодар Паўлоўскі, ?, ?, ?, Пятро Глебка, Ізраіль Плаўнік, Раман Семашкевіч, Наталля Вішнеўская, Язэп Мазуркевіч, Яўгенія Пфляўмбаўм, Алесь Дземідовіч, ?, Мікола Каспяровіч, Юрка Гаўрук, ?;

5-ы рад: Язэп Падабед, Сяргей Фамін, ?, Міхась Лынькоў, Янка Відук (Скрыган), Ілары Барашка, ?, Віктар Казлоўскі, Алесь Дудар (?), Уладзімір Паскрэбка, ?, ?, Алесь Гурло, ?, ?.

Мяркуючы па захаваных анкетах, у з’ездзе ўдзельнічалі, але на фота не апазнаныя наступныя асобы:

Якуб Акуліч, Апанас Атава (Канановіч), Язэп Варпаховіч, Аўгені Гадзеўскі, Мікола Гаеўскі, Міхась Ганчарык, Макар Грашчанка, Мікола Дубовік, Майк Іагансен (украінскі паэт), Ахрэм Катановіч, Пётра Крывіцкі, Мікола Мурашка, Уладзімір Мурашка, Алесь Самахвалаў, Янка Чалядзінскі, Хведар Чарнавусаў, Нестар Чубакоў, Алесь Шчарбакоў, Пракоп Шчарбінскі, Сцяпан Ярмак.

Удзельнічалі, але на фота не трапілі: Алесь Сянкевіч, Лазар Каплан, Тодар Кляшторны, Кандрат Крапіва.

Віктар ЖЫБУЛЬ, вядучы навуковы супрацоўнік Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва


Яны былі напорыстыя, жарсныя, шчырыя, нахабныя, безапеляцыйныя, нявыхаваныя, таленавітыя, эмацыянальна нявытрыманыя, дражлівыя.

Удзельнікі першай беларускай літаратурнай арганізацыі «Маладняк», якой у гэтым месяцы спаўняецца дзевяноста гадоў, жылі ва ўнікальны для нашай культуры час. Гэта быў перыяд рамантычнага падману, калі міф пра тое, што беларускае слова, выказанае ў вершы, прозе, вострым артыкуле, мае амаль такую ж сілу, як чароўнае заклінанне «Абі-гу-дзя» з якой-небудзь шумера-акадскай казкі.

Гэта быў час, калі міф выглядаў больш праўдзівым і рэальным, чым сама рэчаіснасць.

Асноўная рыса «маладнякоўцаў» — іх празмерная чыста дзіцячая даверлівасць.

Дзеці, наколькі б разбэшчанымі ці непаслухмянымі ні былі, — выдатны матэрыял для маніпуляцыі, іх лёгка падманваць, пераканаць у неабходным, прымусіць рабіць тое, што трэба хітраму даросламу.

«Маладнякоўцы» паверылі ў сваю значнасць і культуралагічную выключнасць, у тое, што з’яўляюцца стваральнікамі сапраўднай новай пралетарскай беларускай нацыянальнай літаратуры, што яны нумар адзін у нашым культурніцкім полі.

Ніколі яшчэ не было такога, каб гэтулькі «спрыяльных» умоў мелі беларускія пісьменнікі: ганарары, свае часопісы, універсітэт, выдавецтва, выступы, рэклама ў галоўных газетах.

«Маладнякоўцы» з’яўляліся сапраўднымі зоркамі.

Партрэты многіх (Міхася Чарота, Уладзіміра Дубоўкі, Паўлюка Труса) віселі ў кабінетах і звычайных кватэрах, іх фотакарткі прадаваліся нароўні са здымкамі Дугласа Фербенкса, Адольфа Менжу, Мэры Пікфард ці Чарлі Чапліна. Падобнае нават не снілася іх папярэднікам — «нашаніўцам».

А таму не дзіва, што пакаленне «нашаніўцаў» было вартае лёгкай насмешкі, іроніі, а то і адкрытага здзеку з боку «маладнякоўцаў». Вядома, як юны Алесь Дудар з пракурорскай строгасцю пісаў у лістах, каб не чыталі, не вывучалі «ўсялякіх Коласаў».

Старэйшыя літаратары па-рознаму ставілася да падобных выбрыкаў.

