Вы тут

Звання «Мінчанін года» ўдастоены маёр міліцыі Аляксандр Кулікоўскі


У верасні высокага звання «Мінчанін года» быў удастоены старшы ўчастковы інспектар аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі УУС адміністрацыі Кастрычніцкага раёна г. Мінска маёр міліцыі Аляксандр Кулікоўскі.


Апорны пункт, у якім служыць участковым вось ужо 23 гады Аляксандр Кулікоўскі, я знайшоў на вуліцы Жукоўскага. Нічым не адметныя дзверы, стандартнае ўнутранае ўбранства. Здавалася б, нічога асаблівага. На самай справе, што можа быць асаблівага ў службе ўчастковага? Пройдзеш міма гэтых дзвярэй — і не заўважыш.

Але ці такая непрыкметная тая праца, якую робяць гэтыя сціплыя людзі? Паспрабуем разабрацца.

— Аляксандр Мікалаевіч, як вы прыйшлі на службу ў міліцыю?

— У 1995 годзе я скончыў Беларускі політэхнічны інстытут, стаў дыпламаваным інжынерам-будаўніком, — успамінае маёр міліцыі. –  У нас была ваенная кафедра, дзе я атрымаў званне лейтэнанта. Служба ў міліцыі здавалася мне цікавай. З другога боку, прывык да сталіцы, з'явіліся сябры, знаёмыя... Вось і пайшоў ва ўчастковыя.

— Ні разу потым не пашкадавалі?

— Не. Хоць і часы былі няпростыя, і плацілі тады няшмат. Але неяк адразу ўцягнуўся — і пайшло. Калектыў быў добры, прынялі цёпла.

— А на ўчастку колькі ў вас жыхароў?

— На сённяшні дзень прыкладна 35 тысяч чалавек. Гэта каля 11,5 тысячы кватэр.

— Нямала!

— Так, — згаджаецца Аляксандр Мікалаевіч. — Раней менш было, калі толькі прыйшоў працаваць. Цяпер колькасць дамоў павялічылася.

— Адпаведна, павялічыўся і кантынгент вашых падапечных? Я маю на ўвазе розных правапарушальнікаў, асабліва аматараў выпіць у неналежным месцы.

— Я так не сказаў бы. І тады хапала ўсякага. Памятаеце гэтыя пастаянныя «сходы» каля крамаў, пачынаючы з самай раніцы? Цяпер такой з'явы няма. Хоць, вядома, хапае на раёне тых, што і п'юць, і дэбашыраць...

— Але ж не толькі з імі вам даводзіцца мець справу? Наогул, якая спецыфіка службы ўчастковага? Што на яго ўскладаецца?

— Няма такога здарэння, якое не датычылася б участковага. Крадзяжы, забойствы, сцяну дома вось размалявалі... У асноўным, вядома, сямейна-бытавыя канфлікты. Але і прафілактыку крадзяжоў таксама адпрацоўваем. Правяраем гарышчы, падвалы, каб былі зачыненыя, размаўляем з насельніцтвам. Акрамя таго, у нашу задачу ўваходзіць дапамагаць падатковай інспекцыі, ваенкамату...

— І ваенкамату таксама?

— Так. Падчас прызыву знаходзім тых, хто ўхіляецца ад службы ў войску. Ёсць і іншыя абавязкі.

— І ўсё ж давайце вернемся да крадзяжоў. Скажыце, а ўсё ж такі іх стала менш у параўнанні з тым часам, калі вы прыйшлі на службу?

— У разы менш, — кажа Аляксандр Мікалаевіч. — Кастрычніцкі раён наогул складаны, размешчаны каля вакзала, самі разумееце. Тады кватэрныя крадзяжы здзяйсняліся ледзь не кожны тыдзень. Цяпер гэта бывае даволі рэдка.

— У чым вы бачыце прычыну такога прагрэсу? Пад'езды сталі замыкаць?