Той жа аўтар «Сымона-Музыкі» ў прыватных гутарках і вершах сам мог так убрыкнуць якога «маладнякоўца», што бедны хлопец яшчэ доўга не здольны быў ачомацца. Цішка Гартны адкрыта ўшчуваў, вучыў, настаўляў, абураўся. Янка Купала адмоўчваўся, а на штовечаровых банкетах у сябе дома паіў хлопцаў добрым віном і гарэлкай.

Цікава, што востры на язык Якуб Колас сваю ж паэму пра хлопчыка Сымонку прысвяціў «беларускай моладзі» не проста так.

Тут быў педагагічны разлік.

Шарж Паўла Гуткоўскага на Уладзіміра Дубоўку (1924). (Часопіс «Маладняк», 1924, № 5).

Паэта раздражняў додэкафонна-разладжаны лямант рыфмаў і рытмаў «маладнякоўцаў», знарочыстая ламанасць радка, маякоўская лесвічнасць, эпігонска-алкагольная «ясеніншчына».

«Маладнякоўцы» былі для яго бы тыя надакучлівыя суседзі, якія кожную ноч уключаюць на поўную моц NRM, ладзяць скокі і лічаць, што пра гэта павінны ведаць усе.

Занадта шумна. Нездарма і Янка Купала, па ўспамінах Заіра Азгура, прасіў Чарота: «Не шумі, Міхась!..»

Герой Якуба Коласа скрыпач Сымон падкрэслена ціхі, нясмела-далікатны.

Ідэальны герой.

Класік, прысвячаючы паэму наравістай нахабнай моладзі, як бы кажа: «Вось, да якога ідэалу трэба імкнуцца сапраўднаму паэту! За вашай жалезабетоннай рыторыкай вы згубіце саму паэзію і самі знікніце як паэты! Мастацтва нараджаецца ў цішыні!»

Але «маладнякоўцы» не любілі бязгучча.

Нават героі самага ціхага і засяроджанага з «маладнякоўцаў» Кузьмы Чорнага выбіраліся напрыканцы апавяданняў са сваіх цёмных, адзінокіх, закінутых пакояў туды, на вуліцу, дзе іграе ваенны аркестр.

У паэзіі «Маладняка» равуць трубы, б’юць барабаны, пануюць клічнікі, крычаць шматкроп’і, развага патанае ў экзальтацыі, ляманце, гвалце.

Планку ў гэтым сэнсе задаў Міхась Чарот з яго праграмнымі паэмамі «Босыя на вогнішчы» і «Чырванакрылы вяшчун».

Вясёлая чыста падлеткавая прапаганда бяздумнага гвалту, калі ўсё старое трэба біць, крышыць, паліць, нязгодных знішчаць дзеля ўсталявання новага казачна-справядлівага парадку, успрымалася юнымі калегамі нават з большым імпэтам і радасцю, чым маім пакаленнем чарговыя часткі «Жахаў на вуліцы Вязаў» альбо «Пілы».

Цішка Гартны адкрыта пісаў, што Міхась Чарот у асобе «Босых» выводзіць не праўдзівы пралетарыят, а звычайных бандытаў, крымінальнікаў, альбо, калі браць маштабна, варвараў, здатных адно руйнаваць, а не ствараць (аўтар «Сокаў цаліны» мо нават і не здагадваўся, наколькі меў рацыю).

У абарону выступіў не хто іншы, як рэдактар «Савецкай Беларусі», блізкі сябар Аляксандра Чарвякова, свой чалавек у беларускім урадзе, Міхал Гурын-Маразоўскі. Ён публічна высмеяў страхі Гартнага і зазначыў, што шаноўны крытык не зразумеў сутнасці «Босых на вогнішчы».

Акрамя гучных рытмаў, напорліва-дэцыбельнай музычнасці, «Маладняк» любіць імклівы рух.

Творчасць «маладнякоўцаў» тоесная тагачаснаму савецкаму кінематографу, дзе напорлівы мантаж, шалёны тэмп, востры, прыгодніцкі сюжэт, шокавыя эфекты больш важныя за нейкую там унутраную логіку.

Падлеткі з рамана Андрэя Александровіча, Алеся Дудара і Анатоля Вольнага «Ваўчаняты» здзяйсняюць бясконцыя напады і тэракты на польскае войска.

У лірыцы таго ж Александровіча герой гатовы з нажом кінуцца на сонца.

Вясковая раніца Язэпа Пушчы напоўнена бясконцым карагодным рухам кароў і быкоў, і ўжо не гэтыя жывёлы, а яна самазабыццёва рыкае (з большай экспрэсіяй, чым вядомы леў з застаўкі «Метра-Голдвін-Маер»).

У Міхася Зарэцкага маньякі і маньячкі падпарадкаваны страшнай харэаграфіі смерці. Яны рэжуць нажамі, кідаюцца пад цягнікі, даводзяць сябе ды іншых да самагубства.

Урывак з фантастычнага апавядання Андрэя Александровіча «Палёт у мінулае». Мастак Павел Гуткоўскі. (Часопіс «Маладняк», 1924, № 5).

Літаратура «Маладняка» са старазапаветнай апантанасцю паказвае, як сыны забіваюць бацькоў, маці адракаюцца ад родных дзяцей, фабрычныя машыны адразаюць рукі рабочым і «радасна» пры гэтым «рагочуць».

Чытаеш усё гэта і адчуваеш: падобныя брутальнасці маюць не большую рэалістычную аснову, чым страшылкі, якія дзеці расказваюць адзін аднаму ў лагеры. У аснове ж творчасць «маладнякоўцаў» ахутана нейкай унутранай лагодай і радасцю, з бясспрэчнай верай у тое, што неўзабаве, яшчэ крыху, але наступіць абсалютны рай.

Так, асноўнае адрозненне «маладнякоўцаў» ад, скажам, «узвышаўцаў» (што пасталелі і аддзяліліся ў 1926 годзе) і тым больш ад моладзі часоў хрушчоўскай адлігі — у безумоўнай шчырасці. Яны і сапраўды верылі ў тое, што пісалі. Без аніякіх дуляў у кішэні.

Калі Міхась Чарот складаў паэму «Ленін», дык тут не было не ценю кан’юнктуры, якая завалодала партыйнай паэзіяй 60-х. Тут не было таксама і прыхаванай іроніі ці злосмеху, што прысутнічалі ў вершах, паэмах і артыкулах «узвышаўцаў», якія глядзяць на тую рэчаіснасць, дзе вымушаны былі жыць без ружовых акуляраў.

Кім «маладнякоўцы» ніколі не былі, дык гэта цынікамі.

Яны верылі партыі, любілі яе, слепа ішлі за ёй. Наўрад ці у гісторыі беларускай літаратуры вы знойдзеце такі давер да нашай улады.

Здзеклівы постмадэрн 90-х — гэта родны брат камсамольскага ілжывага пафасу 60—70-х. «Маладнякоўцы» ж менавіта гэтай сваёй шчырасцю, ахвярнасцю (бо ніхто з іх, пасутнасці, не ўбярогся ў 30-я) цяпер асабіста мне вельмі блізкія. Іх даверлівая безабароннасць кранае.

У далейшым маральна ці фізічна закатаваныя і запалоханыя беларускія творцы не маглі сабе дазволіць такой жа адкрытасці, вясёлага нахабства і маладцаватасці, якая была ўласціва прадстаўнікам аб’яднання «Маладняк».

Так, многае з напісанага «маладнякоўцкамі» можа раздражняць, выклікаць усмешку. Напрыклад, Рыгор Бярозкін ці Міхась Стральцоў іх эстэтыку не прымалі, але гэтая катэгарычнасць, лічу, хутчэй за ўсё мае прычыны не столькі эстэтычныя, колькі псіхалагічныя, бо ні Бярозкін, ні Стральцоў не маглі сабе дазволіць таго, што было ў бесклапотна-наіўных Чарота, Дудара, Вольнага. Тыя хлопцы пісалі свае тэксты і былі абсалютна ўпэўненыя, што яны тут сапраўдныя гаспадары, праўдзівыя каралі айчыннай літаратуры.

Ніколі больш у нашай гісторыі беларускія пісьменнікі не дазвалялі сабе падобнага адчування.

Васіль ДРАНЬКО-МАЙСЮК

Фота прадстаўлена Беларускім дзяржаўным архівам-музеем літаратуры і мастацтва

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».