— Чалавека, які «нацэліўся» на кватэру, замок пад'езда не спыніць. Уся справа ў тым, што людзі сталі больш адказна ставіцца да бяспекі свайго жылля. Многія кватэры абсталяваны сігналізацыяй, у пад'ездах стаяць відэакамеры. Тэхніка прыйшла на дапамогу. Злодзей, калі заўважыць відэакамеру або лямпачку сігналізацыі, ужо не адважыцца лезці ў кватэру. Ну, і наша праца дае свой плён. Мы робім абходы, размаўляем з жыхарамі, тлумачым, як можна засцерагчы сябе. Не сумняваюся, усё гэта разам і дапамагло істотна паменшыць колькасць крадзяжоў.

— Але калі крадзеж усё ж здарыўся? Якая роль участковага ў расследаванні?

— Узбуджаецца крымінальная справа. Па гарачых слядах мы ходзім па кватэрах, апытваем жыхароў. Правяраем запісы відэакамер, вывучаем прылеглую тэрыторыю. Гэта значыць, сумесна з супрацоўнікамі крымінальнага вышуку ажыццяўляем першапачатковыя дзеянні на месцы здарэння. Далей справу вядуць следчыя, але па ходзе следства мы можам выконваць іх канкрэтныя даручэнні.

— А з якімі справамі вы разбіраецеся ад пачатку да канца?

— У асноўным гэта датычыцца бытавой сферы. Пагроза забойствам, катаванні, прычыненне цялесных пашкоджанняў у менш цяжкай форме.

— Хацелася яшчэ спытаць пра гэтыя ўсім добра вядомыя кватэры-прытоны, якія дастаўляюць столькі турбот суседзям. Іх, дарэчы, шмат на вашым участку?

— У нас на ўліку 18 такіх кватэр. Праводзім гутаркі, правяраем. Кагосьці даводзіцца адпраўляць у лячэбна-працоўны прафілакторый.

— Кантынгент гэты няпросты. Ды яшчэ калі нецвярозы. Могуць і ў бойку палезці, калі вы прыходзіце з візітам або па выкліку.

— Бывала, і лезуць, — пацвярджае старшы ўчастковы інспектар Кулікоўскі.

— А з нажом на вас не кідаліся?

— І з нажом, і з сякерай. Памятаю, у пачатку службы прыйшоў на такую кватэру. Ну, і кінуўся адзін. Ледзьве справіўся. І потым былі выпадкі... Што характэрна: добра ведаеш чалавека, і ён цябе па імені па бацьку называе. А як дап'ецца да белай гарачкі, то і за нож, і за сякеру можа схапіцца, нічога на яго не дзейнічае.

— Зброю ўжываць не даводзілася?

— Не, дзякуй Богу. Хоць па законе, калі ёсць падставы, зброю ўжываць нават неабходна. Але лепш, вядома, абыходзіцца без яе.

— На рабоце шмат часу праводзіце? Як наогул выглядае ваш графік?

— Мы працуем у дзве змены. З васьмі раніцы да васямнаццаці і з пятнаццаці дня да дваццаці чатырох. Хапае турбот да самай ночы.

— Сям'я з разуменнем ставіцца і да вашага графіка, і да спецыфікі працы?

— Вядома, з разуменнем, — усміхаецца Аляксандр Мікалаевіч. — За столькі гадоў прызвычаіліся ўжо.

— Даўно вы жанатыя?

— Ужо больш за дваццаць гадоў. З жонкай Інай выгадавалі дваіх сыноў.

— Хто-небудзь з іх зацікавіўся вашай прафесіяй?

— Старэйшы сын Раман, як я калісьці, атрымлівае адукацыю інжынера-будаўніка. Малодшы сын Мікіта — старшакласнік. Ён пакуль вызначаецца з выбарам.

— А тыя маладыя лейтэнанты, што прыходзяць да вас працаваць, якое яны пакідаюць уражанне?

— Добрыя хлопцы, — кажа маёр міліцыі Кулікоўскі. — Старанныя. Ёсць, вядома, і такія, што выпадкова траплялі на нашу службу. Але яны, як правіла, не затрымліваліся. У нас застаюцца толькі тыя, хто хоча працаваць, умее працаваць, а галоўнае — хто хоча дапамагаць людзям.

Сяргей КУЛАКОЎ

Загаловак у газеце: Галоўнае — дапамагаць людзям

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».